мозг, ‑а і ‑у; мн. мазгі, ‑оў; м.

1. ‑а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека ў выглядзе рэчыва, якое запаўняе сабой чэрап і канал пазваночніка. Галаўны мозг. Спінны мозг. // Орган мышлення ў чалавека. Свідравала мозг .. страшная думка, і ў той жа час у галаве.. складаўся план дзеяння. Колас.

2. ‑у; перан. Разм. Розум, разумовыя здольнасці.

3. ‑а; перан. Асноўнае ядро, кіруючы цэнтр чаго‑н. Такім чынам быў створаны гарадскі партыйны камітэт, цэнтр, мозг падполля. Новікаў.

4. ‑у. Тканка, якая напаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл. Касцявы мозг.

5. толькі мн. (мазгі́, ‑оў). Ежа, прыгатаваная з мазгоў некаторых свойскіх жывёл.

•••

Варушыць (круціць) мазгамі гл. варушыць.

Да мозгу касцей — а) усёй істотай, цалкам, поўнасцю. — Я да мозгу касцей бязбожнік. «ЛіМ»; б) вельмі моцна, да апошняй сваёй частачкі. Холад пранікаў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы. Шамякін.

Капаць на мазгі гл. капаць.

Мазгі (не) вараць — пра кемлівага (някемлівага) чалавека.

Мазгі не на месцы — пра дурнога або псіхічнахворага чалавека.

Сушыць мазгі гл. сушыць.

Уставіць (устаўляць) мазгі гл. ўставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няшча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які церпіць гора, бяду, перажывае няшчасце. — Лютую смерць прыняў чалавек... — І хто б то мог быць? Наш брат, партызан? Няшчасны ўцякач з палону? Лынькоў. [Арына] бачыла перад сабой толькі няшчасную жанчыну і маці, адчуванні якой добра разумела. Маўр. // у знач. наз. няшча́сны, ‑ага, м.; няшча́сная, ‑ай, ж. Чалавек, які зазнаў многа гора, крыўды і пад. Маці плакала: «Няшчасны, Праз каго я свечкай гасну На чужыне?» Бажко. // Які выражае прыгнечаны, гаротны і пад. стан. Няшчасны выгляд.

2. Які з’яўляецца няшчасцем, заключае ў сабе няшчасце. [Вейс:] — Гэта звычайнае крушэнне, якія здараюцца часам на чыгунках. Няшчасны выпадак. Лынькоў. // Трагічны, гаротны. Няшчаснае жыццё.

3. Які прыносіць няшчасце або прадвяшчае яго. Няшчасны дзень. // Які прычыняе непрыемнасці; злашчасны. [Наталля:] Я вінавата ў тым, што, ведаючы твой няшчасны характар, не асцерагалася і дала табе прычыну для падазрэння. Крапіва.

4. Разм. Нікчэмны, мізэрны. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. // Ужываецца як лаянка. Насця спынілася перад здраднікам, з агідай паглядзела на яго і ціха, але выразна сказала: — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты! Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. пасек, ‑секла; заг. пасячы; зак.

1. што. Высечы, ссячы ўсё, многае. Слухаў ён [дыверсант], сам з сабой размаўляў, як п’яны: «Я вярнуся на гэту зямлю. Пасяку ўсе сады, папалю ўсе млыны, Хаты чорным агнём спапялю...» Куляшоў.

2. каго-што. Рассячы па кавалкі, падрабніць што‑н. Пасячы дровы. Пасячы мяса на катлеты. □ [Яніна:] Хоць на кавалкі пасячыце мяне, усё адно не пайду за нялюбага! Козел.

3. каго. Засячы, забіць усіх, многіх якой‑н. халоднай зброяй. Пасячы ворага шаблямі.

4. што. Параніць якую‑н. частку цела сякерай, секачом і пад. [Таццяна:] — Глядзі, дзетка маё, асцярожненька махай сякерай. Не дай бог, яшчэ нагу пасячэш. Асіпенка. // Пашкодзіць, папсаваць што‑н. Можа б Клім пасек бы падлогу і пабіў увесь посуд у хаце, каб урэшце не схапілі яго за рукі мужчыны. Ермаловіч. Андрэй плюнуў: «Пякло ўсё лета, як на скаварадзе сядзелі, а тут — град. Пасек усё на свеце. Дабіў недзе і на полі тое, што яшчэ асталося, не згарэла за лета». Пташнікаў.

5. што, чаго і без дап. Сячы некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патае́мны, ‑ая, ‑ае.

Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Разм.

1. што. З размаху ўсадзіць (што‑н. вострае). Садануць нож у спіну. // Торкнуць (локцем, пальцам і пад.). Барыс вымавіў усе прымаўкі адным дыхам, жартаўліва садануў вялікім адтапыраным пальцам Ігара ў бок. Асіпенка.

2. чым і без дап. Моцна ўдарыць. Адным імпэтным рыўком .. [Цярэшка] ўскочыў на ногі .. і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Быкаў. Іван прыўстаў, убачыў па той бок стала перад сабой мокры і злосны Міцеў твар, адчуў соль у роце, размахнуўся і тым, што было ў руцэ — гранёнай шклянкай, — садануў Міцю ў твар. Кудравец. / у безас. ужыв. Яго саданула асколкам. // Моцна стукнуўшы, разбіць, разламаць што‑н. Адтапыраным локцем незнарок, вядома, садануў [хлопчык] у шыбіну, і тая толькі жаласліва дзынкнула і рассыпалася на дробненькія кавалачкі. Кавалёў. // што і без дап. Выстраліць па чым‑н. [Жыгунок:] — От жа саматужная смалакурня! Яно-такі сюды немец міну садане. Шарахоўскі.

3. што. Груб. Неспадзявана накіраваць што‑н. (скаргу і пад.) на каго‑н. [Бялькевіч:] — Нічога я не чуў, — кажу. Толькі, думаю, што Дзямешка намяшаў рознага. Дакладную ж, мабыць, садануў? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скразны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.

2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.

3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.

4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.

•••

Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.

Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.​Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял. кн. ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б. ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.​Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст. ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЯМАТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,

спосаб пабудовы навук. тэорыі ў выглядзе сістэмы пастулатаў (аксіём) і правіл вываду (аксіяматыкі), што дае магчымасць логікавымі разважаннямі атрымліваць сцвярджэнні (тэарэмы) дадзенай тэорыі.

Узнік у работах стараж.-грэч. матэматыкаў. Напр., у «Асновах» Эўкліда праведзена ідэя атрымання асн. зместу геаметрыі з невялікай колькасці аксіём, праўдзівасць якіх лічыцца відавочнай. Адкрыццё ў 19 ст. неэўклідавых геаметрый стымулявала ўзнікненне праблем больш агульнага характару (напр., несупярэчлівасці, паўнаты і незалежнасці той ці інш. сістэмы аксіём). Гэта адкрыла шлях да фармалізаванага развіцця тэорый: пошуку інш. сістэм паняццяў (тэорый, галін ведаў), якія падпарадкоўваюцца тым жа аксіёмам, выяўлення новых інтэрпрэтацый пэўнай сістэмы аксіём, што дало магчымасць адкрываць новыя навук. факты. Д.Гільберт і яго школа спадзяваліся на аснове аксіяматычнага метаду вырашыць гал. пытанні абгрунтавання матэматыкі. Аднак вынікі аўстр. і амер. матэматыка і логіка К.​Гёдэля (1931) выявілі неажыццявімасць гэтай праграмы, напр. тэарэма аб непаўнаце арыфметыкі сведчыць аб абмежаванасці аксіяматычнага метаду. У 20 ст. дзякуючы развіццю матэматычнай логікі стала магчымым аксіяматызаваць тыя сродкі логікі, з дапамогай якіх выводзяцца адны сцвярджэнні аксіяматычнай тэорыі з інш. яе сцвярджэнняў, што мае істотнае значэнне для аўтаматызацыі разумовай працы.

Сучасныя навук. тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, наз. дэдуктыўнымі. Усе паняцці такіх тэорый (акрамя фіксаванай колькасці першапачатковых) уводзяцца пры дапамозе вызначэнняў, якія выражаюць іх змест праз першапач. паняцці. У той ці інш. меры дэдуктыўныя доказы, характэрныя для аксіяматычнага метаду, выкарыстоўваюцца ў многіх навуках, найб. у матэматыцы, логіцы, некаторых раздзелах фізікі, біялогіі і інш. Тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, нярэдка маюць выгляд фармалізаваных сістэм, якія даюць дакладнае апісанне лагічных сродкаў вываду тэарэм з аксіём. Доказ такой тэорыі ўяўляе сабой паслядоўнасць формул, кожная з якіх з’яўляецца аксіёмай або атрымліваецца з папярэдніх формул па адным з прынятых правіл вываду. У адрозненне ад такіх фармальных доказаў уласцівасці самой фармальнай сістэмы ў цэлым вывучаюцца змястоўнымі сродкамі метатэорыі. Асн. патрабаванні да аксіяматычных фармальных сістэм: несупярэчлівасць, паўната, незалежнасць аксіём. Аксіяматычны метад — адзін з метадаў пабудовы навук. ведаў, які мае абмежаванае выкарыстанне, бо патрабуе высокага ўзроўню развіцця навук. тэорыі. Нават некаторыя дастаткова багатыя навук. тэорыі (напр., арыфметыка натуральных лікаў) не дапускаюць поўнай аксіяматызацыі. Гэта сведчыць аб немагчымасці поўнай фармалізацыі навук. ведаў.

Літ.:

Садовский В.Н. Аксиоматический метод построения научного знания // Философские вопросы современной формальной логики. М., 1962;

Столл Р. Множества. Логика: Аксиоматич. теории.: Пер. с англ. М., 1968;

Новиков П.С. Элементы математической логики. 2 изд. М., 1973.

Р.​Т.​Вальвачоў, У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),

метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.

У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл. Абстрактнае і канкрэтнае).

Літ.:

Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;

Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;

Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.

А.​В.​Ягораў.

т. 1, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)