разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.

2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.

3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.

4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.

•••

Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разва́жыць 1, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Раздзяліць на часткі з дапамогай вагаў. Разважыць цукар.

разва́жыць 2, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Разабраўшы абставіны, супаставіўшы факты, прыняць рашэнне ў якой‑н. справе. Я прыйшоў да Канстанціна Міхайлавіча з раніцы, як мы папярэдне дамовіліся, каб разважыць усе справы «на свежую галаву». Лужанін. Разважыла нас, як кажуць, вышэйшая інстанцыя: на рэспубліканскім аглядзе «Лядкоўская кадрыля» была адзначана як арыгінальны .. нумар. Сабаленка.

2. з дадан. сказам і без дап. Падумаўшы, вырашыць. Бацька разважыў, што без гаспадыні ніяк нельга, і ажаніўся другі раз. Крапіва. — Да світання туды не дабяжыш, — разважыла Зіна. — Хадзем лепш у бліжэйшую вёску і возьмем каня! Карпюк.

3. Падумаць над чым‑н., абдумаць што‑н. Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. Шамякін. Вы, што праходзіце няўзнак каля звычайнай хвойнай дошкі, спыніце на хвіліну шаг, зірніце ды разважце трошкі. Дудар.

разва́жыць 3, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Рассеяць, развеяць (непрыемнае пачуццё, гора і пад.). [Андрэю] было шкада дзяўчыны, і ён не ведаў, чым разважыць яе смутак. Сапрыка.

2. Супакоіць, адцягнуць ад якіх‑н. непрыемных пачуццяў, перажыванняў, займаючы каго‑н. размовамі, справамі і інш. Цяпер ужо Белы стараўся разважыць Максіма, па-мядзведжы тупаў ля яго, няўмела расказваў смешныя гісторыі. Машара. Людміла хоча разважыць яе, хоча, каб Рая менш думала пра сваю бяду, пра тое страшнае, што перажыла, каб прывыкала жыць такой, якая яна цяпер. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

1. каго. Забіць усіх, многіх; знішчыць. Перабіць ваўкоў. □ [Чалавек:] — А мы, вось.. толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагеру... Варту перабілі і ўцяклі... Лынькоў.

2. што. Разбіць усё, многае. — Асцярожней, Саша, асцярожней! — камандавала .. [Люся] шафёру. — У гэтай скрынцы посуд! Хоць бы не перабіць нам яго. Шашкоў.

3. што. Ударыўшы, зламаць, пераламаць. Учора, калі адыходзілі ад чыгункі, асколкі міны перабілі .. [Пецю] абедзве нагі. Шашкоў. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

4. што. Разм. Раздзяліць памяшканне сцяной, перагародкаю на часткі, пакоі. [Тарэнта:] — Я з разлікам раблю: можа, калі разбагацею, дык тады пераб’ю .. [хату] на дзве палавіны. Галавач.

5. што. Парушыць натуральны ход, развіццё якіх‑н. падзей, з’яў і пад. Перабіць сон. □ [Лабановіч] .., стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Належныя словы не прыходзілі, і грэх было перабіць тое маўчанне, з якім пакідалі плошчу трое. Янкоўскі.

6. каго-што. Не даўшы дагаварыць, перарваць. Перабіць прамоўцу рэплікай. □ — Туманна, доктар, тлумачыце, — жуючы ў зубах патухшую папяросу, перабіў Анішчанку Громаў-Дар’яльскі. Васілевіч.

7. што. Перашкодзіць каму‑н. ажыццявіць, здзейсніць што‑н. Перабіць куплю.

8. што. Заглушыць, перасіліць што‑н. Дым перабіў пах смалы. □ Калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта. Асіпенка. Міканор адрэваў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Мележ. Потым, калі зразумеў, што немагчымае адбылося, [Каваль] пераключыў хуткасць і зарагатаў, закрычаў, намагаючыся крыкам перабіць боль у нагах. Савіцкі.

9. што. Узбіць нанава, зрабіць больш мяккім, пульхным. Я, заскочыў на воз, разгарнуў там салому, перабіў, ператрос, ды і лёг. Дубоўка.

10. што. Прыбіць іначай або ў іншым месцы. Перабіць кручок. Перабіць вешалку ў другі кут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Аказацца адкрытым, адчыніцца. Пакой адкрыўся. // Рассунуцца, расхінуцца або падняцца ўверх. Згасла святло, і адкрылася заслона. Карпюк. Шлагбаум адкрыўся, і з-за насыпу вынырнула фурманка, аблепленая салдатамі, за ёй другая, трэцяя, чацвёртая. Дамашэвіч. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Так адкрыліся перад Янкам дзверы ў бібліятэку пана Сігізмунда Чаховіча. С. Александровіч. Каб справаю і славай парадніцца У гэты дзень братэрства і надзей, Не толькі што адкрылася граніца — Там сэрцы ўсе адкрыліся ў людзей. Панчанка.

2. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Нёман адкрыўся хлопцам урачыста ціхі, велічны. Брыль. [Аня і Саша] ўз’ехалі на ўзгорак, і позірку адкрылася ўся іх вёска ў зеляніне садоў. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім, хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ.

3. перан. Стаць зразумелым каму‑н. [Леанід Аляксеевіч:] — Сёння мы ўзняліся ўжо на такую вышыню, з якой ва ўсёй велічы адкрыліся перад намі ясныя далягляды нашай будучыні, імя якой — камунізм. Якімовіч. Мне зноў адкрылася, маю душу па-свойму ўразіла непаўторная беларуская прыгожасць, абаяльная сіла паэзіі — народнай і таму вялікай. Брыль. Для мяне адкрыўся свет мастацтва, а праз яго — шырокае эмацыянальнае пазнанне жыцця. Сяргейчык. // Стаць відным, даступным. Хто дакранаўся кнігі той з адкрытай, шчыраю душой.., Таму адкрыўся на зямлі Да камунізма шлях жыццёвы. Танк.

4. Расказаць пра сябе адкрыта, шчыра; прызнацца ў чым‑н. Толькі не было чалавека, якому Іван мог бы адкрыцца, з кім мог бы раздзяліць сваю тугу, свае дакоры сумлення. Новікаў. Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны. Мне цяжка было ведаць, што не да канца я магу перад табою адкрыцца. Скрыган.

5. Пачаць сваё існаванне, дзейнасць (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Школа адкрылася. // Пачацца. Адкрылася падпіска на газеты. Адкрыўся тэатральны сезон. Адкрылася выстаўка. □ [Андрэй:] — Жонка да дня нараджэння купіла мне ў падарунак стрэльбу. Вісіць на сцяне, чакае, калі адкрыецца сезон на качак. Шахавец.

6. Перастаць зажываць, гаіцца; прарваць (пра рану). Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

•••

Вочы адкрыліся ў каго гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

break2 [breɪk] v. (broke, broken)

1. (in/into) лама́ць; лама́цца; разбіва́ць; разбіва́цца;

break into pieces лама́ць, біць на кава́лкі, аске́пкі;

break in two разлама́ць папала́м;

break one’s arm/leg/neck злама́ць руку́/нагу́ы́ю;

Glass is easily broken. Шкло лёгка б’ецца.

2. разрыва́ць; разрыва́цца;

The rope broke. Вяроўка разарвалася;

My heart is breaking. У мяне сэрца разрываецца.

3. пашко́дзіць; сапсава́ць; сапсава́цца;

The clock has broken. Гадзіннік сапсаваўся (і не ідзе).

4. здзе́рці ску́ру (да крыві)

5. рабі́ць каро́ткі перапы́нак; часо́ва спыня́ць яку́ю-н. дзе́йнасць; прыпыня́ць; прыпыня́цца;

Let’s break for lunch. Давайце зробім перапынак на ланч;

They broke their journey in Oxford. Яны прыпыніліся ў Оксфардзе.

6. спыня́ць (сілай);

break a strike спыня́ць забасто́ўку

7. паруша́ць;

break the law/an agreement/a contract/rules паруша́ць зако́н/пагадне́нне/кантра́кт/пра́вілы;

break a promise/one’s word не стрыма́ць абяца́ння/сло́ва;

break silence паруша́ць маўча́нне

8. падрыва́ць, аслабля́ць (супраціўленне, дух, рашучасць і да т.п.)

9. біць рэко́рды;

The film broke all box-office records. Фільм пабіў усе касавыя рэкорды.

10. рабі́цца вядо́мым (пра навіны);

break the news to smb. пе́ршым паве́даміць каму́-н. непрые́мную навіну́

11. уцяка́ць;

break free from вы́зваліцца

12. пачына́цца (пра дзень, буру);

The day broke. Развіднела.

13. AmE, infml разме́ньваць гро́шы.

break away [ˌbreɪkəˈweɪ] phr. v.

1. уцячы́ (ад каго-н.)

2. аддзялі́цца (пра партыі або краіны)

3. адарва́цца (ад чаго-н.)

break down [ˌbreɪkˈdaʊn] phr. v.

1. сапсава́цца (пра тэхнічныя прылады)

2. паго́ршыцца

3. пацярпе́ць няўда́чу

4. раздзялі́ць; раздзялі́цца

break in [ˌbreɪkˈɪn] phr. v. уварва́цца

break off [ˌbreɪkˈɒf] phr. v.

1. адло́мваць; адло́мвацца; адло́мліваць; адло́млівацца

2. спыня́ць; спыня́цца

break out [ˌbreɪkˈaʊt] phr. v. пачына́цца; успы́хваць (пра вайну, пажар, эпідэмію)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

між, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Колас. Імчым між пнёў, між купін. Куляшоў. Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Шамякін. [Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма. Чорны. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ. Колас. Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць. Броўка. // Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас. Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай. Багдановіч.

Часавыя адносіны

2. з Т (і абл. з Р). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. □ Быў час між лета і вясны. Куляшоў. // Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. □ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. □ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае. Хведаровіч.

4. з Т або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. □ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду. Кірэенка. [Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Гартны.

5. з Т або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. □ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас.

•••

Між іншым гл. іншы.

Між (паміж) намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)