МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),
расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл.Пецярб.АН (1826). З 1817 ген.-інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл.Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л.Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл.Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.
Літ.:
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;
Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭРУ́ДА (Neruda) Пабла [сапр.Рэес Басуальта
(Reyes Basoalto) Нефталі Рыкарда; 12.7.1904, г. Параль, Чылі — 23.9.1973], чылійскі паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў ін-це г. Сант’яга. У 1927—43, 1970—72 на дыпламат. рабоце. У 1949—52 у эміграцыі. Друкаваўся з 1917. Псеўданім абраў пад уражаннем творчасці чэш. паэта Я.Неруды. У зб-ках «Дваццаць вершаў пра каханне і адна песня роспачы» (1924),
«Месцажыхарства — зямля» (ч. 1—2, 1933—35), «Іспанія ў сэрцы» (1937), «Вінаграднікі і вятры» (1954), «Оды спрадвечным рэчам» (кн. 1—3, 1954—57), «Камяні Чылі» (1961), «Баркарола» (1967), «Мора і званы» (1973), «Адзінокая ружа», «Зімовы сад», «Кніга пытанняў», «Выбраныя недахопы» (усе выд. 1974), драме ў вершах «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1967), паэме «Усеагульная песня» (1950) і інш. тэмы адказнасці мастака перад чалавецтвам, мужнасці і самаахвярнасці барацьбітоў за мір і справядлівасць, адданасці радзіме, кахання. Аўтар паэт. аўтабіяграфіі «Мемарыял Чорнага вострава» (т. 1—5, 1964), кн. ўспамінаў «Прызнаюся: я жыў» (выд. 1974). Яго творчасць адметная разнастайнасцю маст. прыёмаў, асацыятыўнасцю, смелай вобразнасцю, спалучэннем лірычна-спавядальнага з гратэскава-сатыр. і гумарыстычным, рэаліст. з авангардысцкім. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.Барадулін, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, Х.Жычка, М.Калачынскі, І.Калеснік, Г.Кляўко, А.Куляшоў, А.Лойка, Я.Семяжон, М.Стральцоў, М.Танк, К.Шэрман. Магілёўскі абл.т-р лялек (1980) і Дзярж.т-р лялек (1981) паставілі спектаклі «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты». Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1953. Нобелеўская прэмія 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОТ ((Scott) Вальтэр) (15.8.1771, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 21.9.1832),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. Па адукацыі юрыст. З 1799 шэрыф, з 1806 сакратар суда. Літ. дзейнасць пачаў са збірання нар. легенд і балад (зб. «Песні шатландскай мяжы», ч. 1—3, 1802—03). Папулярнасць набыў рамант. паэмамі «Песня апошняга менестрэля» (1805), «Марміён» (1808), «Дзева возера» (1810) і інш., у якіх спалучэнне драм. фабулы з маляўнічымі шатл. пейзажамі, сцэнамі палявання і казачнымі прыгодамі. Сусв. вядомасць С. прынеслі гіст. раманы, у якіх ён стварыў партрэты Шатландыі, Англіі і кантынента з пач. сярэдневякоўя і да канца 18 ст., паказаў уплыў паліт. і інш. сіл на развіццё чалавечай асобы. Аўтар т.зв. шатландскіх раманаў, у т. л. «Уэверлі» (1814), «Пурытане» (1816), «Роб Рой» (1818), у якіх адлюстраваў найб. значныя падзеі з гісторыі Шатландыі. У рамане «Айвенга» (т. 1—3, 1820, экранізаваны ў 1952 і 1983) на фоне жорсткага самавольства феадалаў, гвалтоўных дзеянняў рыцараў-крыжакоў паказаў рамант. каханне і адвагу, пышнасць рыцарскіх турніраў. Раманы «Манастыр», «Абат» (абодва 1820), «Кенілварт» (1821), «Вудстак» (1826) і інш. пра падзеі з гісторыі Англіі, раман «Квенцін Дорвард» (т. 1—3, 1823, экранізаваны ў 1988) пра абс. манархію ў Францыі ў часы праўлення Людовіка XI. Сярод найб. вядомых раманаў: «Чорны карлік» (1816), «Ламемурская нявеста» (1819), «Перцкая прыгажуня» (1828), «Граф Роберт Парыжскі» (1832, экранізаваны ў 2000 пад назвай «Рыцарскі раман») і інш. Аўтар гіст. і гісторыка-літ. прац, аповесцей, навел. Творчасць С., якая вызначаецца гістарызмам, асабістым поглядам на падзеі, рамант. героямі і рэаліст. паказам жыцця, паўплывала на развіццё гіст. рамана ў сусв. л-ры 19—20 ст. На бел. мову яго асобныя раманы пераклалі Л.Забалоцкая, М.Пазнякоў.
Тв.:
Бел.пер. — Айвенга. Мн., 1997;
Квенцін Дорвард. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—20. М.; Л., 1960—65.
Літ.:
Орлов С.А. Исторический роман Валыгера Скотга. Горький, 1960;
Реизов Б.Г. Творчество Вальтера Скотта. М.; Л., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКІ ((Słowacki) Юльюш) (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),
польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв.рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.Вольскі, С.Дзяргай, У.Дубоўка, А.Звонак, М.Лужанін, П.Пестрак, Я.Семяжон, М.Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел.т-р імя Я.Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).
Тв.:
Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1959;
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;
Избранное. М., 1984.
Літ.:
Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;
Ю.Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;
Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬДО́НІ ((Goldoni) Карла) (25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),
італьянскі драматург. Стваральнік італьян.рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм.т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.Коласа, 1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,
частка тэр.Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр.б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).
Літ.:
Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́ШЧЫКІ,
дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл.Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс.рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч. іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, а таксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.
На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах. краі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЧЭ́ТА (Уладзімір Іванавіч) (21.10.1878, г. Палтава, Украіна —23.6.1947),
бел. гісторык-славіст. Акад.АНБССР (1928), АНСССР (1946, чл.-кар. 1939). Д-рн. (1918), засл.праф.Бел. рэспублікі (1926), засл. дз. нав.Узб. ССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). У 1910—11 прыват-дацэнт, у 1918—22 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў і старшыня праўлення Бел.навук.-культ.т-ва ў Маскве (1918—19), чытаў курс лекцый «Гісторыя беларускага народа» ў Бел.нар. ун-це ў Маскве. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маск. камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 першы рэктар БДУ. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і АНБССР, архіўнай справы ў БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—30. 13.9.1930 П. арыштаваны па т.зв. «акадэмічнай справе». У жн. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Вятка, у чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на г. Варонеж, дзе ён працаваў прафесарам у пед. ін-це. У 1935 справа П. перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у ВНУ. З 1937 працаваў у Ін-це гісторыі АНСССР, дзе з 1939 узначальваў сектар славяназнаўства, адначасова быў заг. кафедры зах. і паўд. славян Маскоўскага ун-та. У 1941 разам з ін-там эвакуіраваны ў Ташкент. У 1946 разам з акад. Б.Дз.Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Ін-та славяназнаўства АНСССР. Даследаваў праблемы гісторыі Беларусі, ВКЛ і Расіі 16—20 ст., Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Вял. значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі бел. мовы і л-ры.
Тв.:
История крестьянских волнений в России. Мн., 1923;
Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924;
Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. М., 1940;
Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991.
Літ.:
Славяне в эпоху феодализма: 100-летию В.И.Пичеты. М., 1978;
Академик В.И.Пичета: Страницы жизни. Мн., 1981;
В.И.Пичета: Биобиблиогр. указ. Мн., 1978;
Брачев В.С. «Дело историков» 1929—31. СПб., 1997;
Иоффе Э.Г. Академик В.И.Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996. №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛА́Н ((Rolland) Рамэн) (29.1.1866, г. Кламсі, Францыя — 30.12.1944),
французскі пісьменнік, музыказнавец. Ганаровы чл.АНСССР (з 1932). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1886—89), з 1897 праф. гэтай школы. У 1895 абараніў доктарскія дысертацыі па музыцы і жывапісе. У 1903—12 праф. Сарбоны. Знаходзіўся пад уплывам Л.Талстога і перапісваўся з ім. У творчасці аддаваў перавагу маштабным гіст. падзеям і гіст. асобам. Першыя драмы «Святы Людовік» (1897), «Аэрт» (1898) разам з п’есай «Надыдзе час» (1903) склалі цыкл «Трагедыі веры». Стварыў драм. цыкл «Тэатр рэвалюцыі» пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст.: «Ваўкі» (1898), «Трыумф розуму» (1899), «Дантон» (1900), «14 ліпеня» (1902), «Гульня кахання і смерці» (1925), «Вербная нядзеля» (1926), «Леаніды» (1927), «Рабесп’ер» (1939). Свае погляды на мастацтва і яго ролю ў грамадскім жыцці выклаў у тэарэт. даследаванні «Народны тэатр» (1903) і цыкле «Гераічныя жыцці» («Жыццё Бетховена», 1903; «Жыццё Мікеланджэла», 1906; «Жыццё Талстога», 1911). Ідэйна-эстэт. погляды Р.-рэаліста найб. ярка адлюстраваны ў рамане-эпапеі «Жан-Крыстоф» (т. 1—10, 1904—12), у якім шырокая панарама жыцця Францыі і Германіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., лёс мастака ў тагачасным грамадстве. Узаемаадносіны мастака і народа ў цэнтры аповесці «Кала Бруньён» (1914, апубл. 1919). Антываен. матывы характэрны для драм. сатыры «Лілюлі» (1919), рамана «Клерамбо», лірычнай аповесці «П’ер і Люс» (абодва 1920). Раман «Зачараваная душа» (т. 1—4, 1922—33) пра лёс еўрап. інтэлігенцыі. Аўтар шматлікіх кніг пра л-ру і мастацтва, зб-каў публіцыстыкі, мемуараў. Яго творы адметныя вастрынёй маральна-этычных і сац.-паліт. канфліктаў, манументальнасцю вобразаў, дынамізмам сюжэтаў. Да традыцыі Р. звярталіся Р.Мартэн дзю Гар, Ж.Р.Блок, Л.Арагон і інш. На сюжэт аповесці «Кала Бруньён» Дз.Кабалеўскі напісаў оперу «Майстар з Кламсі» (1938). У Бел.дзярж. т-ры пастаўлены спектакль «Ваўкі» (1923). На бел. мове надрук. ўрыўкі з аповесці «Кала Бруньён» (1936, пер. Я.Скрыгана), з рамана «Жан-Крыстоф» (1938), арт. «Застольныя гутаркі з Бетховенам» (1937). Нобелеўская прэмія 1915.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—14. М., 1954—58;
Соч.Т. 1—9. М. 1974.
Літ.:
Балахонов В.Е. Ромен Роллан и его время: Ранние годы. Л., 1972;
Ромен Роллан, 1866—1966: По материалам юбилейной сессии. М., 1968;
Мотылева Т.Л. Ромен Роллан. М., 1969;
Урицкая Б.С. Ромен Роллан — музыкант. 2 изд. Л.;
М., 1974;
Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;
1. Паказвае на асобу ці прадмет, аддаленыя ў прасторы ці часе.
Той лес.
На тым тыдні.
2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых.
Вазьмі тую кніжку, якую яшчэ не чытаў.
3. Паказвае на які-н. прадмет, асобу, пра якія гаварылася раней.
Прыйшла тая жанчына, якую мы чакалі.
4. Паказвае на вядомую ўжо асобу ці прадмет.
Добры скрыпач быў той Мікола.
5. Іменна ён, не іншы, гэты ж самы (звычайна ў спалучэннях «той жа», «той самы», «той жа самы»).
Ехалі ў тым жа вагоне.
6.у знач.наз.то́е, таго́, н. Паказвае на якія-н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія ўжо ішла размова.
Яны выканалі і маю норму, а я таму і рады.
7.Ужыв. як суадноснае слова ў галоўнай частцы складаназалежных сказаў з даданымі дапаўняльнымі.
Думы, мары мае!
Ганаруся я той, што навек заўладала сэрцам маім.
8. Уваходзіць у склад:
а) складаных злучнікаў «дзякуючы таму што», «з прычыны таго што», «для таго што», «да тых пор пакуль», «за тое што» «у той час як», «нягледзячы на тое што», «пасля таго калі», «перад тым як», «тым больш што» і інш.;
б) словазлучэнняў, звычайна пабочнага характару, якія звязваюць розныя часткі выказвання: «апрача таго», «акрамя таго», «разам з тым», «між тым» і інш.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)