РАХІ́Т (новалац. rachitis ад грэч. rhachis хрыбет, пазваночнік),
хвароба дзяцей ранняга ўзросту (ад 2 месяцаў да 1 года) і маладняку жывёлы, абумоўленая дэфіцытам у арганізме вітаміну D. Развіваецца ў выніку зніжэння паступлення вітаміну з ежай (кормам) і (або) недастатковасцю яго ўтварэння ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў. Пры Р. парушаецца абмен кальцыю і фосфару, шэрагу мікраэлементаў, бялку, адзначаецца недахоп вітамінаў груп B і C. Захваральнасць больш высокая ў асенне-зімовы перыяд. У дзяцей затрымліваецца развіццё, парушаецца фарміраванне касцей, зніжаецца імунітэт і інш., у выніку парушаецца асанка, бывае малакроўе, карыес і інш. Лячэнне: ультрафіялетавае апрамяненне скуры. прэпараты вітаміну D. У жывёлы на Р. найчасцей хварэюць парасяты, шчаняты, ягняты. Гл. таксама Авітамінозы, Вітамінная недастатковасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТКА ((Rothko) Марк) (25.9.1903, г. Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 25.2.1970),
амерыканскі мастак. Беларускага паходжання. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Іельскага ун-та (1921—23). З 1925 у Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў групы «Дзесяць» (1935). У ранні перыяд звяртаўся да сац. матываў, якія трактаваў у духу экспрэсіянізму, у 1942—47 працаваў у сюррэалістычнай манеры. Пазней звярнуўся да абстрактнага экспрэсіянізму. Творы вызначаюцца манументальнасцю, лаканічнасцю кампазіцыі (абмяжоўваў формы 2—3 квадратамі), пераважна светлым каларытам і аксамітнасцю фактуры, наўмыснай незавершанасцю афарбоўкі плоскасці: «Нумар 10» (1950), «Нумар 118» (1961), «Darke Over Brown № 14» (1963), серыя карцін для аздаблення капэлы Ін-та рэлігіі і чалавека ў Х’юстане (1969—70) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГЛА́МЕНТЫ ПЯТРА́ І,
заканадаўчыя акты Рас. дзяржавы 1-й чвэрці 18 ст. Вызначалі структуру і задачы устаноў, створаных у працэсе пераўтварэнняў, што праводзіліся ў гэты перыяд. Да іх адносяцца: ваен. статуты («Ваенны артыкул», 1716, «Статут воінскі сухапутны», 1716, «Марскі статут», 1720), «Генеральны рэгламент» для калегій (1720), «Духоўны рэгламент» для Сінода (1721), «Рэгламент Галоўнага магістрата» (1721), «Рэгламент Адміралцейства» (1722). Распрацоўваліся Пятром І сумесна з кіраўнікамі дзярж. устаноў і прадстаўнікамі саслоўяў (дваранства, купецтва, духавенства). Нормы, запазычаныя з зах.-еўрап. заканадаўстваў, дастасоўваліся да ўмоў Расіі. Садзейнічалі цэнтралізацыі дзярж. апарату, пераадоленню рэшткаў феад. сепаратызму, умацаванню арміі і флоту. Разам з тым служылі ўмацаванню эксплуатацыі прыгонных сялян і работных людзей, пашыралі правы і прывілеі пануючых саслоўяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГУЛЯ́РНЫ ПАРК, французскі парк,
тып парку, для якога характэрны строгая геам. планіроўка, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі, радковыя пасадкі дрэў, баскеты, шырокія партэры з газонамі ці кветкавым арнаментам, басейны, каналы, фантаны. Цэнтр. месца ў Р.п. займаў палац (замак), ад якога разыходзіліся прамыя алеі. Перад ім звычайна знаходзіліся партэры, вадаёмы і каналы. Выразныя прасторавыя акцэнты ўносілі шматлікія скульптуры, абеліскі, малыя арх. формы. Р.п. з’явіліся ў 17 ст. ў Францыі (парк у Версалі, арх. К.Ленотр). У перыяд класіцызму (18 ст.) пашыраны ў Расіі (паркі гарадоў Петрадварэц, Ламаносаў Ленінградскай вобл., Летні сад у С.-Пецярбургу). На Беларусі вядомыя Р.п.: Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, парк у в.Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМАНТА́НТНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, здольныя да паўторнага або шматразовага цвіцення і плоданашэння на працягу аднаго вегетац. перыяду. Маюць вельмі кароткі перыяд спакою і здольнасць перыядычна (на працягу 2—3 тыдняў) закладваць пладовыя пупышкі, якія хутка прарастаюць, адбываецца аддзяленне бутонаў, цвіценне і плоданашэнне амаль да замаразкаў. Да Р.р. належаць травяністыя (напр., алісум, лабелія, рэмантантны гваздзік), дэкар.-кустовыя (рэмантантныя і чайнагібрыдныя ружы, некат. віды спірэі), цытрусавыя, ягадныя (некат. сарты суніц і малін) культуры. Пры спрыяльных пагодных умовах (цёплая і вільготная восень пасля сухога лета) рэмантантнасць бывае ў бэзу, вішні, грушы, яблыні і інш. Пры паўторным цвіценні і плоданашэнні кветкі і плады драбнеюць, насенне горш узыходзіць. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. і аматарскім садаводстве, кветкаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛЬДА (ад італьян. saldo разлік, рэшткі),
рознасць паміж грашовымі паступленнямі і расходамі за пэўны перыяд. У бухгалтарскім уліку С. — рознасць паміж сумамі па дэбету і крэдыту рахункаў. Дэбетовае С. (дэбет большы за крэдыт) паказвае велічыню рэшткаў гасп. сродкаў, крэдытавае (крэдыт большы за дэбет) — стан крыніц гасп. сродкаў. У бухгалтарскім балансе рахункі з дэбетовым С. складаюць актыў, з крэдытавым — пасіў. У міжнар. гандлі С. — рознасць паміж сумай экспарту і імпарту або сумай патрабаванняў і абавязацельстваў. У гандл. балансе станоўчае С. — перавышэнне экспарту над імпартам, адмоўнае — перавышэнне імпарту. У плацежным балансе станоўчае С. — перавышэнне агульнай сумы паступленняў краіны над яе плацяжамі інш. краінам, адмоўнае — перавышэнне плацяжоў краіны над яе паступленнямі з інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХІ́ЕЎ (Жуніс) (н. 1.3.1950, аул Алмалы Паўд.-Казахстанскай вобл., Казахстан),
казахскі пісьменнік-фантаст. Скончыў Каз.нац.ун-т (1977). З 1977 працаваў у перыяд. друку, з 1980 — у выд-ве «Раўан», з 1986 — у Дзяржкамдруку Рэспублікі Казахстан, з 1988 — у Каз. энцыклапедыі. Першы зб.навук.-фантаст.апавяд. — «Гняздо жыцця» (1983). Аўтар зб-каў аповесцей і апавяд. «Абавязак» (1987), «Злучэнне кальца» (1991), рамана «Качэўнікі з космасу» (1999), шматлікіх арт. пра сусв.навук. фантастыку, навук.-пазнавальных арт. пра астраномію. Асобныя яго навук.фантаст. творы ўвайшлі ў калект.зб-кі «Свежы ветрык» (1977), «Агністы камень» (1981), «Падарожжа ў іншы свет» (1984), «Чырвоны прамень» (1986), «Зборнік казахскіх пісьменнікаў-фантастаў» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Малі, Сенегале, Маўрытаніі. Пачынаецца ў горным масіве Фута-Джалон пад назвай Бафінг, пасля сутокаў з р. Бакой наз. С. Даўж. 1430 км (ад вытоку р. Бафінг), пл.бас. 441 тыс.км². У вярхоўях парожыстая, утварае вадаспады, ніжэй цячэ па раўніннай мясцовасці. Упадае ў Атл. акіян, утварае дэльту (пл. каля 1,5 тыс.км²), у вусці пясчаны бар. Асн. прыток Фалеме. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў перыяд разводдзя ад г. Каес (785 км), пасля спаду вады — ад г. Падор (283 км). Гал. гарады: Каес (Малі), Каэды, Роса (Маўрытанія), Падор (Сенегал), у вусці марскі порт Сен-Луі (Сенегал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНО́ВЫЯ ЧАРАПА́ХІ, гіганцкія чарапахі,
найбольш буйныя віды паўзуноў сям. наземных чарапах. 2 віды: уласна С.ч. (Testudo, або Geochelone, elephantopus) з 11 падвідамі, і гіганцкая С.ч. (T., або G., gigantea). Уласна С.ч. жыве на а-вах арх. Галапагас. Гіганцкая С.ч. захавалася на атоле Альдабра ў Інд.ак. Некат. падвіды вынішчаліся з 17 ст. з-за каштоўнага мяса, тлушчу, яек. Віды і падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 1,5 м, выш. да 0,6 м, маса ад 100 да 400 кг. Маюць буйныя слупападобныя ногі і доўгую шыю. Адкладваюць да 22 яец масай да 140 г кожнае. Інкубацыйны перыяд 6—7 мес. Расліннаедныя. Жывуць да 100—150 гадоў.