ДЭНІ́ ((Denis) Марыс) (25.11.1870, г. Гранвіль, Францыя — 3.11.1943),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1887) і ў Школе прыгожых мастацтваў. Зазнаў уплыў П.Сезана, П.Гагена. Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык групы «Набі» (1890) і «Майстэрняў рэлігійнага мастацтва» (1919). Лідэр неатрадыцыяналістычнай плыні ў франц. жывапісе. Працаваў у стылях сімвалізму і мадэрну. Для твораў характэрны манум.формы, дэкар. гармонія, рэліг.-містычныя сюжэты, плоскасная стылізацыя, светлы каларыт. Сярод твораў «Музы» (1893), «Марфа і Марыя» (1896), «Партрэт Івоны Лероль» (1897), «У гонар Сезана» (1900), 11 пано «Гісторыя Псіхеі» (1908—09) і інш. Аўтар кніг «Тэорыі» (1912), «Новыя тэорыі» (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́НСКІ ((Gołoński) Анджэй) (24.11.1799, г. Улацлавак, Польшча — 1854),
польскі архітэктар. Ганаровы чл.Пецярб.АМ (1853). Праф. (1838). Скончыў Варшаўскі ун-т (1828). Працаваў (пераважна ў Варшаве) у стылі позняга класіцызму, выкарыстоўваў таксама рэнесансавыя і гатычныя формы.
Сярод работ: царква Аляксандра Неўскага ў варшаўскай Цытадэлі (1835), касцёл у в. Яблонна (каля Варшавы), дамы Міткевіча, Натансона, уласны, дом і ф-ка Фрагета. Перабудаваў барочны касцёл піяраў у сабор св. Тройцы (1835—37), палац Урускіх (1844, цяпер Ін-т геаграфіі Варшаўскага ун-та), царкву ў павільёне палаца «На вадзе» ў Лазенках (1846), цэнтр. частку Гомельскага палаца (1852, з А.Іджкоўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),
узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.Малоец, нач.Гал. штаба М.Спыхальскі (1942) і Ф.Юзвяк (1942—43). Асн.формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс.чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш.акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́НЫ (ням. Düne, адз. л.),
выдмы, формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГМА (ад грэч. dogma меркаванне, рашэнне, вучэнне),
палажэнне, якое прымаецца на веру як бясспрэчная ісціна. Характэрная рыса Д. — сляпая вера ў аўтарытэты, абарона застарэлых, памылковых або недаказаных палажэнняў. У ант. л-ры тэрмін «Д.» абазначаў агульнавядомае палажэнне, якое з’яўлялася бясспрэчнай ісцінай; такую ж назву мелі некат. дзярж. ўказы і пастановы. У стараж.-грэч. філасофіі дагматыкамі называлі філосафаў, якія ў процілегласць скептыкам сцвярджалі што-небудзь станоўчае. Аснову любых рэлігій складаюць догматы рэлігійныя, што прымаюцца на веру і абавязковыя для ўсіх. У галіне навукі Д. набываюць нязменныя формы, застарэлыя палажэнні, якія прымаюцца без уліку гіст. умоў, абараняюцца кансерватыўна мыслячымі вучонымі. Дагматычнае мысленне перашкаджае развіццю навукі, скоўвае творчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МЕН (Фелікс Фёдаравіч) (н. 28.3.1941, в. Кальцова Амурскай вобл., Расія),
бел. мастак, адзін з пачынальнікаў Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1962), у 1965—74 выкладаў у ім. Аўтар эмацыянальна выразных, пераважна пленэрных, пейзажаў: «Сафійскі сабор у Полацку» (1967), «Наваполацк. Сонца над горадам» (1968), «Віцебскі дворык» (1975), «Ушацкія азёры» (1994), «Лагойшчына» (1995) і інш. Нацюрморты Гумена вылучаюцца дакладнай перадачай формы і фактуры рэчаў: «Кветкі шыпшыны» (1967), «Камбала» (1970), «Клопаты гаспадыні» (1972), «Атрыбуты мастацтва» (1974), «Дзьмухаўцы» (1982), «Нацюрмот» (1990), «Званочкі з яра» (1995) і інш. Для творчасці характэрны шырокая манера пісьма, сакавіты колер, кантрасты святла і ценю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАСІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.Прышчэпа, М.Філіпеня, В.Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр.скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гома... + зігота),
спадчынная аднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах ідэнтычных алеляў дадзенага гена, якія аднабакова ўплываюць на пэўную прыкмету. Арганізм пры гэтым наз. гомазіготным адпаведна разглядаемай пары генаў. Пры размнажэнні гомазіготы звычайна адсутнічае расшчапленне прыкмет. Гомазіготнасць уласціва самаапладняльным арганізмам. Гомазіготы маюць паніжаную жыццяздольнасць і больш вузкую магчымасць прыстасаванасці да умоў асяроддзя, чым гетэразіготныя арганізмы (гл.Гетэразіготнасць). У эксперыментах іх атрымліваюць з дапамогай інбрыдзінгу. Гомазіготнасць неабходна для падтрымання розных формаў арганізмаў у генетычных калекцыях, захоўвання пэўных характарыстык ліній, сартоў і парод. Гомазіготныя формы (лініі) выкарыстоўваюць для вырашэння пытанняў спадчыннасці і зменлівасці, у с.-г. вытв-сці — для атрымання эфекту гетэрозісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць рэльеф зямной паверхні, яго паходжанне, узрост, формы і іх памеры. Вылучаюць агульныя геамарфалагічныя карты шырокага (комплекснага) зместу і прыватныя, якія складаюцца па асобных (морфаметрычных, структурна-геамарфалагічных і інш.) прыкметах рэльефу, а таксама спецыяльныя, прызначаныя для вырашэння спец. навуковых ці гасп. задач (напр., пры пошуках асобных радовішчаў карысных выкапняў, пры дарожным будаўніцтве і інш.). Для характарыстыкі рэльефу дна акіянаў і мораў складаюць геамарфалагічныя карты падводнага рэльефу. Марфалогію, дынаміку і паходжанне рэльефу берагавой зоны адлюстроўваюць на геамарфалагічнай карце берагоў. На аснове геамарфалагічных картаў складаюць карты геамарфалагічнага раянавання з паслядоўным падзелам тэр. на геамарфалагічныя краіны, правінцыі, вобласці, раёны.