ПРАСТАМО́ЎЕ,

1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасць нацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.

Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.

В.​П.​Красней.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНАЯ ДЫСЦЫПЛІ́НА,

абавязковае выкананне працоўнага распарадку і адпаведных працоўных абавязкаў. Асн. нарматыўнымі актамі П.д. ў Беларусі з’яўляюцца КЗаП, Тыпавыя правілы прац. распарадку, галіновыя і мясц. правілы ўнутр. прац. распарадку. Паводле КЗаП работнік павінен: добрасумленна працаваць; выконваць устаноўленыя нормы па ахове працы; беражліва адносіцца да маёмасці і наймальніка, выконваць яго пісьмовыя і вусныя распараджэнні ў адпаведнасці з дадзенымі яму паўнамоцтвамі; садзейнічаць павышэнню прадукцыйнасці працы і забяспечваць выкананне патрабаванняў да якасці прадукцыі, работ і паслуг; не выдаваць камерцыйную тайну наймальніка; павышаць сваю кваліфікацыю па прапанове наймальніка і за яго кошт; падпарадкоўвацца правілам унутр. распарадку, інш. дакументам, якія рэгламентуюць пытанні П.Д.; выконваць інш. абавязкі, што вынікаюць з дзейнага заканадаўства, калект. і прац. дагавораў. КЗаП абавязвае наймальніка арганізоўваць працу работнікаў, ствараць умовы для росту прадукцыйнасці працы, забяспечваць прац. і вытв. дысцыпліну, выконваць заканадаўства аб працы і правілы яе аховы, уважліва ставіцца да патрэб і запатрабаванняў работнікаў, паляпшаць умовы іх працы і побыту. За ўзорнае выкананне прац. абавязкаў да работнікаў выкарыстоўваюцца меры заахвочвання; за парушэнні П.д. — меры дысцыплінарнага спагнання; у асобных выпадках — прадугледжаная заканадаўствам адказнасць.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вута́к ’самец качкі, селязень’ (Мат. Гом.); параўн. на беларуска-літоўскім паграніччы вута́к ’качаня’ (Балто-слав. сб. 382), укр. палес. вута́к ’селязень’. Другаснае ўтварэнне ад ву́тва ’качка’, (< *ǫty, ǫtъve), узнікшае ў сувязі з пераасэнсаваннем формы зыходнага слова ў якасці зборнага назоўніка, параўн. дзятва́ ’дзеці’, і вычляненнем асновы вут‑, суфіксацыя, як у гуса́к (З жыцця); форма са значэннем ’качаня’ ўтворана з суф. ‑ак, які на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі выступае ў назвах маладых істот тыпу цяля́к, хлапча́к і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́лта ’талакно, страва, прыгатаваная з паранай аўсянай мукі на халоднай вадзе’ (Жд. 1, Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.; ашм., Крачк.; ашм., вілен., Кар.; мядз., Нар. сл.), ст.-бел. мѣлта, милта. Літуанізм. Параўн. літ. шальч. mìlta ’eжа з кіслага малака і грэцкай мукі’ (Урбуціс, Baltistica, 5, 65). Гэтак жа Непакупны (Связи, 172), Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 67; Лаўчутэ, Балтизмы, 39). Карскі (Труды, 393) падае ў якасці крыніцы літ. miltai ’аўсяны кісель’, Мікуцкі — miltaj ’талакно’, Булыка (Лекс. запазыч., 119) — mìltai ’мука’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*На́вад, на́вод ’вышыўка’ (ТС). Ад водзіць ’вышываць’ (ТС), што, відаць, адлюстроўвае спецыфічны спосаб вышыўкі, параўн. водзіць водзікі ’тс’ («сінодзікі водзілі на сороццы»); параўн., аднак, балг. дыял. навод ’працягванне нітак асновы праз бёрда і нічальніцы для ткання’, навотки ’тканне ў некалькі нічальніц («у фігуры»)’, нъвдтки ’тонкае палатно з узорамі па ім’, чэш. ηάυοά ’спосаб пратыкання, працягвання нітак асновы праз бёрда’, што ўтвораны ад праслав. *navestif navedę, якое ў шэрагу слав. моў ужываецца і ў якасці ткацкага тэрміна (Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1, 48–49).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаўро́нак ‘жаваранак’ (Сцяшк., Шатал.). З польск. skowronek ‘тс’. Апошняе да прасл. *skovornъkъ, параўн. рус. сковоро́нок, укр. шковоро́нок, якое ўзводзіцца да *skvorovorn(ъkъ) і набліжаецца да скварэц (гл.) (Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 117) або раскладаецца на прыстаўку sko‑ і *vornъ (гл. воран), як мяркуе Брукнер, 496. Інакш Махэк₁ (450), які прапанаваў у якасці зыходнага гукапераймальнае skvir‑/škvor‑, пашыранае суфіксамі ‑anъ/‑onъ/‑nъ, што не пераконвае. Агляд форм і літ-ры гл. Фасмер, 3, 644; Борысь, 553; Антропаў, Назв. птиц, 358. Параўн. жаваранак (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суліма́ ’сулема, хларыд ртуці’ (Некр. і Байк.), ’дэзынфекцыйны сродак’ (Сержп. Прымхі), сулі́ма ’атрута, нячыстая сіла, нячысцік (у пагражальных выразах і праклёнах)’ (ПСл), параўн. укр., рус. сулема́. Адаптаванае запазычанне, крыніцай якога лічыцца с.-лац. sublimatum ’сулема’ (< лац. sublimare ’высока ўздымаць, падносіць, узвышаць’, у пазнейшым спецыяльным значэнні ’выпарваючы цвёрдае цела, атрымаць яго ў ачышчаным крышталічным выглядзе’), параўн. польск. sublimat ’прадукт узгонкі’, ’хларыд ртуці’ — з удакладненнем sublimat gryzący, у якасці непасрэднай крыніцы дапускаюць грэч. σουλιμας < тур. sülimen (Фасмер, 3, 800; ЕСУМ, 5, 471–472).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сітава́ты ‘сітавідны’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Сцяшк., Варл.), ‘трухлявы’ (ТС), ‘трубчасты (аб косці)’ (астрав., пух., Сл. ПЗБ), сі́тавы ‘рэдкі, друзлы: сітавы крам, сітавае палатно, сітавы дуб (Янк. 2), ‘вынашаны, працёрты’ (Нар. сл., Ян.), ‘сітавідны, трухлявы’ (Ян.), сі́цевы ‘тс’ (ТС). Сюды ж сітава́ ‘трухлявае дрэва’, сітаве́ць ‘трухлець, парахнець’ (Мат. Гом.). Укр. ситяви ‘гнілы, трухлявы’, сі́тави ‘тс’, рус. сито́вый (пра дрэва) ‘друзлы, трухлявы’. Відаць, звязана з сіта (гл.). Буга (Rinkt. 2, 546) у якасці адпаведніка прыводзіць літ. sytótas mẽdžias ‘сітавае дрэва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ташчы́ма ’без паклажы’ (паст., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчы́мны ’нішчымны, посны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ташчы́мніца ’нішчымніца’ (Сцяшк. Сл.). Прыслоўе, утворанае з суф. ‑ма ад тошчы ’пусты’ (гл.) па тыпу куды́ма, туды́ма (адносна такіх утварэнняў гл. Карскі 2–3, 67), магчыма, пад уплывам тэрытарыяльна блізкіх і роднасных літ. tuščióm, tuščiomìs ’паражняком, з пустымі рукамі, ні з чым’, tuštỹmė ’пустое месца’. Параўн. нішчымны (гл.), для якога ў якасці этымона побач з прапанаваным спалучэннем ні з чым можна дапусціць ні́шчы ’бедны’ (гл. нішчаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надоба ’хатнія рэчы, неабходныя гаспадыні’ (карэл., Сцяшк.), ’убранне’ (стаўбц., Нар. сл.), на́даб (надыб) ’патрэба’ (Бяльк.), надобʼе (надобʼя) ’госці’ (чэрв., Нар. лекс.), nadobak, nadobinka, nadobnina ’аздобная рэч, патрэбная рэч’ (Федар.), nadóbnina ’драўніна для вырабу сельскагаспадарчых прылад’ (Арх. Федар.), надобейка ’нагода, падзея’ (Песні сямі вёсак). Укр. надоба ’неабходнасць, патрэба’, надібок ’кавалак дрэва або жалеза, прыдатны для справы’, ’гаспадарчыя прылады’, надібʼя ’рэчы, маёмасць’, рус. надоба ’патрэба, неабходнасць’, надобье ’тс’, надобень ’неабходная ў доме рэч’, польск. nadoba ’хараство, прыгажосць’, ’начынне’, nodobie ’прылады’, nadobek ’любы пусты посуд (гаршчок, бутэлька)’, чэш. nádoba ’начынне, посуд’, nádobá ’прылады’, славац. nádoba ’посуд’, в.-луж. nadoba ’прылады, начынне; даход; багацце’, н.-луж. nadoba ’веліч; дабрабыт; начынне’. Вытворнае ад *doba, гл. даба; першасная форма, відаць, надабе (гл.), што ўяўляе спалучэнне прыназоўніка на з формай дав., месн. скл. адз. л. ад названага назоўніка са значэннем ’на часе, у (патрэбны) час’, адкуль развілася форма надоба ’патрэба, неабходнасць’ і іншыя, больш канкрэтныя значэнні, што ўскосна пацвярджаецца і больш ранняй фіксацыяй прыслоўя ў помніках пісьменнасці. У якасці чэхізма ў Скарыны разглядаецца надобье ’пасуда’ (Булыка, Лекс. запазыч., 206), што неабавязкова, паколькі такая форма і семантыка прадстаўлены ў гаворках. З большымі падставамі ў якасці запазычання, відаць, з польскай мовы можна разглядаць вытворнае ст.-бел. надобный ’прыгожы, зграбны’ (з XVI ст., Жураўскі, SOr, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 194), бо, як паказвае семантычная паралель польск. śliczny, чэш. sličný ’падобны, прыгожы’, такое развіццё значэння характэрна для заходнеславянскіх моў (Машынскі, Kultura, II, 1, 101). Зрэшты, некаторыя этымолагі адрозніваюць аманімічныя зыходныя словы і іх вытворныя ад кораня dob‑: doba ’спосаб, від’ (сюды адносяць і падобны, надобны, аздобны і г. д.) і doba ’часавы перыяд’, да якога трэба аднесці астатнія пералічаныя формы (Махэк₂, 121–122; Бязлай, 1, 105). У адпаведнасці з гэтым у якасці зыходнай формы для надоба ’прылада; пасуда’ дапускаецца зборны назоўнік *nadobьje ’патрэба, неабходнасць’, з якога шляхам сінгулярызацыі ён быў утвораны (Махэк₂, 387; Шустар-Шэўц, 13, 980).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)