ПАНЦЮРКІ́ЗМ,

ідэйна-палітычная дактрына, паводле якой усе цюркскія народы з’яўляюцца адзінай нацыяй і павінны аб’яднацца ў адзіную дзяржаву — «Вялікі Туран». Узнік у Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. як антытэза асманізму з яго ідэяй «адзінага асманскага народа». Ідэі П. выкладаліся ў працах З.​Гёкальпа, Х.​Эдыба, Ю.​Акчура і інш. Быў ідэйнай асновай руху младатуркаў, якія кіравалі Асманскай імперыяй у 1908—18. Напачатку П. меў антырас. кірунак. У 1 -ю сусв. вайну ў Стамбуле быў заснаваны «Камітэт па абароне мусульм. цюрка-татарскіх народаў Расіі» (1915). Пасля паражэння Турцыі ў вайне і перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23 першы прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі М.К.Атацюрк афіцыйна адмовіўся ад П. і супрацьпаставіў ёй ідэю ўласна тур. нацыяналізму. Пэўны ўздым панцюркісцкіх настрояў назіраўся ў Турцыі пасля смерці Атацюрка (1938) і ў 2-ю сусв. вайну. У пач. 1990-х г. з пазіцый П. выступалі асобныя тур. паліт. партыі (Партыя нацыяналіст. руху, Партыя росквіту). Элементы П. (спасылкі на асобы характар сувязей) назіраюцца ў адносінах сучаснай Турцыі з цюркамоўнымі народамі Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі, хоць афіцыйна лічыцца, што ён супярэчыць тур. канстытуцыі і не вызначае знешняй палітыкі Турцыі. Ідэі П. паўплывалі на працэс развіцця цюркскіх народаў Крыма, Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі. У 1990-я г. элементы ідэалогіі П. выкарыстоўвалі асобныя партыі і рухі ў дзяржавах Закаўказзя і Цэнтр. Азіі (Нар. фронт Азербайджана, «Бірлік» ва Узбекістане, «Жалтаксан» і «Алаш» у Казахстане).

Літ.:

Еремеев Д.Е. Кемализм и пантюркизм // Народы Азии и Африки. 1963. № 3;

Гасанова Э.Ю. Общественная мысль в Турции // Современная философская и социологическая мысль стран Востока. М., 1965;

Пантюркизм в России // Азия и Африка сегодня. 1992. № 7—8;

Левин З.И. Общественная мысль на Востоке: Постколониал. период. М., 1999.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 12, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬНАДУ́МСТВА,

ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.​Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.

На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.​Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.​Будны, В.​Цяпінскі, С.​Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.​Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.​Нарбут, у 19 ст. — Э.​Жалігоўскі, І.​Ястржэмбскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Основы религиоведения. М., 1994.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,

помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел. літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.

Публ.:

Легенда о Тристане и Изольде. М., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

«Аповесць пра Трышчана» (фрагмент). 16 ст.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,

шматтомнае навук. выданне бел. фальклору. Выдаецца з 1970 Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы АН Беларусі. Уключае матэрыялы з друкаваных крыніц і архіваў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы. Апубл. шмат тэкстаў з палявых запісаў фалькларыстаў 1920—90-х г. Матэрыялы ў тамах падабраны паводле жанравага прынцыпу. Ва ўступных артыкулах раскрыта гісторыя збірання і публікацыі жанру, ідэйна-тэматычныя і маст. яго асаблівасці. У песенных тамах прыведзены самыя характэрныя ўзоры меласу дадзенага жанру. Выданне сведчыць пра багацце бел. вуснапаэт. творчасці, вял. ўклад бел. народа ў скарбніцу сусв. паэтычнай і муз. культуры.

Выдадзены: «Песні савецкага часу» (1970), «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» і «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» і «Загадкі» (1972), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Жартоўныя песні» і «Жніўныя песні» (1974), «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Песні пра каханне» і «Вяселле: Абрад» (1978), «Веснавыя песні» і «Выслоўі» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Народны тэатр» і «Легенды і паданні» (1983), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» і «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Казкі ў сучасных запісах», «Беларуская народная інструментальная музыка» і «Прыпеўкі» (усе 1989), «Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі)» і «Вяселле: Мелодыі» (1990), «Замовы» і «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992), «Жаніцьба Цярэшкі»(1993).

Літ.:

Синявець О.І. Перші книги багатотомної серії «Білоруська народна творчість» // Народна творчість та етнографія. 1973. № 1;

Гусев В.Е. Многотомное издание белорусского фольклора // Сов. этнография. 1979. №1;

Тарасюк Л. Нам засталася спадчына // Мастацтва Беларусі. 1986. №8;

Конон В. Фольклор и современность // Нёман. 1988. №3;

Саламевіч Я. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. №1;

Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. №2;

Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1.

І.​У.​Саламевіч.

Тамы з серыі «Беларуская народная творчасць».

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІЁЗ ((Berlioz) Гектор Луі) (11.12.1803, Кот-Сент-Андрэ, дэп. Ізер, Францыя — 8.3.1869),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык; прадстаўнік муз. рамантызму. Чл. Ін-та Францыі (1856). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1830). На час заканчэння кансерваторыі напісаў шэраг сталых твораў, у т. л. «Фантастычную сімфонію, або Эпізод з жыцця артыста», якая стала маст. абагульненнем ідэйна-эстэт. імкненняў эпохі, маніфестам франц. рамантызму ў музыцы. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам класічнай і рамант. л-ры, творчасці К.​В.​Глюка, Л.​Бетховена, У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ. У творах 1830—40-х г. экзальтацыя пачуццяў, схільнасць да медытацыі, пачуццё адзіноцтва і ў той жа час грамадз.-рэв. парывы: сімфонія «Гарольд у Італіі», опера «Бенвенута Чэліні», драм. сімфонія для аркестра, салістаў-спевакоў і хору «Рамэо і Джульета», «Жалобная трыумфальная сімфонія», драм. легенда «Асуджэнне Фауста» (паводле Гётэ). З 1842 гастраліраваў як дырыжор у многіх краінах, з найб. поспехам у Расіі. У творах 1850—60-х г. адышоў ад вострых праблем сучаснасці, застаючыся верным ідэалам гуманіст. мастацтва: араторыя «Дзяцінства Хрыста» на ўласныя тэксты, оперная дылогія «Траянцы» паводле Вергілія. Апошні яго твор — вытанчаная, поўная гумару опера «Беатрычэ і Бенядзікт» (паводле «Многа шуму з нічога» Шэкспіра, 1862). Берліёз пераўтвараў традыц. жанры, смела сінтэзаваў элементы оперы, араторыі, сімфоніі. Як кампазітар-наватар, ён апіраўся на нац. муз. традыцыі. Адсюль манументальнасць, маляўнічасць, тэатральнасць яго музыкі. Шмат новага ўнёс у вучэнне аб муз. форме, голасавядзенні, гармоніі, рытме; зрабіў адкрыцці ў галіне аркестроўкі, развіў прынцып тэмбравай драматургіі і інш. Разам з Р.​Вагнерам заклаў асновы сучаснай школы дырыжыравання. Аўтар артыкулаў, прысвечаных муз.-эстэт. праблемам і з’явам, творчасці Бетховена, Глюка, Г.​Спанціні, К.​М.​Вебера, Вагнера, Н.​Паганіні, Ф.​Ліста, М.​Глінкі і інш.

Літ. тв.: Oeuvres littéraires. Vol. 1—2. Paris, 1968—69; Рус. пер. — Дирижер оркестра. М., 1912; Избр. статьи. М., 1956; Мемуары. 2 изд. М., 1967; Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке. Ч. 1—2. М., 1972; Избр. письма. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1984—85.

Літ.:

Хохловкина А. Берлиоз. 2 изд. М., 1966;

Dömling W. H.Berlioz und seine Zeit. Laaber, 1986.

Г.Л.Берліёз. Мастак П.​Шыферт. 1907.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́Н (Алесь) (сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),

бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел. нац. к-т, быў чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.​Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.​Купалы і Я.​Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.​Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.

Тв.:

Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Мн., 1991.

Літ.:

Казбярук У. Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.

У.​В.​Рагойша.

А.Гарун.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙТМАТЫ́Ў (ням. Leitmotiv літар. вядучы матыў),

1)у літаратуры — асноўная думка, сюжэтна-тэматычны кірунак, ідэйна-эмацыянальны тон, стылявая дамінанта творчасці пісьменніка ці асобнага твора. Напр., рамант. ўзвышэнне свабодалюбівых імкненняў — Л. дакастр. творчасці Я.​Купалы; сцвярджэнне хараства духоўнасці — Л. паэзіі М.​Багдановіча. Л. можа быць характэрны для асобнага стылю ці кірунку. Напр., разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — філасофскі Л. л-ры рамантызму. Канкрэтна праяўляецца Л. у сюжэце, дэталі, што паўтараецца і вар’іруецца ў творчасці (творы) пісьменніка і набывае такім чынам вял. кантэкст, напаўняецца глыбокім зместам. Напр., у паэзіі А.​Куляшова такімі дэталямі з’яўляюцца вобразы Бесядзі і першага кахання лірычнага героя — Алесі, якія нясуць думку пра памяць, вернасць дарагому ў жыцці. У паэзіі акрамя малюнкавых адзначаюць Л. гукавыя, інтанацыйна-рытмічныя.

2) У музыцы — адносна кароткая муз. пабудова, якая неаднойчы паўтараецца на працягу твора; служыць абазначэннем і характарыстыкай пэўнага персанажа, прадмета, з’явы, эмоцыі і інш. У якасці Л. могуць выступаць тэма (лейттэма), гарманічны зварот ці асобная гармонія (лейтгармонія), інстр. тэмбр (лейттэмбр).

Найчасцей выкарыстоўваецца ў муз.-тэатр. жанрах, з 19 ст. і ў сімф. праграмнай музыцы Як муз.-драматургічны прыём фарміраваўся ў канцы 18 ст. ў позніх операх В.​А.​Моцарта, у кампазітараў франц. школы (А.​Грэтры, Э.​Меполя, Л.​Керубіні). Найб. ролю адыгрываў у операх 19—20 ст. (Р.​Вагнер, Дж.​Вердзі, Ш.​Гуно, Ж.​Бізэ, Ж.​Маснэ, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, Р.​Штраус, К.​Дэбюсі, А.​Берг, Л.​Яначак, Дз.​Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, А.​Пятроў, Р.​Шчадрын і інш.). Л. у сімф. творах выкарыстоўвалі Штраус, А.​Скрабін і інш.

У муз.-драм. творах бел. кампазітараў Л. выкарыстаны ў операх М.​Аладава, А.​Багатырова, А.​Бандарэнкі, Г.​Вагнера, В.​Войціка, С.​Картэса, Дз.​Лукаса, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, У.​Солтана, Я.​Цікоцкага, балетах Вагнера, Я.​Глебава, В.​Залатарова, У.​Кандрусевіча, М.​Крошнера, А.​Мдывані, аперэтах Семянякі, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура), Г.​Р.​Куляшова (музыка).

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕР ((Mahler) Густаў) (7.7.1860, в. Каліштэ, Чэхія—8.5.1911),

аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, оперны рэжысёр; буйнейшы еўрап. кампазітар канца 19 — пач. 20 ст. З 1875 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў Ю.​Эпштэйна (фп.), кампазіцыі — у А.Брукнера. З 1880 оперны рэжысёр у т-рах Прагі, Вены, Лейпцыга і інш. З 1888 дырэктар Каралеўскай оперы ў Будапешце, з 1891 першы дырыжор Гар. т-ра ў Гамбургу. З 1897 дырэктар Венскай прыдворнай оперы. З 1907 у ЗША, дырыжор т-ра «Метраполітэн-опера», з 1909 адначасова кіраўнік Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Для яго музыкі характэрны тэндэнцыі позняга рамантызму і адначасова рысы экспрэсіянізму, што абумоўлена трагічным асэнсаваннем сац. супярэчнасцей эпохі. Аўтар 9 сімфоній (1888—1909; 10-я не скончана), першыя 4 з якіх спалучаюць эмац. непасрэднасць і трагічную іронію, жанравыя замалёўкі і сімволіку; 5—7-я сімфоніі складаюць трагічна афарбаваную інстр. трылогію, інтанацыйна звязаную з песеннымі цыкламі (пераважна на словы Ф.​Рукерта і нар. тэксты з «Чароўнага рога хлопчыка»). Творы позняга перыяду прасякнуты тэмай развітання з жыццём. Асаблівасці яго сімфанізму выяўляюцца ў адмаўленні ад класічнай 4-часткавай будовы ў большасці сімфоній, пераўтварэнні структуры ўсяго цыкла. Каб зрабіць больш даступнымі свае ідэйна-гуманіст. канцэпцыі і складаную манумент. форму сімфоній, ён дэмакратызаваў меладычную мову, уводзіў у іх вак.-хар. эпізоды. М. павялічыў склад аркестра, развіў мастацтва аркестроўкі, узбагаціў лада-гарманічныя сродкі. Сярод інш. твораў: сімфонія-кантата «Песня аб зямлі» для салістаў і арк. (1909); вак. цыклы — «14 песень і напеваў юнацкіх гадоў» для голасу з фп. (1880—90), «Песні вандроўнага чалядніка» (1883—85), «12 песень з «Чароўнага рога хлопчыка» (1892—98), «Сем песень апошніх гадоў» (1899—1902), «Песні аб памерлых дзецях» (1904; усе для голасу з арк.), «Жаласная песня» для салістаў, хору і арк. (1-я рэд. 1880). Творчасць М. значна паўплывала на музыку кампазітараў 20 ст.

Літ.:

Густав Малер: Письма. Воспоминания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1968;

Барсова И.А. Симфонии Густава Малера. М., 1975;

Тараканов М. Малер // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;

Mitchell D. G. Mahler songs and symphonies of life and death. London, 1985.

Т.​А.​Шчарбакова.

Г.Малер.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МЕТРАПАЛІТЭ́Н Буд-ва пачата 3.5.1977 са ст. «Парк Чэлюскінцаў». У 1984 уведзены ў эксплуатацыю ўчастак 1-й лініі ад ст. «Інстытут культуры» да ст. «Маскоўская»

(даўж. 8,94 км, 8 станцый) уздоўж праспекта Ф.​Скарыны. У 1986 гэты ўчастак падоўжаны на 1,71 км да ст. «Усход». У перспектыве 1-я лінія (даўж. 20,8 км) звяжа жылыя раёны Уручча і Паўд. Захад. У 1990 пушчаны ўчастак 2-й лініі ад ст. «Фрунзенская» да ст. «Трактарны завод» (даўж. 7,18 км, 6 станцый). У 1995 на гэтай лініі здадзены ў эксплуатацыю станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская» (даўж. ўчастка 2,8 км),

у 1997 — «Партызанская» і «Аўтазаводская» (даўж. 3,6 км). З завяршэннем буд-ва 2-я лінія (даўж. 20 км) злучыць жылыя раёны Кунцаўшчына і Заводскі. 3-ю лінію (даўж. 17 км) намечана пракласці ад перакрыжавання Слуцкай шашы з вул. Каржанеўскага праз Прывакзальную пл. да жылога раёна Зялёны Луг. Агульная працягласць трох ліній М.м. складзе 59 км. На іх будзе размешчана 45 станцый з 3 перасадачнымі вузламі. У перспектыве плануецца буд-ва 4-й лініі М.м. (даўж. 16 км, 11 станцый), якая злучыць праз цэнтр жылыя масівы Чыжоўка, Серабранка і Навінкі, а праз перасадачныя вузлы забяспечыць сувязь з інш. жылымі раёнамі і прамысл. зонамі горада. Агульная працягласць 4 ліній складзе 75 км.

Станцыі М.м. — арыгінальныя творы архітэктуры. Выкарыстанне сучасных буд. канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У іх ідэйна-маст. абліччы ўвасоблена грамадскае, вытв. і культ. жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні М.м. важную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільняў, сродкі манум.-дэкар. і выяўл. мастацтва. Сярод стваральнікаў станцый арх. Ю.​Градаў, Я.​Леановіч, Л.​Левін, Л.​Пагарэлаў, М.​Пірагоў, мастакі В.​Даўгала, Г.​Жарын, Ю.​Івахнішын, У.​Стальмашонак, Л.​Хобатаў і інш.

В.​Ф.​Валошын, В.​А.​Ярмоленка.

Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Аўтазаводская».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Інстытут культуры».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Партызанская».

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПЗБ.

Адбыўся 25.6—25.7.1928 у пас. Арэхаўск Аршанскага р-на. Прысутнічалі 31 дэлегат з рашаючым і 21 з дарадчым голасам ад амаль 2 тыс. членаў партыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акр. арг-цый КПЗБ. Выканком Камінтэрна на з’ездзе прадстаўляў В.​С.​Міцкявічус-Капсукас, КПП — В.​Кастшэва, А.​Варскі, Ю.​Ленскі, Э.​Прухняк, КП(б)Б — В.​Г.​Кнорын, М.​М.​Галадзед, КСМЗБ — М.​А.​Давідовіч. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ад КПЗУ. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП (Кастшэва); ЦК КПЗБ (С.​Т.​Мілер); ЦК КСМЗБ (Давідовіч); паліт. сітуацыя і задачы партыі [І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык)]; аб рабоце ў вёсцы, у прафсаюзах, сярод моладзі; арганізац. пытанні. З’езд прызнаў паліт. лінію ЦК КПЗБ, як і ЦК КПП, у асн. правільнай. Адначасова канстатаваў, што фактычная падтрымка ЦК КПП і ЦК КПЗБ ваен. перавароту Ю.​Пілсудскага ў маі 1926 з’явілася гал. прычынай узнікнення фракцыйнай барацьбы ў кіраўніцтве партыі. Як дадатны момант падкрэслівалася, што ў справаздачны перыяд партыя зрабіла буйны крок на шлях бальшавізацыі, вырасла ідэйна, палітычна і арганізацыйна. У якасці тактычнай лініі КПЗБ упершыню прызнавалася неабходнасць узмацнення барацьбы ў абарону дэмакр. правоў і свабод, разгортвання масавага руху на аснове патрабаванняў дэмакр. характару. Перад партыяй была пастаўлена задача заваяваць большасць пралетарыяту, асабліва ў буйных прамысл. цэнтрах, ствараць на ф-ках і з-дах ячэйкі КПЗБ, узмацніць барацьбу за 8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне зарплаты і інш. У сял. пытанні з’езд указаў на неабходнасць спалучэння барацьбы прац. сялянства за зямлю без выкупу з неадкладнымі патрэбамі і клопатамі сялян. У пытанні нац.-вызв. руху адзначалася, што КПЗБ арганізуе барацьбу прац. мас пад лозунгам самавызначэння Зах. Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднання з БССР у адзінай сав. дзяржаве. З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. А.​А.​Альшэўскі, М.​А.​Блінчыкаў, С.​Я.​Будзінскі, С.​К.​Гарбуз, Г.​М.​Дуа, А.​У.​Канчэўскі, Лагіновіч, Мілер, М.​Л.​Перавалоцкі, А.​М.​Розенштайн, А.​С.​Славінскі; канд. ў чл. Л.​І.​Родзевіч, М.​М.​Словік і інш.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)