Казыта́ць ’датыкаючыся да скуры, выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, сверб’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Федар. Рук.), казытаць цыцкамі (пра русалку) (КЭС, Федар., 1). Рус. козытать (у Даля, з паметай «зап.», відавочна, беларускае), польск. kozytać Карловіч (308) лічыць да каза на той падставе, што два пальцы, выстаўленыя для лоскату, нагадваюць казіныя рогі. Паводле Фасмера, 2, 297: «няясна». Думаецца, што версія, прананаваная Карловічам, цалкам верагодная. Параўн. казлытаць ’тс’ (гл.) і рус. курск. казюкать ’ласкатаць маленькае дзіця, робячы пальцамі рожкі’. Відавочна, бел. інавацыя, магчыма, на базе шырока вядомай гульні з прыказкай пра казу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падпілава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак.

1. што. Пілуючы, падрэзаць знізу, над коранем і пад.; распілаваць знізу не да канца. Падпілаваць слуп. Падпілаваць дрэва.

2. што. Зразаючы пілкай, зрабіць больш кароткім. Падпілаваць рогі. // Падраўнаваць (пілкай, напільнікам). Бывала, прывядуць да каваля Каваць каня, — і мігам я гатовы Падпілаваць, насталіць вухналя, Падаць у абцугах гарачую падкову. Вітка.

3. чаго. Напілаваць дадаткова, яшчэ трохі. Трэба было і слупы многія мяняць, і штакету падпілаваць на цыркулярцы. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памаўзлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Шкадлівы. Да чаго ж была памаўзлівая [кошка]! Як ні хавай мясное ці малочнае, — адведае. Пальчэўскі. — Ну і памаўзлівая карова, каб на яе ліха. — Сцяпан загнаў Рэпку ў статак, але ўжо праз хвіліну яна зноў ішла па пашы, падняўшы рогі. Асіпенка.

2. Ласы, прагны да чаго‑н. смачнага, прыгожага. Памаўзлівы на пачастункі. □ [Іна:] — Ты спадабаўся ёй... Толькі глядзі-і... — яна падышла і ўдарыла яго пальцам па носе. — Не будзь памаўзлівы! Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВА́ЛЬЕ ІНКЛА́Н ((Valle-Inclán) Рамон Марыя дэль) (28.10.1866, Вільянуэва-дэ-Ароса, прав. Пантэведра, Іспанія — 5.1.1936),

іспанскі пісьменнік. Прадстаўнік «Пакалення 1898 года» (гл. ў арт. Іспанія, раздзел Літаратура). Ранняя творчасць (цыкл аповесцей «Санаты», ч. 1—4, 1902—05) пад уплывам лац.-амер. мадэрнізму і франц. дэкадансу. Пазнейшыя творы адметныя ўвагай да фальклору і гісторыі роднай Галісіі: трылогія «Карлісцкая вайна» (1908—09), драм. цыкл. «Варварскія камедыі» (1907—22). У 1920-я г. працаваў над «эсперпента» — драм. жанрам, які папярэднічаў сюррэалізму і т-ру абсурду (блізкі да трагіфарса). У п’есах «Рогі дона Ахінеі» (1921), «Убранне нябожчыка» (1926) і інш. праз гратэск, абагульненасць вобразаў і парадзіраванне штампаў класічнай л-ры высмеяў афіц. ідэалогію і косны быт правінцыяльнай Іспаніі. Аналіз феномена ваен. дыктатуры лац.-амер. тыпу ў рамане-памфлеце «Тыран Бандэрас» (1926). Аўтар няскончанай гіст. трылогіі «Арэна Іберыйскага цырка» (т. 1—2, 1927—28, т. 3, выд. 1958). Зб-кі вершаў «Водар легенды» (1907), «Люлька гашышу» (1919) і інш. ў цэлым вытрыманы ў стылістыцы лац.-амер. мадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Сонаты. М.; Л., 1966;

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1986.

Літ.:

Тертерян И. Испытание историей: Очерки исп. лит. XX в. М., 1973.

К.​М.​Міхееў.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.

Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАЗА́ЎРЫ (Dinosauria),

самая шматлікая група вымерлых паўзуноў падкл. архазаўраў. 2 атр.: Д. яшчаратазавыя (Saurischia) і Д. птушкатазавыя (Omithischia). Больш за 600 відаў. Паходзілі ад трыясавых архазаўраў — тэкадонтаў, вядомы з трыясу да мелу на ўсіх мацерыках (акрамя Антарктыды). Росквіт у юрскім перыядзе. Паявіліся на Зямлі каля 225 млн., вымерлі каля 65 млн. гадоў назад.

Даўж. цела ад 20—60 см (кампсагнаты) да 30 м, маса ад 3 кт да 136 т (ультразаўр). Галава адносна малая, поласць чэрапа зусім маленькая. Тазавы пояс у Д. яшчаратазавых 3-прамянёвы, у птушкатазавых 4-прамянёвы. Першыя з Д. яшчаратазавых (тэраподы) хадзілі на 2 нагах, пярэднімі канечнасцямі захоплівалі здабычу. Д. яшчаратазавыя — драпежнікі, ад іх паходзілі расліннаедныя (заўраподы); буйныя, хадзілі на 4 нагах (апатазаўры, брахіязаўры, дыпладокі). Д. птушкатазавыя спачатку ўстойліва трымаліся і хадзілі на 2 нагах (арнітаподы), потым на 4. Некат. з іх мелі шыпы і пласціны на спіне і хвасце (стэгазаўры) ці панцыр і рогі на галаве (цэратапсы), цела было ўкрыта панцырам (анкілазаўры). Адкладвалі яйцы. Кіроўныя выкапнёвыя (з дапамогай іх рэшткаў вызначаюць геал. ўзрост кантынентальных адкладаў).

П.​Ф.​Каліноўскі.

Дыназаўры. Яшчаратазавыя: 1 — тыраназаўр; 2 — брахіязаўр; 3 — платэазаўр. Птушкатазавыя: 4 — кентруразаўр; 5 — трыцэратопс; 6 — качканосы.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСАРО́ГІ, насарогавыя (Rhinocerotidae),

сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.

Насарогі: 1 — белы; 2 — індыйскі.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,

прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).

Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т. л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пазбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Збіць, прымусіць адваліцца ўсё, многае. Пазбіваць яблыкі.

2. Паваліць, прымусіць упасці ўсіх, многіх. Пазбіваць людзей з ног. // Падстрэліўшы, прымусіць упасці ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пазбіваць самалёты. Пазбіваць качак.

3. Ударам, рэзкім рухам зрушыць з належнага месца, адцясніць адкуль‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Пазбіваць прыцэлы ў кулямётаў. // Збіць з дарогі, правільнага напрамку ўсіх, многіх. Пазбіваць людзей з правільнага курсу.

4. Моцна пабіць, знявечыць пабоямі ўсіх, многіх. [Рыльскі:] — Ці не ведаеце, браткі, што гэта за ён такі быў у чорным паліто, што цераз яго ласку людзей пазбівалі? Чорны.

5. Сапсаваць ударамі, зрабіць нягодным усё, многае. Пазбіваць капыты. □ — Не знайшлі нідзе работы, — так яны [старэйшыя браты] бацькам гавораць, — пазбівалі толькі боты, каштавалі многа гора... Дубоўка. // Абадраць скуру, кару і пад. у многіх месцах. Пазбіваць калені. □ Пакуль [дзяўчаты] прыйшлі на станцыю, ногі пазбівалі. Баранавых. На голым і шэрым, як сум, алешніку пачынаюць чырванець раны — там, дзе крыгі пазбівалі маладую крохкую кару. Адамчык.

6. Збіваючы, прымацаваць адно да другога ўсё, многае.

7. Зблытаць, зваліць усё, многае. Пазбіваць воўну.

•••

Пазбіваць рогі — тое, што і абламаць рогі (гл. абламаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Cornu bos capitur, voce ligatur homo

Быка ловяць за рогі, а чалавека звязваюць словам.

Быка ловят за рога, а человека связывают словом.

бел. Вала вяжуць матузом, а чалавека словам.

рус. Быка, берут за рога, человека ловят на слове. Зверей укрощают силой, а людей ‒ словом.

фр. On prend les bêtes par les cornes et les hommes par les paroles (Животных берут за рога, а людей ‒ словами).

англ. To take somebody at his word (Поймать человека на слове).

нем. Das Pferd beim Zaum, den Mann beim Wort (Коня ‒ за уздечку, мужчину ‒ на слове).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)