род кветкавых раслін сям. платанавых. 7—10 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і ў Еўразіі (ад Балканскага п-ва і Усх. Міжземнамор’я да Індакітая). З ант. часу культывуюць П. усходні, або чынару (P. orientalis).
Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметр ствала да 5 м. Жывуць больш за 2 тыс. гадоў. Крона густая, шырокая, ствол прамы, калонападобны. Кара зеленавата-шэрая. Лісце буйное, доўгачаранковае, пальчаталопасцевае. Аднаполыя кветкі дробныя, у звіслых галоўчатых суквеццях. Плод — арэшак. Драўніна прыгожая, лёгкая, моцная, выкарыстоўваецца як дэкар. мэблевы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЁНКАкіна- і фатаграфічная,
святлоадчувальны матэрыял, які мае празрыстую гнуткую падложку (аснову) з нанесенай на яе фатаграфічнай эмульсіяй. Найб.пашыраны падложкі з негаручых трыацэтату цэлюлозы і поліэтылентэрэфталату.
Бывае агульнага і спец. прызначэння; негатыўная (гл.Негатыў), пазітыўная (для атрымання фатагр. відарыса з негатыва) і абарачальная (для атрымання фатагр. відарыса спец. апрацоўкай таго ж матэрыялу). Да П. агульнага прызначэння адносяць чорна-белыя і каляровыя для маст. і дакумент. фатаграфіі, якія адчувальныя да ўсіх бачных прамянёў і адрозніваюцца па святлоадчувальнасці (ад 22 да 350 адзінак ДАСТ); да спец. П. — П. для кінематаграфіі, тэхн. фатаграфіі, рэнтгенаўскія, спектральныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮШЧ (Hedera),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Растуць у лясах, на камяністых месцах, падымаюцца на значную вышыню па дрэвах, якія з гэтай прычыны часта гінуць. На Беларусі 1 атлантычна-міжземнаморска-еўрап. рэліктавы від — П. звычайны (H. helix), занесены ў Чырв. кнігу (цвіценне ў вер.—кастр., плоданашэння не назіраецца, размнажэнне вегетатыўнае).
Вечназялёныя драўнінныя ліяны з паветранымі каранямі-прысоскамі на сцёблах. Лісце суцэльнае ці 3—5-лопасцевае. Кветкі дробныя, у шарападобных парасоніках ці сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваюцца для прысценнага азелянення як хатнія і аранжарэйныя расліны. Меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАСЦЯ́К»,
бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш.муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЯРЭ́ЖНІК (Littorella),
род кветкавых раслін сям. трыпутнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўд. Амерыцы і на астравах Атлантычнага акіяна. На Беларусі атл.-еўрап. рэліктавы від П. аднакветкавы (L.uniflora), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр да глыб. 2,5 м, уздоўж вільготных берагоў азёр і рэк утварае зараснікі.
П. аднакветкавы — шматгадовая бессцябловая травяністая расліна выш. 2—15 см з карэнішчам, прыдаткавымі каранямі і паўзучымі сталонападобнымі парасткамі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, сядзячае, вузкалінейнае. Кветкі аднаполыя, цвітуць над вадой, аднак бутоны тычынкавых і песцікавых кветак развіваюцца пад вадой. Плод — арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІПА́ЛЫ, прыліпалавыя (Echeneidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных (па інш. класіфікацыі — атр. прыліпалападобных). Вядомы з эацэну (каля 50 млн.г. назад). 7 родаў, 7 (10) відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных акіянічных водах. Дарослыя асобіны прысмоктваюцца да рыб, чарапах, кітоў, днішчаў суднаў. Могуць весці і свабодны спосаб жыцця (напр., прыліпала звычайны — Echeneis naucrates).
Даўж. да 1 м. Першы спінны плаўнік перамешчаны на галаву і ператвораны ў прысосак — авальны дыск, абкружаны пругкім мускульным валікам. Промні плаўніка падзелены на 2 гарыз.ч., якія ўтвараюць на прысмоктвальным дыску быццам бы папярочныя складкі, якія ўтвараюць вакуум, калі прыўздымаюцца. Кормяцца планктонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
адна з разнавіднасцей сацыяльна-бытавых песень. Вядомы многім народам. Асн. тэма песень — жыццё бедняка-прымака ў заможнай сям’і жонкі. Большасць іх пачынаецца са сцвярджэння: «А хто ў прымах не бываў, той гора не знае». П.п. не вызначаюцца складанасцю і багаццем сродкаў маст. выразнасці. Найб.пашыраны матыў П.п. — крыўда на скупую цешчу, лянівую і злосную жонку. Часам заканчваліся паказам, як прымакі з гора ідуць тапіцца. Выконваліся звычайна мужчынамі. У працэсе эвалюцыі сталі ўспрымацца як гумарыстычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛКАЕ́ДЫ (Alleculidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Больш за 1300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Дарослыя жывуць пад карой дрэў, лічынкі — у гнілой драўніне, глебе, лясным подсціле. На Беларусі 8 відаў. Найб. трапляюцца П.: бярозавы (Omophlus betulae), цёмны (Prionychus ater), шэры (Isomira murina).
Даўж. да 25 мм. Цела авальнае, чорнае, бурае або жоўтае. Вусікі ніткападобныя. Галава ўцягнута ў пярэднягрудзі. Лапкі ног з грабеньчатымі кіпцюркамі. Лічынкі жоўта-бурыя, тонкія, цыліндрычныя, з вял. галавой, развітымі нагамі; падобныя да драцянікаў (адрозніваюцца больш доўгімі пярэднімі нагамі), таму іх наз.ілжэдрацянікамі. Дарослыя кормяцца пылком кветак (адсюль назва), часам лісцем, лічынкі — расліннымі рэшткамі, каранямі травяністых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛЮ́ШНІК (Thalictrum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 120 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, гарах Паўд. Афрыкі і ў тропіках Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: ворлікалісты (Th. aquilegifolium), жоўты (Th. flavum), светлы (Th. lucidum). Трапляюцца сярод хмызнякоў, па берагах рэк, на вільготных лугах.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 40—120 см. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя, ліловыя, сабраныя ў мяцёлчатыя. гронкападобныя або шчыткападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Усе віды П. ядавітыя. Лек., інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.
Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.