ГАБО́Й (ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),

1) духавы язычковы муз. інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a​3 (b​3, h​3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк. інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж. нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст. Муз. творы для габоя ёсць у бел. кампазітараў Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, Г.​Гарэлавай, Л.​Захлеўнага, П.​Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.

Габой.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,

гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;

Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬША́НЫ,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Гальшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. Ашмяны, 198 км ад г. Гродна, 12 км ад чыг. ст. Багданаў. 1260 ж., 495 двароў (1996).

Вядомы з 13 ст. Паводле Хронікі Быхаўца, Гольша заклаў горад на р. Карабель, пачаў там княжыць і назваўся кн. Гальшанскім. У 14—15 ст. Гальшаны — цэнтр Гальшанскага княства. У канцы 14 — пач. 15 ст. горад, цэнтр гандлю і рамёстваў. Да сярэдзіны 16 ст. належалі Гальшанскім, потым Сапегам. У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Гальшанскі палац, у 17—18 ст. — Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 19 ст. мястэчка, праводзіліся кірмашы. У 1897 — 2883 ж. У 1922—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1970 — 1745 жыхароў.

У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-АМІНАМА́СЛЯНАЯ КІСЛАТА́, 4-амінамасляная кіслата, піперыдзінавая кіслата,

ГАМК, HOOCH2CH2CN2NH2, амінакіслата, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Белы крышталічны парашок са слабагоркім смакам і слабым спецыфічным пахам, лёгка растваральны ў вадзе і слаба ў спірце. Гама-амінамасляная кіслата прамежкавы прадукт абмену некат. інш. амінакіслот, адсутнічае ў саставе бялкоў. У свабодным стане знаходзіцца ў многіх раслінах (каранях сталовых буракоў — 0,016 мг%, няспелых яблыках, зялёных парастках і калоссі злакаў, лісці тытуню, водарасці хларэла, дражджах і інш.), у вышэйшых млекакормячых — толькі ў тканках мозга (да 100 мг%).

Крыніца сакрэцыі гама-амінамаслянай кіслаты лакалізавана ў асобых нейронах нерв. тканкі і ў некат. інш. клетках (напр., бэта-клетках падстраўнікавай залозы). У ракападобных і насякомых гама-амінамасляная кіслата служыць медыятарам тармазных рухальных нейронаў, у мозгу пазваночных — медыятарам многіх тармазных інтэрнейронаў. Гама-амінамасляная кіслата абумоўлівае тармозячыя і ўзбуджальныя эфекты. Пад яе ўплывам узмацняюцца абменна-энергет. працэсы ў галаўным мозгу, яго кровазварот, дынаміка нерв. працэсаў, памяць, аблягчаецца выдаленне з мозга таксічных рэчываў і інш. Вядомы сінт. лек. прэпараты гама-амінамаслянай кіслаты (напр., аміналон, або гамалон, і інш.), якія з’яўляюцца паскаральнікамі мазгавога метабалізму.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАРНЕ́РЫ (Guarneri),

сям’я італьян. майстроў смычковых інструментаў. Нарадзіліся ў г. Крэмона, Італія.

Андрэа (1622 ці 1626 — 7.12.1698), старэйшы прадстаўнік сям’і. Вучань Н.Амаці. Працаваў у Крэмоне. Спачатку вырабляў інструменты паводле мадэлі Амаці, пазней стварыў уласную мадэль. Яго скрыпкі і віяланчэлі вылучаюцца пяшчотным, не вельмі моцным гукам. П’етра Джавані (18.2.1655—26.3.1720), сын Андрэа. Магчыма, вучань Амаці. Працаваў у Крэмоне і Мантуі. Вырабляў інструменты ўласнай мадэлі з прыгожым гукам. Джузепе Джамбатыста (25.11 1666—1739), сын Андрэа. Працаваў у Крэмоне. Спачатку камбінаваў мадэлі бацькі і Амаці, потым імітаваў працы свайго сына Джузепе Антоніо. П’етра (14.4.1695—7.4.1762), сын Джузепе Джамбатыста. Працаваў у Крэмоне, потым у Венецыі. Яго інструменты блізкія да вырабаў бацькі. Джузепе Антоніо (21.8.1698—17.10.1744), сын Джузепе Джамбатыста, вядомы як дэль Джэзу. Побач з А.Страдывары адзін з найб. выдатных майстроў. Стварыў уласны індывід. тып скрыпкі з прыгожым моцным гукам, багатым выразным тэмбрам, разлічаны на ігру ў вял. канцэртнай зале. Скрыпкі і альты яго работы высока цэняцца і цяпер. На яго інструментах ігралі Н.Паганіні, А.В’ётан, Э.Ізаі, Ф.Крэйслер і інш.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЫ (лац. Gothi, Gothones),

плямёны ўсх. германцаў, якія ў пач. 1-га тыс. н.э. перасяліліся са Скандынавіі на паўд. ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У сярэдзіне 1 ст. ў ніжнім цячэнні Віслы з удзелам готаў утварылася вельбарская культура. У апошняй чвэрці 2 ст. готы пачалі перасяленне на ПдУ (у т. л. праз ПдЗ Беларусі). У 3 ст. яны дасягнулі Паўн. Прычарнамор’я, дзе прынялі ўдзел у стварэнні чарняхоўскай культуры. У саюзе з інш. плямёнамі готы неаднаразова ўрываліся ў межы Рым. імперыі, захапілі Дакію. У 3 ст. падзяліліся на вестготаў, остготаў, малых готаў (Мезія, сучасная Балгарыя) і готаў-тэтраксітаў (Крым). У 357 саюз плямён остготаў на чале з конунгам Эрманарыхам разбіты гунамі, пасля чаго б. ч. готаў пакінула Паўн. Прычарнамор’е і пайшла на З. Пасля шэрагу міграцый вестготы апынуліся ў Іспаніі, а остготы стварылі сваю дзяржаву ў Італіі. На тэр. ПдЗ Беларусі вядомы помнікі вельбарскай культуры Вялічкавічы, Дружба, Брэсцкі бескурганны могільнік і інш.

Літ.:

Иордан О. О происхождении и деяниях гетов: Пер. с лат. М., 1960;

Кухаренко Ю.В. Могильник Брест-Тришин. М., 1980.

А.​М.​Мядзведзеў.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДАГА́Й,

пасёлак і чыг. станцыя ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астравец—Ашмяны. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПдЗ ад Астраўца, 197 км ад Гродна. 987 ж., 357 двароў (1997).

Вядомы з канца 16 ст. як паселішча ў маёнтку Астравец-Урбаноўскі. У 17 — 1-й пал. 18 ст. належаў Лакуцеўскім, Скірмунтам, Садоўскім, Козел-Паклеўскім, Войнам. У 1764 сяло, перададзена ордэну кармелітаў, якія да 1832 мелі тут кляштар з цудадзейным абразом Дзевы Марыі (захоўваецца ў касцёле і зараз). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, потым сяло ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1874 праз Гудагай пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 — 117 ж. З 1922 у Польшчы ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1971 — 1077 жыхароў.

Аптова-гандл. база і нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай (1764).

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),

польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;

Бел. пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,

на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс. км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс. шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр. ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд. т.

Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЭ́Ц,

вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад Дзятлава, 178 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Наваельня. 810 ж., 302 двары (1997).

Вядомы з пач. 15 ст. У 15—16 ст. належаў кн. Фёдару Даўголдавічу, Свідрыгайлу, Кежгайлам, Гарнастаям. У 1516 мястэчка Навагрудскага пав. У канцы 16 ст. перайшоў да Завішаў. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Слонімскім пав. У 1870-я г. 547 ж., 77 двароў, 2 царквы, касцёл, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, багадзельня, 9 крам, 3 шынкі, праводзіліся 2 кірмашы штогод. У пач. 20 ст. 1373 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Слонімскім пав. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Дзятлаўскага р-на. У 1962—65 у Навагрудскім р-не. У 1971—609 ж., 222 двары.

Ільнозавод, дрэваапр. прадпрыемства «Палац». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.), касцёл (1904) і Пакроўская царква (пач 20 ст.).

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)