ЛЕБЯДА́ (Тодар) (сапр.Шырокаў Пётр Фёдаравіч; 6.1.1914, г. Віцебск — пач. 1970),
бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае рамеснае чыгуначнае вучылішча. З 1933 вучыўся ў Мінскім пед. ін-це. У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Новасібірскую вобл. У 1940 вернуты ў Мінск для перагляду справы. У час ням.-фаш. акупацыі жыў у Віцебску, рэдагаваў газ. «Беларускае слова» (1943—44), пісаў вершы, апавяданні, п’есы. У 1947 зноў арыштаваны, сасланы ў Сібір. Вызвалены ў 1956. У 1960—62 у Слоніме, працаваў у Чэрвені ў райгазеце. Памёр у Разанскай вобл. Друкаваўся з 1931. П’еса «Загубленае жыццё» пра калектывізацыю і рэпрэсіі (паст. 1943 Мінскім гар. т-рам, выдадзена ў Канадзе, 1952). Лагерныя вершы склалі зб. «Песні выгнання» (1944, факсім. выд. 1991). П’еса «У нас, на Гродзеншчыне» (1961) пра вясковае жыццё. Аўтар аднаактоўкі «Людзі ў Хрысце» (1960).
Тв.:
Загубленае жыццё // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
Літ.:
Чыгрын С. Трагічны лёс Тодара Лебяды // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й (Іван) (? — пасля 1669),
палкоўнік казацкага запарожскага войска на Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паходзіў з Мсціслаўскага ваяв. У 1649 у Брацлаўскім палку, якім камандаваў яго брат Д.Нячай. У 1650—54 казацкі прадстаўнік пры двары крымскага хана. У 1655 у войску І.Залатарэнкі, удзельнічаў у аблозе Старога Быхава. Страціўшы надзею на поспех, казакі адышлі на Украіну, пакінуўшы на Беларусі частку войска на чале з Н. 29.1.1656 Хмяльніцкі прызначыў Н. «палкоўнікам беларускім». У 1657 Н. узяў Стары Быхаў. У 1658 ён адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. У снеж. 1658 пацярпеў паражэнне ад рас. войск каля в. Благовічы Мазырскага пав., 11.3.1659 — каля Мсціслава. Пасля ўзяцця рус. войскамі Старога Быхава (4.12.1659) трапіў у палон і адпраўлены ў Маскву. 6.10.1660 сасланы ў Табольск. Вярнуўшыся са ссылкі, Н. у 1669 неаднаразова ездзіў на Украіну да гетмана Дарашэнкі ў якасці палкоўніка літ. казацкага палка. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́Й (сапр.Гурка) Сямён Піліпавіч
(1640-я г., г. Борзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — студз. 1710),
правадыр нац.-вызв. руху на Правабярэжнай Украіне ў канцы 17 — пач. 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме, быў казаком Запарожскай Сечы. У пач. 1680-х г. адзін з кіраўнікоў нар. каланізацыі спустошаных войнамі раёнаў Прыдняпроўя, дзе ўтварылася казацкая «рэспубліка» з цэнтрам у г. Фастаў (на ПдЗ ад Кіева). У час нар. паўстання канца 1680-х г. на Правабярэжнай Украіне вызваліў з-пад польскага панавання некалькі гарадоў. Быў за ўз’яднанне пад уладай Расіі Правабярэжнай і Левабярэжнай Украіны, карыстаўся тайнай падтрымкай рас. ўрада. У 1702—04 узначаліў новае казацка-сял. паўстанне, што ахапіла Кіеўшчыну, Валынь і Падолію. У 1704 арыштаваны ўкр. гетманам І.Мазепам і па лжывым абвінавачанні сасланы ў Сібір. Вызвалены Пятром I пасля здрады Мазепы (1708) і прызначаны белацаркоўскім палкоўнікам. Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. П. — герой укр.нар. песень і паданняў, яго апеў Т.Р.Шаўчэнка ў творах «Чарнец» і «Швачка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГАРУ́КІЯ, Далгарукавы,
расійскія ваен. і дзярж. дзеячы, прадстаўнікі стараж. княжацкага роду. Родапачынальнік — Міхаіл Усеваладавіч Чарнігаўскі. Мянушку Д. атрымаў яго патомак Іван Андрэевіч Абаленскі. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Юрый Аляксеевіч (? — 15.5.1682), баярын, ваявода. Блізкая асоба цара Аляксея Міхайлавіча. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у заняцці Мсціслава, Дуброўны і Шклова, у паходзе ў Бел. Панямонне (1665). У 1658 прызначаны ваяводам у Мінску, Вільні. З 1660 галоўнакаманд. рас. войскамі на Беларусі. У 1671 кіраваў задушэннем паўстання на чале з С.Разіным у Паволжы. Забіты ў час Стралецкага паўстання 1682. Якаў Фёдаравіч (1639, Масква — 19.11.1720), баярын. Паплечнік, саветнік і давераная асоба Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96. З 1712 сенатар, з 1717 прэзідэнт Рэвіз. калегіі. Рыгор Фёдаравіч (1656—26.8.1723), дыпламат. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Палтаўскай бітвы 1709. Пасол у Рэчы Паспалітай (1701—21). З 1721 сенатар. Васілій Уладзіміравіч (студз. 1667 — 22.2.1746), ген.-фельдмаршал (1728). Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. У 1708 на Украіне кіраваў задушэннем Булавінскага паўстання. З 1721 сенатар. З 1730 чл.Вярх. тайнага савета. У 1731 арыштаваны па справе царэвіча Аляксея, у 1739 сасланы ў Салавецкі манастыр. З 1741 вернуты са ссылкі, прызначаны прэзідэнтам Ваен. калегіі. Васіль Лукіч (каля 1670 — 19.11.1739), дыпламат. З 1706 пасол, пасланнік, паўнамоцны міністр у Рэчы Паспалітай, Даніі, Францыі, Швецыі. З 1728 чл.Вярх. тайнага савета. У 1730 сасланы ў Салавецкі манастыр за ўдзел у змове «вярхоўнікаў». Пакараны смерцю. Юрый Уладзіміравіч (13.11.1740—20.11.1830), ген.-аншэф (1774). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, рус.-тур. войнаў (1768—74 і 1787—91) і інш. У 1789—90 каманд. корпусам на Беларусі, у 1793—94 нач. войск у далучаных да Расіі зямель Рэчы Паспалітай. Аўтар мемуараў. Іван Міхайлавіч (18.4.1764—16.12.1823), тайны саветнік (1804). Скончыў Маск. ун-т (1780). У 1791—97 віцэ-губернатар Пензы, у 1802—12 губернатар ва Уладзіміры. Аўтар мемуараў. Васіль Андрэевіч (7.3.1804—17.1.1868), ген.-ад’ютант (1845), ген. ад кавалерыі (1856). Удзельнік задушэння Наўгародскага паўстання ваен. пасялян (1830) і паўстання 1830—31. Ваен. міністр (з 1853), адначасова чл.Дзярж. савета. у 1856—66 гал.нач. «Трэцяга аддзялення» і шэф корпуса жандараў. З 1866 обер-камергер двара. Пётр Уладзіміравіч, гл.Далгарукі П.У.
польскі падарожнік і мемуарыст. З венг. шляхецкай сям’і. Выхоўваўся ў Венскай ваен. акадэміі, вывучаў марскую справу ў Гамбургу. З 1768 у Польшчы, падтрымліваў сувязі з удзельнікамі Барскай канфедэрацыі. У 1770 трапіў у рас. палон, сасланы на Камчатку. У 1771 арганізаваў бунт ссыльных і на захопленым караблі дабраўся да Макао (Аамынь). З 1772 у Францыі, у 1773 адпраўлены на в-аў Мадагаскар з мэтай заснаваць там франц. калонію. Абраны жыхарамі ўладаром часткі вострава, але ў 1776 пакінуў яго. У 1778 на службе ў аўстр. арміі. Неаднаразова падарожнічаў у Амерыку, удзельнічаў у вайне за незалежнасць у Паўн. Амерыцы. У 1784 арганізаваў экспедыцыю на Мадагаскар, дзе збіраўся заснаваць уласную дзяржаву. Забіты ва ўзбр. сутычцы з французамі. Вёў дзённік, стылізаваны пад авантурны раман.
Літ.:
Давидсон А.Б., Макрушин В.А. Зов дальних морей. М., 1979. С. 143—202;
Orłowski L. Maurycy August Beniowski. Warszawa, 1961;
Sieroszewski A. Maurycy Beniowski w literackiej legendzie. Warszawa, 1970;
Kajdański E. Tajemnica Beniowskiego: Odkrycia, intrygi, fałszerstwa. Warszawa, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДА-ЗАБЛО́ЦКІ (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гіляравіч [27.8.1811, в. Лугінава (Лугінавічы) Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — жн. 1847], паэт. Пісаў на польск., рус., франц. і, магчыма, бел. мовах. Скончыў Віцебскую гімназію. З 1831 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, член тайнага студэнцкага т-ва, зблізіўся з В.Бялінскім. У 1833 выключаны з ун-та, высланы на радзіму, зняволены ў Віцебскай турме; у 1837 сасланы ў Таганрог. З 1838 на Каўказе, служыў у Каўказскім асобным корпусе, кіраўнік на саляных капальнях. Там пазнаёміўся з груз., азерб., рус. пісьменнікамі і асветнікамі; перакладаў іх творы на польск., франц., рус. мовы. Выступаў як паэт-рамантык. У творах у алегарычнай форме заклікаў да барацьбы супраць самадзяржаўя. Паэтызаваў прыгажосць Віцебшчыны (паэмы «Ваколіцы Віцебска», вершы «Да Дзвіны», «Да Лучосы», «Даўжанскае возера», «Вілія»), Каўказа («Алазанская даліна»), У 1845 выдаў на польск. мове зб. «Паэзія». У рукапісах пакінуў «Матэрыялы да гісторыі славянскай цывілізацыі і літаратуры». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЖДЗІН (Мікалай Іванавіч) (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),
рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.Р.Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас.літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаны арт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬХІМО́ВІЧ (Казімір) (20.12.1840, в. Дэмбрава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.12.1916),
жывапісец і графік; прадстаўнік позняга рамантызму і рэалізму ў бел. жывапісе 19 — пач. 20 ст. Вучыўся ў Варшаве ў маст. школе В.Герсана (1871—73), у Парыжы (1876—78), скончыў Мюнхенскую АМ (1875). За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір (да 1869). З 1878 у Варшаве, удзельнічаў у выстаўках Варшаўскага т-ва заахвочвання мастацтваў і Салона ў Парыжы. Аўтар гіст. палотнаў: «Пахаванне Гедзіміна», «Пасля бітвы», «Смерць Маргера», «Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Перуна», «Абарона Ольштына» (1883), «Смерць Глінскага ў турме» (каля 1884). У карцінах «Жніво» (1869), «Вясковая дзяўчынка» (1880-я г.), «Наём работнікаў» (1893), «Парабкава хата», «У поце чала», «Шляхціц і селянін» (1898) і інш. адлюстраваў быт, пакутлівы лёс сялян і парабкаў. Пад уплывам ссылкі напісаў творы «Смерць у выгнанні», «Пахаванне на Урале» (каля 1820), «На этапе» (1894) і інш. Па матывах творчасці А.Міцкевіча стварыў серыю карцін і 12 кардонаў-ілюстрацый да яго паэмы «Пан Тадэвуш». Ілюстраваў творы Ю.Славацкага і Ю.Крашэўскага. Размалёўваў (з Т.Попелем і А.Пятроўскім) касцёл Св. Кацярыны ў Пецярбургу.
К.Альхімовіч. Аўтапартрэт. 1864.К.Альхімовіч. Вясковая дзяўчына. 1880-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ (Міхаіл Сяргеевіч) (29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),
дзеяч укр.нац.-вызв. руху, гісторык. Акад.АН Украіны (1924) і АНСССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук.т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ваўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланырас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл.Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыяду ВКЛ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКО́РСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,
удзельнікі барацьбы супраць польскіх акупантаў на тэр. Ігуменскага і Мінскага пав. у 1919—20. У кастр. 1919 — крас. 1920 пад кіраўніцтвам Мінскага падп.к-та КП(б)ЛіБ у Дукорскай, Пярэжырскай, Самахвалавіцкай, Сенніцкай і інш. валасцях створаны партыз. групы і атрады (каля 600 чал., кіраўнікі А.А.Блажко, С.Р.Камлюк, Г.Ф.Катлянік, А.А.Крывашчокі і інш.). Партызаны вялі агітработу сярод сялян, псавалі лініі сувязі, выконвалі заданні камандавання Чырв. Арміі. Падпольны к-т сіламі партызан і падпольшчыкаў рыхтаваў у маі 1920 адначасовы ўдар па ворагу ў некалькіх месцах, але гэтаму перашкодзілі праведзеныя дэфензівай 27—28 крас. і ў ноч на 3 мая арышты ў вёсках Козырава, Калядзічы, Гатава, Дукора, Харавічы і інш. Пасля катаванняў паводле прыгавору ваен.-палявога суда 17.5.1920 ва ўрочышчы Пушча (каля в. Дукора) расстраляны 11 Д.п.: А.К.Ахрамовіч, Блажко, П.К.Буры, І.І.Камлюк, І.Р.Камлюк, С.Р.Камлюк, Катлянік, Крывашчокі, М.Ф.Маліноўскі, П.С.Пазняк, М.І.Рудовіч. 30 партызан сасланы ў польскія турмы на тэрмін ад 1 да 10 гадоў, дзе 5 з іх загінулі. У в. Пярэжыр і на месцы расстрэлу партызан пастаўлены помнікі.