схлы́нуць, ‑не; зак.

1. Сцячы з сілаю; хлынуўшы, збегчы (пра ваду). Снег .. неяк увачавідкі растаў і схлынуў патокамі ў рэчкі і вадаёмы. Сабаленка. Андрыян Цітавіч думаў аб тым, як неўзабаве канал будзе закончаны і па ім схлынуць спрадвечныя гнілыя воды балота. Марціновіч. // перан. Адначасова пайсці аднекуль (пра вялікую масу людзей). Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Як схлынуць турысты, прыеду я ў вёску Хатынь У надвечар чысты — пад неба гарачую стынь. Гаўрусёў. // перан. Хутка, адразу знікнуць, аслабнуць (пра стан, пачуццё). Калі першая ўзрушанасць схлынула, хлопцы сталі распытваць Міколу. Навуменка.

2. Хутка прайсці. Перад дажджом крымская прырода страціла фарбы .. Але схлынуў лівень, выбліснула сонца, і вочы зноў захапляе бясконцая, невымерная, невымоўная сінеча. Лужанін. // перан. Мінуцца, скончыцца. Назаўтра, як толькі схлынула навала тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч сам пайшоў у сектар адводу зямель. Карпаў. Крыху пацішэла, першая хваля гаворкі схлынула, узбуджэнне паступова спала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́лкам, прысл.

1. У поўным аб’ёме, ад пачатку да канца; не па частках, не часткова. Перадрукаваць артыкул цалкам. □ Дзядзька Марцін таксама зацікавіўся дубам, і ўдвух [з Лабановічам] пачалі яны даставаць яго. Дастаць цалкам ім было не пад сілу, прыйшлося пілаваць. Колас. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Чорны. Рыгор зарабляў да трыццаці рублёў у лета; аддаваў грошы цалкам мацеры. Гартны. // У поўным складзе. — Першая эскадрылля цалкам перасела на новыя машыны. Алешка. [Бэсман:] Што падрыхтована? Якія роты? [Дамейка:] Мой батальён за намі пойдзе цалкам. Глебка.

2. Да канца, поўнасцю, зусім. Цалкам аддацца справе. □ Генадзь быў цалкам захоплены песняй. Кожны музычны такт яе, кожны радок.. ён паўтараў мо разоў па дзесяць і нібы смакаваў. Сабаленка. І сам той Пятрусь ці Сымон яшчэ не цалкам пазбыліся думкі, што гэта ўсё ж не калгасная кабыла, а яго. Брыль.

•••

Цалкам і поўнасцю — тое, што і поўнасцю, але з адценнем узмацнення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шар, ‑а; мн. шары, ‑оў; м.

1. У матэматыцы — геаметрычнае цела, якое ўтворана вярчэннем круга вакол свайго дыяметра. Паверхня шара. Плошча шара. Радыус шара.

2. Прадмет, які мае такую форму. Більярдны шар. □ Каляровыя шары Пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч.

3. Уст. Прадмет такой формы для галасавання, а таксама сам голас за або супраць. Пытанне аб дапушчэнні Скарыны да экзаменаў было вырашана, па прапанове Мусаці, балатыроўкай шарамі. Алексютовіч. Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны. Караткевіч.

•••

Зямны шар — планета Зямля.

Паветраны шар — а) сферычны аэрастат; б) дзіцячая цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам, лягчэйшым за паветра.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае: «супраць абрання».

Пробны шар — а) (уст.) шар, які выпускаецца для выпрабавання ўмоў палёту; б) пра які‑н. учынак, прыём, пры дапамозе якога імкнуцца высветліць што‑н.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́ць, -да́м, -дасі́, -да́сць; -дадзі́м, -дасце́, -даду́ць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго-н.

А. доўг.

Што вінен, аддаць павінен (прыказка).

2. Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што-н.

Сонца шчодра аддае цяпло.

3. Даць, перадаць што-н. каму-н.

Салдат аддаў дзяўчынцы свой шынель, а сам узяў малога на рукі.

4. Перадаць што-н. каму-н. ва ўласнасць або на карыстанне.

А. хату.

5. перан. Перадаць што-н., падзяліцца чым-н.

А. вопыт і веды.

6. перан. Ахвяраваць кім-, чым-н. дзеля каго-, чаго-н.

А. сілы, здароўе.

Героі аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць Радзімы.

7. Не ўтрымаць, уступіць што-н. непрыяцелю ў барацьбе.

8. Патраціць час, працу, намаганні на што-н.

9. Здаць што-н. куды-н. для якой-н. мэты.

А. бялізну ў пральню.

10. Накіраваць на службу, вучобу.

А. у салдаты.

А. у гімназію.

11. Выдаць замуж.

А. дачку за сына спевака.

12. Прадаць (па якой-н. цане).

Танна а.

13. Заплаціць за купленае.

Дваццаць тысяч рублёў аддала.

14. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са знач. дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка.

А. загад.

А. перавагу.

15. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю).

Вінтоўка аддала прыкладам у плячо.

16. Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму-, чаму-н.

17. безас. Адазвацца болем у якой-н. частцы цела.

Аддало ў спіну.

18. спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

Аддаць (богу) душу (разм.) — памерці.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго-н. на выбарах.

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць.

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, абараняючы каго-, што-н.

|| незак. аддава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́ (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

І́сны ’сапраўдны, рэальны’ (ТСБМ), і́стны (Гарэц., Др.-Падб.), истный, истый (Яруш.). Рус. и́стый, дыял. и́стный, укр. і́стий, і́стний, польск. istny, уст. istу, в.-луж. wěsty, н.-луж. wěsty, уст. jisty, чэш. jistý, славац. istý, славен. îsti, серб.-харв. и̏сти, балг., макед. ист. Ст.-слав. истъ ’існы, сапраўдны’, ’гэты, той’, ст.-рус. истый ’той самы; сам’, ’існы, сапраўдны’, ст.-бел. истый ’сапраўдны’, исте, исто ’сапраўды’. Няма неабходнасці прыцягваць польск. isty для тлумачэння ст.-бел. истый ’сапраўдны, праўдзівы’, як Булыка, Запазыч. Бел. існы ўзыходзіць да *jьstъ з суф. ‑ьnъ з далейшым спрашчэннем кансанансам групы. Бясспрэчнай этымалогіі няма. Са шматлікіх версій вылучаецца меркаванне Тапарова (КСИС, 25, 1958, 80–86) аб роднасці з лац. iste ’гэты, той’. Гэта збліжэнне добра тлумачыць семантыку і займенную форму слав. слова: *is‑to‑ ’той самы, іменна той’. Іншыя прапановы менш верагодныя. Супастаўленне з коранем *es‑ ’быць’ (Міклашыч, 105; Мёль, MSL, 7, 1891, 357–358; Брукнер, 193–194, семантычна вельмі прывабнае, выклікае фанетычныя і акцэнталагічныя цяжкасці (Брандт, РФВ, 22, 134; Мейе, MSL, 14, 336). Бернекер (1, 435–436) тлумачыць як складанне з *jьz(iz) + sto‑ (ад *stā‑ ’стаяць’); параўн. лац. ex‑sistere ’існаваць’. *Jьstъ збліжаюць таксама з лат. īsts, īstens ’існы, сапраўдны’ (Буга, РФВ, 70, 1913, 252–253), літ. ýsčias ’яўны, ясны’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 838; Ваян, RÉS, II, 1931, 174). Станг (Norsk Tidskrift for Sprogvidenskap, 15, 343–351) параўноўвае са ст.-інд. īśe ’ўладаць’, гоц. aigin ’уласнасць’, адкуль зыходнае значэнне ’ўласны’. Махэк₂ (228) раздзяляе jistý ’пэўны’ і ten jistý ’той самы’ і апошняе звязвае са слав. *jьsto ’нырка’, хец. ištanza‑ ’душа’, ням. Geist ’дух’. Параўн. яшчэ Безлай (1, 213), які прапаноўвае як магчымую рэканструкцыю *(v)istъ. Больш падрабязны агляд этымалагічных тлумачэнняў гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 246–247; Фасмер, 2, 144; Слаўскі, 1, 468–469.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кла́сціся несов.

1. (принимать лежачее положение) ложи́ться; (спать — ещё) укла́дываться;

жы́та кла́лася пад зуба́мі жняя́ркі — рожь ложи́лась под зу́бьями жа́тки;

дзе́ці ра́на кла́ліся спаць — де́ти ра́но ложи́лись (укла́дывались) спать;

2. (укладываться) ложи́ться;

бы́ццам сама́ цэ́гла кладзе́цца ў сцяну́ — бу́дто сам кирпи́ч ложи́тся в сте́ну;

3. (о свете, тени и т.п.) ложи́ться, па́дать;

на твар — яго́ кладзе́цца цень на лицо́ его́ ложи́тся (па́дает) тень;

4. страд. кла́сться; укла́дываться; откла́дываться; настила́ться; мости́ться; накла́дываться; раскла́дываться; см. кла́сці 1-4, 6, 7;

к. са сме́ху — пока́тываться со́ смеху;

к. спаць з кура́міо́чень ра́но укла́дываться спать

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

лі́ха 1, ‑а, н.

1. Няшчасце, зло, бяда; гора. [Марына:] — Ох, сыночак, мая зорка! Як цябе падгадаваць, Як ад ліха захаваць. Колас. У вочы.. [Карніцкаму] ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. Паслядовіч. // Разм. Хвароба. [Мацей:] — Нейкае ліха ўбілася пасля прастуды. Пальчэўскі.

2. У фальклоры — нячыстая сіла, чорт. Адказаў хлапец паціху: — Праўду я шукаць іду, А за мною следам Ліха Водзіць Гора і Бяду. Грахоўскі.

•••

Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.

Да ліха — вельмі многа, вялікая колькасць.

Каб на яго (цябе, яе, вас, іх) ліха — ужываецца як вокліч, якім выказваецца прыкрасць, абурэнне, злосць. — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) — немаведама хто, што, абы-які і пад. Можа і сам ён, Мікалай, бачыў, што тут ліха ведае што робіцца. Чорны.

Ліха гарыць з каго — пра верхавода, завадатара. Усё ліха гарэла з Камінскага, а цяпер Шыслоўскі верхаводзіць. «Маладосць».

Ліха з ёй, з ім і пад. — няхай будзе так, можна пакінуць без увагі. «Ліха з ёю, з шапкаю. Старая і без брыля», — суцешыў Валодзя сам сябе. Ваданосаў.

Ліха яго бяры — адносіцца абыякава да чаго‑н. — Ай, ліха яго бяры з работаю. Сёння ўжо няхай прападае дзень. Чорны.

Ліха яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

На (якое) ліха (лаянк.) — для чаго, нашто. — Мы добра абыходзіліся і без бурмістра. Па ліха ён нам. Якімовіч. — Давай памяркуем сур’ёзна, — сказаў Андрэй жонцы. — На якое табе ліха гэтая служба? Шахавец.

Не памінай (не памінайце) ліхам гл. памінаць.

Што за ліха! — вокліч незадавальнення, здзіўлення. — Што за ліха! Раненых дваццаць дзевяць, а гісторый [хвароб] трыццаць. Мележ.

Як на (тое) ліха — не ў пару, не да месца. Не хапала касцоў, а, як на тое ліха, тры старыя даваенныя касілкі стаялі ля кузні няспраўнымі. Асіпенка. Рыбакі боўталіся ў Нёмане. Але, як на тое ліха, рыба не лавілася! С. Александровіч.

лі́ха 2, безас. у знач. вык.

Разм. Цяжка, дрэнна. Было яму ліха, ды яшчэ і пагоршала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак.

1. што. Агледзець, выпрабаваць, ацаніць многія прадметы, з’явы. Вера падышла да кніжнай паліцы. Перабрала некалькі кніг, як бы гэтым вывучаючы мае густы. Скрыган. [Крыловіч] перабраў усе інструменты, лёгка і ўмела выконваючы на іх розныя мелодыі. Рамановіч. Мы перабралі самыя розныя варыянты, але ні адзін не падыходзіў. С. Александровіч.

2. што. Адсартаваць, аддзяліць ад агульнай масы недабраякаснае, іншароднае. Перабраць бульбу. □ [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка. // Разабраць па дэталях і, замяніўшы непрыгодныя, сабраць нанава; перасыпаць. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці падваліны, перабраць сцены — замяніць некаторыя бярв[ёны] здаровымі. Мележ. Пятрок Дэраш, які ў чаканні сяўбы за апошнія тры дні перабраў, перамацаў, перамыў і .. змазаў кожную дэтальку свайго дызеля, сам вызваўся паехаць з Кухтам. Хадановіч.

3. што, чаго і без дап. Узяць больш, чым трэба, занадта многа. Перабраць тавараў. Перабраць фонд зарплаты. □ — Дык у вас жа няма грошай, — сказаў .. [Собіч]. — Вы нават перабралі ў нас [бухгалтэрыі]. Можа сёння пералічылі, дык давайце ваша плацёжнае даручэнне. Скрыган. // без дап. Разм. Зрабіць што‑н. звыш меры; перадаць, перастарацца. — Вельмі перабярэш ты на рабоце, — думаў Васіль. «ЛіМ». Сам гаспадар здорава перабраў і, не распранаючыся, зваліўся ў ложак. Сіняўскі. [Бялькевіч:] — Ну, гэта... Ну, што выпіў. Перабраў, бясспрэчна, крыху. Савіцкі.

4. што. Зрабіць у друкарні новы набор таго, што было набрана. Перабраць абзац.

5. чым. Зрабіць некалькі аднолькавых рухаў рукамі, нагамі. Лётае на ўзлеску матылёк. Вось ён сеў на бліскуча-зялёны ліст. Павёў крылцамі, перабраў ножкамі. Аляхновіч. // Даткнуцца, дакрануцца да частак чаго‑н., перахопліваючы іх адну за адной пальцамі. Цяпер.. [Вера] не ведала, што сказаць.. Яна разгублена паправіла дрэнна прычасаныя валасы, перабрала ўсе гузікі на сваёй кофце зверху ўніз. Дуброўскі. [Бычыха] перамацала, перабрала пальцамі ўсе ражкі і закуткі [сумкі]. Кулакоўскі.

6. каго. Перасяліць, перавесці ў іншае памяшканне. У наступным тыдні Зусь перабраў рабочых у новую майстэрню. Мурашка. Не чакалі доўга — як і гаварылі, перабралі старую маці ў Новалукомль. Мыслівец.

•••

Перабраць меру — зрабіць лішняе; хапіць цераз край.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які поўнасцю здаволіўся; які не адчувае голаду. — Цяжка табе, — паспачуваў Чыжык. — А ты цяпер займіся рыбалкай. Сам будзеш сыты і цётцы што-небудзь дасі. Няхай. — Еш сам, — засмяяўся марак. — А то не вырасцеш. [Сцёпка:] — Я сыты, не хачу. Хомчанка. / у знач. наз. сы́ты, ‑ага, м.; сы́тая, ‑ай, ж. Галодных сыты зразумець не можа, пакуль самога лёс не патрывожыць. Дубоўка. Сытаму сала не сніцца. Прымаўка. // Уласцівы чалавеку, жывёле, якія добра наеліся. Вахман заліўся сытым рогатам. Брыль. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў, І пасечнікаў (рыжыя барады, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка. Далёкі помню дзень: у лесе сыты крык драздоў, стагі ў лугах. Вялюгін. // перан. Поўнасцю, цалкам задаволены чым‑н. І цэлы дзень тады Шчасцем быў ён [Янка] сыт. Бядуля. А лепей не трывожыць успаміны, На ўсё жыццё ў нас кожны імі сыт. Пысін.

2. Разм. Укормлены, тлусты. Ад’еўшыся за лета, .. [дзікі] сытыя, сала бывае на мужчынскую дал[онь]. Пташнікаў. // Які належыць добра ўкормленаму чалавеку, жывёле. Гарадавы нездаволена скрывіўся і адышоўся ўбок, пакручваючы доўгі светлы вус на тоўстым сытым твары. Якімовіч.

3. перан. Разм. Які жыве ў дастатку, у раскошы. І стварылася ўражанне, што ўсе гэтыя сытыя і задаволеныя людзі [афіцыйнай Амерыкі] толькі і думаюць, каб мы яшчэ і яшчэ цешыліся крывавым феерверкам вайны. Лынькоў. // Заможны, багаты (пра жыццё). Але што значыць для такога чалавека [здрадніка] ўдзячнасць, калі ёсць больш моцныя магніты для яго — сытае жыццё? Мікуліч.

4. Багаты на яду, харчовыя прадукты. Купіў [дзед Малах] на марскім беразе домік, сабраўся дажываць век, ды сталася з чалавекам дзіва: усё кінуў у тым прыгожым і сытым краі, паміраць прыехаў у родную вёску. Карамазаў.

5. Разм. Сытны. Пасля сытай вячэры і самакрутак з духмянай махоркі дарэчы было б расцягнуцца .. і супачыць. Брыль. Застаўляе [пан Патоцкі] стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. / Пра пах, пару ад яды і пад. У млявым вячэрнім паветры стаяў сыты пах свежага малака. Самуйлёнак.

6. Які мае ў сабе шмат тлушчу. Сытае мяса.

•••

Сыты па горла — з лішкам, дастаткова каму‑н. чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дава́ць, даю́, дае́ш, дае́; даём, даяце́; незак., каго-што.

1. Незак. да даць.

2. заг. дава́й(це); з інф. незак. ці з 1 ас. мн. буд. Разм. Выражае запрашэнне да сумеснага дзеяння. Давай спаць. Давай возьмемся за работу. □ [Мігуцкі:] Я не хачу гвалтаваць вашага сумлення, але давайце разважаць сур’ёзна. Крапіва.

3. заг. дава́й; з інф. незак. Разм. Ужываецца ў значэнні: пачаў, стаў, узяўся энергічна рабіць што‑н. Купец кінуў гуслі, а сам выхапіў у фурмана пугу ды давай коней гнаць. Якімовіч. Пёс Лютня ўскочыў мядзведзю на спіну і давай кусаць. Бядуля.

•••

Быту не даваць — не даваць спакою каму‑н.

Вачам веры не даваць — пра неабходнасць пільна, уважліва ставіцца да чаго‑н., паўторна правяраць што‑н.

Даваць у нос — тое, што і біць у нос (гл. біць).

Не даваць жыцця каму — турбаваць, непакоіць.

Не даваць кроку ступіць — пра немагчымасць або забарону свабодна дзейнічаць.

Не даваць літасці каму — не рабіць уступак, не пакідаць без пакарання за якую‑н. віну.

Не даваць праходу каму — настойліва прыставаць з пытаннямі, просьбамі, размовамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)