САЛАУ́ХІН Уладзімір Аляксеевіч (14.6.1924, с. Алепіна Собінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.4.1997),

рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1951). Друкаваўся з 1945. Паэзія С. шырокага тэмат. (грамадз., пейзажная, любоўная), эмацыянальнага і рытміка-інтанацыйнага (ад верлібра да «вянка санетаў») дыяпазону (зб-кі «Дождж у стэпе», 1953; «Жыць на зямлі», 1965; «Аргумент», 1972; «Вершы», 1990). Лірычныя аповесці-нататкі «Уладзімірскія прасёлкі» (1957) і «Кропля расы» (1960) пра «малую радзіму» і лёсы сваіх аднавяскоўцаў. У эсэістычных кн. «Лісты з Рускага музея» (1966), «Чорныя дошкі» (1969), «Час збіраць камяні» (1980) роздум пра шляхі рус. мастацтва і нац. традыцыі. Аўтабіягр. аповесць «Смех за левым плячом» (1984) пра гады дзяцінства ў драм. часы калектывізацыі. Аўтар рамана «Маці-мачаха» (1964, пра студэнцкае жыццё), маст.-дакументальных кніг-інвектыў «Пры святле дня» (1992), «Салёнае возера» (1994), «Апошняя ступень» (1995), кн. публіцыстычных нататак, лірычных і анекдатычных былей «Каменьчыкі на далоні» (1977—92) і інш. На рус. мову пераклаў аповесці В.​Гігевіча «Калі пойдзе снег» і «Жыціва» (у пер. «Вяртанне памяці»). Яго вершы на бел. мову перакладалі П.​Макаль, Я.​Сіпакоў, В.​Шымук, апавяданні — Я.​Брыль, В.​Вітка, Гігевіч, Г.​Далідовіч, У.​Дамашэвіч, А.​Жук, А.​Кудравец, Я.​Лецка, М.​Стральцоў, І.​Чыгрынаў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1983—84;

Созерцание чуда: Очерки. М., 1986;

Возвращение к началу: Лирич. повесть и роман. М., 1990;

Древо: [О представителях рода князей Волынских] М., 1991;

Бел. пер. — Пад адным дахам. Мн., 1984.

А.​В.​Спрынчан.

У.А.Салаухін.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’Я́Н Мартырос Сяргеевіч (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),

армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар. маст. СССР (1960). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Правадз. чл. АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.​Сярова і К.​Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.​Гагена і А.​Матыса. Чл. маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.​Сіманава, 1939; А.​Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.​Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.

І.​М.​Скварцова.

М.Сар’ян. Фінікавая пальма. Егіпет. 1911.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕ́РЦЬ,

неабарачальнае спыненне жыццядзейнасці; непазбежная канчатковая стадыя існавання жывога арганізма. Працэс надыходу С. вывучае танаталогія. Уласціва цэламу арганізму і яго часткам. Штодня ў жывым арганізме гінуць мільёны клетак розных органаў і тканак, у асобных тканках іх месца займаюць новыя.

Адрозніваюць С. натуральную (у доўгажыхароў; асобныя выпадкі), гвалтоўную (у выніку наўмысных ці ненаўмысных дзеянняў, няшчасных выпадкаў), паталаг. (заўчасная, выкліканая рознымі хваробамі). Прычыны гвалтоўнай С. вывучае суд. медыцына. С. ад хвароб абумоўлена развіццём цяжкіх ускладненняў. Калі ўскладненні развіваюцца раптоўна і хутка прыводзяць да С., яе наз. раптоўнай. Бывае таксама С. унутрывантробная (С. зародыша зародку* або плода, што настае ў арганізме маці на любым этапе ўнутрывантробнага жыцця. у т. л. пры родах). У цеплакроўных жывёл і чалавека С. найперш звязана са спыненнем дыхання і кровазвароту. Адрозніваюць 2 асн. этапы С. — т.зв. клінічную і біял. (сапраўдную). Клінічная С. (спыняецца дыханне і кровазварот, але клеткі і органы яшчэ жывуць) — абарачальны этап памірання, калі за 4—6 мін прыняць неабходныя меры (гл. Рэанімацыя) Магчыма ажыўленне і ў больш аддалены час, але ў кары галаўнога мозга ўзнікаюць неабарачальныя змены — С. мозга. Біял. С. неабарачальная — спыняюцца біял. працэсы ў клетках і тканках; пад уздзеяннем гідралітычных ферментаў, якія выдаляюцца з тканак, пачынаецца распад бялковых структур. У першую чаргу адбываецца распад залозістых органаў — падстраўнікавай залозы, печані. Біял. С. папярэднічае тэрмінальны стан.

Літ.:

Саркисов Д.С. Очерки истории общей патологии. 2 изд. М., 1993;

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 15, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫРАРО́БСТВА,

выраб сыроў з малака с.-г. жывёл. Працэс вытв-сці заснаваны на згусанні малака з дапамогай сычужнага ферменту або малочнай к-ты і ўключае падрыхтоўку малака да згусання (нармалізацыю, пастэрызацыю, унясенне бактэрыяльных заквасак), ператварэнне яго ў шчыльны згустак, выдаленне залішняй сыроваткі, фармаванне, прасаванне ў галоўкі, саленне і вытрымку для выспявання.

Сычужныя сыры атрымліваюць сквашваннем малака пад уздзеяннем сычужных ферментаў, кісламалочныя — малочнай к-ты. Цвёрдыя сыры (галандскі, расійскі і інш.) пасля салення вытрымліваюць пэўны час для выспявання і набыцця характэрнага смаку, водару, кансістэнцыі і колеру; мяккія (ракфор і інш.) выспяваюць пры уздзеянні паверхневай мікрафлоры і цвілі; расольныя (брынза, чанах, сулугуні і інш.) — у расоле, таму не маюць скарынкі і адрозніваюцца вострасалёным смакам. Плаўленыя сыры атрымліваюць пераплаўленнем натуральных сыроў з выкарыстаннем розных (адпаведных кожнаму віду сыру) рэцэптур. Гатовы сыр звычайна пакрыты парафінам. палімернымі плёнкамі, эмульсіямі, этыкетнай паперай. У С. выкарыстоўваюць механізаваныя сыраробныя ванны, фармовачныя апараты, машыны для апрацоўкі парафінам і інш.

С. было развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме, у сярэднія вякі асн. раёнам С. лічылася даліна р. По (Італія). У Францыі рабілі пераважна мяккія сыры (камамбер, ракфор, бры), у Швейцарыі — швейцарскія (эментальскія), у Галандыі — галандскі (эдамскі). Прамысл. развіццё ў Еўропе і Амерыцы С. атрымала ў 19 ст., у Расіі — у 2-й пал. 19 ст. На Беларусі сыраварні вядомы з 16 ст. У свеце вырабляецца каля 700 відаў сыроў (у краінах СНД больш як 160). Гл. таксама Масласыраробная і малочная прамысловасць.

Літ.:

Диланян З.Х. Сыроделие. 3 изд. М., 1984.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 15, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІЛІ́ЯЗМ (ад грэч. chilias тысяча), міленарызм (ад лац. mille тысяча),

рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога канчатковаму канцу свету будзе папярэднічаць тысячагадовы перыяд Царства Божага (другое прышэсце Хрыста), калі ўсталююцца ўсеагульны мір і гармонія паміж чалавекам і прыродай. Узнік ва ўлонні хрысціянства на мяжы 1—2 ст., відаць, пад уплывам іудзейскага вучэння пра месію. Гал. біблейская крыніца Х. — літаральнае тлумачэнне 20—22-й глаў Адкрыцця св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіса), а таксама сцвярджэнні ў інш. кнігах Новага Запавету (Евангелле ад Лукі, 1-е Пасланне да карынфіян апостала Паўла і інш.). Заснавальнікам Х. лічыцца ератык апостальскіх часоў Керынф (некат. прыпісвалі яму аўтарства Апакаліпсіса).

Хіліястычных ідэй прытрымліваліся многія стараж.-хрысц. тэолагі і пісьменнікі (Папій Іерапольскі, Юсцін-філосаф. Юлій Афрыканскі, К.С.​Ф.​Тэртуліян і інш.). Супраць Х. выступалі Дыянісій Вялікі, Еўсевій Кесарыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзім, Аўгусцін Блажэнны і інш. У 2 ст. Х. быў найб. пашыраны ў малаазійскіх цэрквах, у 3 ст. — у Егіпце. У 4 ст., калі хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй у Рым. імперыі, хрысц. царква пачала праследаваць хіліястаў як ератыкоў. У сярэдневякоўе, у час росквіту разнастайных містычных вучэнняў, Х. аднавіўся і стаў часткай многіх ератычных вучэнняў; яго прапаведавалі Іаахім Флорскі. радыкальныя рэфарматары (альбігойцы, Т.​Мюнцэр, гусіты. анабаптысты). Х. пашырыўся ў 19—20 ст.: яго прытрымліваюцца адвентысты, мармоны, сведкі Іеговы. Каталіцкі касцёл з Эфескага сабора (431) лічыць Х. тэалаг. памылкай (у 1944 ён афіцыйна асуджаны каталіцкімі касцельнымі ўладамі). Правасл. багаслоўе пакідае гэтае пытанне адкрытым. Адмоўна ставяцца да Х. і асн. пратэстанцкія цэрквы.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІО́РКСКІ КАГАНА́Т,

дзяржава племяннога саюза цюркаў у 552—745 на тэр. Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Кітая. На чале дзяржавы стаяў каган. У 545 цюркі разграмілі уйгурскія плямёны, у 551 — жужан. У 555 пад уладай цюркаў былі ўсе народы Цэнтр. Азіі, у т. л. кідані ў Зах. Маньчжурыі і енісейскія кіргізы. У 560-я г. яны перамаглі Эфталітаў дзяржаву, у 570-я г. ў залежнасць ад Ц.к. трапілі паўн.-кіт. дзяржавы Чжоў і Цы. У саюзе з Візантыяй Ц.к. пачаў вайну супраць Ірана за кантроль над Вялікім шаўковым шляхам; у 571 мяжа паміж імі праходзіла па р. Амудар’я, а ў 588—589 да Ц.к. далучаны і некаторыя вобласці на зах. беразе Амудар’і. У 576 цюркі захапілі Баспор (Керч), у 581 узялі ў аблогу Херсанес Таўрычаскі. У канцы 6 ст. з-за міжусобіц і паліт. крызісу Ц.к. распаўся на ўсх. (цэнтр.-азіяцкую) і зах. (сярэднеазіяцкую) часткі. Асн. землі Зах. Ц.к. ў 658—659 акупіраваны кіт. войскамі. У 704 Зах. Ц.к. вызваліўся ад кіт. залежнасці, але напады суседзяў і ўнутр. супярэчнасці прывялі яго да гібелі ў 740. Усх. Ц.к. у 609—619 аднавіў свой уплыў у Цэнтр. Азіі, але пасля паражэння ў 630 у вайне трапіў у залежнасць ад Кітая. У 691—716 на кароткі час ён пашырыў сваю тэр. ад Маньчжурыі да Сырдар’і; цюркскія атрады дайшлі да Самарканда. У 712—713 ён пацярпеў паражэнне ў бітвах з арабамі. Усх. Ц.к. распаўся на ўдзельныя княствы, а на яго месцы ўзнік Уйгурскі каганат (745—840).

т. 17, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ГІСТАРЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (Białoruskie Towarzystwo Historyczne),

навуковая арг-цыя бел. гісторыкаў у Польшчы. Створана ў 1993. З 1993 старшыня А.​Мірановіч, з 1996 — А.​Латышонак. Друкаваны орган — час. «Бялоруске зэшыты гісторычнэ» (гл. Дадатак). Аб’ядноўвае каля 20 членаў (Я.​Вапа, К.​Гамулка, А.​Глагоўская, С.​Іванюк, Ю.​Каліна, Латышонак, А. і Я.​Мірановічы, Р.​Сасна, Д.​Фёнік, В.​Харужы і інш.). У сваёй дзейнасці кіруецца статутам. Ставіць за мэту развіццё навук. і культ.-асв. дзейнасці бел. грамадства ў Польшчы, вывучэнне і распаўсюджванне гіст. ведаў пра Беларусь і беларусаў у Польшчы, спрыяе захоўванню бел. нар. традыцый; прапагандуе міжнац. і рэліг. талерантнасць, узмацненне добрых узаемаадносін паміж беларусамі і палякамі. Арганізоўвае і праводзіць канферэнцыі, сімпозіумы, семінары па праблемах беларусазнаўства, гісторыі Беларусі і гісторыі беларусаў у Польшчы. Выдала шэраг навук. манаграфій, у т. л.: працы Сасны і Фёніка «Гісторыя царквы ў Бельску Падляскім» (1995), «Орля на Падляшшы: Гісторыя царквы, горада і ваколіц» (1997), «Прыход Рыбалы» (1999); В.​Харужага «Беларускі незалежны выдавецкі рух у Польшчы, 1981—1990» (1994); Латышонка «Беларускія вайсковыя фарміраванні, 1917—1923» (1995); Глагоўскай «Беларусь 1914—1929: Культура пад прэсам палітыкі» (1996); А.​Мірановіча «Тэадозій Васілевіч. Архімандрыт слуцкі, епіскап беларускі» (1997), «Манастырскае жыццё на Падляшшы» і «Мітрапаліт Юзаф Нелюбовіч-Тукальскі» (1998); зб-кі «Беларускі студэнцкі рух у Польшчы 1981—1992. Выбраныя дакументы», «Беларусы і польска-беларускія адносіны на Беласточчыне, 1944—1956» (т. 1, ч. 1; абедзве 1996), А.​Катковіч, В.​Катковіч-Клентак «Успаміны» (1999) і інш.

Л.​У.​Языковіч.

т. 18, кн. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гром, ‑у, м.

1. Грукат і трэск, якія суправаджаюць маланку ў час навальніцы. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Луг адазваўся грому працяжна, Лес адгукнуўся стары. Колас. Гром грыміць і грыміць... Б’е пярун агнявы. Чарот. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.

2. чаго або які. Моцны гул, грукат. Гром кананады. Гарматы гром. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін.

•••

Як гром з яснага неба — раптоўна, зусім нечакана (здарылася што‑н., з’явіўся хто‑н. і пад.). Як гром з яснага неба было для Малышава з’яўленне упаўнаважаных ад сельскага савета. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́йні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца з краю, на краі. У канцы вёскі хлопчык звярнуў у крайні двор і пастукаў у шыбу. Сіняўскі. // Найбольш аддалены (у якім‑н. напрамку). Крайняя поўнач. Крайні населены пункт на поўдні.

2. Надзвычайны, выключны. Крайняя неабходнасць. Прыняць крайнія меры.

3. Найбольш радыкальны, рашучы, непрымірымы (пра погляды, напрамкі, палітычныя групоўкі і пад.). Крайні левы. Крайні правы. Крайнія супярэчнасці. Крайні лібералізм. □ Мікола, які заўсёды выказваў самыя крайнія погляды, насупліваўся і змаўкаў. Навуменка.

4. Які далей нельга адкладваць, пераносіць; апошні (пераважна пра час). Крайні тэрмін.

•••

У крайнім выпадку гл. выпадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знахо́дзіцца, ‑хо́джуся, ‑хо́дзішся, ‑хо́дзіцца; незак.

1. Незак. да знайсціся (у 1, 2 знач.).

2. Зал. да знаходзіць (у 1–3 знач.).

3. Змяшчацца, быць размешчаным. Цагельня знаходзіцца за гумном. Бядуля. Школа знаходзілася на другім канцы вёскі. Даніленка. // Быць у тым ці іншым стане. Знаходзіцца пад уражаннем. □ [Лагер] быў .. зыходны і апорны пункт атрада, які ўвесь час знаходзіўся ў руху. Брыль. // Быць у чыім‑н. распараджэнні, належаць каму‑н. Дзераш адкрывае вочы інжынеру на тое, што зараз, у новых умовах, калі ўлада знаходзіцца ў руках рабочых, чалавек працы стаў іншы. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)