палаві́на, ‑ы, ж.
1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак. Колас. Да палавіны [сасны] піла ішла лёгка, а далей стала заядаць. Якімовіч. [Маша:] — Добра табе, Вася, разважаць, калі ў цябе ўсё сена ў стагах ужо. А ў нас яшчэ палавіна — у пакосах. Шамякін. Налёт збіў немцаў з усякага панталыку, тым больш, што партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў.
2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежку часу і пад. Мне стала маркотна і сцішна. На палавіне мае дарогі .. стаяў цёмны лес. Колас. У другой палавіне [сакавіка] месяца дзень з ноччу мераецца даўжынёй — дзеляць суткі папалам. «Звязда». // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Палавіна восьмай вечара.
3. Рухомая прымацаваная частка якога‑н. парнага прадмета. Палавіна варот. □ Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. Чорны.
4. Асобная частка жылога памяшкання. Дом быў з дзвюх палавін. Двое асобных дзвярэй з ганкамі ў двор. Арабей. Хата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» — светлую. Шамякін.
5. (звычайна са словамі «мая», «твая» і г. д.). Пра жонку ці мужа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́тры, ‑аў; адз. (рэдка) нетра, ‑ы, ж.
1. Глыбіні зямлі, месцы пад зямной паверхняй, а таксама тое, што там змяшчаецца. Зямныя нетры. Распрацоўка нетраў. □ «Лясы і нетры — усё цяпер наша, народнае!».. Брыль. Праца кіпіць несціхана, Пласт падразае ствол: «Вось яна доўгачаканая Ў нетрах схаваная соль!» Звонак. Ішлі рудакопы У цёмныя нетры. Вялюгін.
2. перан. Унутраная прастора, унутраная частка чаго‑н. Падвальныя нетры, падвальныя нетры... Ну хоць бы глыток, хоць маленькі — паветра! Арочка. // Унутраныя, глыбінныя часткі краіны, раёна і пад. Нетры Палесся.
3. Непраходныя, глухія мясціны; прастора, парослая густым лесам. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Колас. Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. У час цяжкі ў лясныя нетры Радзіма склікала сыноў. Аўрамчык.
4. перан. Унутраная, глыбінная частка чаго‑н. Нетры памяці. // Пра народ, шырокія колы грамадства. [Паўліна Цітаўна:] — На выберуць [у дэпутаты] — значыцца народ знайшоў у сваіх нетрах больш дастойнага. Шамякін.
5. перан. Цяжкія, складаныя, глыбокія пытанні, бакі чаго‑н. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры. Лынькоў. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, абыходным шляхам, але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга, было ўжо выбрацца. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паглыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Увабраць, уцягнуць у сябе. Зямля паглынула ўсю дажджавую ваду. □ Магутная плынь паглынула ўсе.. струменьчыкі і паўстае перад намі ўжо адзінай і маналітнай. Кучар. // Заглушыць (пра гукі). [Асуджаны] яшчэ нешта выкрыкваў, але слоў яго ўжо не было чуваць — іх паглынуў гром барабанаў. Машара.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Схаваць у сабе, прыняць у свае нетры, межы. Рукі.. [байца] саслізнулі, і плынь у адзін момант бясследна паглынула яго. Краўчанка. Ля дуба і далей за ім — вывернутыя, карэннямі ўгору, дрэвы. Колькі іх вырвала, паглынула за свой век рака? Сачанка. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы, упарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі. // Пакрыць сабою, зрабіць нябачным. Туман паглынуў усё наваколле. □ Цемра адразу паглынула мястэчка. Шахавец.
3. і чаго. Патраціць на сябе многа чаго‑н. (часу, энергіі і пад.). Падрыхтоўка да ўрокаў паглынула шмат часу. Паездка паглынула многа грошай.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цалкам захапіць (свядомасць, думкі і пад. каго‑н.). Язэпка пакуль што не прыглядаўся да сваіх сяброў: усю яго ўвагу паглынула доўгае і шырокае карыта з бульбаю, якую яму трэба, перадзяўбці секачом на дробную кашу. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падагна́ць, падганю, падгоніш, падгоніць; пр. падагнаў, ‑гнала; заг. падгані; зак., каго-што.
1. Гонячы, наблізіць або прымусіць наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Пасля снедання ля тока паставілі малатарню, падагналі трактар. Асіпенка. Пастушок пачуў умоўны свіст і падагнаў статак бліжэй да лесу. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Падагнала да берага вялікую крыгу. Шамякін.
2. Загнаць пад што‑н. Падагнаць лодку пад мост.
3. Прымусіць хутчэй ісці, бегчы, ехаць. Шумейка імпэтна тузануў лейцы, працяглым покрыкам падагнаў каня: Нно-оо! Савіцкі. // Прымусіць рабіць, выконваць што‑н. хутчэй. — Трэба адзявацца ды выходзіць на месца, — падагнала сама сябе Зося і хутка павярнула ў хату. Гартны. // перан. Прыспешыць надыход чаго‑н. Час не конь: не падгоніш і не прыпыніш. Прыказка.
4. Зрабіць адпаведным па форме адно другому; прыладзіць. Падагнаць дэталі. □ Праз пяць дзён заказ мой быў гатовы — арматуру новенькую адлілі, .. вінцік да вінціка падагналі. Краўчанка. // Зрабіць адпаведным росту, фігуры каго‑н. Я па некалькі разоў вадзіў.. [пакупнікоў] у прымерачную, круціў перад люстэркам, каб хоць як-небудзь падагнаць мешкаваты і доўгі пінжак або шырачэзнае паліто. Нядзведскі.
5. Разм. Гонячы, даставіць. [Вінцук:] — Тут, хлопча, крыху [са статкам] пачакай. Толькі не распускай лішне. Я зараз падганю яшчэ табе ў чараду... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Наскочыць, напароцца на што‑н. вострае. Наткнуцца на сук.
2. Рухаючыся, нечакана наскочыць на каго‑, што‑н. (на якую‑н. перашкоду). Страляючы перад сабою, Мішка выскачыў на палянку, наткнуўся на нешта цвёрдае і ўпаў. Паслядовіч. Ідзе [юнак] па тратуару і аглядваецца назад. Заглядзеўся і наткнуўся на вусатага дзядзьку з гаспадарчай сумкай. — Малады чалавек, не страляйце варон. Пянкрат.
3. перан. Рухаючыся, нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., набрысці на каго‑, што‑н. Познім адвячоркам абоз нечакана наткнуўся на варожую засаду. Якімовіч. Ішлі мы неяк вясной групай па лесе і наткнуліся на немцаў. Карпюк. // Нечакана, выпадкова выявіць, знайсці што‑н. Толькі ў канцы вайны неяк праглядаючы ў газеце спіс узнагароджаных Урадам партызан, Марынка нечакана наткнулася на .. прозвішча [Паходні]. Хадкевіч. Да дна ператрос чамадан у зацішку. Тут раптам вачыма наткнуўся на кніжку. Арочка. // Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. на сваім жыццёвым шляху, у сваёй дзейнасці. У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў і папаўся.. На першым польскім хутары яго накрылі. Багаты хутаранін, пакуль жонка карміла ўцекачоў,.. прывёў з недалёкага маёнтка салдатаў... Ды для Калодкі гэта быў не доказ. — На аднаго сабаку наткнуўся, дык думаеш, што ўсе такія. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наш, ‑ага, м.; наша, ‑ай, ж.; наша, ‑ага, н.; мн. нашы, ‑ых.
1. займ. прыналежны да мы. Наш горад. Наш дом. □ Белыя бярозкі беларускія Міла так аздобілі наш край. Шымук. Тут стаяла наша хата. Вось на гэтым месцы, ля сцяны, — мой ложак. Аляхновіч. // Які мае адносіны да нас, як членаў якога‑н. калектыву; які складаецца з нас. Наша сям’я. Наш клас. □ [Андрэй Міхайлавіч:] — За вашай работай мы будзем сачыць. І прашу паверыць мне, што клапаціцца аб вас будзе цяпер увесь наш атрад. Якімовіч. // Які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх і інш. адносінах з намі. Нашы таварышы. □ Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. // Які звязаны з намі, датычыцца нас. У наш час.
2. у знач. наз. на́ша, ‑ага, н. Разм. Тое, што належыць, уласціва нам. Наша нам і застанецца.
3. у знач. наз. нашы, ‑ых. Разм. Блізкія нам людзі, сваякі, таварышы. «Нашы ідуць!..» Гэтыя словы запоўнілі цяпер душы нявольнікаў. Маўр.
•••
Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых гл. ведаць.
Дзе наша не прападала гл. прападаць.
І нашым і вашым — адным і другім адначасова (служыць, дагаджаць і пад.).
Наш брат гл. брат.
Наш чалавек гл. чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбы́так, ‑тку, м.
1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.
2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.
3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.
4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.
1. Адметная рыса, па якой можна пазнаць каго‑, што‑н., вызначыць што‑н. Па слядах, па безлічы толькі яму [егеру] вядомых адзнак і прыкмет ён мог беспамылкова вызначыць дакладную колькасць кожнага віду дзікіх жывёл на сваім участку. В. Вольскі. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы. Брыль. [Нася:] — Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкмету: у маіх валасах будзе белая кветачка. Якімовіч. // Тое, што ўказвае на з’яўленне, наступленне чаго‑н. Сённяшняй раніцай у яго з’явіў ся апетыт — верная прыкмета выздараўлення. Шахавец. Яшчэ з поўдня надвор’е гразілася дажджом. На тое былі ўсе неабходныя прыкметы: душнае сонца, парнасць зямлі, смуга ў паветры. Скрыган.
2. У забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, якая прадвяшчае што‑н. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе тут, нібы даў селяніну ён для шчасця прыкмету. Дубоўка. Павук па промню спускаецца ўніз, верыць хачу я ў старую прыкмету: спускаецца — значыць будзе мне ліст. Барадулін. — Добрая прыкмета! — сказаў стары Банэдык. — Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.
•••
Мець на прыкмеце гл. мець.
На прыкмеце (быць) у каго — аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам чыёй‑н. увагі, цікавасці і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.
1. каго-што. Разм. Дазволіць наблізіцца, падпусціць да каго‑, чаго‑н. Я завёў свайго каня ў загародку, дзе раней стаяла Мальвіна, а Казікавага прыпусціў да кармушкі з сенам. Якімовіч. // Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. папасвіцца; прыпасвіць (пра жывёлу). [Рыгор:] Вось народ! Вось заразы! Ну няхай жа б дзе з краю прыпусціў [каня], дык не — паўгоней збіў. Крапіва. // Дапусціць да кармлення малаком маці (пра жывёл). Прыпусціць цяля да каровы. // Дапусціць да злучкі. Прыпусціць жарабка да кабылы.
2. што і чаго. Дадаць чаго‑н. куды‑н. Толькі ёсць і такія, што рады дачасна Для красы ў валасы прыпусціць серабро. Вітка. // Адпусціць, выпусціць што‑н. затрыманае. Карова малака не прыпусціла.
3. Разм. Тое, што і прыпусціцца. Хлопец з апошніх аслабелых сіл прыпусціў па траве, за ім пакутна, але цярпліва трываючы стому і страх, бегла Джулія. Быкаў. На момант ён прыпыніўся, глянуў па баках і прыпусціў зноў. Шашкоў. Прыпусціць ён [дождж] — зямля цвіце, І грыб, і ягада расце. Лужанін.
4. што. Прыладзіць, дапасаваць да чаго‑н. Акрамя клёпак, сюды [для бочкі] яшчэ патрэбны дошкі на дно, абручы... Потым усё гэта трэба належным чынам прыпусціць, змайстраваць. Тады толькі вада не пацячэ. Кулакоўскі.
5. што і без дап. Пакінуць запас пры раскроі. Прыпусціць на швы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. Уладкавацца куды‑н., стаць членам, удзельнікам чаго‑н. Паступіць на работу. □ І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сержант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Шамякін. — А як жа мне ў камсамол паступіць? — пытаецца Рыгор. Галавач. Паступіць на завод .. [Тарасу] параіў Андрэй Міхайлавіч. Якімовіч.
2. Павесці сябе пэўным чынам, зрабіць нейкі ўчынак. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як паступіць яму далей. Колас. — Ты правільна паступіў, што асадзіў яго [Салагуба] крыху. Машара. Хацелася растлумачыць яму [Максіму], што хоць жорстка яна [Глаша] паступіла, але інакш не магла. Гроднеў.
3. Быць дастаўленым куды‑н., атрыманым кім‑н. У бальніцу паступіў хворы. Паступіла скарга. □ Раніцай паступіў загад рыхтавацца ў паход: пакаваць сувязную гаспадарку на фурманкі, быць гатовымі на выезд. Машара. // Перайсці, перадацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н. Уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго [дзеда Талаша] распараджэнне. Колас.
4. Рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., апынуцца дзе‑н. (пра паветра, ваду, газ і пад.). Ток паступіў у правады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)