МІХАЛЕ́ВІЧ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 20.9.1938, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі. Акад.Нац.АН Беларусі (2000; чл.-кар. 1986), д-ртэхн.н. (1976), праф. (1978). Скончыў БПІ (1961). З 1961 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1966 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (у 1983—88 нам. дырэктара). З 1991 дырэктар Ін-та праблем энергетыкі Нац.АН Беларусі, адначасова (з 1997) заг. кафедры Бел.тэхнал. ун-та. Навук працы па даследаванні механізма цепла- і масаабмену ў элементах энергет. установак, перспектывах развіцця энергетыкі на Беларусі, распрацоўцы сістэм ахаладжэння цеплавых і атамных электрастанцый.
Тв.:
Методы оптимизации параметров теплообменных аппаратов АЭС. Мн., 1981 (у сааўт.);
Математическое моделирование массо- и теплопереноса при конденсации. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НААСФЕ́РА (ад грэч. noos розум + сфера),
новы эвалюцыйны Стан біясферы, пры якім разумная дзейнасць чалавека з’яўляецца гал., вырашальным фактарам яе глабальнага развіцця (часам яе вызначаюць як сферу розуму, антрапасферу, сацыясферу, тэхнасферу). Тэрмін «Н.» ўведзены франц. вучонымі Э.Леруа і П.Тэярам дэ Шардэнам у 1920-х г., якія тлумачылі яго ідэалістычна. У.Л.Вярнадскі развіў матэрыяліст. ўяўленне аб Н. як якасна новай форме арганізаванасці, што ўзнікае пры ўзаемадзеянні прыроды і грамадства, у выніку творчай дзейнасці чалавека, якая пераўтварае свет і грунтуецца на навук. думцы. Для Н. характэрна цесная ўзаемасувязь і гарманічнае спалучэнне законаў прыроды з законамі мыслення і сац.-эканам. законамі грамадства; чалавек павінен адказваць за лёс планеты і ўсяго жывога на ёй Пераход біясферы ў Н. для чалавецтва застаецца перспектывай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДАРВІНІ́ЗМ,
эвалюцыйная канцэпцыя, распрацаваная ням. вучоным А.Вейсманам на першым этапе развіцця генетыкі (у канцы 19 ст.). Тэарэт. аснова Н. — вучэнне аб зародкавай плазме і зародкавым шляху сцвярджае, што ў спадчыну перадаюцца тыя змены, якія адбываюцца ў спадчынных адзінках палавых клетак — дэтэрмінантах. Набытыя адзнакі ў спадчыну не перадаюцца. Гэтыя вывады шмат у чым прадвызначылі сучасныя прадстаўленні аб спадчыннай зменлівасці. Але ў цэлым адыход ад дарвінаўскіх палажэнняў аб прычынах зменлівасці і прыродзе спадчыннасці, спроба звязаць даныя генетыкі з эвалюц. тэорыяй і дапоўніць дарвінаўскае прадстаўленне аб натуральным адборы былі памылкай. У 2-й пал. 20 ст. Н. часам называюць сучаснае эвалюц. вучэнне.
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;
Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛАМАРКІ́ЗМ,
сукупнасць ідэалістычных эвалюц. канцэпцый, заснаваных на асобных палажэннях ламаркізму. Узнік на паслядарвінаўскім этапе развіццяэвалюц. вучэння як проціпастаўленне дарвінізму. Вылучаюць 3 асн. кірункі Н.: орталамаркізм сцвярджае, што накіраванасць эвалюцыі абумоўлена зыходнымі ўласцівасцямі арганізма і па сутнасці ўяўляе сабой аўтагенет. канцэпцыю (гл.Аўтагенез); механаламаркізм тлумачыць эвалюц. пераўтварэнні арганізмаў іх зыходнай уласцівасцю мэтанакіравана рэагаваць зменамі структур і функцый на змены навакольнага асяроддзя (эктагенез), якія і вызначаюць эвалюцыю; псіхаламаркізм устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма, яго частак, у т. л. клетак. Агульнае для ўсіх канцэпцый — прызнанне дзеяння натуральнага адбору абмежаваным і залежным ад зменлівасці зыходнага матэрыялу.
Літ.:
Сковрон С. Развитие теории эволюции. Варшава, 1965;
Оно С. Генетические механизмы прогрессивной эволюции: Пер. с англ.М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТЭНІ́Я (ад неа... + грэч. teinō расцягваю, падаўжаю),
здольнасць арганізмаў дасягаць палавой спеласці і размнажацца на ранняй стадыі развіцця. У раслін Н. трапляецца ў некат. моха-, дзераза- і папарацепадобных, у гола- і пакрытанасенных (напр., у крапівы на стадыі праростка). Н. тлумачаць паходжанне жаночага гаметафіта. У жывёл Н. вядома ў некат. земнаводных, ракападобных, насякомых, чарвей на лічынкавай стадыі (напр., лічынка амбістомы—аксалотль, пячорны пратэй, сляпы трытон, сірэна і інш.). Затрымка метамарфозаў у земнаводных звязана з паніжанай функцыяй шчытападобнай залозы.
Здольнасць да Н. мае прыстасавальнае значэнне для тых відаў арганізмаў, у антагенезе якіх адбываецца змена асяроддзя пражывання, асабліва калі ва ўмовах існавання дарослай стадыі адбываюцца значныя змены, часам вельмі неспрыяльныя. У такіх выпадках Н. павялічвае шанцы віду на выжыванне. Н. адрозніваецца ад педагенезу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,
кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць ў Н.а. павялічваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,
грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я О́РГАНЫ, геніталіі,
органы палавога размнажэння жывёл і чалавека. З’яўляюцца першаснымі палавымі прыкметамі. Большасць відаў жывёл аднаполыя, мужчынскія і жан. П.о. падзяляюць на вонкавыя і ўнутр. (розныя па будове, але гамалагічныя па супольнасці іх эмбрыянальных зачаткаў). Звязаны з органамі выдзялення. Да П.о. адносяць палавыя залозы (семяннікі, яечнікі, гермафрадытныя залозы), палавыя пратокі (семяправоды, яйцаводы), дадатковыя органы (залозы, сакрэт якіх узмацняе актыўнасць сперматазоідаў, а ў самак служыць для ўтварэння абалонак яец, рэзервуары для захоўвання семя), капулятыўныя органы (пры ўнутр. апладненні). У жывародных жывёл да П.о. адносяць прыстасаванні для выношвання дзіцянят (напр., вывадкавая сумка ў сумчатых). П.о. раслін наз.генератыўнымі органамі. У чалавека дыферэнцыроўка П.о. на мужч. і жан. працягваецца да 8-га тыдня развіцця плода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РСАНС ((Parsons) Талкат) (13.12.1902, г. Каларада-Спрынгс, ЗША — 8.5.1979). амерыканскі сацыёлаг, стваральнік тэорыі дзеяння сацыяльнага. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (?). З 1927 у Гарвардскім ун-це, у 1946—56 узначальваў аддзяленне сац. адносін. З 1949 прэзідэнт сацыялаг. асацыяцыі. Распрацаваў тэорыю сістэм дзеяння, якая абапіралася на прынцып змены, інтэграцыі і стабільнасці. У яе аснове — вывучэнне сац. рэальнасці, арганізаванай рацыянальна і сістэмна. Паводле П., грамадства — вял. сацыяльная супольнасць, якая для выжывання і развіцця павінна прытрымлівацца адзінай культ. арыентацыі і прадстаўляць сваім членам дастатковы набор ролевых магчымасцей для рэалізацыі фундаментальных патрэб асобы і самога грамадства. Аўтар прац «Структура сацыяльнага дзеяння» (1937),
«Сацыяльная сістэма» (1951), «Сацыяльная сістэма і эвалюцыя тэорыі дзеяння» (1977), «Тэорыя дзеяння і ўмовы чалавечага існавання» (1978) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́Т,
карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш.паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.