АРЭ́НДА (польскае arenda ад лацінскага arrendare аддаваць у наймы),

маёмасны наём (дагавор), паводле якога ўласнік маёмасці (арэндадавец) здае арандатару сваю маёмасць на часовае карыстанне за пэўную плату. Арандатарамі могуць выступаць юрыдычныя асобы (прадпрыемствы, установы і арганізацыі) і асобныя грамадзяне, арэндадаўцамі — любы ўласнік маёмасці ці органы, арганізацыі, упаўнаважаныя ўласнікам. Адносіны арандатара і арэндадаўца рэгламентуе заключаны паміж імі дагавор, які прадугледжвае склад і кошт маёмасці, што перадаецца ў арэнду, парадак яе перадачы, памер арэнднай платы, тэрмін арэнды, абавязкі і правы арандатара і інш. Здаючы маёмасць у арэнду, арэндадавец застаецца яе ўласнікам. Арандатар з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходаў, якімі ён, заплаціўшы прадугледжаную дагаворам арэндную плату, можа самастойна распараджацца. Арандатар са згоды арэндадаўца можа поўнасцю ці часткова выкупіць арандаваную маёмасць на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.

Узнікла арэнда ў рабаўладальніцкім грамадстве як арэнда зямлі: землеўладальнікі (латыфундысты) перадавалі яе для апрацоўкі рабам і беззямельным сялянам, што павышала зацікаўленасць апошніх у лепшых выніках працы і спрыяла ўмацаванню новага спосабу спалучэння эканамічных інтарэсаў уласнікаў зямлі і землекарыстальнікаў. Пазней арэнда пашыралася на іншыя сродкі вытворчасці, набыла новыя формы — арэнднае прадпрыемства, арэндны падрад, лізінг.

На Беларусі ў дасавецкі час пераважала арэнда зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці арэндная форма гаспадарання была спынена. Адноўлена на пачатку 1920-х гадоў у час ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі з мэтай паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. За 1921—26 у арэнду здадзена 620 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 536 дробных і 90 буйных (пераважна харчасмакавай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цагельнай прамысловасці). З перамогай сацыялістычнага ўкладу ў эканоміцы арэндная форма гаспадарання была зноў спынена. З канца 1980-х гадоў арэнда развіваецца як адзін з кірункаў раздзяржаўлення ўласнасці. Прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі закон аб арэндзе (1990) дазваляе арандаваць зямлю, іншыя прыродныя рэсурсы, асноўныя сродкі вытворчасці, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі ці іх асобныя падраздзяленні. Для аховы інтарэсаў арандатараў створаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў і арандатараў.

Л.​А.​Лобан.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БА,

чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.

Літ.:

Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;

Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;

Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.

С.​П.​Макараў.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ (польск. herb ад ням. Erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы, роду, горада, дзяржавы. Узніклі ў канцы 11—12 ст. ў час крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблем найчасцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасці. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (гал. атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, клейнод (фігура на шлеме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой закрывалі шлем ад сонца), карона. У познім сярэдневякоўі ў гербе з’явіліся неабавязковыя элементы — шчытатрымальнікі, стужкі з дэвізам, ордэны. Гербавыя выявы падзяляюцца на фігуры геральдычныя (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Гербавыя шчыты маюць розную форму і паходжанне, назвы іх тыпаў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найб. распаўсюджанне. У гербе змяшчаюць кароны: княжацкія, графскія, шляхецкія і інш. Колеры ствараюць фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая, чорная) і металамі (золата — жоўты, серабро — белы), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). Існуюць сістэмы перадачы колераў і футра штрыхоўкай пры чорна-белым адлюстраванні герба. У гербе бел. шляхты пераважаюць блакітныя і чырв. фарбы. У ВКЛ гербы з’явіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. старажытны вядомы на пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае герб «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня». У сярэдневякоўі герб быў знакам шляхціца і яго ўлады на пэўнай тэрыторыі. Калі гэта ўлада трымалася працяглы час, герб замацоўваўся ў якасці зямельнага або дзяржаўнага і выконваў сваю функцыю нават пры ўладзе інш. феадала. Пазней узніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў. Герб вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербоўнікамі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Элементы герба. Кароны: 1 — імператарская расійская; 2 — каралеўская; 3 — княжацкая; 4 — графская; 5 — баронская французская; 6 — шляхецкая; 7 — гарадская расійская. Шчыты: 8, 9 — нарманскія (фігуры — слуп, пас); 10 — французскі (фігура — спалучэнне слупа і паса); 11 — іспанскі (фігура — перавязь); 12 — італьянскі (фігура —кроква); 13 — нямецкі (фігура — падножжа); 14 — дамскі (фігура — вяршыня). Асноўныя гербавыя колеры: 15 — чырвоны; 16 — блакітны; 17 — зялёны; 18 — пурпурны; 19 — чорны; 20 — сярэбраны; 21 — залаты.
Герб «Налэнч» графаў Рачынскіх, яго элементы: 1 — клейнод; 2 — кароны; 3 — шлем (прылбіца); 4 — намёт; 5 — шчыт; 6 — шчытатрымальнікі; 7 — стужка з дэвізам.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІ́ЗМ (ад лац. communis агульны),

агульная назва шэрагу розных канцэпцый аб ідэальнай грамадскай арганізацыі, а таксама гіпатэтычнага грамадскага і эканам. ладу, заснаванага на поўнай роўнасці і грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці.

Найбольш раннія тэарэт. канструкцыі К. належаць Платону, у ідэальнай дзяржаве якога праглядваюцца рысы К., а таксама старажытнаму хрысціянству.Утапічны К. прапагандавалі Т.Кампанела, Т.Мор, Ф.Бабёф і інш. Практычныя спробы пабудовы К. як соцыуму ўсеагульнага дабрабыту неаднаразова рабіліся манаскімі ордэнамі, рэліг. сектамі, у т. л. на тэр. Беларусі (гл. Камуністы), у абшчынах (камунах), якія стваралі прадстаўнікі утапічнага сацыялізму (Р.Оўэн, К.Л.Сен-Сімон і іх паслядоўнікі).

У марксісцкай канцэпцыі К. — грамадска-эканам. фармацыя, якая ў выніку пралет. рэвалюцыі змяняе капіталізм, грунтуецца на грамадскай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці і садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы; а таксама адпаведныя тэорыя і ідэалогія, створаныя К.Марксам, Ф.Энгельсам, У.І.Ленінам (гл. Марксізм). У сваім развіцці яна праходзіць 2 фазы (ступені) — ніжэйшую, якая наз. сацыялізмам, і вышэйшую, якая наз. поўным К. Часам тэрмін «К.» ужываецца для вызначэння тыпу грамадства, гістарычна першы ўзор якога быў створаны ў СССР. Тут, а таксама ў шэрагу інш. краін свету былі дасягнуты значныя вынікі ў фарміраванні камуніст. грамадскіх адносін, але выявіўся і шэраг негатыўных з’яў (рэпрэсіі, застой у эканоміцы і інш.), некаторыя рысы, характэрныя для «казарменнага камунізму», што абвастрыла крызіс камуніст. ідэалогіі і практыкі. Асноўны прынцып К. «ад кожнага па здольнасцях — кожнаму па патрэбнасцях» не ўдалося практычна рэалізаваць ні ў адной краіне свету. Разам з тым асобныя ідэі К., якія маюць карані ў саміх асновах чалавечага быцця, ва ўмовах нарастання глабальных сусветных праблем узмацняюцца ў свядомасці людзей і ў грамадскай практыцы некаторых краін.

Літ.:

Платон. Собр. соч.: В 4 т. Т. 1—2. М., 1991;

Джонсон Х. Христиане и коммунизм: Пер. с англ. М., 1957;

Маркс К. Крытыка Гоцкай праграмы. Мн., 1968;

Энгельс Ф. Принципы коммунизма // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 4;

Ленин В.И. О социализме и коммунизме. М., 1986;

Зиновьев А.А. Коммунизм как реальность;

Кризис коммунизма. М., 1994;

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Данилов А.Н. Переходное общество: Пробл. системной трансформации. Мн., 1997.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ СПАРТЫ́ЎНЫЯ АБ’ЯДНАННІ,

сусветныя і рэгіянальныя міжнар. арг-цыі ў галіне фіз. культуры і спорту. Іх членамі з’яўляюцца міжнар. і нац. спарт. арг-цыі, асобныя ўстановы і асобы. Адрозніваюць М.с.а.: універсальныя і спецыяльныя агульнага характару (напр., Міжнар. алімп. к-т, Міжнар. савет фіз. Выхавання і спорту і інш.); па відах спорту; па галінах ведаў і дзейнасці, якія маюць дачыненне да фіз. культуры і спорту (напр., міжнар. федэрацыі спарт. медыцыны, спарт. прэсы і інш.); аб’яднанні спартсменаў па прафесійнай прыналежнасці (напр., Міжнар. федэрацыя універсітэцкага спорту, Міжнар. спарт. саюз чыгуначнікаў і інш.), рэлігійнай — Міжнар. каталіцкі саюз фіз. выхавання і спорту і інш. Большасць М.с.а. кіруюць развіццём аматарскага спорту, некат. аб’ядноўваюць арг-цыі аматараў і прафесіяналаў (напр., міжнар. федэрацыі тэнісу, футбольных асацыяцый). Існуюць М.с.а. прафесійнага спорту (напр., Міжнар. федэрацыя барацьбы). Задачы М.с.а.: садзейнічанне спарт. арг-цыям асобных краін у стварэнні нац. федэрацый, іх прызнанне, устанаўленне і ўмацаванне сувязей з імі, практычная дапамога ў іх дзейнасці, кантроль за выкананнем гэтымі арг-цыямі прынятых статутаў; вывучэнне і распаўсюджанне міжнар. вопыту; утварэнне матэрыяльна-фін. базы развіцця фіз. культуры і спорту; удасканаленне, тлумачэнне афіц. міжнар. палажэнняў пэўнага віду спорту; планаванне і арг-цыя міжнар. спаборніцтваў (чэмпіянатаў свету, кантынентаў і інш.); рэгістрацыя і зацвярджэнне рэкордаў (свету, кантынентаў) і інш. Бюджэты М.с.а. складаюцца з членскіх узносаў нац. спарт. арг-цый, прыватных ахвяраванняў, субсідый урадаў і міжурадавых арг-цый, адлічэнняў ад даходаў пры правядзенні спаборніцтваў, ад выдавецкай дзейнасці, платы за права трансляцыі спаборніцтваў па тэлебачанні і інш.

Першыя М.с.а. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (міжнар. федэрацыі веславання, гімнастыкі, міжнар. саюзы канькабежцаў і веласіпедыстаў, Міжнар. алімп. к-т і інш.). Існуе больш за 200 М.с.а., у т. л. больш за 100 па асобных відах спорту. У 1960-я г. з мэтай кансалідацыі нац. спарт. арг-цый і М.с.а. створаны ў якасці кансультатыўных арг-цый Ген. асацыяцыя Міжнар. спарт. федэрацый. Ген. асамблея нац. алімп. к-таў і Пастаянная кансультатыўная канфедэрацыя нац. алімп. к-таў Еўропы.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ЕЎРО́ПЫ (СЕ; англ. Council of Europe, франц. Conseil de l’Europe),

найстарэйшая міжпарламенцкая і міжурадавая кансультатыўная паліт. арг-цыя еўрап. дзяржаў, утвораная ў 1949 для садзейнічання інтэграцыйным працэсам у галіне правоў чалавека. Статут арг-цыі падпісаны 5.5.1949 (набыў сілу 3.8.1949) у Лондане на канферэнцыі 10 дзяржаў-заснавальніц (Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Італія, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Францыя, Швецыя). Пазней у СЕ уступілі Грэцыя і Турцыя (1949), Ісландыя (1950), ФРГ (1951), Аўстрыя (1956), Кіпр (1961), Швейцарыя (1963), Мальта (1965), Партугалія (1976), Іспанія (1977), Ліхтэнштэйн (1978), Сан-Марына (1988), Фінляндыя (1989), Венгрыя (1990), Польшча (1991), Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка (1991, з 1993 асобна Чэшская і Славацкая Рэспублікі), Балгарыя (1992), Эстонія, Літва, Славенія, Румынія (усе ў 1993), Андора (1994), Албанія, Латвія, Македонія, Малдова, Украіна (усе ў 1995), Расія і Харватыя (1996), Грузія (1999); усяго 41 дзяржава (1999). Статус назіральніка маюць Ізраіль (з 1961) і ЗША (з 1996). Займаецца шырокім колам пытанняў чалавечага вымярэння: ад абароны правоў чалавека, умацавання дэмакр. шматпарт. рэжымаў, выпрацоўкі захадаў для вырашэння агульных праблем грамадскага жыцця, фарміравання агульнаеўрап. культ. супольніцтва да барацьбы з тэрарызмам. Спрыяе уніфікацыі заканадаўства розных краін у галіне правоў чалавека. Праводзіць экспертызу ўзроўню абароны правоў асобы ў канкрэтнай краіне, у яе заканадаўстве і на практыцы. Органамі СЕ, рашэнні якіх маюць рэкамендацыйны характар, з’яўляюцца: К-т міністраў (уваходзяць міністры замежных спраў краін-членаў), Парламенцкая асамблея (уваходзяць прадстаўнікі нац. парламентаў дзяржаў-членаў), Ген. сакратарыят, Кангрэс абшчын і рэгіёнаў Еўропы. Пры СЕ функцыянуе шэраг спецыялізаваных устаноў — Еўрап. суд па правах чалавека, Еўрап. камісія па правах чалавека, Савет культ. супрацоўніцтва. Штаб-кватэра знаходзіцца ў г. Страсбур (Францыя) у Палацы Еўропы. Сімвал СЕ — зацверджаны 8.12.1955 еўрап. флаг (12 залатых зорак, размешчаных па крузе на блакітным фоне).

У 1993 упершыню адбыўся афіц. візіт ген. сакратара СЕ К.​Лалюм’ер у Рэспубліку Беларусь. У 1993 Беларусь накіравала афіц. заяву з просьбай аб уступленні ў СЕ, у 1997 статус рэспублікі ў гэтай арг-цыі як «спецыяльна запрошанай» прыпынены.

Літ.:

Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі. Пер. з англ. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІДА́РНАСЦЬ,

сацыяльна-філасофскае паняцце, якое азначае агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне асн. прынцыпаў светапогляду, сумесныя практычныя дзеянні дзеля станоўчага вырашэння важных грамадскіх праблем, сумесную адказнасць за стан дзяржавы і грамадства. Канцэпцыі С. займаюць цэнтр. месца ў сістэме сацыяліст. ідэй, нац. і нацыяналіст. ідэалогіях, ідэйна-паліт. праграмах сац., нац.-вызв., рэфарматарскіх і інш. масавых рухаў, што імкнуцца мабілізаваць энергію людзей і накіраваць яе на дасягненне агульных праграмных ідэй. Паводле франц. філосафа А.​Конта, С. з’яўляецца вынікам падзелу працы. Франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм адрозніваў механічную С., характэрную для неразвітых архаічных грамадстваў, і арганічную, характэрную для развітога грамадства з дасканалай сістэмай падзелу працы. С. — цэнтр. катэгорыя рус. філасофіі народніцтва, прадстаўнікі якога лічылі С. найважнейшым крытэрыем развіцця грамадства: яе нарастанне прыводзіць да прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту, а зніжэнне выклікае барацьбу за існаванне, беднасць і абвастрэнне сац. канфліктаў (М.​А.​Бакунін, П.​А.​Крапоткін, П.​Л.​Лаўроў, Л.​І.​Мечнікаў, М.​К.​Міхайлоўскі і інш). Вышэйшы сэнс С. народнікі бачылі ва ўзгадненні матэрыяльных і нематэрыяльных інтарэсаў кожнай асобы з яе грамадскімі абавязкамі. Лаўроў, Мечнікаў экстрапаліравалі паняцце С. па-за межы чалавечага грамадства, лічылі яе якасцю ўсяго арган. свету, у якім узаемная падтрымка забяспечвае выжыванне пэўнага віду ў барацьбе з інш. і служыць фактарам яго развіцця. На іх думку, С. у грамадстве разбураецца пад уплывам рыначных адносін, індывідуалізму. Паводле Лаўрова, перадумовай С. з’яўляецца ліквідацыя эканам. канкурэнцыі. Мечнікаў разглядаў С. як гал. фактар гіст. працэсу, а прагрэс у грамадстве звязваў з узроўнем развіцця кааперацыі і паслядоўнай зменай яе форм: паднявольныя саюзы, якія трымаюцца на знешнім прымусе, саступаюць месца падпарадкаваным саюзам, якія залежаць ад падзелу працы; канчатковай і вышэйшай формай кааперацыі з’яўляецца свабодны саюз індывідаў, у якім С. усталёўваецца ў выніку свабоднага волевыяўлення.

Літ.:

Лавров П.Л. Философия и социология: Избр. произв. Т. 2. М., 1965;

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Мечников Л.И. Цивилизация и великие исторические реки. Статьи. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОТ ((Scott) Вальтэр) (15.8.1771, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 21.9.1832),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. Па адукацыі юрыст. З 1799 шэрыф, з 1806 сакратар суда. Літ. дзейнасць пачаў са збірання нар. легенд і балад (зб. «Песні шатландскай мяжы», ч. 1—3, 1802—03). Папулярнасць набыў рамант. паэмамі «Песня апошняга менестрэля» (1805), «Марміён» (1808), «Дзева возера» (1810) і інш., у якіх спалучэнне драм. фабулы з маляўнічымі шатл. пейзажамі, сцэнамі палявання і казачнымі прыгодамі. Сусв. вядомасць С. прынеслі гіст. раманы, у якіх ён стварыў партрэты Шатландыі, Англіі і кантынента з пач. сярэдневякоўя і да канца 18 ст., паказаў уплыў паліт. і інш. сіл на развіццё чалавечай асобы. Аўтар т.зв. шатландскіх раманаў, у т. л. «Уэверлі» (1814), «Пурытане» (1816), «Роб Рой» (1818), у якіх адлюстраваў найб. значныя падзеі з гісторыі Шатландыі. У рамане «Айвенга» (т. 1—3, 1820, экранізаваны ў 1952 і 1983) на фоне жорсткага самавольства феадалаў, гвалтоўных дзеянняў рыцараў-крыжакоў паказаў рамант. каханне і адвагу, пышнасць рыцарскіх турніраў. Раманы «Манастыр», «Абат» (абодва 1820), «Кенілварт» (1821), «Вудстак» (1826) і інш. пра падзеі з гісторыі Англіі, раман «Квенцін Дорвард» (т. 1—3, 1823, экранізаваны ў 1988) пра абс. манархію ў Францыі ў часы праўлення Людовіка XI. Сярод найб. вядомых раманаў: «Чорны карлік» (1816), «Ламемурская нявеста» (1819), «Перцкая прыгажуня» (1828), «Граф Роберт Парыжскі» (1832, экранізаваны ў 2000 пад назвай «Рыцарскі раман») і інш. Аўтар гіст. і гісторыка-літ. прац, аповесцей, навел. Творчасць С., якая вызначаецца гістарызмам, асабістым поглядам на падзеі, рамант. героямі і рэаліст. паказам жыцця, паўплывала на развіццё гіст. рамана ў сусв. л-ры 19—20 ст. На бел. мову яго асобныя раманы пераклалі Л.​Забалоцкая, М.​Пазнякоў.

Тв.:

Бел. пер. — Айвенга. Мн., 1997;

Квенцін Дорвард. Мн., 1997;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—20. М.; Л., 1960—65.

Літ.:

Орлов С.А. Исторический роман Валыгера Скотга. Горький, 1960;

Реизов Б.Г. Творчество Вальтера Скотта. М.; Л., 1965;

Пирсон Х. Вальтер Скотт. 2 изд. М., 1983;

Вальтер Скотт: Биобиблиогр. указ. М., 1958.

М.​С.​Рагачэўская.

В.Скот.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЦШЭ ((Nietzsche) Фрыдрых Вільгельм) (15.10.1844, Рокен, каля г. Лютцэн, Германія — 25.8.1900),

нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця. Вучыўся ў Бонскім і Лейпцыгскім ун-тах. Праф. Базельскага ун-та (1869—79). Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф.​Шылера і прадстаўнікоў ням. рамантызму, развіў ідэі аб існаванні 2 тыпаў культуры: дыянісійскай — жыццесцвярджальнай, аргаістычнай і ў той жа час трагічнай, якая адпавядае хаатычнай накіраванасці самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскай — сузіральнай, аднабакова разумовай і аптымістычна радаснай. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэч. трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р.​Вагнера, Ф.​Шылера, Г.​Гётэ. У якасці культ.-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1—3, 1883—84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Н. актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы (Herenrasse), і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Н. быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусв. волі (як у А.​Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Н. сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе. Н. прадказваў распад еўрап. духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба Н. за вызваленне людзей ад улады духоўных і сац. аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап. нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887). Спадчына Н. паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і л-ры канца 19—20 ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрап. культуры. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме. У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Н., яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г.​Зімель, Г.​Файгінгер, О.​Шпенглер, А.​Камю, М.​Хайдэгер, У.​С.​Салаўёў, Х.​Артэга-і-Гасет, М.​А.​Бярдзяеў і інш. Н. прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і універсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжала яго канцэптуальныя пазіцыі з З.​Фрэйдам, Э.​Фромам, К.​Хорні, А.​Адлерам, К.​Юнгам і інш. Шэраг ідэй Н. (2 пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т.​Мана, Б.​Шоу, Дж.​Лондана, В.​Брусава, М.​Гумілёва, М.​Ікбана і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;

Стихотворения;

Философская проза. СПб., 1993;

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1994;

Человеческое, слишком человеческое;

Веселая наука;

Злая мудрость. Мн., 1997;

Афоризмы и изречения. Мн.. 1997;

По ту сторону добра и зла;

Казус Вагнер;

Антихрист;

Ecce Homo. Мн., 1997.

Літ.:

Манн Т. Философия Ницше в свете нашего опыта // Собр. соч.: Пер. с нем. М., 1961. Т. 10;

Философия Ф.​Ницше. М., 1991;

Ясперс К. Ницше и христианство: Пер. с нем. М., 1994;

Кучевский В. Философия нигилизма Ф.​Ницше. М., 1996;

Фридрих Ницше и русская религиозная философия. Т. 1—2. Мн. 1996;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996;

Клюс Э. Ницше в России: Революция моральною сознания: Пер. с англ. СПб., 1999.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)