Ранджу́га ’дзяруга’ (Бяльк.). Відавочна ад *раджуга, што варыянта да радзюга (гл.); штучная назалізацыя, характэрная для некаторых гаворак усходу Беларусі, магчыма звязана з жаданнем зрабіць больш “культурнымі” некаторыя вясковыя словы, параўн. рамбіна (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́бе ’спадар (пры звароце да яўрэя) (Нас.). З ідыш reb ’спадар (зварот) < ст.-яўр. rabbī ’настаўнік (зварот)’. Магчыма, форма рэбе ўтварылася пад уплывам клічнага склону (параўн. панпане). Гл. яшчэ рабін1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Санот, соно́т ’сланечнік’ (Выг., Бейл.), сана́ ’тс’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. со́нях ’тс’. Цяжкасці з тлумачэннем словаўтварэння. Магчыма, мясцовае пераўтварэнне ўкраінскага слова або нерэгулярныя дэрываты ад кораня сон‑, як і ў сонца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́пко ’топка’ (ТС). Да сапці (гл.), параўн. польск. sapy; sapowisko ’балота’. Магчыма, семантычнае запазычанне з польск., таму што дэрываты ад сапці ў беларускай мове са значэннем ’балоцісты’ як быццам бы не адзначаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спрэ́жда ‘спярша’ (Рам. 6), ‘раней’ (Бузук, Спроба, 58). Бузук (там жа) сумняваецца ў паходжанні слова, якое прыпамінае рус.-ц.-слав. прѣжде < ст.-слав. прѣжде ‘раней’. Магчыма, кантамінацыя апошняга з пярэж ‘тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сугру́б ’скрутак палатна і інш.’ (ТС), ’кавалак палатна для бялення’: на два сугру́бы разрэзаў (стол., ЛА, 4). Фанетычна змешанае сугроб (гл.), параўн. укр. дыял. сугро́б ’сувой палатна’, магчыма, пад уплывам грубы ’тоўсты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сумы́ль ’маўклівы чалавек’ (Мат. Гом.). Магчыма, утварэнне, аналагічнае соўмэла (гл. саўміла) з заменай оў > у, параўн. соўнуць/сунуць, і фіналлю, як у мармы́ль ’негаваркі чалавек’ (Сл. ПЗБ), параўн. соўмак ’тс’ (гл. соўма).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тало́ць ’таўчы’ (?): буду табе і талоць і малоць (бялын., Жарт. песні). Магчыма, захаваная ў песні поўнагалосная форма, што ўзыходзіць да прасл. *teltʼi, гл. таўчы. Аднак нельга выключыць змену слова ў выніку рыфмоўкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскірза́цца ’агрызацца’. Укр. оскіря́тися ’выскаліцца, ашчэрыцца’, ошкіря́тися, ви́шкіряти(ся); рус. разм. оски́риться. Відавочна, таго ж кораня, што ашчэрыцца, шчэрыць (гл.). Махэк₂, 627 (пад štířiti), прыводзіць ст.-чэш. oškeřiti se, дыял. чэш. škeřit se, мар. vyskeřák (назва птушкі). Узыходзіць да і.-е. *(s)kēr‑ ’раздзяляць, рэзаць’ (Покарны, 938); параўн. літ. skìrti ’раздзяляць, раз’ядноўваць’, skir̃sti трэскацца (аб скуры, зямлі)’. Захаванне ‑ск‑ перад ‑і‑, магчыма, тлумачыцца ўплывам слоў тыпу скаліцца, склабіць. Элемент ‑з‑ дадаваўся да кораня, які дээтымалагізаваўся, аддзяліўшыся ад варыянта ‑шчэр‑, магчыма, у выніку кантамінацыі з агрызацца. На іншую магчымасць тлумачэння ‑з‑ указвае рус. дыял. паўн. карзать, корзать ’абрэзваць галлё’, славен. kŕzati ’рэзаць дрэнным нажом’, серб.-харв. кр̏зати ’сточваць’ (гл. Фасмер, 2, 199); параўн. таксама рус. дыял. карзубый, карзун ’чалавек без пярэдніх зубоў’, якое ўзводзяць да *kъrnozǫbъ, але нельга выключыць сувязь (магчыма, другасную) паміж аскірзацца і карзун, а, магчыма, таксама бел. прозвішчамі Карзон, Корзун, Карзей, Кірзей; параўн. яшчэ скаруза ’ўпарты’, скарузіцца ’ўпірацца, капрызіць’ (Касп.), рус. скоросый ’запальчывы, няўжыўчывы’. Аб корані гл. Райзензон, Проблемы лексикологии, 1973, 145–152. Для тлумачэння славянскіх форм з ‑ск‑, ‑шк‑ як запазычаных з балтыйскай няма семантычнай падставы; пашырэнне на чэшскай тэрыторыі таксама супраць гэтага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАВІЛО́НІЯ,

старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі

[1792—1750 да н.э.],

мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э. паўд. ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.

Літ.:

Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)