РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, рэўком,

часовы надзвычайны орган сав. улады ў Расіі і інш. сав. рэспубліках у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 (пераважна ў 1918—20). Рэсп., губ., пав., валасныя і сельскія рэўкомы ствараліся ў раёнах, адкуль былі выгнаны белагвардзейцы і інтэрвенты, у прыфрантавой паласе, а пры неабходнасці (пагроза антыбальшавіцкіх паўстанняў і інш.) і ў некат. тылавых раёнах. Р.к. вызваленых раёнаў і прыфрантавой паласы засяроджвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады. Пасля ўмацавання бальшавіцкай улады яны падрыхтоўвалі выбары ў Саветы і перадавалі ўладу выбраным выканкомам і рэсп. ЦВК. Р.к. тылавых раёнаў звычайна дзейнічалі адначасова з выканкомамі Саветаў і займаліся толькі пытаннямі абароны і падтрымання «рэв. парадку». У 1920—25 рэўкомы яшчэ захоўваліся ў Сібіры, на Д.​Усходзе і ў асобных раёнах Сярэдняй Азіі.

Літ.:

Петриков П.Т. Ревкомы Белоруссии. Мн., 1975.

т. 13, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ, Саўнарком,

СНК, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады СССР — урад Савецкай дзяржавы. Упершыню абраны ў час Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 на 2-м Усерас. з’ездзе Саветаў 8.11.1917 як рабочы і сял. ўрад Расійскай Савецкай Рэспублікі. Паводле канстытуцыі 1918 наз. СНК РСФСР. У сувязі са стварэннем Саюза ССР у снеж. 1922 быў створаны саюзны ўрад — СНК СССР (зацверджаны на 2-й сесіі ЦВК СССР у ліп. 1923). Законам ад 15.3.1946 СНК СССР пераўтвораны ў Савет Міністраў СССР.

Старшынямі СНК СССР былі: У.​І.​Ульянаў (Ленін) (з 8.11.1917 старшыня СНК РСФСР, 6.7.1923—21.1.1924 — старшыня СНК СССР); А.І.Рыкаў (2.2.1924—19.12.1930), В.М.Молатаў (19.12.1930—6.5.1941), І.В.Сталін (6.5.1941—15.3.1946).

Літ.:

Нелидов А.А. История государственных учреждений СССР, 1917—1936 гг. М., 1962;

Первое советское правительство, окт. 1917 — июль 1918. М., 1991.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ПРА́ЦЫ І АБАРО́НЫ (СПА),

орган пры СНК РСФСР (з 17.7.1923 пры Саўнаркоме СССР) па каардынацыі дзейнасці нар. камісарыятаў у галіне гаспадаркі і абароны краіны ў 1920—37. Створаны ў выніку рэарганізацыі Савета рабочай і сял. абароны (існаваў у ліст. 1918 — крас. 1920). Дзейнічаў на правах камісіі. У яго ўваходзілі старшыня СНК (старшыня СПА), нар. камісары (па ваен. справах, шляхоў зносін, земляробства, харчавання, працы, Рабоча-сял. інспекцыі), старшыня ВСНГ, прадстаўнік ВЦСПС, кіраўнік Цэнтр. стат. ўпраўлення (з дарадчым голасам); мясц. органамі былі губернскія (абласныя), павятовыя і валасныя эканам. нарады. Старшынямі СПА былі У.​І.​Ленін (крас. 1920—1924), Л.​Б.​Каменеў (2.2.1924—19.1.1926), А.​І.​Рыкаў (19.1.1926—19.12.1930), В.​М.​Молатаў (19.12.1930—28.4.1937). Скасаваны паводле пастановы ЦВК СССР ад 28.4.1937, яго функцыі перададзены Эканам. савету пры СНК СССР.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІРАЎ Мірон Канстанцінавіч (сапр. Шэнфінкель; 27.11.1879, г. Херсон, Украіна — 20.3.1925),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Палескага к-та РСДРП, сав. дзярж. дзеяч. Скончыў Херсонскае с.-г. вучылішча (1898). Вёў работу ў Гомелі па стварэнні і аб’яднанні с.-д. арг-цый Палескага р-на, потым у Екацярынаславе, Адэсе, Луганску і інш. З 1904 старшыня Палескага к-та, дэлегат ад яго на III з’ездзе РСДРП (1905). У рэвалюцыю 1905—07 у Гомелі, рэдактар легальнай с.-д. газ. «Труд». У 1906 сасланы ў Сібір, у маі 1908 уцёк за мяжу. У Кастр. рэвалюцыю 1917 узначальваў харч. ўправу Петраграда. У 1919 чл. РВС і старшыня асобай харч. камісіі Паўд. фронту. З 1921 на дзярж. пасадах у УССР і РСФСР, з ліст. 1924 нам. старшыні ВСНГ СССР. У 1925 чл. ЦВК СССР.

т. 16, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНО́РЫН (Кнорыньш) Вільгельм Георгіевіч

(29.8.1890, хутар Цыелі Цэсіскага р-на, Латвія — 29.7.1938),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. Д-р гіст. н., праф. (1935). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Валміера (1910, Латвія)., З 1910 чл. С.-д. партыі Латвіі, пазней — РКП(б). У 1-ю сусв. вайну вёў бальшавіцкую агітацыю ў дзеючай арміі, удзельнічаў у стварэнні сав. органаў улады на Зах. фронце, аднаўленні арг-цый РСДРП(б) Паўн.-Зах. рэгіёна. З мая 1917 сакратар Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, чл. яго бальшавіцкай фракцыі, чл. Мінскага к-та РСДРП, адзін з рэдактараў газ. «Звязда». Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. ВРК Зах. вобл. і фронту, камісар друкарняў у Мінску. Пасля акупацыі Беларусі герм. войскамі (люты 1918) сакратар Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), старшыня Смаленскага губ. к-та РКП(б). З снеж. 1918 сакратар Цэнтр. бюро новастворанай КП(б)Б, з 1919 кіраўнік спраў Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі. З сак. 1919 сакратар ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, чл. Савета абароны Літ.-Бел. ССР. 31.7.1920 ад імя КП(б)ЛіБ падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь. Сакратар Цэнтр. бюро КП(б)Б у 1920—22, 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б у 1927—28. У 1922—27 і з 1935 у апараце ЦК ВКП(б), у 1928—35 у выканкоме Камінтэрна. З 1932 дырэктар Ін-та чырв. прафесуры, чл. рэдкалегіі газ. «Правда» (да 1934), у 1934—37 гал. рэдактар час. «Коммунистический интернационал» і «Большевик». Чл. ЦК ВКП(б) з 1927. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1925—27. Чл. Цэнтр. бюро КП(б)Б у 1919—23, чл. ЦК КП(б)Б у 1927—29. Чл. ЦВК БССР у 1919—22 і яго Прэзідыума ў 1920—22, чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР у 1919. 28.7.1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1955.

Тв.:

Избр. статьи и речи. Мн., 1990.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УБАРЭ́ВІЧ Еранім Пятровіч (14.1.1896, в. Антандрыя Уценскага пав., Літва — 11.6.1937),

сав. ваенны дзеяч, палкаводзец. Камандарм 1-га рангу (1935). Скончыў Канстанцінаўскае артыл. вучылішча (1916). З 1915 у арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. У кастр. 1917 адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Бесарабіі. У студз.—лют. 1918 камандаваў рэв. палком у баях супраць рум. і аўстра-герм. войск; паранены, трапіў у палон, адкуль у жн. уцёк Накіраваны на Паўн. фронт. З кастр. 1919 каманд. 14-й арміяй на Паўн. Каўказе, з ліп. 1920—13-й арміяй на Паўд.-Зах. фронце, кіраваў баявымі дзеяннямі супраць войск Польшчы і ген. Урангеля. Са студз. 1921 пам. каманд. войскамі Украіны і Крыма, нам. каманд. войскамі Тамбоўскай губ. У 1921 у БССР, чл. Рэв. ваен. савета Мінскага раёна і каманд. войскамі Мінскай губ.; удзельнік барацьбы супраць атрадаў Булак-Балаховіча. Са жн. 1921 каманд. 5-й арміяй і войскамі Усх.-Сіб. ваен. акругі; у жн.—кастр. 1922 ваен. міністр Далёкаўсх. рэспублікі і галоўнакамандуючы Нар.-рэв. арміяй. З ліст. 1924 нам. каманд. войскамі і нач. штаба Укр. ваен. акругі. З лют. 1925 каманд. войскамі Паўн.-Каўказскай, з ліст. 1928 — Маск. ваен. акруг. З чэрв. 1930 нач. узбраення РСЧА і нам. наркома абароны СССР. У 1931—37 каманд. войскамі Беларускай ваеннай акругі. У гэты час ён на манеўрах войск акругі распрацаваў тэорыю глыбокай аперацыі, звярнуў увагу на ўзаемадзеянне рэгулярных войск з партызанамі. Чл. РВС СССР з 1926, у 1930—31 нам. старшыні РВС СССР. Чл. Ваен. савета НКА СССР з 1934. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1930. Чл. ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б з 1931. Чл. ЦВК СССР з 1922, чл. ЦВК БССР і яго Прэзідыума з лют. 1934. 29.5.1937 арыштаваны па справе т.зв. «антысав. трацкісцкай ваен. арганізацыі». 11.6.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Подготовка комсостава РККА. М.; Л., 1928;

Оперативно-тактическая и авиационная военные игры. М.; Л., 1929.

Літ.:

Алдан-Семенов А.И. Слово о командарме. М., 1981;

Командарм Уборевич. Владивосток, 1978;

Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг. М., 1991.

У.​І.​Вернігораў.

Е.П.Убарэвіч.

т. 16, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРСЕ́ВІЧ Максім Тарасавіч (9.8.1890, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.11.1937),

дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Вучыўся ў Слонімскім 2-класным вучылішчы. З 1911 настаўнічаў. У чэрв. 1925 увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба. З 1926 чл. ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, кіраўнік яе Цэнтр. сакратарыята. У 1927 арыштаваны і па судовым працэсе 56-і (1928) прыгавораны да 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1931 у СССР. Працаваў у Дзярж. планавай камісіі БССР і ў камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. Чл. ЦВК БССР. У 1933 арыштаваны, у 1934 засуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Паўторна арыштаваны ў 1937, расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух прыгаворах у 1956.

Я.​І.​Мікула.

М.Т.Бурсевіч.

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІБЕ́ГАЎ Іван Якаўлевіч (сапр. Алібегянц Аганез Акопавіч; 3.12.1886, г. Кутаісі — 1941),

дзярж. і паліт. дзеяч Беларусі. З 1915 у Мінску, ствараў бальшавіцкія арг-цыі ў войсках Зах. фронту. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Мінскага Савета, з вер. 1917 старшыня Мінскага к-та РСДРП(б). На I і II Паўн.-Зах. абл. канферэнцыях РСДРП(б) выбраны нам. старшыні абл. к-та. З ліст. 1917 сакратар Прэзідыума Аблвыкамзаха, камісар працы Зах. вобласці. У 1918 нам. старшыні Паўн.-Зах. к-та РКП(б), адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі. Чл. ЦК КП(б)Б у 1918, ЦВК БССР у 1919. З 1919 у Наркамаце шляхоў зносін. У 1935—41 заг. кафедры, дэкан Маскоўскага ін-та гісторыі, філасофіі і л-ры. Загінуў у Вял. Айч. вайну ў баі пад Вязьмай.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ САВЕ́ЦКАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ 1919,

першая Канстытуцыя БССР. Прынята 3.2.1919 на I Усебел. з’ездзе Саветаў. Створана на ўзор Канстытуцыі РСФСР 1918. Складалася з Дэкларацыі правоў прац. і эксплуатуемага народа і 3 раздзелаў. Замацавала афіц. назву дзяржавы — Сацыяліст. Сав. Рэспубліка Беларусі (ССРБ), абвясціла яе рэспублікай Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Вызначыла асн. задачы дзяржавы — устанаўленне дыктатуры пралетарыяту, падаўленне супраціўлення звергнутых класаў, знішчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, пабудова сацыялізму. Адмяніла прыватную ўласнасць на зямлю і інш. сродкі вытв-сці, якія абвяшчаліся нац. здабыткам. Замацоўвала роўныя правы і абавязкі грамадзян рэспублікі, абвяшчала дэмакр. свабоды — сумлення, выказвання поглядаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў, саюзаў. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян. Уводзіўся ўсеагульны воінскі абавязак. Вышэйшым органам дзярж. улады абвяшчаўся з’езд Саветаў Беларусі, у перыяд паміж з’ездамі паўната ўлады належала Цэнтр. Выканаўчаму Камітэту (ЦВК). Трэці раздзел прысвячаўся дзярж. сімвалам рэспублікі.

Т.​І.​Доўнар.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЕ́ЎСКІ Язэп Пятровіч (11.1.1888, г. Заслаўе Мінскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР, педагог. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1914). З 1915 выкладчык Мінскага настаўніцкага ін-та, чл. культ.-асв. гуртка «Наш край», з 1917 — арг-цыі «Маладая Беларусь» пры ін-це. Удзельнік 1-га Усерас. з’езда па асвеце (жн. 1918, Масква). З 1919 чл. пед. рады Мінскага бел. пед. ін-та. У 1919—20 выкладчык Мінскай бел. гімназіі. У 1920 нам. старшыні Беларускай камуністычнай арганізацыі, з жн. 1920 чл. КП(б)Б, заг. аддзела сац. выхавання Наркамасветы БССР. З 1926 нам. старшыні і чл. Прэзідыума Інбелкульта, у 1929—31 рэктар БДУ, канд. у чл. ЦВК БССР. З 1932 нам. дырэктара Ін-та чырв. прафесуры (Масква). 15.6.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Э.​М.​Карніловіч, У.​В.​Ляхоўскі.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)