ГЕНАТЫ́П (ад ген + тып),

генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв. фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, якая выкарыстоўваецца для назірання за падводнымі аб’ектамі.

Адносіцца да сістэм замкнутага тыпу. У падводнай частцы маюць відэакамеру ў воданепранікальным боксе, крыніцы падсвечвання, блок фатаграфавання і спец. кабелі сілкавання і сувязі (глыбакаводныя сістэмы маюць аўтаномныя крыніцы сілкавання, а інфармацыя перадаецца па гідраакустычных ці інш. каналах). У надводнай размешчаны відэаманітор (ці тэлевізар), пульт кіравання і крыніца сілкавання. Кіраванне дыстанцыйнае ці ўручную (на малых глыбінях). Выкарыстоўваецца на розных глыбінях і пры розных умовах (у т. л. пры радыеактыўным забруджванні вады), напр., для агляду падводных частак суднаў, гідратэхн. збудаванняў, камунікацый, пошуку і абследавання затанулых суднаў, назірання за работай вадалазаў, станам лёдавага покрыва, разведкі касякоў рыбы, радовішчаў карысных выкапняў.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНА-СТРАЛКО́ВЫ КО́МПЛЕКС імя маршала Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнкі, спартыўнага камітэта Міністэрства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, асноўная база падрыхтоўкі нац. зборных каманд па стралк. спорце. Пабудаваны ў Мінску ў 1972 (рэканструяваны ў 1978); пл. 12 га.

Мае гал. павільён для стральбы з 4 закрытымі цірамі (10-, 25- і 50-метровыя, 10-метровы «бягучы дзік») і адкрытыя ціры (25-, 50- і 300-метровыя, 4 асобныя 50-метровыя «бягучы дзік», цір для стэндавай стральбы з 2 круглымі і 1 траншэйным стэндамі). Ціры абсталяваны для стральбы з усіх відаў спарт. стралк. зброі. Маюць мех. і электронныя ўстаноўкі з дыстанцыйным кіраваннем. Інфармацыя пра вынікі стральбы выдаецца на электроннае табло. Праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

патэ́нтны

(лац. patens, -ntis = адкрыты, яўны)

які мае адносіны да патэнта (напр. п-ая інфармацыя, п. пашпарт, п-ае права).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МЕТАЛАРЭ́ЗНЫ СТАНО́К,

машына для размернай апрацоўкі рэзаннем (у асн. зняццем стружкі) пераважна метал. загатовак. Бываюць універсальныя (для выканання розных аперацый на дэталях многіх найменняў), шырокага прызначэння (для выканання пэўных аперацый на дэталях многіх найменняў), спецыялізаваныя (для апрацоўкі дэталей аднаго наймення, але розных памераў), спецыяльныя (для выканання асобных аперацый пры вырабе адной дэталі).

У залежнасці ад мэтавага прызначэння, выканання адпаведных тэхнал. аперацый і металарэзнага інструменту адрозніваюць: такарныя, свідравальныя, расточныя, шліфавальныя, паліравальныя, даводачныя, заточныя, зубаапрацоўчыя, рэзьбаапрацоўчыя, фрэзерныя, стругальныя, даўбёжныя, працяжныя станкі (гл. адпаведныя арт.), а таксама разразныя, для фіз.-хім. апрацоўкі, балансіровачныя, мнагамэтавыя (апрацоўчыя цэнтры), агрэгатныя станкі. Паводле ступені аўтаматызацыі адрозніваюць М.с. з ручным кіраваннем, паўаўтаматычныя (апрацоўка адной дэталі ў аўтам. рэжыме), аўтаматычныя (апрацоўка і змена дэталей у аўтам. рэжыме). Паводле дасягальнай дакладнасці апрацоўкі адрозніваюць М.с. класаў дакладнасці: Н (нармальнага), П (павышанага), В (высокага), А (асабліва высокага), С (майстар-станкі з хібнасцю апрацоўкі 1 мкм), Т (з хібнасцю 0,3 мкм), К (з хібнасцю 0,1 мкм). Тэхн. ўзровень станкоў характарызуецца паказчыкамі прызначэння, надзейнасці, эканомнага выкарыстання матэрыялаў і электраэнергіі, тэхналагічнасці, стандартызацыі і уніфікацыі. эрганамічнасці і патэнтна-прававымі.

На Беларусі розныя тыпы М.с. выпускаюць прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Пра развіццё вытв-сці М.с. на Беларусі гл. ў арт. Станкабудаванне.

Літ.:

Чернов Н.Н. Металлорежущие станки. 4 изд. М., 1987;

Кочергин А.И., Конструирование и расчет металлорежущих станков и станочных комплексов. Мн., 1991;

Станочное оборудование автоматизированного производства. Т. 2. М., 1994;

Проектирование металлорежущих станков и станочных систем: В 3 т. Т. 1—2. М., 1994—95.

А.​І.​Качаргін.

Металарэзны станок: а — асноўныя вузлы (зборачныя адзінкі; 1 — базавыя дэталі, 2 — галоўны прывод, 3 — прыводы падачы і пазіцыяніравання); б — структурная схема (Iу — уваходная інфармацыя ў выглядзе чарцяжа, кіроўнай праграмы і інш.; Iв — выхадная інфармацыя пра памеры апрацаванай дэталі; 3 — загатоўкі; Д — дэталі; Е — энергія; 1—4 — падсістэмы кіравання, кантролю, маніпуліравання загатоўкамі і рэзальнымі інструментамі, апрацоўкі).

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКАМУНІКА́ЦЫЯ (ад бія... + камунікацыя),

сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЦЭ́НТЫ КАДЛУ́БАК (Wincenty Kadłubek; 1150?, г. Каргова, Польшча — 8.3.1223),

польскі храніст, дзярж. і рэліг. дзеяч. Паходзіў з асяроддзя сярэдняга рыцарства. Вучыўся ў Кракаве, Зах. Еўропе. Прыдворны капелан і канцылярыст польск. караля Казіміра Справядлівага. У 1207—18 кракаўскі біскуп, потым манах-цыстэрцыянец. Аўтар «Хронікі Польшчы» ад старажытнасці да 1202, якая адлюстроўвае паліт., ваен. і культ. адносіны паміж польск. і ўсх.-слав. княствамі ў 11 — пач. 13 ст. У ёй згадваюцца гарады Берасце, Драгічын над Бугам, Галіч, Перамышль, Уладзімір-Валынскі. Толькі ў творы Вінцэнтыя Кадлубака ёсць звесткі аб падзеях у Берасці ў 1170—80-я г., інфармацыя пра паход і галіцка-валынскіх князёў супраць ятвягаў.

Літ.:

Щавелева Н.И. Польские латиноязычные средневековые источники: Тексты, перевод, коммент. М., 1990.

Г.​М.​Семянчук.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕ́ЙС (англ. interface),

сукупнасць тэхн. і праграмных сродкаў для абмену інфармацыяй паміж рознымі прыладамі і блокамі электронных вылічальных машын, вылічальных сістэм, сетак і інш. Мае апаратную частку (забяспечвае мех. і эл. злучэнне), сістэму правіл і пагадненняў аб кадзіраванні, сінхранізацыі і лагічнай арганізацыі перадавальнай інфармацыі, праграмы ці асобныя прыстасаванні для непасрэднага выканання абмену.

Адрозніваюць І. паслядоўны (інфармацыя перадаецца паслядоўна, біт за бітам) і паралельны (многаканальны); унутрымашынны. перыферыйных прылад, міжмашынны, міжсістэмны, міжсеткавы і інш. Асн. характарыстыкі: прапускная здольнасць, частата перадачы сігналаў, колькасць ліній сувязі (каналаў), дапушчальная адлегласць паміж спалучанымі прыладамі і інш. У міні-, мікра-, а таксама персанальных ЭВМ найб. пашыраны паралельны І. тыпу «агульная шына» або «мультышына», па якім перадаюцца адрасы, даныя і сігналы кіравання.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСЛЯ́ЦЫЯ ў генетыцы,

сінтэз поліпептыдных ланцугоў бялкоў па матрыцы інфармацыйнай рыбануклеінавай кіслаты (іРНК) у адпаведнасці з генет. кодам; другі этап рэалізацыі генет. інфармацыі ў жывых клетках. У працэсе Т. інфармацыя пра спецыфічную будову будучага бялку, запісаная ў выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў у малекулах іРНК, пераводзіцца з нуклеатыднага кода ў пэўную паслядоўнасць амінакіслот у сінтэзуемых бялках. Адбываецца з дапамогай макрамалекулярнага комплексу, які складаецца (акрамя іРНК) з рыбасом, транспартных РНК (тРНК), аміна-ацыл-тРНК-сінтэтаз, бялковых фактараў пачатку (ініцыяцыі), падаўжэння, ці нарошчвання, поліпептыду (элангацыі), заканчэння (тэрмінацыі) і інш. Акрамя клетачных іРНК іх ролю ў працэсе Т. часам выконваюць вірусныя РНК, а таксама сінт. полінуклеатыды, якія выкарыстоўваюцца для вывучэння механізма біясінтэзу бялку. Гл. таксама Транскрыпцыя ў генетыцы.

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТР КІРАВА́ННЯ ПАЛЁТАМІ (ЦКП) касмічных лятальных апаратаў, установа, якая ажыццяўляе цэнтралізаванае аператыўна-тэхн. кіраванне палётам касмічнага апарата (КА) з моманту вываду яго на арбіту да заканчэння актыўнага існавання.

Асн. складальная частка ЦКП — інфармацыйна-выліч. комплекс, які прымае, апрацоўвае, аналізуе, адлюстроўвае і дакументуе інфармацыю, што паступае з КА, касмадрома, пошукава-выратавальнага комплексу, наземных вымяральных і плывучых камандна-вымяральных пунктаў з выкарыстаннем сістэм спадарожнікавай сувязі. Непасрэднае кіраванне палётам КА адбываецца са спец. рабочых месцаў, на якія паступае неабходная інфармацыя і якія абсталяваны экранамі касм. тэлебачання і апаратурай для сувязі з касманаўтамі. Рас. ЦКП створаны ў 1973, знаходзіцца ў г. Каралёў Маскоўскай вобл.; узаемадзейнічае з Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў, НДІ, прадпрыемствамі ракетна-касм. комплексу, аналагічным цэнтрам у ЗША.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)