спосаб перыядычнага аднаўлення сельскай абшчыннай ўраўняльнасці землекарыстання, якая пастаянна парушалася зменай складу сям’і і колькасці двароў абшчыннікаў. Пры феадалізме П.з. праводзілі або кантралявалі памешчыкі. Пасля сялянскай рэформы 1861 яны сталі выключнай функцыяй пазямельнай абшчыны і вызначаліся патрабаваннем 2/3 гаспадароў дамоў на сельскім сходзе. П.з. падзяляліся на агульныя, прыватныя і т.зв. перавёрсткі. Агульныя (усіх двароў) П.з. праводзіліся праз шэраг гадоў, прыватныя (перадача зямлі з адной сям’і ў другую пры змене іх люднасці або канфіскацыі надзелаў нядоімшчыкаў) — штогод. Перавёрсткі азначалі прымусовы абмен раўнацэннымі зямельнымі ўчасткамі, каб зменшыць цераспалосіцу. Паводле правіл 1893 агульныя П.з. праводзіліся пад кантролем земскіх участковых начальнікаў не часцей як праз 12 гадоў, а прыватныя дапускаліся толькі ў выключных выпадках. На Беларусі П.з. праводзіліся ва ўсх. паветах, дзе часткова існавала абшчыннае ўладанне ворнай зямлёй і сенажацямі. Размеркаванне надзельных зямель адбывалася пераважна па колькасці наяўных работнікаў (мужчын ці ўсіх) у сям’і. Пасля адмены прыгону агульныя і прыватныя П.з. не атрымалі ў бел. паветах значнага пашырэння і адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем, што ўзмацняла працэс разлажэння сялянства. У ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы ў адпаведнасці з законам ад 14.6.1910 усе абшчыны, у якіх не было агульных П.з. з часу іх надзялення зямлёй, былі абавязаны перайсці да падворнага землеўладання. П.з. адрадзіліся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з ажыццяўленнем дэкрэта аб зямлі ад 27.10(9.11). 1917 у вёсцы. Спыніліся з ліквідацыяй сельскай пазямельнай абшчыны ў ходзе суцэльнай калектывізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прывы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў прывычках, увайшоў у прывычку. Полаз і Вітушка паабедалі з прывычнай сялянскай паважнасцю.Шамякін.Пётра падышоў да сцірты і сказаў прывычнае «добры дзень».Пташнікаў.Увесь наш прывычны парадак механічнай работы пачаў трашчаць на ўсіх застаўках.Скрыган.// Добра знаёмы, звычайны. Халасцяцкі пакой, пусты, .. па-роднаму прывычны, зараз здаваўся.. [Банжыну] чужым.Шыцік.
2. Які выпрацаваў прывычку да чаго‑н., прывык да чаго‑н. Але прывычны паляўнічы зрок Адгадваў сярод густой травы, Па росах збітых воўчыя сляды.Танк.Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні, а прывычнаму — лепей і не трэба.Бядуля.Упартыя мазгі, як прывычны конь, заварочваюць на старую дарожку.Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прылучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. Прылучыцца да кампаніі. □ Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім.Гартны.Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фельчарам.Колас.// Стаць на чый‑н. бок, згадзіцца з кім‑н. Прылучыцца да прапановы.
2. Пазнаёміцца з чым‑н., уключыцца ў якую‑н. дзейнасць. Будзе працаваць [Віктар] нароўні з усімі. Зноў прылучыцца да нялёгкай, але знаёмай сялянскай працы.Паўлаў.
3.Разм. Здарыцца, стацца. [Алеся] перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём.Колас.[Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае.Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.
Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас.сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел.сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НЦЭР (Müntzer, Münzer) Томас (каля 1490, г. Штольберг, Германія — 27.5.1525), рэлігійны дзеяч, адзін з ідэолагаў Рэфармацыі і кіраўнікоў Сялянскай вайны 1524—25 у Германіі. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга і Франкфурта-на-Одэры. Адзін з найб. адукаваных тагачасных ням. тэолагаў. З 1518 прыхільнік М.Лютэра. Паводле яго рэкамендацыі ў 1520—21 быў святаром у г. Цвікаў (Саксонія), дзе зблізіўся з сектай анабаптыстаў, але ідэйна разышоўся з лютэранамі. У 1521 наведаў Чэхію, у т. л. Прагу, дзе прапаведаваў радыкальную Рэфармацыю (т.зв. «Пражская адозва») і абвясціў сябе прыхільнікам вучэння Я.Гуса. З 1523 святар у г. Альштэт (Цюрынгія), дзе арганізаваў «Саюз выбраных» — тайнае т-ва, якое мела на мэце звяржэнне ўлады князёў; канчаткова адышоў ад супрацоўніцтва з лютэранамі. Выступаў супраць «мёртвай літары» царк. вучэння, развіваў уяўленне пра ўнутр. веру, якая дазваляе мысліць і дзейнічаць у адпаведнасці з божым прадвызначэннем. Гал. задачу Рэфармацыі разумеў у абвяшчэнні блізкага сац.-паліт. перавароту, які павінен быць здзейснены масай сялян і гар. беднякоў. Прапагандаваў ідэю ўстанаўлення «царства божага на зямлі», адмаўляў прыватныя інтарэсы, але выступаў за ўмацаванне дробнасялянскай працоўнай уласнасці. У час Сял. вайны з лют.—сак. 1525 кіраваў паўстанцамі Цюрынгіі, спрабаваў стварыць у Мюльгаўзене адзіны цэнтр кіраўніцтва вайной. Пасля паражэння свайго атрада 15.5.1525 каля г. Франкенгаўзен трапіў у палон і пакараны смерцю.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Лазарев В.В. Становление философского сознания нового времени. М., 1987;
Ревуненкова Н.В. Ренессансное свободомыслие и идеология Реформации. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎД (Raud),
эстонскія мастакі, браты. Нарадзіліся ў Віру-Яагупі (Эстонія). Крысцьян Р. (22.10.1865—19.5.1943), графік. Вучыўся ў Пецярбургскай (з 1892), Дзюсельдорфскай (1897—98), Мюнхенскай (1901—03) АМ, у школе А.Ажбе ў Мюнхене (з 1899). Заснавальнік і кіраўнік маст. студыі ў г. Тарту (каля 1905—14). У 1923—26 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Ў 1890-я г. рабіў жанравыя эцюды і замалёўкі з жыцця эст. сялян («У хаце», 1896—98). Пазней зазнаў уплывы мадэрну і сімвалізму. На аснове стылявых асаблівасцей эст.нар. разьбы па дрэве выпрацаваў своеасаблівую манеру экспрэсіўнага манументалізаванага станковага малюнка. Сярод твораў: «Збор бульбы» (1896), «Трыпціх на сюжэт казання «Тагасветная нявеста» (1919), «Ігра на кантэле» (1914—28), «Жніво» (каля 1938), «У сялянскай хаце» (1939), «Селянін» (1942), цыклы малюнкаў «Чалавек і ноч» (1907—09) і на тэму эст. эпасу «Калевіпаэг» (1920—40-я г.). Адзін з заснавальнікаў Эст.нар. музея (1909, цяпер Этнаграфічны музей Эстоніі) у Тарту, ініцыятар стварэння Эстонскага музея (1919, цяпер Маст. музей Эстоніі) у Таліне. Паўль Р. (23.10.1865—22.11.1930), жывапісец. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1888—94) і ў Пецярбургу (1911) у І.Рэпіна. З 1923 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Пісаў пераважна заказныя парадныя партрэты ў акад. духу, а таксама жанравыя і пейзажныя эцюды, этнаграфічна дакладныя збіральныя партрэты эст. сялян. Сярод твораў: «Дама ў чырвоным капелюшы» (1893), партрэт Н.Ікскюль (1894), «Дзядзька Паўль з люлькай» (каля 1894—96), «Стары з вострава Муху» (1898), «Матыў Пакры» («Сенакос», 1899), «Аўтапартрэт з палітрай» (1908) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЭР ((Luther) Марцін) (10.11.1483, г. Эйслебен, Германія — 18.2.1546),
нямецкі тэолаг, рэліг. рэфарматар, заснавальнік лютэранства. Пасля заканчэння Эрфурцкага ун-та (1505) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, у 1507 пасвячоны ў святары. З 1508 праф. Вітэнбергскага ун-та, з 1512 доктар тэалогіі. Пратэстуючы супраць продажу індульгенцый, з 1517 выступіў з 95 тэзісамі, у якіх выкрываў карыслівую сутнасць гандлю «нябеснымі скарбамі». Папа Леў X у 1520 асудзіў тэзісы Л. ў буле, якую Л. публічна спаліў. Адначасова ён выдаў шэраг палемічных твораў («Да хрысціянскага дваранства нямецкай нацыі», «Вавілонская няволя», «Пра свабоду хрысціяніна»), якія ляглі ў аснову пратэстантызму. Канчаткова адлучаны ад царквы (1521) і асуджаны на выгнанне паводле Вормскага эдыкта 1521, Л. схаваўся ў замку саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вартбургу, дзе працаваў над перакладам на ням. мову Новага запавету і новымі палемічнымі творамі («Супраць злоўжывання святой імшой», «Пра шлюбы святароў і манахаў»). У 1522 Л. вярнуўся ў Вітэнберг і пачаў працу над перакладам Старога запавету. Ён рэзка выступіў супраць Сялянскай вайны 1524—26 і падтрымаў яе задушэнне. У 1530 на Аўгсбургскім рэйхстагу было прадстаўлена складзенае Л. і адрэдагаванае Ф.Меланхтанам «Аўгсбургскае спавяданне», якое афіц. фармулявала асн. палажэнні лютэранства. Найважнейшай працай Л. стаў таксама ням. пераклад Бібліі (скончаны ў 1542), у якім замацаваны нормы агульнанямецкай нац. мовы.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв. СПб., 1994;
Лекции по «Посланию к римлянам». Мн., 1996;
Лекции по «Посланию к Галатам». Мн., 1997.
Літ.:
Соловьев Э.Ю. Непобежденный еретик: Мартин Лютер и его время. М., 1984;
Порозовская Б. Мартин Лютер, его жизнь и реформаторская деятельность. СПб., 1994;
Эриксон Э.Г. Молодой Лютер: Психоаналит. ист. исслед.: Пер. с англ.М., 1996;
Мартин Лютер — реформатор, проповедник, педагог: [Сб.]. М., 1996.
1. Належаць па нараджэнню да якога‑н. класа, нацыі, народнасці і пад.; весці ад каго‑н. сваё паходжанне. Лабановіч паходзіць з беднай сялянскай сям’і.Пшыркоў.Драздовіч сам паходзім са шляхты, але не выхваляўся гэтым.Машара.
2. Узнікаць, утварацца ад чаго‑н. Як вядома, назвы многіх гарадоў паходзяць ад назваў рэчак, на якіх яны стаялі.Штыхаў.Атрымалася аповесць з дзіўнай назвай [«Апошні зверыядавец»], што паходзіць ад мянушкі, якую мелі былыя выхаванцы кадэцкага корпуса.Кучар.
3.накаго-што. Быць падобным да каго‑, чаго‑н. [Васіль] ва ўсім стараўся паходзіць на дарослага, пераймаў павольныя рухі бацькі Мірона, яго манеру гаварыць, трымацца з людзьмі.Лынькоў.[Аня] паходзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну.Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БО́НДАРСТВА,
рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл.Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб.стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Алена Сямёнаўна) (н. 22.12.1922, в. Ліпнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыла Рагачоўскі настаўніцкі ін-т (1941) і БДУ (1946). Працавала ў Курскім абл. выд-ве, у час. «Работніца і сялянка» (1950—72), выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (1972—83). Друкуецца з 1947 (аповесць «У прасторах жыцця»). У цэнтры ўвагі пісьменніцы жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей (аповесць «Шляхі-дарогі», 1950; зб-кі апавяданняў «Блізкія знаёмыя», 1954; «Падслухала сэрца», 1960; «Пісар страявой часці», 1969; «Адно імгненне», 1974; «Мыс Добрай Надзеі», 1977; «Шурка Рэмзікаў», 1985, і інш.). Лепшыя апавяданні («Пані старшыніха прыехала», «Адно імгненне», «Зімовая дарога», «Марыула», «Падгор’е») вылучаюцца глыбінёй пранікнення ва ўнутр. свет чалавека, моцным маральна-этычным і грамадз. напаўненнем. На аўтабіягр. матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся...» (аповесці «Расці, Ганька», 1966; «Доля знойдзе цябе», 1967; «Новы свет», 1968; «Пачакай, затрымайся...», 1970; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), у якой паказаны нялёгкі шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны, духоўнае пасталенне чалавека. Аўтар кніг для дзяцей («Заўтра ў школу», 1956; «Сябры», 1958; «Калінавая рукавічка», 1963, і інш.). Творы Васілевіч дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэт. бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая нар. мова. Аўтар зб-каў эцюдаў, роздумаў, эсэ («Люблю, хвалююся — жыву...», 1986; «Элегія», 1988). Пераклала на бел. мову аповесць М.Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975), раман Д.Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976), аповесць Г.Башырава «Зялёная мая калыска» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1982—83.
Літ.:
Шкраба Р. Літаратура і мова. Мн., 1969. С. 304—316;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977. С. 91—125;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979. С. 88—114;
Яфімава М. Алена Васілевіч // Беларуская дзіцячая літаратура. Мн., 1980;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 27—29, 197—205.