КУ́ПЕР (Cooper) Джэймс Фенімор (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),
амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. Набел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.Далідовіч, Я.Саламевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;
Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—7. М., 1982.
Літ.:
Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;
Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),
род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́ВА Вера Фёдараўна (20.3.1905, г. Растоў-на-Доне, Расія —3.3.1973),
руская пісьменніца. З 1933 пісала п’есы. Першая аповесць — «Сям’я Піражковых» (1945, у новай рэд. «Еўдакія», 1959; аднайм. фільм, 1961). Аповесць «Спадарожнікі» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; кінафільм «Цягнік міласэрнасці», 1964; тэлефільм «На ўсё астатняе жыццё», 4 серыі, 1975) пра Вял.Айч. вайну. У раманах «Кружыліха» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Поры года» (1953, кінафільм «Высакосны год», 1962), аповесці «Сярожа» (1955, аднайм. кінафільм, 1960) і інш.сац.-маральныя канфлікты, псіхал. аналіз сучасных характараў і адносін. «Сентыментальны раман» (1958, аднайм. фільм, 1976) пра пакаленне 1920-х г. Аўтар аповесці з жыцця пасляваен. вёскі «Ясны бераг» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), цыкла гіст. аповесцей, рамана-казкі «Каторая гадзіна? Сон у зімовую ноч» (апубл. 1981), п’ес «Завея» (1957), «Провады белых начэй» (1961), «Колькі гадоў, колькі зім!» (1966, усе паст.), кн. «Пра маё жыццё, кнігі і чытачоў» (апубл. 1975), апавяданняў, кінасцэнарыяў і інш. Пісала для дзяцей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. Л., 1987—89;
Жизнь Мухаммеда. М., 1991 (разам з Ю.Б.Вахціным).
Літ.:
Нинов А.А. Вера Панова: Жизнь. Творчество. Современники. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬНЯ́К (сапр.Вогаў) Барыс Андрэевіч
(11.10.1894, г. Мажайск Маскоўскай вобл., Расія —21.4.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1920). Друкаваўся з 1915. У рамане «Голы год» (1921), аповесцях «Іван-ды-Мар’я» (1922), «Чырвонае дрэва» (апубл. за мяжой 1929, у Расіі 1989), зб. апавяданняў «Расплюханы час» (1927) і інш. паказ, часам натуралістычны, побыту рэв. эпохі. Алюзія на таемныя абставіны гібелі М.В.Фрунзе ў псіхал. «Аповесці непагашанай поўні» (апубл. за мяжой 1926, у Расіі 1987, экранізавана). Роздум пра лёс Расіі, яе гіст. шлях у «Аповесці пецярбургскай» (1922), аповесці «Маці-мачаха» («Трэцяя сталіца», 1923). Аўтар «вытворчага» рамана «Волга ўпадае ў Каспійскае мора» (1930), рамана «Саляны свіран» (нап. 1937, апубл. 1964), «Аповесці пра чорны хлеб» (1923), «Кітайскай аповесці» (1927), кніг нарысаў «Карані японскага сонца» (1927), «О’кэй» (1933) і інш. Проза П. адметная пошукамі новых форм: арнаментальны стыль, фрагментарна-мазаічная кампазіцыя, рытмічныя і сінтакс. паўторы і інш. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. Набел. мову яго апавяданне «Наследнікі» пераклаў Я.Скрыган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫРАНО́ГІЯ, махрыстакрылыя,
трыпсы (Physopoda, або Thysanoptera),
атрад насякомых. 2 падатр.: яйцакладныя (Terebrantina) і трубкахвостыя (Tubulifera). Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на травяністых і дрэвавых раслінах, імхах, лішайніках, у глебе. Большасць П. шкодзяць с.-г., дэкар. і лясным раслінам, пераносяць узбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі найб. трапляюцца трыпсы: аржаны (Limothrips denticornis), бабовы (Odonthothrips intermedius), люцэрнавы (0. phaleratus), канюшынны (Haplothrips niger), лісцевы (H. subtilissimus), пшанічны (H. tritici), ільняны (Thrips linarins), тытунёвы (T. tabaci).
Даўж. да 5 мм (у тропіках да 14 мм). Афарбоўка дарослых разнастайная, лічынак — ярка-чырв. або ружаватая. Цела ўкрыта дробнымі шчацінкамі. Вусікі 6—10-членікавыя. Ротавы апарат асім., колюча-сысучы. Ногі з 1—2-членікавымі лапкамі, паміж кіпцюркамі лапак пузырападобныя прысоскі (адсюль назва). Большасць П. маюць 2 пары крылаў з махрамі па краі з доўгіх раснічак (адсюль другая назва). Пярэднягрудзі рухома злучаны з галавой і сярэднегрудзямі. Брушка з 11 сегментаў. Кормяцца сокамі раслін, ёсць драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі маюць 4—5 узростаў, не кормяцца, мала- або нерухомыя. За год да 10 пакаленняў.
С.Л.Максімава, М.М.Трухан.
Да арт.Пузыраногія. Трыпсы: 1 — тытунёвы; 2 — пшанічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІ́П Уладзімір Трафімавіч (н. 7.10.1939, в. Двор Пліна Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. тэатразнавец, драматург.Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў БДУ (1963). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», уласным карэспандэнтам па Беларусі газ. «Советская культура». З 1970 у ЦККПБ, гал. рэдактар Дзяржкіно Беларусі, з 1981 на кінастудыі «Беларусьфільм» (кіраўнік сцэнарнай майстэрні), з 1987 маст. кіраўнік студыі дакумент. фільмаў «Летапіс». Даследуе праблемы інсцэнізацыі празаічных твораў у тэатрах Беларусі (манаграфія «Радок, прачытаны тэатрам», 1973). Аўтар п’ес «Цень гары» (паст. 1987, Бел.т-р імя Я.Купалы), «Год чумы» (1991), сцэнарыяў маст. фільмаў «Полымя» (1974, з Г.Бураўкіным, Ф.Коневым), «Мама, я жывы!» (1985), тэлефільма «Нас выбраў час» (1—2-я серыі 1976, 3—5-я — 1978; з А.Петрашкевічам), тэлесерыяла «Пракляты ўтульны дом» (паводле рамана С.Жаромскага «Верная рака», 33 серыі, 1999), дакумент. фільмаў «Брэсцкая крэпасць» (1975), «Тры колеры радасці» (1979), лібрэта опер «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Візіт дамы» (паст. 1995, абедзве Дзярж.т-р оперы і балета), «Юбілей» (паст. 2001, Нац.т-р оперы), «Матухна Кураж» (паст. 1982, Малдаўскі т-р оперы і балета, Каўнаскі музычны т-р) і інш. Выступае ў перыяд. друку па праблемах тэатра і кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛО́ПЕНІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Крупскім р-не Мінскай вобл. За 34 км ад г. Крупкі, 28 км ад чыг. ст. Крупкі на лініі Мінск—Орша, 134 км ад Мінска. 1,6 тыс.ж. (2002). Філіял Мінскага станкабудаўнічага завода імя С.М.Кірава, прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы дом, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі, 2 царквы. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму і сав. ваеннапалонных.
Вядомы з 1451. Уласнасць Ф.Даўгоўдавіча, М.Кезгайлы, Нонгартаў, Храптовічаў і інш. У 1669 у Х. 260 дымоў, кляштар дамініканцаў. у 1708 пабудаваны касцёл, у 1712 царква, у 1775 адкрыта школа, з 1777 дзейнічаў кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У 1897 у Х. 2254 ж., нар. вучылішча (з 1863), царква (з 1828); касцёл, бровар (з 1840), ільнопрадзільня (з 1865), бальніца, паштова-тэлегр.аддз., 15 крам, 2 кірмашы нагод. З 1920 у Мінскай губ.БССР. з 20.8.1924 цэнтр сельсавета; у 1924—31, 1935—60 цэнтр Халопеніцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ў вер. 1941 расстралялі 800 ж., стварылі лагер смерці (загублена 1600 чал.); дзейнічала падп.арг-цыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАКО́ЎСКІ Аляксандр Барысавіч (26.8.1913, С.-Пецярбург — 17.2.1994),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1973).
Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1939). З 1955 гал. рэдактар час. «Иностранная литература», у 1962—88 — «Литературной газеты». Друкаваўся з 1937. Апублікаваў ліг. партрэты А.Барбюса (1937), Г.Гейнэ (1939), М.Андэрсена-Нексё (1940). Трылогія «Гэта было ў Ленінградзе» (кн. «Ваенны карэспандэнт», 1944; «Ліда», 1945; «Мірныя дні», 1947) пра подзвіг ленінградцаў у Вял.Айч. вайну. Раман «У нас ужо раніца» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) пра першыя пасляваен. гады наПаўд. Сахаліне. Аповесці «Год жыцця» (1956, яе працяг раман «Дарогі, якія мы выбіраем», 1960), «Святло далёкай зоркі» (1962) на маральна-этычную праблематыку. Аўтар раманаў «Блакада» (кн. 1—4, 1968—73; Ленінская прэмія 1978), «Перамога» (кн. 1—3, 1978—81, Дзярж. прэмія СССР 1983), антыфаш. рамана «Нюрнбергскія прывіды» (кн. 1—2, 1987—89), аповесці «Нявеста» (1966), зб. «Літаратура, палітыка, жыццё» (1982) і інш. Многія яго творы экранізаваны, інсцэніраваны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1974—77.
Літ.:
Козлов И.Т. Александр Чаковский: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983;
Синельников М. Диктует время: Очерк творчества А.Чаковского. М., 1983.