відэа-

(лац. video = гляджу, бачу)

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да адлюстравання электрычных сігналаў на экране электронна-прамянёвай трубкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дрэна́ж

(англ. drainage, ад drain = труба)

1) асушэнне грунту з дапамогай сістэмы каналаў, труб;

2) вывядзенне з раны гною, вадкасці з дапамогай спецыяльнай трубкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

заце́пліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць і зацяплі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разм. Запаліць (агонь, свечку і пад.). Зацеплілі трубкі гуралі. Танк. Паўночных віхураў краіна Лагодна сустрэла яго: Паклікала ў дом між ялінак, Зацепліла ў лямпе агонь. Лось. // перан. Прымусіць узнікнуць, з’явіцца. [Ірына] прыціскала да сябе дзіця, хутала яго ў старую коўдрачку, сагравала сваім дыханнем, як бы збіраючыся зацяпліць жыццё ў гэтым маленькім.. цельцы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Народны духавы музычны інструмент у выглядзе драўлянай або чарацянай трубкі з круглымі дзірачкамі. За бакавым узгоркам чуліся высвісты пастуховых дудак. Гартны.

2. Разм. Сцябліна, звычайна пустая ўнутры. Дудкі чароту. □ Я іду паўз платы, за якімі зелянеюць дудкі цыбулі. Наўроцкі.

•••

Іграць у адну дудку гл. іграць.

Скакаць пад чыю дудку гл. скакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцябло́, ‑а́; мн. сцёблы (з ліч. 2, 3, 4 сцяблы́), ‑аў; н.

1. Надземная частка травяністай расліны, якая нясе на сабе лісце, кветкі і плады. Узяўшы кветку, [Наташа] убачыла, што сцябло зломана. Гарбук. Міхалка стаяў перад .. [Скуратовічам], як аслупянелы, мнучы ў пальцах сцябло сарванай травы. Чорны.

2. Спец. Назва розных частак прадметаў ці прыстасаванняў, якія маюць выгляд трубкі, стрыжня. Сцябло затвора вінтоўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЫСПЛЕ́Й (ад англ. display паказваць, узнаўляць),

прылада для візуальнага адлюстравання алфавітна-лічбавай і графічнай інфармацыі ў дыялогавым рэжыме работы чалавека з ЭВМ. Адрозніваюць алфавітна-лічбавыя, вектарныя і растравыя Д.; чорна-белага і каляровага адлюстравання; малога, сярэдняга і высокага раздзялення. Д. уваходзіць у склад персанальнай ЭВМ або далучаецца да ЭВМ з дапамогай ліній сувязі.

Д. мае экран (электронна-прамянёвыя трубкі, вадкакрышталічны або інш.), генератар сімвалаў і ліній, пульт кіравання з клавіятурай, запамінальнае прыстасаванне і блокі сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі, таксама можа мець сродкі адваротнай сувязі («мыш», светлавы аловак і інш.) для аператыўнай карэкцыі інфармацыі на экране. Алфавітна-лічбавы Д. адлюстроўвае інфармацыю з дапамогай зададзенага набору сімвалаў (на экране да 24 радкоў тэксту па 80 сімвалаў у радку). Вектарны Д. — спецыялізаваны Д. для адлюстравання графічнай інфармацыі ў выглядзе адрэзкаў ліній (вектараў). Найб. дасканалы растравы Д., адлюстроўвае інфармацыю ў выглядзе мазаікі святлівых пунктаў (элементаў відарысу), інфармацыя пра кожны элемент захоўваецца ў апорнай памяці Д., ад аб’ёму якой залежыць яго раздзяляльная здольнасць. Выкарыстоўваецца як выхадная прылада (тэрмінал) выліч. сістэм і сетак, а таксама ў аўтаматызаваных сістэмах праектавання, кіравання, інфармацыйна-пошукавых сістэмах, сістэмах перадачы даных і інш.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАВЫ́ АРКЕ́СТР, рагавая музыка,

самабытны тып аркестра медных духавых інструментаў. Вядомы ў Расіі ў сярэдзіне 18—1-й пал. 19 ст. Упершыню створаны ў Пецярбургу чэш. валтарністам Я.​А.​Марашам, прыдворным капельмайстрам аркестра С.​К.​Нарышкіна. Не меў аналага ў зах.-еўрап. краінах. На Беларусі быў у Шклоўскім тэатры Зорыча.

Складаўся з удасканаленых паляўнічых рагоў розных памераў (ад 9,5 да 225 см), якія выраблялі з ліставой медзі, мелі канічную форму і парабалічна загнуты канец трубкі каля муштука. Р.а. поўнага складу ўключаў 91 рог, кожны з якіх выдаваў адзін гук пэўнай вышыні. Гучанне Р.а., магутнае і разам з тым мяккае, аксамітавае, вібрыраванае, нагадвала гучанне своеасаблівага аргана. Напачатку Р.а. абслугоўвалі прыдворныя святы, балі, прагулкі «на вадзе», феерверкі, маскарады, паляўнічыя выезды, суправаджалі серэнады. У канцы 18 — пач. 19 ст. іх выкарыстоўвалі ў публічных тэатр. пастаноўках і канцэртах. Часта былі адзінымі выканаўцамі інстр. музыкі ў правінцыяльных гарадах і памешчыцкіх сядзібах. Лепшыя Р.а. мелі даволі багаты і разнастайны рэпертуар — ад апрацовак нар. песень і танцаў да оперных уверцюр, сімфоній. Як спецыфічная з’ява муз. культуры знік у 1830-я г.

Літ.:

Вертков К. Русская роговая музыка. Л.;

М., 1948.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІННЫ́ МОЗГ,

аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў пазваночным канале (гл. Пазваночнік). Забяспечвае ажыццяўленне большасці рэфлексаў, звязаных з дзейнасцю шкілетна-мышачнай і вісцэральных сістэм.

Мае форму трубкі з патоўшчанымі бакавымі сценкамі, уверсе пераходзіць у прадаўгаваты мозг, унізе (на ўзроўні 2-га паяснічнага пазванка) заканчваецца мазгавым конусам. Укрыты трыма злучальна-тканкавымі абалонкамі: цвёрдай, павуціннай, мяккай; цэнтр. канал і падпавуцінная прастора запоўнены спіннамазгавой вадкасцю. У дарослага чалавека даўж. С.м. 41—45 см, маса 26—28 г. С.м. утвораны шэрым рэчывам (размешчана ў цэнтры), якое абкружае белае рэчыва. У шэрым рэчыве лакалізуюцца нерв. ядры, у белым праходзяць шляхі, якія злучаюць ц. н. с. з органамі і тканкамі. С.м. складаецца з 31—33 сегментаў, кожны з якіх мае 2 пары нерв. карэньчыкаў: пярэднія, рухальныя (па іх імпульсы з клетак С.м. перадаюцца шкілетным мышцам, унутр. органам) і заднія, адчувальныя (імпульсы ад рэцэптараў скуры, мышцаў, унутр. органаў перадаюцца ў С.м.). Пярэдні і задні карэньчыкі з кожнага боку С.м. злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць спіннамазгавыя нервы. С.м. залежыць ад галаўнога мозга, найб. складаныя рэфлекторныя рэакцыі С.м. кіруюцца галаўным мозгам пры дапамозе праводзячых шляхоў белага рэчыва.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМБО́Н (італьян. trombone ад tromba труба),

медны духавы муштуковы нетранспануючы муз. інструмент. Мае шырокія мензуру і канічны раструб, які ў вузкай частцы злучаны з рассоўным механізмам, што ўключае 2 нерухомыя трубкі (штангі), на якія насоўваецца U-падобная куліса. Рухомае прыстасаванне забяспечвае храматычны гукарад. Існуюць Т. рассоўны (цугтрамбон) і вентыльны. 6 разнавіднасцей — ад сапрана да кантрабаса. У наш час выкарыстоўваюцца тэнаравыя і тэнарава-басовыя, радзей басовыя Т. Ужываецца пераважна як арк. (Т. складае самаст. групу ў традыц. складзе эстр. аркестра «big band», эстр.-сімф.), зрэдку як сольны інструмент.

Продкам Т. лічыцца стараж.-рым. букцына (з сям’і труб). У інш. краінах Еўропы вядомы з 15 ст. Сям’я Т. сфарміравалася ў 16 ст.

На Беларусі Т. вядомы з 18 ст. ў складзе езуіцкіх капэл, з 19 ст. — у аматарскіх аркестрах навуч. устаноў: Гомельская муз. школа (Мацей Красоўскі, Ян Сураж), Мінская мужчынская гімназія (Восіп Шаскольскі), 1-е Мінскае гар. 4-класнае вучылішча (Шыменеў); духавога аркестра Мінскага вольна-пажарнага т-ва, ваен. аркестраў. З пач. 20 ст. пашыраны ў прафес. і аматарскіх аркестрах, ансамблях.

Літ.:

Вилковир Е. Практический курс инструментовки для духового оркестра. М., 1963;

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Л., 1973.

А.​Л.​Карацееў.

Трамбон рассоўны.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калео́птыль

(ад гр. koleos = ножны + ptilon = пяро)

першы верхні ліст у злакаў, які мае выгляд згорнутай трубкі з завостраным канцом, што служыць для прабівання глебы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)