АА́С (OAS; Organisation de l’Armée Secrète сакрэтная ўзбр.арг-цыя),
экстрэмісцкая арг-цыя, якая ўзнікла ў 1961 у Францыі і Алжыры ў час вызв. вайны алж. народа (1954—62). Каб не дапусціць абвяшчэння незалежнасці Алжыра, учыніла там у крас. 1961 путч, пасля правалу якога разгарнула крывавы тэрор у Алжыры і Францыі, выступіла супраць Франц. рэспублікі, 8.9.1961 арганізавала замах на ген. Ш. дэ Голя. Пасля падпісання Эвіянскіх пагадненняў 1962 большасць франц.насельніцтва, нягледзячы на пагрозы ААС, тэрмінова пакінула Алжыр. 20.4.1962 у Алжыры арыштаваны адзін з кіраўнікоў ААС ген. Салан, што пазбавіла арг-цыю цэнтралізаванага кіраўніцтва. Пасля атрымання Алжырам незалежнасці (1962) ААС перамясцілася ў Францыю і суседнія з ёю краіны, неўзабаве была абясшкоджана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́ШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2—3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. насялялі лясныя і лесастэпавыя вобласці Сярэдняга Паволжа, Падоння і Паўд. Урал. Назва ад могільніка каля в. Абашава (Чувашыя). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у вялікіх (даўж. да 30—40 м) дамах. Пахавальны абрад — падкурганнае трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым (на спіне) становішчы. Характэрны керамічны посуд звона- і слоікападобнай формы з геам. арнаментам і дамешкамі ў гліне ракавінак. Плямёны Абашаўскай культуры першыя пачалі распрацоўку ўральскіх радовішчаў медзі, з імі звязваюць з’яўленне ў стэпах Еўразіі калясніц. Шмат даследчыкаў лічаць Абашаўскую культуру культ.-гіст. агульнасцю і вылучаюць у ёй шэраг археал. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І»
(«Архив Юго-Западной России, издаваемый временной Комиссией для разбора древних актов...»),
зборнік дакументаў і літ. помнікаў Правабярэжнай і Зах. Украіны 14—18 ст. Выдадзены ў Кіеве на рус. мове ў 35 т. (ч. 1—8, 1859—1914). Асн. крыніца выдання — Кіеўскі цэнтр. архіў, дакументы, што паступалі ў Кіеўскую камісію ад прыватных асоб, манастыроў і розных устаноў. Уключаны матэрыялы па гісторыі правасл. царквы 14—18 ст., пратаколы і пастановы шляхецкіх соймікаў за 1569—1726, звесткі пра барацьбу ўкр. казацтва з польск. шляхтай у 1500—1768, акты аб паходжанні шляхецкіх родаў, пра гарады, дакументы аб эканам. і юрыд. становішчы ўкр. сялян 1498—1799, перапісы яўр.насельніцтва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс.м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛАЯ РУСЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 19.2(4.3) да 20.6(3.7).1906 у Вільні на рус. мове. Выступала за пануючае становішча ў Паўн.-Зах. краі «рускага насельніцтва», да якога адносіла таксама беларусаў і ўкраінцаў, адмаўляла іх нац. і культ. самастойнасць. Агітавала за выданне «тайных газет на мясцовай гаворцы» і ўвядзенне бел. мовы ў праграму пач. школы для «барацьбы з паланізацыяй краю». З мэтай выхавання вялікадзярж. «патрыятычных пачуццяў» спрабавала выкарыстоўваць спадчыну Ф.Скарыны, В.Цяпінскага і інш. дзеячаў бел. культуры, адмаўляючы пры гэтым іх бел. самабытнасць. З правых пазіцый ацэньвала дзейнасць урада і Дзярж. думы, выступала супраць рэв. і нац.-вызв. руху. Змяшчала агляды маст. жыцця Вільні і губерні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.Х.Кажура), на льнозаводзе (П.Н.Савінаў), цагельным з-дзе (А.І.Трэмба), у Горацкай МТС (С.І.Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.В.Быкаў), Добрая (Д.Ф.Вайстрова), Палёнка (Ф.М.Дзям’янаў), Тудараўка (Б.А.Шыманоўскі, з сак. 1942 В.В.Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́СКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Грэскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Грэскага падп. РК КП(б)Б. Арганізатар і кіраўнік У.І.Заяц. Налічвала каля 80 чал., 4 групы: у бальніцы в. Грэск (кіраўнік Ю.Г.Войчык), вёсках Стараселле (А.В.Вадап’ян), Гацук (Заяц), Вобчае (І.І.Каско). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва агітац. работу, распаўсюджвалі звесткі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі пра карныя аперацыі акупантаў, псавалі тэлеф. сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, пусцілі пад адхон варожы эшалон, разграмілі апорны пункт фашыстаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
рэшткі стараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш. вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб. пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст. Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцы б. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧО́К,
гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫХА́Д (араб.літар. намаганне),
адно з асн. паняццяў у ісламе і адзін з гал.рэліг. абавязкаў мусульман-мужчын. У сярэдневякоўі азначала ўзбр. змаганне з нявернымі (немусульманамі) у імя пашырэння (захавання) мусульм. ўплыву ў свеце («свяшчэнная вайна», або газават ці фатх). Пазней Дж. стаў разглядацца як духоўнае ўдасканаленне ісламскіх вернікаў праз іх пэўныя намаганні (пераадоленне чалавечых слабасцей і шкодных звычак, пакаранне злачынцаў і парушальнікаў маральных нормаў). У гісторыі мусульм. краін ідэя Дж. выкарыстоўвалася для ўзмацнення рэліг. пачуццяў вернікаў (нярэдка ў форме фанатызму) і згуртавання насельніцтва ў час унутр. і знешніх войнаў, у т. л. нац,вызв. паўстанняў. Часам лозунгам Дж. імкнуцца абгрунтаваць свае дзеянні тэрарысты-мусульмане.