Бо́ма1 ’рычаг’ (БРС), ’доўгая жэрдка з тоўстым канцом пры плытах’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Бір. Дзярж.). Рус. дыял. (у Літве) бо́мка ’тс’. Параўн. рус. бом ’шлагбаум’, запазычанае з гал. boom ’брус, бэлька’ (Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 161). Але, магчыма, што бел. слова запазычана з той жа крыніцы, што і літ. búomas. ’рычаг’: з усх.-пруск. bōm ’тс’ (а лат. buõmis ’рычаг’ і г. д. — з с.-н.-ням. bom). Да балт. форм гл. Фрэнкель, 64–65.

Бо́ма2 ’званочак’. Новае ўтварэнне з бо́мка ’тс’ (гл.), якое, мабыць, успрымалася як памяншальная форма. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буя́н1 буе́н ’непакладзены бык’ (ДАБМ, 883), буя́н ’бык’ (Дразд.). Бясспрэчна, звязана з буя́ць ’бушаваць, шалець, буяніць і да т. п.’ Форма буя́н вельмі падмацоўвае вывядзенне буя́к ’бык’ таксама ад буя́ць. Гл. яшчэ Лабко, Бел.-польск. ізал., 70–72.

Буя́н2 ’птушка бык’ (Дразд.). Ад буя́н ’бык’. Параўн. іншыя назвы гэтай птушкі: буга́й, бык.

Буя́н3 ’дэбашыр’, буя́ніць. Рус. буя́н, буя́нить і г. д. Шанскі (1, Б, 243) лічыць буян уласна рускім словам, вытворным ад буй ’смелы і да т. п.’ Але хутчэй буян, буяніць — утварэнні ад буяць ’бушаваць, шалець і г. д.’ прынамсі на бел.-рус. моўнай тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Выр, вырь ’вырай, цёплыя краіны, куды адлятаюць птушкі на зіму’ (Яшк., бых., Рам., 8), вырь ’паварот’ (Нас.), выръ, виръ ’вір’ (Шн., Песні). Няясна. Магчыма, зваротнай дэрывацыяй ад вырай, вырья або ўкраінізаваная форма ад вір (гл.), якая потым была збліжана з вырай у семантычных адносінах. Але параўн. рус. цвяр. вырь, бырь ’вір’, выр ’месца хуткага цячэння вады, вір; яма, над якой утвараецца вір’, якія па фанетычных прычынах не могуць быць аб’яднаны з вір (Фасмер, 1, 370). Гл. яшчэ Безлай, ССл, 1976, 5, 65 і наст., дзе аб сувязі рус. вырь, вырий і славен. ir(ij) ’балота’, а таксама іншы славенскі матэрыял.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галашчо́к ’моцны мароз’ (Шат., Яшкін), таксама ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.), ’першы лёд на балоце, на рацэ’, ’мёрзлыя рунныя палі, груд з азімымі пасевамі’, ’адкрытае месца, узгорак, дзе вецер здзімае снег; гальнае замёрзлае балота’ (гл. у Яшкіна, там і геаграфія слова). Сустракаецца і форма галашчо́ка (Яшкін). Аналагічныя словы ёсць у іншых усх.-слав. мовах. Параўн. рус. голоще́к ’галалёдзіца; чысты тонкі лёд без снегу’, укр. голощі́к, голощо́к ’галалёдзіца; лёд, непакрыты снегам’. Можна меркаваць, што ў аснове назвы ляжыць вобраз: ’голыя, замёрзлыя шчокі’, ’шчокі непакрытыя, таму замёрзлыя’. Усе іншыя значэнні другасныя, узніклі пры дапамозе метафарызацыі. Гэта асабліва адносіцца да розных назваў рэльефу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́льштук (БРС). Непасрэднае запазычанне з польск. halsz tuk ’тс’, якое ўзята з ням. Halstuch ’хустка на шыю’ (аб фанетыцы слова, у прыватнасці аб пераходзе ням. ‑ch > ‑k у польск. мове, гл. Слаўскі, 1, 396). Форма, блізкая да бел., існавала калісьці і ў рус. мове: гальштук (гл. Шанскі, 1, Г, 20). У форме га́лстук, а́лстук гэта слова вядома ў сучасных бел. дыялектах, а таксама ў ст.-бел. мове (гл. Сцяц. Нар., 97–98, са спасылкай на слоўнік Гарбачэўскага). Невядома толькі, ці сучасныя дыялектныя бел. га́лстук, а́лстук працягваюць старыя бел. формы, ці гэта запазычанне новага часу з рус. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глабі́на ’аглобля’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. ґлабня́, гла́бка, агло́бля (аглабня, аглабіна). Гл. *globa, *globati, *globiti ў Трубачова, Эт. сл., 6, 131–134.

Глабіна́ глыбокае месца на рацэ; таўшчыня торфу на балоце’ (слаўг., Яшкін). У гэтым жа значэнні ўжываецца таксама глубыня́, глубачы́нь (слаўг., Яшкін, там жа, 49). Слова глабіна́ цікавіць нас тым, што ў ім адлюстроўваецца іншая фанетычная форма слова глуб‑окі, а іменна *glъb‑, якое дае глоб‑ (з вакалізацыяй ъ > о), а не глыб‑ (як гэта звычайна ў бел. і ўкр. мовах), г. зн. глабіна < *глъбіна (праз *глобіна). Параўн. таксама глабо́ка ’глыбока’ (Сл. паўн.-зах.) < *glъb‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́ж ’насякомае Oestrus; муха, якая дакучае каровам у гарачыню; іначай зыкоўка’ (Нас.), гіж ’заедзь (авадні, мухі)’ (Бяльк.). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Бел. слова паходзіць з *gyžь, < *gyzjь. Аснова *gyz‑ сустракаецца яшчэ ў назве такога ж насякомага ў бел. (гіз) і н.-луж. мове (gizk). Бел.-луж. *gyz‑ — гэта апафанічная форма (ŭ : ū) да польск. giez ’тс’ (*gъzъ). Лексема гэта толькі зах.- і ўсх.-слав. Роднаснае: літ. gužė́ti ’спяшацца, бегчы натоўпам’, guža ’куча чарвей’. Гл. Слаўскі, 1, 278; Міклашыч, 423; Бернекер, 373; Трубачоў, Эт. сл., 7, 224. Параўн. яшчэ гіжа́ць, гізава́ць, газану́ць. Гл. яшчэ гіз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзе́рава ’дрэва’, таксама і ў форме дзе́раво (Сцяшк.). Апошняе, аднак, азначае ’матэрыял для будаўніцтва’. Форма дзе́рава зыходзіць, бясспрэчна, да прасл. лексемы *dervo, якое дало пачатак славянскім формам: рус. де́рево, укр. де́рево, польск. drzewo, чэш. dřevo, балг. дре́во, серб.-харв. дре̑во, ст.-слав. дрѣво і г. д. Роднаснымі формамі для прасл. *dervo ’дрэва’ лічацца літ. dervà ’смала; смалістае дрэва’, ст.-інд. dā́ru‑ ’дрэва’, кімр. derwen ’дуб’ і г. д. Тут вельмі разгалінаванае сямейства слоў з шматлікімі роднаснымі формамі, аблаўтнымі суадносінамі вакалізму і да т. п. З вялікай літаратуры параўн. Слаўскі, 1, 174; Фасмер, 1, 502; Трубачоў, Эт. сл., 4, 211–213.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэ́ва ’дрэва’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), таксама дре́ва (Бяльк.). Укр. дре́во (памянш. форма древко) ’тс’ (Грынч.); параўн. і гуц. древору́б ’павець для дроў’ (Грынч.: з Шухевіча). Адносна бел. слова (без укр. матэрыялу) Трубачоў (Эт. сл., 4, 212) заўважае: «блр. литер. дрэ́ва неисконно». Сапраўды, бел. і ўкр. формы нельга вытлумачыць з якой-небудзь прасл. зыходнай формы, таму можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. drzewo ’тс’ (< прасл. *dervo; аб апошнім гл. Трубачоў, там жа, 211–212) з субстытуцыяй польск. гука rz усх.-слав. ‑р‑. Дзіўна, што ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч.) не адлюстраваны гэты паланізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаві́на, жаві́ны, жаві́кі ’ажына’ (Кіс., Касп., Бяльк., Юрч.; лельч., Жыв. сл., 210), жаві́ніна ’ягада ажыны’, жаві́ннік ’ажыннік’ (Юрч., Яўс.). Усечаная без пачатковага галоснага слав. назва ажыны *ož‑ev‑ina > бел. ажавіна, ажэвіны (Шат., Кіс.) і *ož‑ev‑ika > рус. ежевика ад *ožь ’вожык’. Суф. *‑in‑ часта выкарыстоўваецца ў назвах ягад: журав‑ін‑ы, аж‑ын‑а, кал‑ін‑а, першасна, магчыма, у сінгулятыўным значэнні (гл. ажы́на). У рус. дыялектах сустракаецца форма са стратай пачатковай галоснай: жевика, жевига, жеваника, жевинина (СРНГ). Параўн. Шанскі, 1, Е, 253 (дзе памылковае сцвярджэнне пра толькі ўсх.-слав. характар слова: Махэк (Jména rostl., 101) прыводзіць чэш. ježina, польск. jeżyna).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)