ДЭТЭКТЫ́ЎНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

літаратурныя творы, сюжэты якіх пабудаваны на раскрыцці загадкавай тайны, звязанай са злачынствам. Традыцыйна вызначаецца як адгалінаванне прыгодніцкай літаратуры. Зараджэнне Д.л. звязваюць з імёнамі амер. пісьменніка Э.По («Забойства на вуліцы Морг», 1841) і англ. У.​Колінза («Месячны камень», 1868). По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драм. эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў. Значны ўклад у развіццё Дл. зрабілі А.​К.​Грын (ЗША), Э.​Габарыо, Г.​Леру (Францыя), асабліва А.К.Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса. З імем англ. пісьменніка Г.К.Чэстэртана звязана паяўленне т.зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найб. поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі А.Крысці і Ж.Сіменон. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе пашырыўся т.зв. «чорны раман», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш. (М.​Спілейн, С.​Адамс, ЗША). Сярод рус. пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А.​Р.​Адамаў, Ю.​С.​Сямёнаў, браты А.А. і Г А.​Вайнеры і інш. У бел. л-ры дэтэктыў у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Прыкладам гіст. дэтэктыва з’яўляецца раман У.​Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Творы з дэтэктыўным сюжэтам пішуць М.​Чаргінец, К.​Тарасаў і інш.

В.​І.​Атрашкевіч, М.​Р.​Міхайлаў.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСІ́Я (Carcía),

іспанскія музыканты, бацька і сын.

Мануэль дэль Попала Вісентэ (22.1.1775, г. Севілья, Іспанія — 9.6.1832), спявак (тэнар), гітарыст, кампазітар, вак. педагог. Родапачынальнік сям’і вядомых вакалістаў. Адзін з найлепшых выканаўцаў асн. тэнаровых партый у сцэн. творах канца 18 — пач. 19 ст. З 1798 спяваў у тэатр. трупе Мадрыда, з 1808 — у «Тэатры Італьен» у Парыжы. Першы выканаў партыю Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні. З 1818 выступаў у Лондане, дзе заснаваў школу спеваў (1823). Аўтар і пастаноўшчык многіх опер, пераважна камічных, шэрагу танадылляў (ісп. муз. камедый). З 1829 выкладаў у арганізаванай ім школе спеваў у Парыжы. Сярод вучняў: сын М.П.​Р.​Гарсія і дочкі М.Малібран і П.Віярдо-Гарсія; А.​Нуры.

Мануэль Патрысіо Радрыгес (17.3.1805, Мадрыд — 1.7.1906), спявак (бас-барытон), вак. педагог. Гастраліраваў у ЗША і Мехіка. У 1842—50 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі, у 1848—95 — у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Аўтар прац па вак. педагогіцы (у т. л. «Поўнае кіраўніцтва па мастацтве спеваў», перакладзена на многія мовы). Зрабіў вял. ўклад у вывучэнне фізіялогіі чалавечага голасу, вынайшаў ларынгаскоп. Яго пед. прынцыпы паўплывалі на развіццё вак. мастацтва 19 ст. Сярод яго вучняў Е.Лінд, Э.​Фрэцаліні, М.​Маркезі, Г.​Нісен-Саламан, Ю.​Штокгаўзен, Г.​Гарсія (яго сын).

Літ.:

Levien J.M. The Garcia family. London, 1932.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).

Літ.:

Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.

Джота ды Бандоне.
Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАО́ПТЫКА (ад гідра... + оптыка),

раздзел оптыкі, які вывучае распаўсюджванне святла ў водным асяроддзі і звязаныя з імі з’явы. Значнае развіццё гідраоптыка як навука набыла з 1960-х г. пры выкарыстанні дасягненняў і метадаў оптыкі рассейвальных асяроддзяў. Матэматычныя даследаванні заснаваны на тэорыі пераносу выпрамянення і тэорыі рассеяння на асобных часцінках; доследныя — на эксперыментальных даных, атрыманых пры дапамозе касм. спектральных апаратаў, гідрафатометраў, лідараў у натурных умовах, лабараторных эксперыментаў (метады мадэлявання і падабенства).

На падставе тэарэт. і эксперым. даследаванняў складзена дакладная характарыстыка структуры светлавога і цеплавога палёў у акіяне, прапанаваны разнастайныя аптычныя метады кантролю саставу вады і працэсаў, што адбываюцца ў морах, азёрах, вадасховішчах. Даследаванне празрыстасці вады, яе здольнасці да паглынання і рассеяння ў розных раёнах Сусветнага ак. дае магчымасць вызначаць паходжанне цячэнняў, вывучаць жыццядзейнасць планктону, састаў вады і інш. пытанні фізікі, хіміі, геалогіі, біялогіі мора. Веданне заканамернасцей пераносу выпрамянення прыродных і штучных крыніц у акіяне дапамагае вырашаць пытанні кліматалогіі, экалогіі; ацэньваць фітаактыўны пласт, рыбалоўныя раёны, далёкасць дзеяння аптычных сістэм бачання, лакацыі, сувязі пад вадой.

На Беларусі даследаванні па гідраоптыцы вядуцца з 1960-х г. у Ін-це фізікі АН Беларусі.

Літ.:

Иванов А.П. Физические основы гидрооптики. Мн., 1975;

Иванов А.А. Введение в океанографию: Пер. с фр. М., 1978;

Шифрин К.С. Введение в оптику океана. Л., 1983.

А.​М.​Іваноў.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РШЭЛЬ (Herschel),

сям’я англійскіх астраномаў, оптыкаў і механікаў.

Уільям (Фрыдрых Вільгельм; 15.11.1738, г. Гановер, Германія — 25.8.1822), адзін з заснавальнікаў зорнай астраноміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1781), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1789). У 1757 пераехаў у Англію. Астраномію і матэматыку вывучыў самастойна. З 1774 з дапамогай зробленых ім люстэркавых тэлескопаў вёў сістэматычныя астр. назіранні. Адкрыў планету Уран (1781) і 2 яго спадарожнікі (1787), 2 спадарожнікі Сатурна (1789), больш за 2500 туманнасцей і 806 падвойных зорак. Склаў каталогі падвойных зорак, туманнасцей і зорных скопішчаў. Выявіў рух Сонечнай сістэмы ў напрамку да сузор’я Геркулеса (1783). У канструяванні і вырабе тэлескопаў яму дапамагаў малодшы брат Александэр — таленавіты механік; у назіраннях дапамагала сястра Караліна Лукрэцыя (16.3.1750, г. Гановер, Германія — 9.1.1848). Джон Фрэдэрык Уільям (7.3.1792, г. Слау, каля Лондана — 11.5.1871), сын Уільяма, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1813). Астраноміяй займаўся з 1816 пад кіраўніцтвам бацькі. Правёў сістэматычныя назіранні Паўд. неба (мыс Добрай Надзеі, 1834—38). Адкрыў шэраг новых туманнасцей, зорных скопішчаў і больш за 3000 падвойных зорак; склаў 11 каталогаў падвойных зорак і каталог 5079 туманнасцей і зорных скопішчаў. Зрабіў значны ўклад у развіццё фатаграфіі.

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира. М., 1966.

У.Гершэль.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЫНЕ́РНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ будынкаў і населеных месцаў,

тэхнічныя ўстройствы, з дапамогай якіх ствараюцца спрыяльныя ўмовы быту і працоўнай дзейнасці чалавека.

Да І.а. будынкаў адносяцца тэхн. сродкі сістэм ацяплення, вентыляцыі, водазабеспячэння, газазабеспячэння, каналізацыі, кандыцыяніравання, штучнага асвятлення, унутранага транспарту (пасажырскія і грузавыя ліфты), смеццевыдалення, пажаратушэння, радыёвяшчання, тэлебачання, тэлеф. сувязі і інш. Да І.а. населеных месцаў адносяцца збудаванні, устаноўкі, агрэгаты і камунікацыі, якія забяспечваюць вытворчасць і размеркаванне эл. энергіі (эл. станцыі, ЦЭЦ, трансфарматарныя падстанцыі, паветраныя і кабельныя ЛЭП), вадзяной пары і гарачай вады (кацельныя, цеплавыя сеткі), пітной вады (станцыі па апрацоўцы і падачы вады, ачышчальныя водаправодныя і каналізацыйныя станцыі), газу (газагенератары, газаразмеркавальныя і газанапаўняльныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, газавая сетка), а таксама смеццеперапрацоўчыя, халадзільныя, радыё- і тэлеф. станцыі, інж. збудаванні гар транспарту (скарасныя дарогі, пуцеправоды, падземныя пераходы, трансп. перасячэнні) і інш. Усе шматлікія і разнастайныя гар. камунікацыі пракладваюцца ў асобных тунэлях або сумешчаных калектарах, прыдатных да комплекснай эксплуатацыі. Развіццё і ўдасканаленне І.а. — найважнейшы фактар павышэння ўзроўню добраўпарадкавання населеных месцаў.

Літ.:

Федоров Н.Ф., Гусев В.М. Санитарно-техническое оборудование зданий и сооружений. Л., 1969;

Федоров Н.Ф., Веселов С.Ф. Городские подземные сети и коллекторы. М., 1972.

А.​Я.​Вакар.

Інжынернае абсталяванне (камунікацыі) у падземным калектары: 1 — трубаправоды цеплавой сеткі; 2—4 — кабелі сувязі, унутранага абслугоўвання і сілавыя; 5 — каналізацыя; 6 — водаправод; 7 — жалезабетонныя блокі; 8 — дрэнажная труба.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

галіна медыцыны, мэтай якой з’яўляецца бяспека і стварэнне аптымальных умоў жыццядзейнасці чалавека на ўсіх стадыях касм. палёту. Вывучае ўздзеянне фактараў касм. палёту (касм. выпраменьванне, бязважкасць, паскарэнне, вібрацыя, ізаляцыя ў замкнутай прасторы і інш.) на арганізм чалавека, распрацоўвае меры па змяншэнні іх шкодных уплываў, прафілактыцы і лячэнні захворванняў, метады адбору, падрыхтоўкі касманаўтаў і адаптацыі іх да зямных умоў пасля палёту. Выкарыстоўвае дасягненні фізіялогіі, псіхафізіялогіі, радыебіялогіі, гігіены, генетыкі і інш.

Зарадзілася ў 1950-я г. на базе авіяц. медыцыны і фізіял. даследаванняў у касмічнай біялогіі. Развіццё К.м. звязана з дасягненнямі ў асваенні касм. прасторы: першым палётам чалавека ў космас (1961), выхадам чалавека ў адкрыты космас (1965), высадкай на паверхню Месяца (1969). У СССР працу па К.м. ўзначальвала Камісія па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы АН СССР і Мін-ва аховы здароўя СССР. Міжнар. арг-цыі ў галіне К.м.: Камітэт па даследаванні касм. прасторы (COSPAR), Акадэмія авіяц. і касм медыцыны, Камітэт біяастранаўтыкі Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі. Даследаванні па К.м. праводзяць Расія, ЗША, Германія, Францыя і інш.

На Беларусі даследаванні ўплыву гіпергравітацыі на механізмы кампенсацыйных рэакцый вестыбулярнага апарату і біяхім. зрухі ад малых доз радыяцыі праводзіліся ў Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Космическая биология и медицина. Т. 1—5. М., 1994;

Новиков В.С., Колосов И.А. Космическая медицина. СПб., 1996.

В.​П.​Трыбіс.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае статыстычныя ўласцівасці светлавых палёў і квантавыя праяўленні гэтых уласцівасцей у працэсах узаемадзеяння святла з рэчывам. Звязана з квантавай механікай, квантавай электрадынамікай, стат. фізікай і нелінейнай оптыкай. Метады К.о. даюць магчымасць вызначаць механізмы міжмалекулярных узаемадзеянняў па зменах статыстыкі фотаадлікаў (рэгістрацыі параметраў светлавых патокаў фотапрыёмнікамі) пры рассейванні святла ў асяроддзі.

Развіццё К.о. ў 1960-я г. звязана са з’яўленнем лазераў, што дало магчымасць фарміравання светлавых палёў з рознымі стат. ўласцівасцямі. Вывучаліся станы поля, якія мелі класічны аналаг і апісваліся на аснове класічных метадаў. Новы этап развіцця пачаўся ў канцы 1970 — пач. 1980-х г. Тэарэт. даследаванні стат. уласцівасцей аптычных палёў, атрыманых у працэсах узаемадзеяння з рэчывам і стварэнне крыніц святла з рознымі стат. ўласцівасцямі прывялі да пераасэнсавання неазначальнасці прынцыпу і развіцця канцэпцыі «сціснутых» станаў поля. Асн. даследаванні праводзяцца ў галіне квантавай інфармацыі, у т. л. квантавых вылічэнняў, квантавых камп’ютэраў, квантавай крыптаграфіі, рэканструкцыі (тамаграфіі) квантавых станаў поля, спектраскапіі адзінкавых малекул і іонаў, лакалізаваных у высокадыхтоўных рэзанатарах ці цвердацелых матрыцах і інш.

На Беларусі даследаванні па К.о. праводзяцца ў Ін-це фізікі і Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Клаудер Дж.Р., Сударшан Э.К.Г. Основы квантовой оптики: Пер. с англ. М., 1970;

Килин С.Я. Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.

С.​Я.​Кілін.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́ТКА,

орган размнажэння пакрытанасенных (кветкавых) раслін. У двухполай К. ўтвараюцца споры і гаметы, адбываецца апыленне і апладненне, развіццё зародка і фарміраванне плода з насеннем. Складаецца з кветаножкі, кветаложа (вось, на якой знаходзяцца ўсе элементы К.), чашачкі, вяночка, андрацэя (сукупнасць тычынак), гінецэя (сукупнасць пладалісцікаў, з якіх утвараецца песцік. У ніжняй ч. песціка (завязі) развіваюцца семязачаткі, потым насенне, завязь ператвараецца ў плод. Адрозніваюць К. правільныя, ці актынаморфныя (маюць некалькі плоскасцей сіметрыі), няправільныя, ці зігаморфныя (адна плоскасць сіметрыі), і асіметрычныя. Бываюць К. двухполыя (маюць тычынкі і песцікі) і, радзей, раздзельнаполыя (толькі тычынкі ці толькі песцікі). Расліны з тычынкавымі і песцікавымі К. — аднадомныя, расліны з адным відам К. (толькі тычынкі ці толькі песцікі) — двухдомныя. Бываюць К. верхавінкавыя, пазушныя, адзіночныя, сабраныя ў суквецці. Цвітуць ад 20—30 мін да 80 дзён. Эвалюцыя К. ішла ў цеснай сувязі з эвалюцыяй насякомых-апыляльнікаў.

Да арт. Кветка: I. Кветкі без калякветніка або з рэдукаваным калякветнікам: 1 — пшаніцы; 2 — вярбы (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка); 3 — ясеню; 4 — малачаю (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка). II. Правільныя актынаморфныя кветкі: 5 — энатэры; 6 — стрэлалісту; 7 — тытуню; 8 — званочку; 9 — цюльпану; 10 — нарцысу; 11 — адонісу. III. Зігаморфныя кветкі: 12 — кірказону; 13 — фіялкі; 14 — боцікаў; 15 — васілька; 16 — архідэі.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;

О первой философии;

Книга о пяти сущностях;

Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.

Літ.:

Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)