ІНТЭРФЕ́ЙС (англ. interface),
сукупнасць тэхн. і праграмных сродкаў для абмену інфармацыяй паміж рознымі прыладамі і блокамі электронных вылічальных машын, вылічальных сістэм, сетак і інш. Мае апаратную частку (забяспечвае мех. і эл. злучэнне), сістэму правіл і пагадненняў аб кадзіраванні, сінхранізацыі і лагічнай арганізацыі перадавальнай інфармацыі, праграмы ці асобныя прыстасаванні для непасрэднага выканання абмену.
Адрозніваюць І. паслядоўны (інфармацыя перадаецца паслядоўна, біт за бітам) і паралельны (многаканальны); унутрымашынны. перыферыйных прылад, міжмашынны, міжсістэмны, міжсеткавы і інш. Асн. характарыстыкі: прапускная здольнасць, частата перадачы сігналаў, колькасць ліній сувязі (каналаў), дапушчальная адлегласць паміж спалучанымі прыладамі і інш. У міні-, мікра-, а таксама персанальных ЭВМ найб. пашыраны паралельны І. тыпу «агульная шына» або «мультышына», па якім перадаюцца адрасы, даныя і сігналы кіравання.
М.П.Савік.
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)