чарга́, -і́, ДМ -рзе́, мн. чэ́ргі і (з ліч. 2, 3, 4) чаргі́, чэ́рг і -аў, ж.

1. Парадак, паслядоўнасць у руху каго-, чаго-н.

Стаяць у чарзе за білетамі.

2. Чыё-н. месца ў такім парадку.

Прапусціць сваю чаргу.

3. Людзі, якія размясціліся паслядоўна адзін за адным з якой-н. мэтай.

У касу была вялікая ч.

4. Спіс асоб, якія павінны атрымаць што-н. у парадку чарговасці.

Ч. на атрыманне кватэры.

5. Пэўная колькасць патронаў, выпушчаных кулямётам, аўтаматам за адзін прыём.

Аўтаматная ч.

Жывая чарга — чарга, якая патрабуе абавязковай прысутнасці ўсіх, хто заняў яе.

Заняць чаргу — стаць або запісацца ў чаргу за чым-н.

У сваю чаргу — са свайго боку; адпаведна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Вары́згацца ’займацца пустымі размовамі; доўга з чым-небудзь вазіцца’ (Мядзв.), вораскаться ’тс’ (Мядзв.), вары́згаць ’гаварыць бязглузда і недарэчна’ (КЭС). Параўн. рус. дыял. вары́згать ’паспешна, неакуратна есці’, вара́згаться ’рабіць што-небудзь няўмела, доўга вазіцца’. Параўн. далей бел. варзе́каць ’размазваць што-небудзь густое’, рус. варза́кать ’рабіць што-небудзь наспех, сяк-так; дрэнна, неахайна пісаць’, укр. варзя́кати, верзя́кати ’балбатаць, вярзці’. Паколькі ў адным слове часта аб’яднаны значэнні ’пагана рабіць’ — ’балбатаць, гаварыць пустое, вярзці’ (параўн., напр., рус. вара́кать ’дрэнна рабіць, пэцкаць; гаварыць абы-што, вярзці’), то можна зыходзіць з *vьrz‑ti (вярзці́, укр. верзти́), да слав. *vьrz‑ ’плесці’. Форма вары́згацца (< варазгацца; параўн. варыхацца < варахацца) — гэта нібы экспрэсіўнае «паўнагалоссе» (vьrz‑ > верз‑ > вараз‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лобус1 ’сцёблы і лісце гуркоў’ (стол., ДАБМ), лобуз, лобудзь ’цяўнік, націнне’, лобузіна ’асобная націна’, лобузнік, лобузье ’націнне’ (Сл. Брэс., ТС). Укр. лобузіння ’цяўнік, сцёблы з летняй гародніны’, рус. лобоз ’гібкі дубец’, лобоза ’спірэя, Spirea ulmaria’, польск. łobuzie, łobazie, łobozg. Прасл. дыялектызм lobuz‑ъ > lobuz‑ьje (Слаўскі, 5, 129). Да лабаза́, лабазнік, лабу́ззе, лабузя́к.

Лобус2 ’хлопец, дзяцюк’ (арго, Рам. 9), ашм. ’гарэза’ (Сл. ПЗБ). З польск. łobus, łobuz ’гарэза’, ’вісус’, ’хуліган’, ’гультай’, ’нягоднік’, якое, паводле Слаўскага (5, 127), з’яўляецца адным з нешматлікіх выпадкаў параўнання чалавека з дрэвам, калодай, дубцом, — параўн. укр. хлистик, лобас, рус. хлыст, бел. драг. лі́мах, бел. пень і інш. Да лобус1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ненька1, нэнька ’калыска’ (Сл. Брэс.), ’калыска (толькі вісячая)’ (брэсц., Нар. лекс.), параўн. таксама нянька ’вісячая калыска’ (кобр., ДАБМ), укр. валын. нэнька, нянька, нанька ’калыска’, апошняе знаходзіць дакладную адпаведнасць у балг. нанкъ ’тс’. Тыповае ўтварэнне на базе дзіцячай мовы, як сведчыць балг. пана ’спаць (пра дзіця)’, макед. нани‑нани ’выклічнік пры калыханні дзіцяці’ і пад., гл. Грыцэнка, Ареальне вар. лекс., Київ, 1989, 207.

Не́нька2 (нэнька?) ’рыбалоўная рухомая пастка з адным адкрытым заходам (звычайна лазовая)’ (палеск., Крыв.). Відаць, да папярэдняга слова, што тлумачыцца падабенствам рэалій (форма, матэрыял пляцення і пад.), параўн. колыска ’кломля, рыбалоўная рухомая пастка з адкрытым заходам для лоўлі рыбы ўдваіх на неглыбокіх месцах’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛЬС (франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),

парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз. памер 34, радзей ​3/8, ​6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.​Ланер, І.​Штраус-бацька, І.​Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар. танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, І.​Лучанок, С.​Картэс, Р.​Пукст, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛО́ГІЯ БЫЦЦЯ́,

адно з асноўных паняццяў каталіцкай філасофіі — тамізму, паводле якога Бог і ўсё ім створанае знаходзяцца ў суадносінах з агульным для іх быццём. Фама Аквінскі ўзвёў аналогію быцця ў фундаментальны прынцып гэтай дактрыны і распрацаваў яго філас. змест. У 20 ст. ўклад у распрацоўку аналогіі быцця, вызначэнне сфер і магчымасцяў выкарыстання зрабілі Э.​Пшывара, Ф. Ван Стэенберген, Б.​Лакебрынк, К.​Ранер. Сутнасць аналогіі быцця ў тым, што паміж Богам і яго тварэннямі існуюць першапачатковыя адносіны падабенства ў адрозненнях і адрозненні ў падабенстве. Таму адносіны аналогіі могуць пераважаць толькі там, дзе няма ні поўнага падабенства, ні поўнага адрознення, а спалучаюцца адно з адным. Першасным, вызначальным прызнаецца падабенства, першакрыніца якога — стварэнне Богам сусвету і ўсяго, што ў ім існуе. Гэта дае магчымасць філас.-тэалагічнымі сродкамі абгрунтоўваць быццё Бога як першакрыніцу створанага сусвету розных падабенстваў, сярод якіх самае набліжанае да творчай магутнасці стваральніка — творчая дзейнасць чалавека. Але яе нельга атаясамліваць з творчым актам стварэння, бо яна толькі набліжаецца да яго паводле падабенства (аналогіі).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАКЛА́СНАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА навучальная ўстанова ў Рас. імперыі. На Беларусі першыя аднакласныя пачатковыя вучылішчы існавалі пры манастырах каталіцкіх ордэнаў. Паводле Статута для прыходскіх вучылішчаў 1807 для дзяцей бедных рамеснікаў і сялян ствараліся аднакласныя пачатковыя вучылішчы з адным настаўнікам, якія мелі 6-месячны тэрмін навучання. Вучэбныя планы абмяжоўваліся практычнымі мэтамі. Паводле Статута 1828 дзейнасць аднакласных пачатковых вучылішчаў мела саслоўны характар. «Часовыя правілы для народных школ...» 1863 дазвалялі прыём у аднакласныя пачатковыя вучылішчы дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў; выкладалі Закон Божы, рус. мову, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі, спевы. У сярэдзіне 1870-х г. на Беларусі было 50 аднакласных пачатковых вучылішчаў (36 з іх мелі жан. змены), у пач. 1890-х г. — 70 з 2-гадовым тэрмінам навучання. Паводле «Палажэння аб царкоўных школах праваслаўнага веравызнання» (1902) існавалі аднакласныя пач. школы царк. ведамства з 3-гадовым тэрмінам навучання (гл. Царкоўнапрыходскія школы). З павелічэннем ролі земстваў (1911) аднакласныя пачатковыя вучылішчы царк. ведамства не вытрымалі канкурэнцыі з земскімі школамі, дзе даваліся больш глыбокія веды, і сталі пераходзіць на земскае ўтрыманне (Віцебская, Магілёўская, Мінская губерні).

С.​В.​Снапкоўская.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БКІ (Porifera, або Spongia),

тып прасцейшых шматклетачных беспазваночных жывёл. 3 класы: губкі вапнавыя (Calcispongiae, або Spongia); губкі шкляныя, або шасціпрамянёвыя (Hyalospongiae, або Hexactinellida); губкі звычайныя (Demospongiae). Каля 5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў акіянах і морах ад прыбярэжнай зоны да глыб. 8500 м, найб. разнастайныя і шматлікія на шэльфе, каля 20 відаў — у прэсных вадаёмах. Каланіяльныя, радзей адзіночныя жывёлы, вядуць нерухомы спосаб жыцця. Узніклі ў дакембрыі, найб. размножыліся ў мезазоі. На Беларусі з губак водзяцца бадзягі. Выкапнёвыя выяўлены ў адкладах дэвону, карбону, юры і мелу.

Выш. 2—150 см, цела бакала- або мяшэчкападобнае, адным канцом прымацоўваюцца да субстрату, на другім адтуліна — вусце. Сценкі цела з порамі, праз якія праходзіць вада з прадуктамі жыўлення. Шкілет з вапністых і крэменязёмных іголак (спікул) або з валокнаў арган. рэчыва (спангіну). Большасць губак — гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, прасцейшымі, дыятомавымі водарасцямі, бактэрыямі і інш. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і тэхніцы, як туалетныя (напр., грэчаская губка), шкляныя губкі ідуць на ўпрыгажэнні і сувеніры.

Губкі: вапнавыя (1 — Clathrina primordialis; 2 — Leucosolenia botryoides); шкляныя (3 — Pheronema giganteum; 4 — Monorhaphis chuni: частка); звычайныя (5 — Tetilla cranium; 6 — Phakellia cribrosa).

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),

у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.​Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВІН (Гаўрыла Раманавіч) (14.7.1743, в. Кармачы ці в. Сакуры Лаішаўскага р-на, Татарстан — 20.7.1816),

рускі паэт. Вучыўся ў Казанскай гімназіі (1759—62). Друкаваўся з 1773. З пазіцый асветнага абсалютызму ўслаўляў веліч і дзярж. моц Расіі, рус. палкаводцаў, гераізм салдат (оды «На ўзяцце Ізмаіла», «На пераход Альпійскіх гор»). Выказваў спачуванне народу, выкрываў злоўжыванні царскай адміністрацыі, саноўных вяльможаў (оды «Феліца», 1783, «Уладарам і суддзям», 3-я рэд. 1787, «Вяльможа», 1798). У вершах — аўтабіяграфізм, канкрэтнасць і пластычнасць вобразаў, быт. і пейзажныя замалёўкі (оды «На смерць князя Мяшчэрскага», 1779, «Бог», 1784, «Вадаспад», 1798). Дыяпазон оды пашырыў ад дыфірамба да песні, спалучаў у адным творы элементы оды і сатыры, філас. роздумы і асабістыя прызнанні («Ручай», «Ластаўка», «Яўгену. Жыццё званскае»). У 1790-я г. пераважала анакрэантычная лірыка (зб. «Анакрэантычныя песні», 1801). У апошнія гады жыцця звяртаўся да драматургіі. Паэзія Дз. — пераходная ступень у развіцці рус. л-ры ад класіцызму М.​Ламаносава да рэалізму А.​Пушкіна. У 1793—94, 1799 і 1800 быў на Беларусі (Віцебск, Шклоў, Лёзна).

Тв.:

Стихотворения. Л., 1981;

Оды. Л., 1985.

Літ.:

Ходасевич В.Ф. Державин. М., 1988.

Л.​Л.​Кароткая.

Г.Р.Дзяржавін.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)