НА́РАЧ,

курортны пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на беразе воз. Нарач. За 18 км ад Мядзела, 31 км ад чыг. ст. Паставы, на аўтадарозе Мінск—Паставы. 3,4 тыс. ж. (2000).

Утвораны 26.9.1964 з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі. Бальнеагразевы і кліматычны курорт, адзін з буйнейшых курортаў Беларусі. Лячэбныя фактары: мясц. мінер. сульфатна-хларыдныя натрыевыя воды, сапрапелевыя і тарфяныя гразі, умерана-кантынентальны клімат, хваёвыя лясы і інш. эфектыўныя для хворых, у т. л. дзяцей, з парушэннямі функцый сардэчна-сасудзістай, нерв., страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Працуюць санаторыі «Нарач», «Беларусь», «Будаўнік», «Прыазёрны», дамы адпачынку «Нарач» і «Звязда», тургасцініца «Нарач», турыстычна-экскурсійны комплекс. У Н. рыбакамбінат. Прафесійна-каап. вучылішча. сярэдняя школа, школа-інтэрнат, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, аптэка, Дом быту, гандл. цэнтр.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫ,

рабочы пасёлак у Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл.; чыг. станцыя Берастав ша на лініі Ваўкавыск—Бераставіца. Аўтадарогамі злучаны з Беластокам (Польшча), Ваўкавыскам, г.п. Вял. Бераставіца і Свіслач. За 8 км на Пд ад г.п. Вял. Бераставіца, 71 км ад Гродна. 1,5 тыс. ж. (2000). Аўтабаза, пункт мытнага дагляду «Бераставіца 1-я», эл. станцыя, павільён райкамбіната быт. абслугоўвання. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, б-ка, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

Узнік як чыг. ст. Бераставіца з буд-вам у 1885 участка чыгункі Ваўкавыск — Беласток. У 1921—39 у складзе Польшчы, чыг. станцыя ў Вяліка-Бераставіцкай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 пасёлак у Хамантоўскім с/с Крынкаўскага раёна, з 20.9.1944 у Цецяроўскім с/с. З 30.12.1975 рабочы пасёлак. 28.3.1978 перайменаваны ў П.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-СІБІ́РСКАЯ НІЗІ́НА, Таймырская нізіна. На Пн Усх. Сібіры. Цягнецца паміж нізоўямі рэк Енісей і Алянёк на 1400 км. Шыр. з Пн на Пд 600 км. Пераважае паката-ўзгоркаваты рэльеф (выш. да 300 м). Складзена з марскіх і ледавіковых адкладаў, якія падсцілаюцца пясчанікамі і гліністымі сланцамі. Шматгадовая мерзлата. Шмат азёр (буйное Таймыр), у т. л. тэрмакарставых; балоты. Працякаюць рэкі Пясіна, Таймыра, Хета і Катуй, якія даюць пачатак Хатанзе, Папігай, Анабар. Клімат субарктычны кантынент. з халоднай зімой (7—8 мес) і кароткім халаднаватым летам. Сярэдняя т-ра студз. -30 °C на З і да -35—37 °C на У, т-ра ліп. 6—10 °C. Ападкаў 300 мм за год. У паўн. ч. пераважае лішайнікавая тундра, у паўд. ч. — хмызняковая, змяняецца лесатундрай і лістоўнічным рэдкалессем. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД-А́ЙЛЕНД (Rhode Island),

штат на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў ЗША, у Новай Англіі. Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 990,8 тыс. чал. (1999). Адм. ц., буйнейшы горад і гал. порт — Провідэнс. Рэльеф нізінны і раўнінны. Макс. выш. да 247 м. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 21—23 °C. Ападкаў каля 1150 мм за год, выпадаюць раўнамерна. Захаваліся ўчасткі дубова-букавых лясоў. Р.-А. найб. шчыльна населены (каля 310 чал. на 1 км²), урбанізаваны (гар. насельніцтва больш за 90%) і прамыслова развіты штат. Прам-сць: тэкст., электронная, разнастайнае машынабудаванне, металаапрацоўка, гумавая, харч., ювелірная, галантарэйная, паліграфічная. Суднабудаванне, суднарамонт. Нарыхтоўка дубу, здабыча буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (малочная прадукцыя, яйкі, ягады). Вырошчваюць бульбу, гародніну, сеяныя травы. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Турызм. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны.

т. 13, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВА́Н,

возера ў Арменіі, адно з найбуйнейшых на Каўказе. Размешчана на Армянскім нагор’і на выш. 1900 м. Пл. 1240 км², сярэдняя глыб. 28,5 м, найб. 83 м. Займае цэнтр. ч. міжгорнай упадзіны, абкружанай горнымі хрыбтамі. Двума мысамі возера падзяляецца на Малы С. і Вялікі С., злучаных пралівам (шыр. да 8 км). У возера ўпадае 28 невял. рэк, выцякае р. Раздан. Былы в-аў Севан з-за спуску часткі вады ў сувязі с з буд-вам на р. Раздан ГЭС злучыўся з сушай. З мэтай павелічэння водных рэсурсаў С. і Севана-Разданскага каскада ГЭС пабудаваны падземны тунэль Арпа—Севан (даўж. 49 км) для перакідвання вод р. Арпа. Замярзае С. толькі ў самыя халодныя зімы. Рыбалоўства. Возера ў складзе аднайм. нац. парку. На беразе С. — г. Севан.

Возера Севан.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАВІЦКІ РАЁН Размешчаны на У Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,5 тыс. км². Нас. 76,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 43,6%. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мар ’іна Горка. Уключае г.п. Рудзенск і Свіслач, р.п. Праўдзінскі, 304 сельскія населеныя пункты, Праўдзінскі, Рудзенскі і Свіслацкі пасялковыя Саветы, 21 сельсавет: Ананіцкі, Блонскі, Блужскі, Вецярэвіцкі, Вузлянскі, Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дубраўскі, Дукорскі, Навапольскі, Навасёлкаўскі, Пухавіцкі, Пярэжырскі, Селецкі, Суцінскі, Сяргеевіцкі, Талькаўскі, Турынскі, Чырвонакастрычніцкі, Шацкі.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 90% яе на выш. 160—200 м, 7% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 236 м (на Пд ад в. Сяргеевічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель. пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп 17,9 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб. рэкі Свіслач з прытокамі Волма, Цітаўка, Талька; Пціч з прытокам Шаць. Азёры Сяргееўскае і Мацярынскае. Меліярац. каналы Дрычынскі, Мацеевіцкі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33%), дзярнова-падзолістыя (31,8%), тарфяна-балотныя (23,8%). Пад лесам 39,9% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя; трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя, ліпавыя і інш. Найб. лясістасць на Пд. Пад балотамі 4,4% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Суціна, Арэхаўскі Мох, Кляцішынскае. На тэр. раёна біял. заказнікі рэсп. значэння: Копыш, Мацеевіцкае, Амяльнянскі; мясц. значэння — Вецярэвіцкі. Ахоўныя тарфянікі: Ананічы, Падгаць, Турэц. Помнік прыроды рэсп. значэння — хвоя кедравая еўрапейская ў г. Мар’іна Горка; мясц. значэння — сядзібна-паркавы ансамбль у г. Мар’іна Горка, гіст.-культурны ландшафт у в. Дудзічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 112,2 тыс. га, з іх асушаных каля 38 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 22 калгасы, 6 саўгасаў, 36 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, міжгасп. аб’яднанне «Ананічы», аграфірма «Верасень». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, лёну. Прадпрыемствы харч. (хлеб, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, камбікорм, прэміксы, солад, вырабы з бульбы, сухое бульбяное пюрэ, пладаягадныя віны), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (тарфяны брыкет), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы) прам-сці; вытв-сць цюбінгаў для метрапалітэна, вырабаў з пластмас, тэхн. маслаў і змазак, кардону. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Мінск—Гомель, аўтадарогі: Мінск—Гомель, ад г. Мар’іна Горка на Чэрвень, Негарэлае, Старыя Дарогі. У раёне 31 сярэдняя школа, у т. л. 4 школы-садкі, 7 базавых, 4 пач. школы, школа-гімназія, 3 школы мастацтваў, 4 муз. школы, дапаможная школа-інтэрнат, ПТВ, аграрна-тэхн. каледж (гл. Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум), 28 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 45 б-к, 8 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў, абласны дзіцячы санаторый «Пухавічы», санаторыі-прафілакторыі «Талька», «Індустрыя». Раённы краязнаўчы музей у в. Блонь і яго філіялы ў г. Мар’іна Горка, вёсках Блужа і Гарэлец; музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі» у в. Дудзічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і Свята-Троіцкая царква (1826) у в. Блонь, сядзіба (19 ст.) у в. Дукора, царква Іаана Прадцечы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Скрыльская Слабада. Выдаецца газ. «Пухавіцкія навіны».

Р.​Р.​Паўлавец, Л.​А.​Паўловіч.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Карма́ 1 ’задняя частка карабля’, укр. корма, рус. корма ’тс’, ст.-слав. кръма, балг. кърма, серб.-харв. кр́ма ’рулявое вясло’, славен. kŕma ’тс’. Слова, відаць, праславянскае. Яго архетып — kъrma ’рулявое вясло’. Параўн. ст.-слав. кръмчии ’кормны, рулявы’, кърмило ’руль’. Існуе гіпотэза аб старажытнагрэчаскіх сувязях гэтай групы слоў. Параўн. ст.-грэч. πρύμνη ’карма’. Марфалогія і семантыка славянскага і грэчаскага слоў супадаюць, але фанетыку вытлумачыць цяжка. Такія змены ў фанетыцы могуць узнікнуць у працэсе запазычання і адаптацыі. Больш пераканаўчая грэчаская паралель: κορμός ’вясло’ (Гесіхій) (κορμός ναυτικός). Не выключаны таксама палеабалканскі характар гэтых слоў, роднаснасць іх і πρύμνη (*k​u̯ > π або κ у розных дыялектах). Ва ўсякім разе гэта слова, як і назва карабля ў цэлым (гл. карабель), магла мець палеабалканскую моўную крыніцу (Бернекер, 668; Пэрсан, Beitr., 172).

Карма́ 2 ’сярэдняя частка невада ў выглядзе доўгага вузкага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі, куль’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Яшк., Нік., Мат. АС), рус. корма ’мяшок невада’. Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, сент., 151) бачыў сувязь з карман ’кішэня’ (гл.), якое, аднак, само патрабуе этымалагічнага тлумачэння.

Карма́ 3 ’затока, завадзь у форме рукава’, ’выступ сушы ў выглядзе паўвострава, які ўразаецца ў балота’ (Яшк.). Семантычная сувязь з папярэднім словам відавочная. Агульная сема для карма 2 і карма 3 — ’куль, мяшок, рукаў’, але этымалагічнага рашэння пакуль што няма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,

на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22° паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт. хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎНА,

вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).

У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.​Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.​Б.​Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.

Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСТО́ЎСКІ КАНА́Л,

у Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяв. Польшчы. Злучае Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Даўж. 102 км, на тэр. Беларусі 22 км. Сярэдняя глыбіня 1,8 м. Утвораны з сістэмы каналаў, азёраў (Нецка, Белае і інш. на тэр. Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і пратокаў паміж азёрамі. На Беларусі ўключае частку р. Чорная Ганча (даўж. 9 км) паміж в. Лясная і в. Сонічы і асобнае рэчышча (даўж. 6 км), якое злучае гэтую рэчку з Нёманам (каля в. Нямнова). Мае 18 шлюзаў, з іх 4 на тэр. Беларусі. Пабудаваны ў 1824—39 як водны шлях для перавозкі грузаў з бас. Віслы і Нёмана да Балтыйскага м. На б.ч. быў даступны для суднаў водазмяшчэннем да 100 т, часткова выкарыстоўваўся для сплаву лесу. Страціў ролю транспартнага шляху. Помнік гідратэхн. буд-ва. Аб’ект турызму.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)