1. Месца знаходжання, размяшчэння каго‑, чаго‑н. у прасторы. Геаграфічнае становішча краіны. □ З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў яму крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо .. [Сяргей Карага] заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці.Колас.// Знаходжанне гукаў, складоў і пад. у пэўнай пазіцыі. Галосныя а, о, у, э, ы ў становішчы пасля зычных.
2. Пастава цела або яго частак; поза. [Ленін:] — Вам, таварыш, цяжка ўвесь час стаяць у адным становішчы. Вось табурэтка, сядайце.Мяжэвіч.Парашут трымаўся ў паветры неяк вельмі доўга. І зусім не ў тое патрэбнае месца пачынала [Марыю] зносіць. Што можна зрабіць у такім вісячым становішчы?Кулакоўскі.
3. Абставіны, выкліканыя якімі‑н. умовамі. Перайсці на нелегальнае становішча. □ Алёша павінен быў знайсці выхад з гэтага надзвычай цяжкага становішча.Навуменка.Становішча .. [Машы] было надзвычай крыўднае, абраглівае.Шамякін.//Спец. Умовы, у якія аўтар ставіць герояў для раскрыцця характараў, вобразаў або сюжэта. Аўтар гвалтоўна ставіць .. [людзей] у такое становішча, якое павінна ілюстраваць яго пэўную думку.Кудраўцаў.// Суадносіны сіл пры гульні ў шахматы (або шашкі), абумоўленыя колькасцю і размяшчэннем фігур на дошцы. Нічыйнае становішча.
4. Сукупнасць грамадска-палітычных адносін, абставіны грамадскага жыцця. Эканамічнае становішча працоўных мас. □ XX з’езд партыі даў .. аналіз сучаснага міжнароднага і ўнутранага становішча.«Звязда».Праўда аб становішчы ў краіне пранікла ў вёску праз бальшавіцкіх агітатараў, гарадскіх рабочых і салдат.«Весці».
5. Месца ў грамадстве, роля ў грамадскім жыцці. Сацыяльнае становішча. Службовае становішча. □ На працягу некалькіх соцень год Лейпцыг займае становішча горада сусветных кірмашоў.«Маладосць».// Роля, месца ў сям’і, ва ўстанове, у якой‑н. галіне дзейнасці. [Міхась:] — Яшчэ, брат, далёка да таго, каб запоўніць у спіску графы аб сямейным становішчы.Лынькоў.Усяго тыдзень назад, працуючы энергетыкам,.. [Дзімін] быў у падначалены ў Максіма Сцяпанавіча і цяпер ніяк не мог прывыкнуць да свайго новага становішча.Карпаў.
6. Рэжым, распарадак дзяржаўнага, грамадскага жыцця, устаноўленага ўладай. Ваеннае становішча. □ [Вайскавікі] адразу перайшлі на лагернае становішча.Казлоў.Наша мясцовасць на ваенным становішчы.Жычка.
•••
Казарменнае становішча — пастаяннае знаходжанне ў воінскай часці або на прадпрыемстве людзей, пераведзеных на ваеннае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Створаны ў 1933 у Мінску як Дзярж.т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 — Вялікі, з 1964 — акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыты ў будынку БДТ-1 спектаклем «Кармэн» Ж Бізэ (гал. ролю выконвала Л.Александроўская). Напачатку дзейнасць т-ра была скіравана на асваенне класічнага, найперш рус. рэпертуару: «Яўген Анегін» (1933) і «Пікавая дама» (1934) П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1934), «Русалка» А.Даргамыжскага (1938). Значнымі падзеямі ў гісторыі т-ра сталі пастаноўкі бел.нац. опер «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (лібр. П.Броўкі), «У пушчах Палесся» А.Багатырова (лібр. Я.Рамановіча паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва»; абедзве 1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940, лібр. В.Барысевіч, Броўкі і П.Глебкі паводле драмы М.Чарота «На Купалле»), Яны адметныя пошукамі нац. спецыфічных сродкаў муз. стылістыкі, заснаванай на нар.-песенным меласе, сцэн. выразнасцю і арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй.
У Вял.Айч. вайну значная частка калектыву працавала ў г. Горкі, потым у г. Каўроў (Уладзімірская вобл., Расія), дзе ў канцэртным выкананні паказаны оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1943), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і новая бел. опера «Алеся» Цікоцкага (лібр. Броўкі; абедзве 1944). Пастаноўкай «Алесі» (у гал. ролі Александроўская) у канцы 1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у вызваленым Мінску. У пасляваен. гады разам з рэпертуарным узбагачэннем удасканальваліся рэжысура і сцэн. вырашэнне спектакляў. Плённа працавалі рэжысёры Б.Пакроўскі («Алеся», «Кармэн», 1945) і Б.Мардвінаў («Пікавая дама»; «Рыгалета» Дж.Вердзі, абедзве 1948; «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны і «Князь Ігар», 1949; «Іван Сусанін» М.Глінкі, 1950), сцэнограф Нікалаеў. Нац. рэпертуар папоўніла опера «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947, лібр. М.Клімковіча), дзе ў гал.партыі выступіў М.Сярдобаў. У 1950-я г.асн. лінію дзейнасці т-ра вызначала фарміраванне нац. рэпертуару пад кіраўніцтвам Александроўскай. Пастаўлены оперы «Дзяўчына з Палесся» Цікоцкага (новы варыянт оперы «Алеся», 1953), «Надзея Дурава» Багатырова (1956, лібр. І.Келера), у якой рэалізаваны выканальніцкія магчымасці К Кудрашовай, Л.Галушкінай, М.Ворвулева, паўторна паказана опера «Міхась Падгорны» (1957), дзе акцёрскім дасягненнем стаў вобраз Бабы-Лапатухі, створаны Т.Ніжнікавай. Народнасцю меласу і значнай драматургічнай роляй хароў вылучалася опера «Яснае світанне» Туранкова (1958, лібр. А.Бачылы). Створаны першы нац. оперны спектакль для дзяцей «Марынка» Р.Пукста (1955, лібр. Э.Агняцвет). Класічны рэпертуар узбагацілі «Мазепа» і «Іаланта» Чайкоўскага (абедзве 1952; у гал. ролі Т Шымко), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Трубадур» Вердзі (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957). Лепшай рэжысёрскай работай Александроўскай стала «Аіда» (1953) Вердзі, якую вызначалі прадуманасць рэжысуры і выдатны акцёрскі ансамбль (Друкер, Кудрашова, Ворвулеў, М.Зюванаў, Лазараў). Падзеяй стала першая ў СССР пастаноўка камічнай оперы С.Манюшкі «Страшны двор» (1952, лібр. ў перакладзе на бел. мову М.Танка).
У 1950—60-я г. пастаўлены шэраг муз. камедый і аперэт: «Карневільскія званы» Р.Планкета (1959), «Цыганскі барон» (1960) і «Лятучая мыш» (1961) І.Штрауса. У 1960-я г. вызначальная роля належала маст. кіраўніку і гал. рэжысёру т-ра Дз.Смолічу. Яго пастаноўку оперы Вердзі «Атэла» (1963) вылучае бліскучае муз. (дырыжор І.Абраміс) і акцёрскае ўвасабленне (З.Бабій, Н.Ткачэнка, І.Сарокін). Дасягненнем калектыву стала пастаноўка оперы С.Танеева «Арэстэя» (1963) пад кіраўніцтвам дырыжора Т.Каламійцавай. Сярод інш. пастановак тых гадоў оперы «Чыо-Чыо-сан» Пучыні (1953), «Пікавая дама» Чайкоўскага (1960), «Баль-маскарад» (1961) і «Трубадур» (1964) Вердзі, «Джаконда» А.Панк’елі (1962), «Любоўны напітак» Г.Даніцэці (1965), «Багема» Пучыні (1968), а таксама, складаная ў адносінах драматургіі опера С.Пракоф’ева «Заручыны ў манастыры» (1962). Героіка Вял.Айч. вайны ўвасоблена ў пастаноўцы «Брэсцкай крэпасці» К.Малчанава (1967). Бел. оперны рэпертуар папоўнілі камедыйныя творы Ю.Семянякі «Калючая ружа» (1960), з эфектнымі муз. фрагментамі і яскравымі сцэн. знаходкамі, і «Калі ападае лісце (1968; лібр. абедзвюх Бачылы). У 1945—60 у трупе працавалі спевакі Р.Асіпенка, Л.Бражнік, Ворвулеў, Галушкіна, А.Генералаў, У.Глазаў, Н.Гусельнікава, Г.Дзмітрыеў, Зюванаў, Кудрашова, Ніжнікава, Н.Нікеева, Б.Нікольскі, Т.Пастуніна, І.Сайкоў, Сярдобаў, Шымко, Р.Яўраеў; дырыжоры Абраміс, А.Брон, Каламійцава, Л.Любімаў, У.Пірадаў; рэжысёры Александроўская, А.Маралёў, Мардвінаў, Ю.Ужанцаў, У.Шахрай; мастакі Нікалаеў, П.Масленікаў, хормайстар М.Прысёлкаў.
У 1960-я г. вылучыліся спевакі новага пакалення В.Бруй, Л.Ганестава, В.Ганчарэнка, В.Глушакоў, В.Гур’еў, С.Данілюк, М. і П.Дружыны, Л.Златава, В.Кірычэнка, Сарокін, А.Саўчанка, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова; дырыжоры Г.Дугашаў, К.Ціханаў, мастак Я.Чамадураў; хормайстры Т.Арлова, А.Кагадзееў; гал. канцэртмайстар С.Талкачоў. У 1970—80-я г., побач з узбагачэннем рэпертуару творамі опернай класікі і бел. кампазітараў, адбывалася актуалізацыя традыц. школы опернага мастацтва. Пачатак гэтага перыяду азнаменавала пастаноўка А.Дадышкіліяні «Хаваншчыны» М.Мусаргскага (1970; вобраз Марфы выканала Данілюк). Вял. роля ў абнаўленні тэатр. традыцый належыць рэж. С.Штэйну. які паставіў шэраг яскравых спектакляў. Маштабнасцю і глыбінёй муз. і рэж. інтэрпрэтацыі вызначалася яго сумесная з Я.Вашчаком работа над пастаноўкай «Барыса Гадунова» Мусаргскага (1974; у гал.партыі М.Зданевіч і Я.Пятроў). Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» (1971) і «Снягурачка» (1981) Рымскага-Корсакава, 2 новыя інтэрпрэтацыі «Пікавай дамы» Чайкоўскага (1972, 1983), «Дон Жуан» (1973) і «Вяселле Фігара» (1980) В.А.Моцарта, дзе выразна раскрыліся вак. майстэрства і сцэн. абаяльнасць Саўчанкі. Творчай удачай т-ра стала пастаноўка «Лаэнгрына» Р.Вагнера (1977, рэж. К.Г.Фіртэль, ГДР; у гал. ролях Данілюк, А.Дзедзік, Л.Шамчук, Сарокін). У нац. традыцыях увасоблена польск. рэж. Б.Янкоўскім «Галька» Манюшкі (1975). Выявілася цікавасць т-ра да італьян. оперы: «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Дон Паскуале» Даніцэці (1977; у гал. ролі Чарнабаеў), «Дон Карлас» (1979) і «Рыгалета» (1981) Вердзі, «Служанка-пані» Дж.Пергалезі (1981). Пастаноўка М.Ізворска-Елізар’евай «Дона Карласа» вызначалася ансамблевасцю, высокай сцэн. і пеўчай культурай (Пятроў, Н.Казлова, Н.Губская, Данілюк і Н.Галеева). Нац. рэпертуар папоўнілі оперы «Андрэй Касценя» М.Аладава (лібр. Глебкі), «Зорка Венера» Семянякі (лібр. Бачылы; абедзве 1970). Філас.-абагульненае ўвасабленне рэчаіснасці, паказ падзей мінулага ў жывой сувязі з нашым часам уласцівы спектаклю «Джардана Бруна» С.Картэса (1977, лібр. У.Халіпа; дырыжор Вашчак, рэж. Штэйн, мастак Я.Лысік). Асн. рысы кампазіцыі і стылістыкі оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978, лібр. У.Караткевіча) характарызаваў псіхалагізм вак. партый (Дзедзік, Шыкунова, Сарокін). Драм. экспрэсіяй адметная пастаноўка оперы «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980, лібр. А.Вярцінскага і Штэйна паводле аповесці В.Быкава «Воўчая зграя»), У 1970-я г. калектыў т-ра папоўнілі салісты Ю.Бастрыкаў, А.Кеда, Л.Колас, Пятроў, А.Рудкоўскі, В.Скорабагатаў, В.Цішына, У.Экнадыёсаў; дырыжор У.Машэнскі; мастакі Я.Ждан, В.Левенталь. 1980-я г.т-р адзначыў шэрагам прэм’ер. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Коласа пастаўлена опера «Новая зямля» Семянякі (1982, лібр. А.Петрашкевіча паводле аднайм. паэмы Я.Коласа) — спроба сінтэзу фалькл.т-ра і класічнай оперы. У 1989 пастаўлены адзін з лепшых нац. твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (лібр. С.Клімковіч паводле аднайм. аповесці Караткевіча; дырыжоры Вашчак і А.Анісімаў, рэж. В.Цюпа, мастак Э.Гейдэбрэхт; у гал. партыях Н.Кастэнка, Скорабагатаў, Экнадыёсаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. оперных прэм’ер «Вайна і мір» (1985, дырыжор Г.Праватораў, рэж. Штэйн, мастак Гейдэбрэхт) і першая ў СССР пастаноўка оперы «Мадалена» (1989) Пракоф’ева.
Музыкальнасцю і дынамізмам адзначаны спектакль «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1980, дырыжор Каламійцава; у гал. ролях Экнадыёсаў, Бастрыкаў, Колас, Кастэнка). Упершыню на Беларусі пастаўлены оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса і «Чароўная флейта» Моцарта (1987), адноўлены оперы «Баль-маскарад» (1981), «Пікавая дама» (1983), «Іван Сусанін» (1984), «Севільскі цырульнік» (1986), «Яўген Анегін» (1986). У складзе трупы: спевакі Т.Глаголева, М.Гулегіна, М.Жылюк, Н.Залатарова, Л.Златава, Т.Кучынская, Г.Лукомская, М.Майсеенка, Э.Пелагейчанка, Пятроў, Н.Руднева, М.Рысаў, Цішына, мастакі Л.Ганчарова, Гейдэбрэхт, хормайстар Кагадзееў. У 1990-я г. рэпертуар т-ра ўзбагацілі нац. оперы «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992, лібр. В.Іпатавай паводле п’есы Л.Пракопчыка; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992, лібр. аўтара і Л.Глебавай паводле аднайм. рамана М.Булгакава) і «Візіт дамы» Картэса (1995, лібр. Халіпа паводле п’есы «Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата; дырыжор Праватораў, рэж. М.Пінігін, мастак З.Марголін; у гал. партыях Руднева і Пелагейчанка). У 1994 адбылася прэм’ера оперы Дз.Шастаковіча «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (лібр. А.Прэйса паводле аднайм. аповесці М.Ляскова), пастаноўка якой вылучалася экспрэсіўнай муз. стылістыкай у спалучэнні з дзейснай рэжысурай і сцэнаграфіяй (дырыжор Анісімаў, рэж. Ізворска-Елізар’ева, мастак В.Окунеў; у гал. партыях Залатарова і Т.Цівунова, В.Кавальчук). Сярод новых пастановак таксама камічная опера «Шлюбны вэксаль» Расіні (1998). Асаблівасць дзейнасці т-ра гэтага часу — выкананне зах.-еўрап. опер на мове арыгінала. Створаны новыя версіі спектакляў «Тоска» Пучыні (1991), «Іаланта» Чайкоўскага (1993), «Рыгалета» (1994), «Травіята» Вердзі (1997), «Паяцы» Р.Леанкавала (1999), «Кармэн» Бізэ (1995), «Князь Ігар» Барадзіна (1996). Т-р практыкуе форму канцэртна-сцэн. паказу: оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага (1998), «Лючыя ды Ламермур» Даніцэці (у гал.партыі В.Курбацкая) і «Набука» Вердзі (1999; Бастрыкаў, Глаголева, А.Мельнікаў у гал. партыях), «Турандот» Пучыні (2000). Калектыў т-ра неаднаразова выступаў у Вял. т-ры ў Маскве і за мяжой. З 1990 г. на базе т-ра працуе Дзіцячы муз. тэатр-студыя, дзе пастаўлены шэраг спектакляў для дзяцей. У т-ры працавалі: гал. дырыжоры Гітгарц (1933—36), Грубін (1938—41), Брон (1944—48), Пірадаў (з 1948), Любімаў (1951—64), Дугашаў (1966—68), Ціханаў (з 1969), Вашчак (1972—80), Г.Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. рэжысёры Златагораў (1939—40), Мардвінаў (з 1947), Александроўская (1951—60), Смоліч (1962—69), Дадышкіліяні (1972—76); гал. хормайстры Г.Пятроў (1933—37, 1945—50), А.Сцяпанаў (1937—41), М.Прысёлкаў (1951—59), Кагадзееў (1960—93); гал. мастакі Нікалаеў (з 1938), Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Э.Гейдэбрэхт (1984—90).
У складзе трупы (на 2000): нар.арт.СССР Саўчанка, нар. артысты Беларусі Бастрыкаў, Я.Пятроў, Руднева, Чарнабаеў, нар. арт Расіі Пелагейчанка, засл. арт. Расіі М.Майсеенка, засл. артысты Беларусі Галеева, Губская, М.Дружына, Жылюк, Казлова, Мельнікаў, У.Пятроў, Скорабагатаў, В.Стральчэня, майстры сцэны Т.Варапай, А.Гардынец, Глаголева, М.Грыгорчык, Кавальчук, Курбацкая, С.Франкоўскі; канцэртмайстры засл. артысты Беларусі Г.Карант, Л.Талкачова, засл. арт. Бураціі Ж.Габа, артысты аркестра — засл. артысты Беларусі М.Баркоўскі, У.Тарашкевіч; дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт. Беларусі Картэс, гал. дырыжор — засл. дз. маст. Расіі Анісімаў, дырыжоры засл. дзеячы маст. Беларусі М.Калядка, Л.Лях; рэж. С.Цырук, гал. хормайстар — засл. дз. маст. Беларусі Ламановіч, мастак Ганчарова, мастак па касцюмах Э.Грыгарук. Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам балета Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Смольский, Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Мастацтва Беларусі. 1983. № 10;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96.
Б.С.Смольскі, А.В.Казлоўская.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Тоска» Дж.Пучыні. 1991.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Кармэн» Ж.Бізэ. 1945.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага. 1974.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана. 1989.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Візіт дамы» С.Картэса. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБА́ДАС (Barbados),
дзяржава на аднайм. востраве ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх а-воў, у Атлантычным ак. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 431 км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Брыджтаўн. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліст.).
Дзяржаўны лад. Фармальна канстытуцыйная манархія, чл. брытанскай Садружнасці. Дзейнічае Канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены прызначаным ім ген.-губернатарам. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму парламенту з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў складзены з вапнякоў, абкружаны каралавымі рыфамі. Паверхня ўзнімаецца тэрасамі да выш. 340 м над узр. м. Невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў да 1400 мм за год, дажджлівы сезон з чэрв. да лістапада. Частыя ўраганы. Глебы — вельмі ўрадлівыя Карычнева-чырвоныя латэрыты. Прыродная расліннасць амаль не захавалася.
Насельніцтва. Каля 80% негры, 16% мулаты, 4% еўрап. паходжання. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 700 чал. на 1 км². Каля палавіны насельніцтва гарадское, амаль усё ў г. Брыджтаўн і яго прыгарадах. Сярэдняя працягласць жыцця 75,3 года (1992).
Гісторыя. З першых стагоддзяў нашай эры на востраве жылі індзейскія плямёны аравакаў і карыбаў. У 1518 яго адкрылі іспанцы і назвалі Барбадас (ад ісп. barbudo барадаты; з-за мноства фігавых дрэў, абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі). Іспанцы вывозілі мясц. індзейцаў як рабоў на в-аў Гаіці. У 1625 Барбадас захапілі і каланізавалі англічане, яны стваралі плантацыі па вырошчванні тытуню і бавоўніку, для працы на якіх прывозілі з Афрыкі неграў-рабоў У 1628 засн.г. Брыджтаўн. З 1652 Барбадасам кіраваў англ. губернатар. У 2-й пал. 17 ст. гаспадарка вострава пераарыентавана на вырошчванне цукр. трыснягу (у 1680 Англія атрымала тут 60% імпарту цукру). Да 1838 (адмена рабства) Барбадас — перавалачны пункт у англ. гандлі рабамі-неграмі У 1948 нац.-дэмакр. сілы дамагліся ўвядзення на востраве абмежаванага ўнутр. самакіравання, у 1950 — усеаг. выбарчага права. У 1958—62 Барбадас уваходзіў у Вест-Індскую федэрацыю, з 1961 меў поўнае самакіраванне, 30.11.1966 атрымаў незалежнасць.
Барбадас — чл.ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва і інш., мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць партыі: Барбадаская лейбарысцкая, Дэмакр. лейбарысцкая, Рабочая, Нац.дэмакр.; прафс. аб’яднанне Саюз рабочых Барбадаса.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм і вытв-сць цукру. У сельскай гаспадарцы занята 8,5% насельніцтва, ствараецца 7,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і каля палавіны экспарту. У земляробстве выкарыстоўваецца 77% тэр. Барбадаса. Каля палавіны пасяўных плошчаў занята пад цукр. трыснягом, роля якога ў гаспадарцы паступова памяншаецца. З 1960-х г. развіваецца баваўнаводства. Вырошчваюць таксама кукурузу, тытунь, батат, маніёк, трапічную садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, козаў і авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць перапрацоўчыя галіны. Здабыча нафты (каля 100 тыс.т штогод), прыроднага газу (каля 20—30 млн.м³), вапняку. Вытв-сць электраэнергіі — штогод каля 0,5 млрд.кВт∙гадз. Традыцыйныя галіны вытв-сці: харч. (вытв-сць цукру — каля 100 тыс.т штогод, рому, патакі, садавінна-кансервавых, тытунёвых і мяса-малочных вырабаў), тэкст., швейная, вытв-сць цацак. Развіваюцца зборка з імпартных дэталяў складаных вузлоў і кампанентаў для электронікі, а таксама мэблевая, цэлюлозна-папяровая, лакафарбавая галіны прам-сці. Працуюць нафтаперапр. і цэм. з-ды. Замежны турызм дае каля 15% ВУП, абслугоўваннем турыстаў занята каля 20% насельніцтва. У апошнія гады развіваюцца страхавая справа і міжнар. банкаўская сфера. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 2,5 тыс.км. Асн. марскі порт — Брыджтаўн, каля яго — міжнар. аэрапорт. Імпарт (дэталі і паўфабрыкаты, машыны і абсталяванне, паліва, харч. прадукты) перавышае экспарт (электроннае абсталяванне, цукар-сырэц, патака, ром, адзенне) больш як у 3 разы. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Венесуэла. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНД (ад ідыш der Bund саюз),
нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт.партыіяўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На I з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш.апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.Вайнштэйн, М.Рафес, М.Фрумкіна і інш.
У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыяяўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр.Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.
Літ.:
Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг.Мн., 1973;
Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),
кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.
Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст, па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.Мозель, К.М.Вебер, Л.Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.Бетховенам, Г.Берліёзам, Ф.Лістам, Ф.Мендэльсонам) — Р.Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.Рыхтэр, Г.Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.Нікіш, Я.Ферэнчык (Венгрыя), Ф.Мотль, Ф.Вейнгартнер, К.Мук, Р.Штраус, Б.Вальтэр, В.Фуртвенглер, О.Клемперэр, Г.Абендрот, К.Мазур, К.Зандэрлінг (Германія), А.Тасканіні, К.Абада (Італія), П.Манцё, Ш.Мюнш, А.Клюітэнс, І.Маркевіч (Францыя), Т.Бічэм, А.Боўлт, А.Коўтс (Вялікабрытанія), В.Бярдзяеў, Г.Фітэльберг (Польшча), В.Менгельберг (Нідэрланды), Л.Стакоўскі, Дж.Сел, Л.Бернстайн (ЗША), Э.Ансермэ (Швейцарыя), Д.Мітропулас (Грэцыя), В.Таліх (Чэхія, Славакія), Л.Матачыч (Югаславія), Дж.Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.Пашкевіч, І.Хандошкін, М.Балакіраў, Э.Напраўнік, А. і М.Рубінштэйны, 20 ст. — М.Галаванаў, С.Кусявіцкі, А.Пазоўскі, С.Рахманінаў, С.Самасуд, В.Сафонаў, В.Сук, пазней А.Гаўк, В.Гергіеў, В.Дударава, І.Зак, К.Іваноў, К.Кандрашын, Д.Кахідзе, Дз.Кітаенка, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Н.Ніязі, Г.Раждзественскі, Н.Рахлін, Я.Свягланаў, Ю.Сіманаў, К.Сімяонаў, У.Співакоў, Ю.Фаер, У.Федасееў, Б.Хайкін, Ю.Цемірканаў, А.Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.Дабравольскі, Ю.Дашчынскі, браты В. і Д.Стафановічы, у 20 ст. — хар. дырыжоры М.Дрынеўскі, А.Кагадзееў, Н.Ламановіч, І.Мацюхоў, Г.Пятроў, В.Роўда, Г.Цітовіч, Р.Шырма, Л.Яфімава, нар. аркестра — І.Жыновіч, Дз.Захар, М.Казінец, оперна-сімф. — І.Абраміс, А.Анісімаў, Б.Афанасьеў, Я.Вашчак, І.Гітгарц, Н.Грубін, В.Дуброўскі, Т.Каламійцава, М.Калядка, Л.Любімаў, Л.Лях, У.Машэнскі, Г.Праватораў, Ю.Цырук, А.Энгельбрэхт, Ю.Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.Бяльзацкі, Б.Райскі, Э.Рознер, М.Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел.ун-т культуры.
Літ.:
Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;
Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;
Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;
Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1931—39,
антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя, у ходзе якой у Іспаніі існаваў рэсп. лад. Выклікана абвастрэннем сац.-эканам. праблем ісп. грамадства ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33. Пачалася 12.4.1931 масавымі нар. дэманстрацыямі з патрабаваннямі ўстанаўлення рэспублікі пасля перамогі апазіц. партый на муніцыпальных выбарах. 14 крас. кароль Альфонс XIII пакінуў краіну, Іспанія абвешчана рэспублікай. На 1-м этапе рэвалюцыі (14.4.1931 — ліст. 1933) дзейнічалі ўрады блока левых рэспубліканцаў і сацыялістаў. У краіне зацвердзіліся дэмакр. свабоды, прынята канстытуцыя 9.12.1931, уведзены 8-гадзінны прац. дзень, устаноўлены мінімум зарплаты, царква аддзелена ад дзяржавы. У вер. 1932 абвешчана агр. рэформа (канфіскацыя за выкуп часткі зямлі ў буйных латыфундыстаў і перадача яе сялянам і с.-г. рабочым) і зацверджаны закон аб аўтаноміі Каталоніі. Аднак гэтыя мерапрыемствы не спынілі сац.эканам. крызісу. Ва ўмовах росту незадаволенасці рабочых у вер. 1933 з урада выйшлі прадстаўнікі Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі, што прывяло да распаду ўрадавага блока. На 2-м этапе (ліст. 1933 — люты 1936, т. зв. «чорнае двухгоддзе»), калі існаваў урад правых рэспубліканцаў, актывізавалася дзейнасць кансерватыўных і прафаш. сіл, у т. л.Іспанскай фалангі. Гэта выклікала ў кастр. 1934 узбр. паўстанні рабочых пад кіраўніцтвам левых сацыялістаў і камуністаў (найб. масавыя ў Каталоніі і Астурыі), задушаныя войскамі. Паражэнне левых сіл падштурхнула іх да кансалідацыі і ўтварэння Нар. фронту (студз. 1936), які 16.2.1936 перамог на выбарах у картэсы. На 3-м этапе рэвалюцыі (1936—39) 19.3.1936 утвораны ўрад Нар. фронту (складаўся пераважна з левых рэспубліканцаў), у маі — ліп. 1936 узмацніўся рабочы і камуніст. рух. Адначасова актывізаваліся кансерватыўныя сілы, што вылілася ў ваен. мяцеж супраць рэспублікі пад кіраўніцтвам ген. Ф.Франка Баамондэ (пачаўся 17 ліп. ў Ісп. Марока, 18 ліп. пашырыўся на Іспанію). Гэта прывяло да грамадз. вайны паміж паслядоўнікамі Франка (франкістамі) і прыхільнікамі Ісп. рэспублікі (рэспубліканцамі). На 1-м этапе вайны (ліп. 1936 — май 1937) франкісты, якім аказвалі дапамогу Германія, Італія, Партугалія (у т. л. ў баях удзельнічалі 50 тыс.ням. і 200 тыс.італьян. вайскоўцаў), намагаліся захапіць Мадрыд. Спачатку пад уладай рэспубліканцаў, якіх з кастр. 1936 падтрымлівалі СССР (каля 3 тыс. добраахвотнікаў, у т. л. беларусы С.А.Грыцавец, В.П.Дрозд і інш.) і інтэрнацыянальныя брыгады, было каля 70% тэрыторыі і 3/4 насельніцтва Іспаніі, але ў жн. 1936 страчаны стратэгічна важныя тэрыторыі. Урады Нар. фронту на чале з Ф.Ларга Кабальера (4.9.1936—17.5.1937) і Х.Негрынам (17.5.1937 — сак. 19.39) стварылі рэгулярныя ўзбр. сілы, прынялі дэкрэты аб нацыяналізацыі зямельных уладанняў удзельнікаў мяцяжу і перадачы іх сялянам, аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія належалі мяцежнікам, прадаставілі аўтаномію Краіне Баскаў. На 2-м этапе вайны (май 1937 — вер. 1938) франкісты захапілі Краіну Баскаў і Астурыю (кастр. 1937), прарвалі фронт у Арагоне і выйшлі да ўзбярэжжа Міжземнага м., адрэзаўшы ад цэнтр. раёна рэспублікі Каталонію (крас. 1938). На 3-м этапе (вер. 1938 — сак. 1939) 350-тысячная армія франкістаў (ёй процістаяла толькі 140-тысячная рэсп. армія) 26.1.1939 захапіла г. Барселона, дзе з ліп. 1937 размяшчаўся рэсп. ўрад, і ўсю Каталонію (9 лют.). Брыт. і франц. ўрады 27.2.1939 афіцыйна прызналі ўрад Франка. Унутр. барацьба ў лагеры рэспубліканцаў, частка якіх выступала за капітуляцыю перад Франка, прывяла да падзення рэспублікі (28 сак. — 1 крас.). У Іспаніі ўстанавілася ваен. дыктатура — т.зв. іберыйскі варыянт фашызму (да 1975).
Літ.:
Пожарская С.П. От 18 июля 1936 — долгий путь. М., 1977.
Да арт.Іспанская рэвалюцыя. 1931—39. I. Абмундзіраванне франкістаў: 1 — легіянер 1-га класа ў летняй палявой форме; 2 — афіцэр кавалерыі, каід мараканскіх часцей; 3 — маёр у паўсядзённай форме і кавалерыйскіх брыджах; 4 — каід у палявой форме; 5 — лейтэнант, камандзір роты міліцыі «Іспанскай фалангі» ў параднай форме; 6 — капрал міліцыі андалусійскіх «рэкетэ» ў палявой форме і армейскай амуніцыі. II. Адзенне рэспубліканцаў: 1 — падпалкоўнік у службовай форме; 2 — генерал, камандзір дывізіі ў паўсядзённай форме; 3 — андалусійскі міліцыянер; 4 — амерыканскі добраахвотнік з батальёна імя Лінкальна; 5 — савецкі добраахвотнік-танкіст; 6 — капрал Пятага палка ў камбінезоне-мона; 7 — анархіст у скуранцы і салдацкіх брыджах; 8 — камісар у пілотцы і ў камбінезоне-мона; 9 — баец рабочай міліцыі ў армейскай касцы і салдацкай амуніцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕ́ЦТВА,
сацыяльны пласт, які займаўся прадпрымальніцтвам пераважна ў галіне гандлю. Атрымлівала прыбытак за кошт перапродажу па больш высокай цане тавараў, што былі куплены ў іх вытворцаў (уладальнікаў). Вядома з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Карфагене, Стараж. Грэцыі, Рыме, эліністычных дзяржавах. У раннім сярэдневякоўі К. найб. інтэнсіўна развівалася ў араб. краінах, Індыі, Кітаі; быў пашыраны тып вандроўнага купца. У сувязі з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ростам гарадоў у 11—12 ст. пашырылася ў Зах. Еўропе, асабліва ў Венецыі, Генуі, гарадах Ганзы Напачатку К. дзейнічала пераважна ў сферы знешняга, а з 16 ст. і ўнутр. гандлю. Для абароны сваіх інтарэсаў сярэдневяковае К. аб’ядноўвалася ў асобныя карпарацыі — гільдыі, сотні і інш., уваходзіла ў склад гар.патрыцыяту. Разам з гандлем К. займалася ліхвярствам і водкупам. Пасля Вялікіх геагр. адкрыццяў яго гандл. дзейнасць пашырылася на краіны Амерыкі, Азіі, Афрыкі; ствараліся вял.гандл. кампаніі, што імкнуліся ўстанавіць гандл. манаполію і нават ваенна-паліт. панаванне ў цэлых краінах і раёнах свету: брыт. (1600—1858) і нідэрл. (1602—1798) Ост-Індскія, Рас.-Амерыканская (1799—1868). У 16—18 ст. К. спалучала гандл. і крэдытна-пазыковыя аперацыі з прадпрымальніцтвам у прам-сці. У развітым капіталіст. (рыначным) грамадстве купецкі (гандлёвы) капітал паступова страціў самаст. ролю і ператварыўся ў адасобленую частку прамысл. капіталу, а К. стала часткай прадпрымальнікаў. Купцы традыц. тыпу, што вядуць самаст. гандаль, захаваліся пераважна ў рознічным гандлі, аднак самі тэрміны «К.» і «купец» цяпер у бел. мове амаль не ўжываюцца.
Ва ўсх. славян К. пачало фарміравацца ў 9—10 ст. пераважна з княжацкіх дружыннікаў, якія ўдзельнічалі ў зборы даніны і яе збыце на знешніх рынках. Плаванне купецкіх караванаў са стараж.-рус. цэнтраў, у т. л. Полацка, у Візантыю апісана ў творы Канстанціна VII Багранароднага «Аб кіраванні імперыяй» (сярэдзіна 10 ст.). Гандаль Кіеўскай Русі з Візантыяй рэгуляваўся дагаворамі 911, 944, 971. Фарміраванню К. значна спрыялі міжнар. гандлёвыя камунікацыі: шлях«з варагаў у грэкі», заходнядзвінскі, дняпроўска-бугскі шляхі. З 11 ст. К. папаўнялася з гар. і сельскіх рамеснікаў. Гандлем займаліся таксама манахі, вольныя сяляне, пазней і залежныя ад феадалаў людзі і нават халопы, якія выконвалі даручэнні сваіх уладальнікаў. З бел. гарадоў у пісьмовых крыніцах 12—14 ст. найлепш асветлена дзейнасць К. Полацка і Віцебска. Паводле дагавора 1229 і інш. дагавораў полацкіх князёў К. Полацка і Віцебска магло свабодна гандляваць у Рызе, Любеку, на Готландзе. Дзейнасці К. спрыяла ўвядзенне з канца 14 ст. ў бел. гарадах магдэбургскага права. К. адыгрывала вядучую ролю ў сац. жыцці гарадоў, яго прадстаўнікі ўваходзілі ў органы гар. самакіравання. У 16—17 ст.бел. К. падтрымлівала гандл. сувязі з Рыгай, Краляўцом (Кёнігсбергам), Канстанцінопалем, гарадамі Польшчы, Расіі, Украіны, Венгрыі і інш. На Захад бел. купцы вывозілі пераважна вял.партыі футра, воску, сырых і вырабленых скур, пянькі, хмелю; прывозілі дарагую тканіну, метал. і шкляныя вырабы, паперу, галантарэю, спецыі. Пашыраным заняткам было і ліхвярства. Пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст.гандл. дзейнасць купцоў Беларусі заняпала. У Расіі К. як гандл.-прамысл.гар. саслоўе аформлена ў 1775 і 1785. У адпаведнасці з Даравальнай граматай гарадам 1785 К. падзялялася на 3 гільдыі. Большасць бел. купцоў была аднесена да самых бедных — у 3-ю гільдыю. Купцы карысталіся асабістымі і гасп. прывілеямі (асабліва 1-я і 2-я гільдыі), плацілі падаткі ў казну, да 1898 карысталіся пераважным правам на заняткі прадпрымальніцтвам. У 1863 скасавана 3-я гільдыя і доступ у К. стаў адкрытым прадстаўнікам інш. саслоўяў. У 1840 у Беларусі гільдзейскіх купцоў было 1078 чал., у 1860—1650 чал., у 1897—18 282 чал. (у Рас. імперыі — 225,6 тыс.чал.). Як саслоўе К. скасавана 23.11.1917.
Літ.:
Преображенский А.А., Перхавко В.Б. Купечество Руси, IX—XVII вв. Екатеринбург, 1997;
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;
Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830—1850-е гг). Гродно, 1995;
Торговля, промышленность и город в России XVII — начала XIX в.: Сб. ст.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20.
У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі да 1915 акупіравалі амаль палову тэр. Беларусі. 18.2.1918 герм. войскі, з парушэннем умоў перамір’я з Расіяй, пачалі наступленне па ўсім фронце і акупіравалі б.ч. Беларусі (да Зах. Дзвіны, Дняпра і Сажа). 23.2.1918 галоўнакаманд. Зах. фронтам А.Ф.Мяснікоў выдаў загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту ў раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавіч. Іх дзеянні каардынаваў Палескі рэўком, які складаўся з камуністаў і левых эсэраў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр. Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. знаходзілася пад кантролем камуністаў і левых эсэраў. У жн. 1918 камуністы нейтралізавалі эсэраў і ўстанавілі ўласны кантроль над гэтымі атрадамі. На кіраўніцтва партыз. рухам прэтэндавала і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Летам 1918 яна кантралявала партыз. атрады ў Мінскай і Гродзенскай губ.Найб. размах партыз. рух набыў увосень 1918. Кіраўніцтва партыібел. эсэраў перагледзела тактыку барацьбы з ням. акупантамі і заклікала паўстанцкія сял. атрады да ўзбр. супраціўлення. У месцах дзеяння партыз. атрадаў па ініцыятыве ЦК БПС-Р выбіраліся мясц. органы ўлады БНР — вал., пав., губ. рады. У Магілёўскім. Барысаўскім, Бабруйскім, Мінскім, Рэчыцкім, Слуцкім пав. дзейнічала больш за 100 атрадаў, адбылося Палескае паўстанне 1918—19. Пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі сітуацыя на Беларусі змянілася. ЦК БПС-Р абвясціў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць толькі пры падтрымцы бел. народа, і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе сваю партыю, якая абапіралася на сял. паўстанцкія дружыны. Але з-за арганізацыйнай няўстойлівасці БПС-Р не магла адыграць вырашальнай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Вясной 1919 пачалі наступленне польск. войскі і да канца лета 1919 занялі б.ч. Беларусі (да р. Бярэзіна). Вызв. барацьба супраць акупантаў згладзіла рознагалоссі паміж камуністамі і беларускімі эсэрамі і зблізіла іх пазіцыі ў адносінах да партыз. руху. У жн. 1919 ЦККП(б)Б заснаваў Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў франтавой зоны. Пад кіраўніцтвам паўстанцкіх цэнтраў ЦК КП(б)ЛіБ у раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія партызаны (камандзір С.С.Плашчынскі), дукорскія партызаны, партыз. атрады І.В.Маслыкі, А.Раманоўскага, С.В.Гладкага, у наваколлі Старых Дарог — атрады А.К.Паланейчыка, І.Тышкевіча, А.Таміловіча і інш., у Бабруйскім пав. — 90 атрадаў і груп. У Бабруйскім пав. ў выніку паспяховых аперацый партызан была створана Рудабельская рэспубліка. Буйныя партыз. атрады дзейнічалі на Пд Бабруйскага пав. ў раёне Азарыч, у ваколіцах Петрыкава (камандзір В.І.Талаш), у Пінскім пав. (М.В.Арбузаў), у раёне Мазыра (атрад «Пралетарый», камандзір П.А.Варабей). Паўстанцкія і партыз. атрады бел. эсэраў былі аб’яднаны ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар.ваен. самаабарону, якая па сутнасці была зародкам бел.нац. арміі. На пач. 1920 на акупіраванай тэр. Беларусі фактычна адбылося ўз’яднанне 2 плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя. У студз. 1920 кіраўнікі ВПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавалі план узбр. паўстання і стварылі Бел. паўстанцкі к-т, які выконваў функцыі каардынац. цэнтра партыз. руху. У канцы ліп. 1920 у выніку наступлення Чырв. Арміі П.р. на Беларусі раскалоўся на 2 паліт. арыентацыі — камуніст. і эсэраўскую. На апошнім этапе барацьбы партыз. атрады, якімі кіравала БПС-Р, выступілі ў абарону незалежнасці БНР. Барацьба за нац. ідэю найб. праявілася ў ходзе Слуцкага паўстання 1920, якое падтрымалі эсэраўскія сял. дружыны. У гэты час узнікла паліт.сял.арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічала 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс.чал. на тэр.БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 П.р. выйшаў за межы БССР і разгарнуўся пераважна на тэр.Зах. Беларусі, якая адышла да Польшчы.
М.С.Сташкевіч.
Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай акупацыі 1918—20. Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ВІ́НСЕНТ І ГРЭНАДЗІ́НЫ (Saint Vincent and the Grenadines),
дзяржава ў Вест-Індыі, на в-ве Сент-Вінсент і паўн.ч. а-воў Грэнадзіны ў групе Малых Антыльскіх астравоў. Пл. 389 км². Нас. 115,5 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Кінгстаўн. У адм. адносінах падзелена на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 кастр.).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — аднапалатная Палата сходу з 15 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і 6 сенатараў, прызначаных ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада — урад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці).
Прырода. А-вы Сент-Вінсент (пл. 344 км²) і Грэнадзіны (32 дробныя а-вы) вулканічнага паходжання. На в-ве Сент-Вінсент ланцуг старых вулканаў, найвышэйшы пункт — дзеючы вулкан Суфрыер (1234 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэдняя т-ра 26 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 1500 мм на Пд і З да 3700 мм на ўсх. схілах гор. Сухі сезон у снеж.—маі. Частыя ўраганы. Пад лесам і хмызнякамі 36% тэрыторыі. Жывёльны свет прадстаўлены пераважна птушкамі. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Ёсць некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ сентвінсентцы. Аснову этнасу складаюць нашчадкі неграў-рабоў, якія часткова змяшаліся з французамі і англічанамі; называюць сябе крэоламі. Жывуць таксама выхадцы з Вялікабрытаніі, невял. групы партугальцаў, індыйцаў і чорных карыбаў. Вернікі — англікане і метадысты, ёсць адвентысты, баптысты, католікі і інш. Сярэднегадавы прырост 0,57% (1999). Сярэдняя шчыльн. 296 чал. на 1 км². У гарадах жыве 54% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 26% насельніцтва, у прам-сці — 17%, у абслуговых галінах — 57%.
Гісторыя. Першапачатковыя насельнікі астравоў — індзейцы, аравакі і карыбы. В-аў Сент-Вінсент адкрыты Х.Калумбам у 1498. У 17—18 ст. за валоданне астравамі змагаліся Францыя і Вялікабрытанія, замацаваны за апошняй у 1783. Большая ч. індзейскага насельніцтва знішчана, рэшткі яго змяшаліся з неграмі-рабамі, якіх прывозілі для працы на плантацыях. У 1958—62 у складзе Вест-Індскай Федэрацыі, з 1969 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 27.10.1979 абвешчана незалежнай дзяржавай у складзе Садружнасці. Дзейнічаюць паліт.партыі: Новая дэмакр. партыя, Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. С.-В. і Г. — чл.ААН (з 1980).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. У структуры валавога ўнутр. прадукту (289 млн.дол., 2,4 тыс. долараў на 1 чал., 1998) сельская гаспадарка складае 10,6%, гандаль і паслугі (укл. турызм) — 71,9%, прам-сць — 17,5%. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 120 тыс. турыстаў (пераважна з ЗША, Канады і Зах. Еўропы). У 1999 даход ад турызму склаў 77 млн. долараў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 3,9 тыс.га. Асн. экспартныя культуры: бананы (збор каля 80 тыс.т штогод), какосавыя арэхі (20 тыс.т), манга, мускатны арэх, арарут (крухмалазмяшчальны караняплод). Вырошчваюць батат, маніёк, ямс, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну, каву, какаву. Гадуюць птушак (200 тыс. галоў, 1997), буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць спецыялізуецца на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай мукі з араруту (150 т штогод), адзення, мэблі, цэменту, рому, піва, тытуню, спарт. інвентару, перапрацоўцы копры, зборцы электраапаратуры. Вытв-сць электраэнергіі 64 млн.кВт∙гадз (1998). Даўж. аўтадарог 1040 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 320 км. На астравах 5 тыс.пасаж. і 3,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Пад флагам дзяржавы з прычыны льготных падаткаў плаваюць 814 суднаў (агульная грузападымальнасць 7,7 млн. рэгістравых т) з 20 краін. 6 аэрапортаў (гал. — Эрнас-Вейя каля Кінгстаўна). У 1997 экспарт склаў 47,3 млн.дол., імпарт — 158 млн.дол. Экспартуюць бананы (37%), муку з араруту, копру, агародніну, тытунь і інш.; імпартуюць харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: краіны Карыбскага бас. (49% экспарту і 28% імпарту), ЗША (10% і 36%), Вялікабрытанія (16% і 13%). Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (47,5 млн.дол. 1995). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-КІТС І НЕ́ВІС (Saint Kitts and Nevis),
Федэрацыя Сент-Кітс і Невіс (Federation of Saint Kitts and Nevis), дзяржава ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх астравоў ва ўсх.ч. Карыбскага м.Пл. 261,6 км². Нас. 38,8 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Бастэр (на в-ве Сент-Кітс). У адм. адносінах падзелена на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (19 верасня).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход з 3 сенатараў (прызначаюцца ген.-губернатарам) і 11 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці). Жыхары в-ва Невіс маюць уласныя заканад. і выканаўчыя органы. Губернатара прадстаўляе прызначаны ім намеснік.
Прырода. А-вы Сент-Кітс (168,4 км²) і Невіс (93,2 км²) вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1156 м на в-ве Сент-Кітс). Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Сярэднія месячныя т-ры 18—24 °C, ападкаў ад 700 да 1200 мм за год. Горныя схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі.
Насельніцтва. Асн. народ сенткітсцы, пераважна негры (86%) і мулаты. Вернікі — пратэстанты (англікане і метадысты) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,34% (1999). Сярэдняя шчыльн. 148 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 34%. У сельскай гаспадарцы і прам-сці занята 31% працоўных, у абслуговых галінах 69%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва — індзейцы аравакі і карыбы, большасць якіх знішчана еўрап. каланізатарамі. В-аў Сент-Кітс адкрыты Х.Калумбам у 1493. У 1623 тут заснавалі сваё пасяленне англічане, у 1624 — французы. Доўгі час за валоданне астравамі ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацаваны за апошняй у 1783. У 1871—1956 ч.брыт. калоніі Падветраныя а-вы, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» (разам з в-вам Ангілья, выйшла ў 1980). 19.9.1983 абвешчана незалежнасць С.-К. і Н. ў складзе Садружнасці. Гал. праблемай дзяржавы з’яўляюцца сепаратысцкія настроі на в-ве Невіс, дзейнічаюць паліт.партыі: Лейбарысцкая, Рух нар. дзеяння, Рэфармісцкая партыя Невіса. С.-К. і Н. — чл.ААН (з 1983).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і сфера паслуг (абслугоўванне замежных турыстаў). Валавы ўнутр. прадукт на душу насельніцтва 6 тыс.дол. (1999). 5,5% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 22,5% — у прам-сці, 72% — у абслуговых галінах (укл. турызм). Краіну штогод наведвае каля 160 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША і Вялікабрытаніі. Даход ад турызму 66 млн.дол. (1998). Гал. цэнтр — пас. Фрайгейт на в-ве Сент-Кітс. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 6,5 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 5,7 тыс.га, пашай — 0,8 тыс.га. Гал. экспартныя культуры — цукр. трыснёг (каля 1/3 ворных зямель), бавоўнік, какосавая пальма, арахіс. Вырошчваюць таксама бананы, рыс, кукурузу, ананасы, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак (14 тыс. галоў), птушак (60 тыс. галоў, 1997). Насельніцтва традыцыйна займаецца рыбалоўствам. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па вытв-сці цукру-сырцу, патакі-меласы, бавоўны, баваўнянага і какосавага алею, алкагольных напіткаў, тэкстылю, абутку, фармацэўтычных вырабаў. Ёсць невял. прадпрыемствы па зборцы эл. і электронных прылад. Вытв-сць электраэнергіі 85 млн.кВт∙гадз. (1998). Даўж. аўтадарог 320 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 136 км. На цукр. плантацыях в-ва Сент-Кітс ёсць вузкакалейная чыгунка даўж. 58 км. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар. Голдэн-Рок (каля г. Бастэр). Марскія парты: Бастэр і Чарлстаўн. У 1997 экспарт склаў 43,7 млн.дол., імпарт — 129,6 млн.дол. У экспарце пераважаюць цукар-сырэц, патака-меласа (34%), бавоўна (20%), баваўняны і какосавы алей; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (68% экспарту і 42% імпарту), Вялікабрытанія (22% і 11%), краіны Карыбскага бас. Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (каля 5,5 млн.дол. штогод). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.