БЕ́РМАН Барыс Давыдавіч
(1901, Забайкалле — 1939),
адзін з вышэйшых кіраўнікоў НКУС і гал. арганізатараў паліт. рэпрэсій у СССР, у т. л. на Беларусі. З 1918 у Чырв. Арміі, з 1920 у органах дзярж. бяспекі. З 1923 чл. РКП(б). У 1934—37 нам. нач. замежнага аддзела Гал. ўпраўлення дзярж. бяспекі НКУС СССР, быў у складзе следчай групы па падрыхтоўцы працэсу «аб’яднанага трацкісцка-зіноўеўскага блока» і «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтра». У сак. 1937 — маі 1938 нарком унутр. спраў БССР, камісар дзярж. бяспекі 3-га рангу. Пры Бермане на Беларусі знішчана не менш як 100 тыс. чалавек, у т. л. старшыні ЦВК БССР А.Р.Чарвякоў, М.В.Стакун, старшыні СНК БССР М.М.Галадзед, Д.І.Валковіч, 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б В.Ф.Шаранговіч, камандуючы войскамі Бел. ваен. акругі Е.П.Убарэвіч, вял. колькасць бел. творчай інтэлігенцыі. Заахвочваліся даносы, паўсядзённымі сталі незаконныя арышты, катаванні, фальсіфікацыя крымінальных спраў, адпрацоўвалася тэхніка масавых расстрэлаў і пахаванняў (гл. Курапаты). Быў дэп. Вярх. Савета СССР, чл. ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ. З аслабленнем уплыву наркома ўнутр. спраў М.І.Яжова Берман заменены А.А.Наседкіным. 22.2.1939 прыгавораны да пакарання смерцю, расстраляны ў Маскве.
А.Я.Розумаў.
т. 3, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)