інтэрні́раваць

(ням. internieren, ад лац. internus = унутраны)

прымусова затрымліваць (уладамі дзяржаў, што ваююць) і пасяляць у спецыяльных месцах грамадзян варожай дзяржавы, а таксама раззбройваць на сваёй тэрыторыі (уладамі нейтральных дзяржаў) вайсковыя часці дзяржаў, якія знаходзяцца ў стане вайны.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

калі́зія

(лац. collisio)

1) вострае сутыкненне супрацьлеглых поглядаў, імкненняў, інтарэсаў (напр. жыццёвая к.);

2) адлюстраванне жыццёвых канфліктаў у мастацкім творы (напр. сюжэтная к.);

3) юр. разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, судовых рашэнняў розных дзяржаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

кала́пс

(лац. collapsus = які страціў прытомнасць)

1) раптоўнае моцнае зніжэнне сардэчнай дзейнасці, якое суправаджаецца слабасцю, часам стратай прытомнасці і пагражае смерцю;

2) катастрафічнае сцісканне масіўнай зоркі пад уздзеяннем сіл прыцяжэння (гравітацыйны к.);

3) татальнае разбурэнне важных жыццядзейных сувязей і цэласці якога-н. утварэння або сістэмы, грамадства або дзяржавы; катастрофа, пагібель.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

«БЕЛАРУ́СКАЕ ЖЫЦЦЁ»,

грамадска-паліт. і літ. часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1919 у Вільні, са снеж. 1919 да сак. 1920 у Мінску на бел. мове лацінкай і з вер. 1919 кірыліцай як ілюстраваны штотыднёвік нерэгулярнай перыядычнасці. Рэдактар-выдавец Ф.​Аляхновіч, з 1920 літ. кіраўнік З.​Бядуля. Часопіс выступаў за стварэнне самастойнай бел. дзяржавы бурж.-дэмакр. тыпу або альтэрнатыўнай федэрацыі народаў былога ВКЛ, якая, на думку рэдакцыі, магла б процістаяць Польшчы, Расіі, Германіі. У шэрагу праграмных артыкулаў выступаў супраць палітыкі бальшавікоў і адначасова супраць белагвардзейскай і ням. палітыкі заняволення Беларусі. Крытыкаваў палітыку Польшчы за няўвагу да нац. самавызначэння народаў, зямельнай рэформы і дэмакратызацыі. Для светапогляду большасці аўтараў характэрна традыц. канцэпцыя бел. народніцтва, арыентацыя на вёску і ідэалы вольнай кааперацыі як спецыфічна бел. гіст. шляху. Меў літ.-маст. аддзел, які вызначаўся жанравай разнастайнасцю, шырокім ахопам гісторыі бел. маст. культуры і яе праблем, асабліва л-ры і нац. тэатра.

У.​М.​Конан.

Часопіс «Беларускае жыццё». Вільня. 1919.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ТНІЦКАЯ ГРУ́ПА (БСДРГ),

палітычная арг-цыя, якая дзейнічала ў 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі ў 1-ю сусв. вайну. Утварылася ў выніку разыходжанняў па пытаннях тактыкі і нац.-дзярж. будаўніцтва паміж дзеячамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — марксістамі і народнікамі. Марксісты (І.І. і А.​І.​Луцкевічы, Цётка і інш.) заснавалі БСДРГ. Група рабіла стаўку на работу ў масах, арганізоўвала прафсаюзы, кааператывы і інш. арг-цыі, мела ў іх сваіх прадстаўнікоў. Удзельнічала ў стварэнні Беларускага народнага камітэта ў Вільні. У вер. 1917 выказалася за стварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з аўтаномнымі Беларуссю і Літвой, за ўключэнне ў гэту дзяржаву ўсіх бел. зямель, за прызнанне раўнапраўя ўсіх народаў у ёй, забеспячэнне «ўрадавага» статуса мясц. мовам і школьнае навучанне на роднай мове. Пасля абвяшчэння ў снеж. 1917 Літ. рэспублікі група стала на незалежніцкія пазіцыі. Падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля расколу БСГ (крас. 1918) БСДРГ аб’ядналася з марксістамі, якія пакінулі БСГ, і ўтварыла з імі Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),

працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.​Спенсера, Э.​Гартмана, Х.​Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.​Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.

Літ.:

Аристотель. Метафизика. М.; Л. 1934.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЯ́Н ПАТРЫКЕ́ЕЎ Касы

(свецкае імя кн. Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),

расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля I Дзмітрыевіча (па маці). Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял. кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.

Літ.:

Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ, ведыйская рэлігія,

сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕНЬ (? — каля 1316),

вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.​В.​Без-Карніловіч і А.​Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.​Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца з Будзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛ Берасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.

М.​І.​Ермаловіч.

Віцень. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ (ГАСА) у Варшаве. Засн. ў 1808 як Агульнакраёвы архіў, з 1816 Гал. архіў Польскага Каралеўства, з 1889 Варшаўскі гал. архіў стараж. актаў, з 1918 ГАСА. Зберагае найб. каштоўныя дакументы пра дзейнасць найвышэйшых улад Польскай дзяржавы ад 14 ст., самы стараж. дакумент датуецца 1155. Захоўвае дакументы органаў улады і ўстаноў зямель Кароны Польскай і ВКЛ у асноўным перыяду ўваходу ў Рэч Паспалітую. Сярод найб. каштоўных дакументаў, што датычаць Беларусі, асобныя кнігі метрыкі ВКЛ, сумарыуш і копія метрыкі сярэдзіны 18 ст., пергаментныя дакументы з Нясвіжскага архіва кн. Радзівілаў (каралеўскія і прыватныя, 16—18 ст.), радавыя архівы Патоцкіх з Радзыні (1500—1841), Браніцкіх (1526, 1661—1790), Панятоўскіх (1461—1797), Патоцкіх з Яблоны (1486—1926), Пшаздзецкіх (1539—1729), Радзівілаў з Паланечак (15—19 ст.), Фашчаў (1583—1865), Прозараў і Ельскіх (1624—1915) і інш., маянтковыя архівы. У аддзеле картаграфічных фондаў збор планаў і картаў тэр. Беларусі.

У.​Стэмпняк.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)