растру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.

Разм. Ударыўшы, націснуўшы чым‑н., раздрабіць. Віктар Пясецкі, падняўшы з зямлі гадзіннік, у якім ён, наступіўшы нагою, раструшчыў шкло, злосна паглядзеў на мужчын і падаўся ў кусты. Гурскі. [Галя] ударыла, мусіць, па воку, бо на .. [Васіля] аднекуль са столі раптам пасыпаліся іскры, вострыя, колкія, бы там хто раструшчыў лямпачку на дробныя чырвоныя кавалачкі. Пташнікаў. // Пашкодзіць, разбіць (пра косць і пад.). Драпежнік не паспеў забіць .. [перапёлку], адно раструшчыў грудную клетку. Чыгрынаў. / у безас. ужыв. Не то асколкам, не то кавалкам адарванага бетону .. [Якімцаву] раструшчыла левае плячо. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ручны́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны, прыстасаваны для рукі (у 1, 2 знач.), для рук. Ручны гадзіннік. Ручны багаж.

2. Які робіцца рукамі, уручную, а не машынай. Ручная здабыча вугалю. // Зроблены ўручную. Ручная вышыўка. // Які прыводзяцца ў дзеянне рукой, рукамі. Ручны станок. Ручная граната.

3. Такі, які не баіцца чалавека, прывык да чалавека; прыручаны (пра жывёлін, звяроў). Зайчанятка так прывыкла да Жэні, што зрабілася проста ручным: Жэня выпускае яго з клеткі, і яно бегае за ёй, як кошка. Якімовіч. А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сава́, ‑ы; мн. совы, соў; ж.

Драпежная начная птушка атрада соў, у якой вялікая круглая галава, вялікія вочы і кароткая загнутая дзюба. А дзесь з суседняй баравіны крычыць сава на ўсе лады. Колас. Пад Маладзечнам шмат лясоў: Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка.

•••

Бачыць саву смаленую гл. бачыць.

Ці савой аб пень, ці пяём аб саву — гаворыцца, калі чыё‑н. становішча мяняецца толькі на выгляд, а не па сутнасці. — Ці савой аб пень, ці пнём аб саву — усё адно, — рагоча Тоўсцік. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Асобіна жаночага полу. Забаронена паляванне на самак, якія маюць маладняк. «Звязда». І вось на бліжэйшай алешыне пеў усё мацней, крычаў сваёй песняй дрозд, і да тых часоў, пакуль да яго не падляцела самка. Нікановіч. Нарадзіўшы звычайна адно дзіця ў маі ці чэрвені месяцы, самка аленя хавае яго дзе-небудзь у патаемныя, зацішным кутку, у высокай траве ці хмызняку. В. Вольскі.

2. Жанчына як носьбіт біялагічных уласцівасцей свайго полу; празмерна падкая да мужчын. Смяялася Хіжаю самкай Кармен І сачыліся вусны, як вішні. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спага́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Спачуванне і каму‑н. у сувязі з чым‑н. Але Стэпа была адна: ні помачы, ні спагады чакаць ёй не было адкуль... Гартны. У.. голасе [Кірылы] адчуваўся боль і спагада да жонкі, на лёс якой выпала гэтулькі клопатаў. Гурскі. // Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; маральная падтрымка. Свет жорсткі, ніхто не разумее здольнага хлопца, нават свае людзі. Мае спагаду адно дзед. Лужанін.

2. Літасць да каго‑н. з чыйго‑н. боку. Я ведаю, спагады Ён ворагу не дасць. Глебка. Яе будзе спагады вяльможнаму гаду, Хай моліцца богу! Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́ўніцца, ‑ніцца; зак.

1. Здзейсніцца, ажыццявіцца. Было яшчэ адно запаветнае жаданне, якое Аляксей хаваў у душы, бо амаль не верыў, што яно тут споўніцца. Мележ. Мне нават зрабілася шкада, што мае мары ніколі не споўняцца, што ўсё застанецца па-ранейшаму. Карпюк.

2. Скончыцца, прайсці (пра час, тэрмін чаго‑н.). [Герасім Дзмітрыевіч:] — Во, якраз пятнаццаць гадоў споўнілася, як нашу гэтае ўпрыгожанне. Морскі якар. Б. Стральцоў. // безас. каму-чаму. Пра дасягненне кім‑н. пэўнага ўзросту. Калі Ганцы споўнілася восем год, бацька павёў яе ў школу. Бяганская. Калі Мішку споўнілася паўгода, Ганна Макараўпа прапанавала сфатаграфаваць яго. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухвалі́ць, ухвалю, ухваліш, ухваліць; зак., што.

1. Даць станоўчую ацэнку чаму‑н. Ухваліць задуму. Ухваліць ініцыятыву. □ Леанід непакоіўся, што таварышы могуць не ўхваліць яго ўчынак, і падрыхтаваўся абараняцца. Шахавец. У .. [Кастуся] ўжо даўно была свая запаветная мара — паступіць у Нясвіжскую семінарыю. .. Навука яму давалася лёгка, і страшыла толькі тое, ці ўхваліць гэты намер бацька... С. Александровіч.

2. Афіцыйна адобрыць, прыняць, зацвердзіць. Ухваліць план развіцця гаспадаркі. □ Райком партыі ўхваліў пастанову партсхода. Дуброўскі. // Разм. Прыняць афіцыйнае рашэнне, пастанавіць. На камсамольскім сходзе стаяла адно пытанне: дапамога калгасу ва ўборцы ўраджаю. Ухвалілі: кожны камсамолец працуе ў калгасе два дні. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́наадно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́наадно пяро’, рус. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск. pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш. pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац. pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб. perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж. pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж. pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен. perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв. пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед. перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав. *pero ’пяро’, роднаснае літ. spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат. spàrns ’тс’, ст.-інд. parnám ’крыло, пяро’, авест. parəna‑ ’пяро, крыло’, перс. parr ’тс’, ням. Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е. *per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч. πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд. pátram ’крыло, пяро’, лац. penna ’тс’, ст.-в.-ням. fedara ’пяро’, ням. Feder ’тс’, што да і.-е. *ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДЭНАЗІНФО́СФАРНЫЯ КІСЛО́ТЫ, адэназінфасфаты,

складаныя арган. злучэнні (нуклеатыды), 5​1-фосфарныя эфіры адэназіну. Маюць у сабе адэнін, рыбозу і 1 (адэназінмонафосфарная — адэнілавая к-та, АМФ; вядома таксама яе цыклічная форма, гл. ў арт. Цыклічныя нуклеатыды), 2 (адэназіндыфосфарная к-та, АДФ) ці 3 (адэназінтрыфосфарная кіслата; АТФ) астаткі фосфарнай к-ты. Знаходзяцца ў клетках усіх жывёльных і раслінных арганізмаў у сумарнай канцэнтрацыі 2—15 мМ (каля 87% усяго фонду свабодных нуклеатыдаў). Утвараюць адэнілавую сістэму, якой належыць адно з цэнтр. месцаў у абмене рэчываў і энергіі, пры гэтым пара АДФ/АТФ служыць асн. звяном перадачы энергіі ў клетках: пры пераносе фасфарыльных груп на АМФ, АДФ энергія ў арганізме акумулюецца, пры адшчапленні — вылучаецца.

Адэназінмонафасфат існуе ў свабоднай форме, уваходзіць у састаў РНК, многіх ферментаў, якія ўдзельнічаюць у пераносе вадароду і астаткаў фосфарнай к-ты. Знойдзены ў эрытрацытах крыві, мышцах, а таксама ў дражджах. Адэназіндыфасфат — прамежкавае злучэнне ў рэакцыях, якія звязаны з утварэннем і распадам АТФ, выконвае самастойную ролю ў рэгуляцыі працэсу «дыхання» мітахондрый. У жывых клетках знаходзіцца пераважна ў комплексе з іонамі Mg​2+. АДФ-глюкоза ўдзельнічае ў сінтэзе крухмалу. Штучныя прэпараты адэназінфосфарнай кіслаты — іголкападобныя крышталі (АМФ, АТФ) або парашок (АДФ). Растворы дынатрыевай і монакальцыевай соляў АТФ выкарыстоўваюцца для ін’екцый пры мышачнай дыстрафіі, спазме сардэчных і перыферычных сасудаў. Проціпаказаны пры свежых інфарктах міякарду і запаленчых хваробах лёгкіх.

Літ.:

Калинин Ф.Л., Лобов В.П., Жидков В.А. Справочник по биохимии. Киев, 1971;

Ленинджер А. Биохимия: Пер. с англ. М., 1976;

Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1981;

Справочник биохимика: Пер. с англ. М., 1991.

Адэназінфосфэрныя кіслоты.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁД,

вада ў цвёрдым стане. Адрозніваюць аморфны Л. і 10 яго крышт. мадыфікацый. У прыродзе вядома адна форма Л. — са шчыльн. 0,92 г/см³, цеплаёмістасцю 2,09 кДж (кгК) пры 0 °C, цеплынёй плаўлення 334 кДж/кг. Л. празрысты, у тонкім слоі бясколерны, у вял. масе блакітнаваты. Звычайна чысцейшы за ваду, аднак можа мець мех. прымесі — цвёрдыя часцінкі, кропелькі раствораў, бурбалачкі газу. Л. бывае атмасферны (снег, іней, град), водны (сала, ледзяное покрыва, ледзяныя іголкі, донны Л.), падземцы (утварае зімовае прамярзанне глеб і вечную мерзлату) і ледавіковы. Адно з самых пашыраных цвёрдых цел на зямной паверхні (каля 30 млн. км³). Займае вял. прасторы ў Антарктыдзе (мацерыковы Л.), Арктыцы (марскі Л.), у горных раёнах (ледавікі), у абласцях пашырэння вечнай мерзлаты. Ва ўмовах Беларусі Л. утвараецца зімой на рэках і вадаёмах, у глебе і грунтах, выпадае з воблакаў, утварае снегавое покрыва, галалёд, галалёдзіцу, шэрань, іней, у цёплую пару выпадае з воблакаў у выглядзе граду. У геал. мінулым на тэр. Беларусі існавала магутнае ледавіковае покрыва, якое неаднаразова ўтваралася ў час мацерыковых зледзяненняў антрапагену, на прылеглых да яго тэрыторыях была вечная мерзлата. Л. аказвае значны ўплыў на фарміраванне ўмоў пражывання на Зямлі і гасп. дзейнасці чалавека. Абледзяненні самалётаў, суднаў, ліній сувязі і электраперадач, дарожнага палатна прыводзяць да аварый, гляцыяльныя селі знішчаюць населеныя пункты, прамысл. і трансп. збудаванні, рачныя заторы і зажоры выклікаюць мясц. паводкі і інш. Л. скарыстоўваюць для захавання і ахаладжэння харч. прадуктаў, біял. і хім. прэпаратаў.

Ёсць звесткі пра наяўнасць Л. на планетах Сонечнай сістэмы і ў каметах.

т. 9, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)