АРЫСТАФА́Н (Aristophanes; каля 445—385 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі драматург, «бацька камедыі». З 45 яго п’ес захавалася 11, у т. л. «Восы» (422), «Птушкі» (414), «Жанчыны на свяце Фесмафорыяў» (411), «Жанчыны на народным сходзе» (392), «Плутас (388). У іх асуджэнне палітыкі вайны («Ахарняне», 425; «Коннікі», 424; «Мір», 421; «Лісістрата», 411), развенчванне філасофіі сафістаў («Воблакі», 423). Адстойваў эсхілаўскі шлях развіцця грэчаскай трагедыі («Жабы», 405). Побач з гістарычнымі фактамі выкарыстоўваў міфалагічныя вобразы; нагляднасць, канкрэтнасць ідэі дасягалася праз вонкавыя камедыйныя прыёмы — карыкатуру, гіпербалу, буфанаду. Вялікую ролю ў яго камедыях адыгрываюць хор і «агон» — спрэчка паміж 2 персанажамі, якія адстойваюць процілеглыя погляды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІ́НІ ((Bellini) Вінчэнца) (3.11.1801, г. Катанія, Італія — 23.9.1835),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў неапалітанскай кансерваторыі «Сан-Себасцьяна» (1819—25 ці 27) у Н.А.Цынгарэлі. Музыцы Беліні ўласцівы рамант. ўзнёсласць, мяккі лірызм. У яе аснове экспрэсіўная вак. мелодыка шырокага дыхання, неперарыўнасць развіцця, віртуозны бляск. Зрабіў вял. ўклад у развіццё опернага жанру, стылю бельканта, імкнуўся да натуральнага ўвасаблення ў музыцы моўных інтанацый, надаў драм. выразнасць опернаму рэчытатыву. Аўтар 11 опер, у т. л. «Пірат» (1827), «Чужаземка» (1829), «Капулеці і Мантэкі» (1830), «Самнамбула», «Норма» (1831), «Беатрычэ ды Тэнда» (1833), «Пурытане» (1835), кантаты «Ісмена», 7 сімфоній (1818—24), духоўнай музыкі, рамансаў, канцанет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКАЯ НИ́ВА»,
грамадска-палітычная с.-г. газета. Выдаецца ў Мінску з 1921 на рус. і бел. мовах. У 1921—24 выдавалася на рус. мове пад назвай «Белорусская деревня» як дадатак да газ. «Звязда», з сак. 1924 самаст. газета на бел. мове «Беларуская вёска». У 1931 — жн. 1935 «Калгаснік Беларусі», у крас. 1945 — вер. 1950 «Савецкі селянін» (снеж. 1947 — вер. 1950 на бел. і рус. мовах); у кастр. 1950 — кастр. 1962 «Калгасная праўда» (на бел. і рус. мовах), у 1962—91 «Сельская газета» (на рус. мове), з кастр. 1991 «Белорусская нива». Асвятляе пытанні с.-г. вытворчасці, эканам. і сац.развіцця вёскі, прапагандуе вопыт перадавых грамадскіх гаспадарак, наватараў, дасягненні навукі і тэхнікі ў сельскай гаспадарцы. Друкуе матэрыялы аб паліт., грамадскім і культ. жыцці ў краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНАЛ ((Bernal) Джон Дэсманд) (10.5.1901, г. Ніна, Ірландыя — 15.9.1971),
англійскі фізік, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў навуказнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1937) і АН шэрагу краін, у т. л.СССР. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Аўтар навук. прац у галіне фізікі, крышталяграфіі, біяхіміі, філас. праблем прыродазнаўства. У працах «Сацыяльная функцыя навукі» (1938), «Навука і грамадства» (1953), «Навука ў гісторыі грамадства» (1954) і інш. абагульніў дасягненні навукі ў цэлым, раскрыў яе філас. значэнне і ролю ў гісторыі чалавецтва, узаемасувязь навукі, тэхнікі і сац. умоў жыцця грамадства. Увёў у навук. ўжытак паняцце «навукова-тэхнічная рэвалюцыя», распрацаваў цэласную канцэпцыю дыялектыкі і перспектыў яе развіцця. У кн. «Свет без вайны» (1958) паказаў перспектывы мірнага выкарыстання дасягненняў навукі на карысць чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЦ (Уладзімір Аляксеевіч) (26.4.1834, в. Татараўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.10.1894),
украінскі анатам і гістолаг. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860), дзе і працаваў да 1889. У 1861—68 працаваў у Вене ў К.Людвіга, у Гейдэльбергу ў Г.Гельмгольца. Навук. працы па анатоміі, клінічнай медыцыне. Заснавальнік вучэння пра архітэктоніку кары галаўнога мозга. Апісаў рухальную зону кары галаўнога мозга (1873) і вызначыў (1874) у ёй гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца). Распрацаваў арыгінальную методыку рыхтавання зрэзаў праз цэлае паўшар’е галаўнога мозга. Правёў сістэматычныя даследаванні развіцця і росту касцей (1887). Зрабіў і сабраў унікальную калекцыю прэпаратаў мозга чалавека і жывёл, якую падараваў Кіеўскаму ун-ту.
Тв.:
Морфология остеогенеза. Киев, 1887;
Атлас человеческого мозга. Киев, 1910;
Анатомические и гистологические исследования: (Избр. тр.). М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн.га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЭЛРО́,
першы перспектыўны план аднаўлення і развіццянар. гаспадаркі Савецкай Расіі на аснове электрыфікацыі. Складзены Дзярж. камісіяй па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО) на чале з Г.М.Кржыжаноўскім, разгледжаны VII (снеж. 1920) і зацверджаны IX (снеж. 1921) Усерас. з’ездамі Саветаў. План прадугледжваў буд-ва 30 раённых электрастанцый (20 ЦЭС і 10 ГЭС) і рэканструкцыю дзейных. Намячалася давесці сумарную гадавую выпрацоўку электраэнергіі да 8,8 млрд.кВт∙гадз (супраць 1,9 млрд.кВт∙гадз, якія выпрацоўваліся ў Расіі ў 1913). Прадугледжвалася тэхн. пераўзбраенне ўсіх галін нар. гаспадаркі на базе макс. выкарыстання электраэнергіі. На Беларусі ў перыяд ажыццяўлення плана ГОЭЛРО ў 1927 пачалося буд-ваБеларускай ДРЭС. План ГОЭЛРО, разлічаны на 10—15 гадоў, у асноўным выкананы ў 1931 і да 1935 перавыкананы больш як у 2 разы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (1877, г. Уладзікаўказ, Расія — 1943),
украінскі гісторык. Брат М.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т. Гал. яго працы прысвечаны гісторыі паўд.-бел. зямель у феад. эпоху. У манаграфіі «Пінскае Палессе» [ч. 1. «Нарыс гісторыі Турава-Пінскага княства XI—XIII стст.» (Кіеў, 1901); ч. 2. «Тураў, Гарадок і Пінск у складзе Вял.кн. Літоўскага. Пінскае староства каралевы Боны. XIV—XVI стст. Пінскія акты XV—XVI стст.» (Кіеў, 1903)] на падставе летапісных звестак і актавых матэрыялаў прасачыў паліт. гісторыю рэгіёна, працэсы развіццяфеад. адносін, гасп. і прававое становішча розных груп насельніцтва, гісторыю правасл. царквы на Палессі. Гарадам ВКЛ прысвечаны даследаванні Грушэўскага «Павіннасць гарадавой працы ў Вялікім княстве Літоўскім» (Петраград, 1914) і «Гарады Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVI стст.» (Кіеў, 1918).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст.н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс.н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,
спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.М.Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.Ф.Пераверзеў, У.М.Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіх ідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.