ФІ́ЛДЫНГ, Фільдынг (Fielding) Генры (22.4.1707, Шарпем-Парк каля г. Гластанберы, Вялікабрытанія — 8.10.1754), англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік англ. і еўрап. Асветніцтва. Скончыў Ітанскі каледж (1727), вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1728—29), атрымаў юрыд. адукацыю ў Тэмплі (1740). Працаваў суддзёй, кіраваў тэатрам, выдаваў часопісы. Дэбютаваў парадыйнай камедыяй «Каханне ў розных масках» (1728). Аўтар больш як 25 п’ес, у т. л. «Палітык з кавярні, або Суддзя ў сваёй уласнай пастцы» (1730), «Дон Кіхот у Англіі» (1734), «Пасквін» (1736). У выніку прыняцця «Закона аб ліцэнзіях», скіраванага супраць Ф., вымушаны быў закрыць уласную трупу. Звярнуўся да жанру рамана. У сац.-паліт. рамане-памфлеце з рысамі пікарэскі «Гісторыя жыцця нябожчыка Джонатана Уайльда Вялікага» (нап. каля 1739) традыцыі сатыры Дж.Свіфта. Раман «Гісторыя прыгод Джозефа Эндруса і яго сябра Абраама Адамса» (1742) задуманы як пародыя на раман «Памела» С. Рычардсана. Наватарскай стала яго «камічная эпапея ў прозе» (т.зв. раман вял. дарогі) «Гісторыя Тома Джонса, знайдыша» (1749, экранізавана ў 1963), у якой чалавечы лёс паказаны на шырокім сац. фоне шляхам спалучэння шырокай эпічнасці з камернасцю і лірычнасцю, сур’ёзнасці з мяккім інтэлектуальным гумарам і вострай сатырай. Яго маст. манеры ўласціва «змяшаная паэтыка», перапляценне тэндэнцый асветніцкага класіцызму, барока, ракако і сентыменталізму (рысы апошняга ў рамане «Амелія», 1752). На бел. сцэне яго п’есу «Выкрыты цудатворац» ставіў Брэсцкі абл. драм. т-р (1956).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. М., 1989;
Комедии. М., 1954.
Літ.:
Соколянский М.Г. Творчество Генри Филдинга. Киев, 1975;
Роджерс П. Генри Фильдинг: Пер. с англ. М., 1984;
Левидова И.М. Генри Фильдинг: Биобиблиогр. указ. М., 1957.
Г.В. Сініла.
т. 16, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)