разве́дчык, ‑а, м.
1. Той, хто пасланы ў разведку (у 1 знач.), які ўваходзіць у склад разведкі (у 3 знач.). У час гітлераўскай акупацыі егер Мацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. В. Вольскі. Разведчыкі даносілі з усіх бакоў адно: абарона на поўдні і поўначы прарвана. Брыль. // Самалёт або судна, якія вядуць назіранне за праціўнікам.
2. Агент разведкі (у 4 знач.). Як і трэба было чакаць, факір аказаўся разведчыкам адной з вялікіх дзяржаў. Мікуліч.
3. Спецыяліст па разведцы нетраў, па пошуках карысных выкапняў. Разведчыкі выявілі багатыя нафтавыя паклады. // перан. Пра першаадкрывальніка, заснавальніка чаго‑н. Разведчыкі космасу. □ Мы — першыя ў свеце Разведчыкі будучыні, Наватары, багаборцы, Шчасця людскога Нястомныя творцы. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; зак., каго-што.
1. Аддзяліць адно ад другога; раз’яднаць, раскрыць што‑н. самкнутае, сашчэпленае. Разняць пальцы. Разняць павекі. □ Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. — Мам, паглядзі, што я знайшоў, — урачыста паведаміў.. [Юрка] і разняў кулачок, у якім была заціснута божая кароўка. Карпаў.
2. Развесці ў бакі тых, хто б’ецца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх! Колас. П’яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Брыль.
3. Раз’яднаць, разабраць на часткі. [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца ружовым, афарбоўвацца ў ружовы колер. Неба на паўночным усходзе святлела, і срэбная паласа паўзла на ўсход і паступова шырылася, ружавела. Шамякін. Ледзь-ледзь пачаў ружавець усход і змрок ночы змяніўся перадранішняй бледнасцю. Краўчанка. // безас. Пра наступленне раніцы. За акном ужо ружавела.
2. Чырванець, пакрывацца румянцам. Чорныя .. [Рыгоравы] вочкі гарэлі, як вугалькі, і смуглыя шчокі сарамліва ружавелі. Колас. Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Брыль.
3. Выдзяляцца сваім ружовым колерам, віднецца (пра што‑н. ружовае). Сям-там ружавеюць шапкі цыбатых мухамораў. Кандрусевіч. Ён [Нішка] з дарогі звярнуў адзінока І кароткі зрабіў адпачынак, Дзе на ўзмежку самотная вішня Ружавела дарамі галінак. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рука́ў, ‑кава, м.
1. Частка адзення, якая пакрывае руку ці частку рукі. Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Лынькоў. [Тамаш] схаваў пальцы рук у рукавы і зарагатаў. Чорны.
2. Адгалінаванне, якое адыходзіць ад галоўнага вусця ракі. З рукава рэчкі, падхопленая струменем, плыла некім сарваная галоўка лілеі. Арочка. Яшчэ дзесятак метраў быстрыні і рукавы рэчкі, вырваўшыся з-за вострава на шырыню, злучыліся. Брыль.
3. Труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў, сыпучых целаў. Пажарны рукаў. □ Па рукаве з каменных жорнаў Плыла бялей за снег мука. Астрэйка.
•••
Закасаўшы рукавы гл. закасаўшы.
Рукавом закусіць гл. закусіць.
Смяяцца ў рукаў гл. смяяцца.
Спусціўшы рукавы гл. спусціўшы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сакрэ́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца сакрэтам, невядомы ўсім; тайны. Сакрэтны пакет. □ Любіў [Даніла] таксама патаемна Лісток сакрэтны пачытаць. Колас. [Партызаны] не ведаюць аднаго сакрэтнага слова, ключа ў нямецкі абарваны круг. Брыль. [Гарлахвацкі:] У цябе там у пакоі, здаецца, людзі ёсць?.. Папрасі ўсіх выйсці. Так, размова будзе сакрэтная. Крапіва. // Звязаны з вядзеннем спраў закрытага парадку. Сакрэтная работа. Сакрэтны аддзел. □ Не дарма ўжо праз некалькі дзён паслаў.. [Лялькевіч] Даніка ў Гомель з нейкім сакрэтным заданнем. Шамякін. // Сакрэтна размешчаны. І бамбавозы з сакрэтных баз Прагнуць закрыць наша сонца ў небе... Панчанка.
2. Мудрагелістай канструкцыі, з механізмам, дзеянне якога вядома не ўсім. Сакрэтны замок. □ Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сербану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да сёрбаць (у 1, 2 знач.).
2. чаго. Разм. З’есці колькі‑н. (чаго‑н. вадкага). Марыля сербанула разоў колькі квашанай капусты з грыбамі-апенькамі, адставіла міску, зноў аб нечым задумалася. «Беларусь».
3. перан.; чаго. Разм. Многа перанесці, зазнаць гора. [Ячны:] — Каб сербануў і ты [Шарэйка] за век таго, што я ці, скажам, бацька твой — таксама прафесарам стаў бы. Брыль. На.. [вайне] Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла. Быкаў.
4. Абл. Сцебануць. Хацеў яшчэ [дзед Купрыян] параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сербануць разы са два, калі.. [Аўгіня] вінавата. Колас. [Дзед:] — Мне лазовы дубчык сербануў па воку. Чорны.
•••
Сербануць лішняга — хапіць (выпіць) занадта многа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.
2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Агаляць, паказваць зубы (звычайна пра жывёлу). Сытыя коні то нагінаюцца раз-поразу да высокай травы, то гуляць вушы, скаляць зубы і паіўкваюць адзін па аднаго. Брыль. Падаляка качаргою падварушваў дровы ў печцы і скаліў зубы, крывячыся ад гарачыні. Пестрак.
•••
Скаліць (шчэрыць) зубы — смяяцца, рагатаць; насміхацца. Хлопцы пырснулі ад смеху. [Інструктар райкома:] — Ну, хопіць... Справа сур’ёзная, а вы зубы скаліце. Новікаў. Усе засмяяліся, а Рыгор зазлаваў: — Я сур’ёзна кажу, а ты зубы скаліш! Шашкоў. [Леснічыха:] Ат, што мне зубы з табой скаліць! Няма ў мяне часу на гэта. Козел. [Левановіч:] — Ну, ты, Фарафонаў, з мяне зубы не скаль. Я старэй за цябе... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смы́каць, смычу, смычаш, смыча і ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Выскубваць кудзелю пры прадзенні. [Маці:] — Будзеш і прасці, маленькая, ты ж ужо добра смыкаеш. Брыль. Смыча нітку яна [маці], ўсё кудзельку прадзе. Колас. Звычайна, добра сагрэўшыся, Ганька адсоўваецца на край печы, садзіцца на сваю прасніцу і, звесіўшы, як старая жанчына, ногі, старанна смыча кудзелю — прадзе на зрэб’е. Васілевіч.
2. Скубці, шчыпаць што‑н. — А, каб ты скіс! — глянула бабка на печ. — Зноў смыкаеш тую цыбулю? Увесь вянок зараз растрасеш! Каліна.
3. Трэсці, тузаць. Смыкаць за рукаў. Смыкаць за вяровачку.
4. Перасмыкваць. Радасны настрой апанаваў хлопца, ён штурхаў Чумака, жартаваў, не звяртаючы ўвагі на тое, што той нездаволена смыкае вуснамі. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Цярпліва вынесці, вытрымаць (што‑н. страшэннае, непрыемнае. нясцерпнае). Стрываць боль. □ Як цяжка ні будзе, — стрываем. Радзіма, не зганьбім цябе! Астрэйка. Колькі перанесла .. [маці] гора — ні адна жывая душа не стрывала б. Ваданосаў. // без дап. (звычайна з адмоўем). Стрымацца, утрымацца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. слоў, учынкаў). Хлопчык не стрываў і, калі дзядзька выйшаў з хаты, спытаўся ў бацькі, навошта той гаварыў гэтак з Анісімам. Сачанка. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Акцызнік не стрываў — сышоў да Парыпанавай студні. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)