помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.К.Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАРАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.Белакуравым, перавыдадзены М.Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас.АН у С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Створаны на правым пакатым беразе р. Ясельда. Парк пейзажнага тыпу, пл. 60 га. Каля р. Ясень, рукава Ясельды, стаяў мураваны палац (не захаваўся), на астраўку побач быў пладовы сад. У аснове планіроўкі парку — сетка ўзаемна перпендыкулярных алей. Гал. кампазіцыйная вось арыентавана з ПнУ на ПдЗ. На паўн. ускраіне сістэма каналаў і праточных сажалак утварае маляўнічыя астравы і паўастравы з багатай расліннасцю, густым падлескам. На Пд дуброва з дубу чырвонага і рабініі псеўдаакацыі (белай акацыі) і пладовы сад. У парку шмат экзотаў (піхты белая, сіб., аднаколерная, хвоя веймутава, елкі канадская, Энгельмана, дугласія Мензіса, клён ясенялісты, бук лясны, арэх Зібальда, дуб балотны і інш.).
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975. С. 108—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШНА,
вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 133 км ад Віцебска. 355 ж., 139 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У ВКЛ прыватнаўласніцкае мястэчка. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, цэнтр воласці Лепельскага пав. У 1886 у П. 128 ж., 14 двароў, пач. школа, валасная ўправа, царква, яўр. малітоўны дом, гарбарня, крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Лепельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў кастр. 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава» разграміла ў П. гарнізон гітлераўцаў і аднавіла сав. ўладу. Фашысты імкнуліся зноў захапіць П., адбыліся Пышнянскія баі 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЯ́ТЫ ПОЛК» (шталаг №313) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 на паўн.-зах. ускраіне г. Віцебск для масавай загубы сав. ваеннапалонных на тэр.б.сав.ваен. гарадка 5-га чыг. палка. За калючым дротам утрымлівалася адначасова да 40 тыс. вязняў. У сак.—крас. 1943 сюды змясцілі каля 20 тыс. грамадзян горада і навакольных вёсак, схопленых у часы аблаў. Пасля знішчэння ваеннапалонных лагер выкарыстоўвалі да лют. 1944 як перасылачны, потым як лагер для цывільнага насельніцтва. Праз лагер прайшло больш за 150 тыс.чал., з іх загублена больш за 80 тыс., у т. л. каля 12 тыс. мірных жыхароў. 3.6.1944 сав. войскі вызвалілі каля 8 тыс.чал. На месцы лагера помнік на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖА́НКАЎСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ражанка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1674 з цэглы і бутавага каменю на паўн. ускраіне вёскі, перабудаваны ў 1924—25. Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з нізкай 5-граннай апсідай. Да бакавых сцен асн. аб’ёму далучаны 2 прамавугольныя ў плане капліцы. Тарцы высокіх 2-схільных дахаў над нефам і капліцамі закрыты ступеньчатымі шчытамі. Да паўд.-зах. вугла нефа прыбудавана 3-ярусная вежа (васьмярык на 2 чацверыках), накрытая 8-гранным спічастым шатром, да апсіды з паўн. боку — невял. сакрысція. Вуглы асн. аб’ёму і трансептаў умацаваны контрфорсамі і завершаны дэкар. вежачкамі — пінаклямі. У цэнтры гал. фасада — акно-ружа, вышэй яго — дэкар. арнамент, пояс і шчыт. Гал. ўваход вырашаны стральчатым парталам. У 1990 касцёл капітальна адрамантаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧЫ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС, Пазнанскі спіс,
помнікбел.-літ. летапісання, спіс 2-га агульнадзярж. бел.-літ. летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Захаваўся ў рукапісе канца 16 ст. Змест летапісу — паліт. гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1548, дапоўненая запісамі па гісторыі Беларусі і Польшчы сярэдзіны 15—1-й пал. 16 ст. Сярод арыгінальных запісаў зместам і літ. вартасцямі вылучаецца «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл». У Р.л. аб’яднаны «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвала Вітаўту», а таксама шэраг гіст. апавяданняў і летапісных звестак пра падзеі 14—1-й пал. 16 ст. Адкрыты ў 1846 В.Бадзянскім. Зберагаецца ў б-цы Рачынскага ў Познані (Польшча).
Публ.: Полное собрание русских летописей. Т. 17. СПб., 1907; Т. 35. М., 1980.