зва́нне, ‑я, н.
1. Афіцыйна прысвоенае найменне, якое вызначае кваліфікацыю ў галіне якой‑н. дзейнасці або службовае становішча. Воінскае званне. Званне інжынера. Званне ўрача. Вучонае званне. □ Аксіння Хвядосаўна Снягір — удава, муж яе, былы раённы работнік, загінуў у канцы вайны ў званні маёра. Шамякін. // Ганаровае найменне, якое прысвойваецца за якія‑н. заслугі і з’яўляецца адным з відаў узнагароды. Званне Героя Сацыялістычнай Працы. Званне заслужанага настаўніка. // Найменне, якое ўказвае на прыналежнасць да якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Змагацца за званне брыгады камуністычнай працы.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — саслоўная прыналежнасць, саслоўны стан. Мяшчанскае званне. Духоўнае званне. // Уст. Тытул. Графскае званне.
3. Разм. Прозвішча, імя, мянушка. — Празвалі людзі Здрокам, і, напэўна, памрэш з гэтым казяўчыным званнем. Кандрусевіч.
•••
Адно званне — пра тое, што, захаваўшы сваё найменне, страціла асноўныя якасці, вартасці.
Ані звання каго-чаго — зусім не існуе, і ў паміне няма. — Але наконт прыватнаўласніцкага перажытку я вам магу сказаць пэўна: у мяне яго няма ані звання. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́ла, ‑а, н.
1. Тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма. Так кормяць у нас багацейшыя гаспадары парсюкоў, калі хочуць нагадаваць тоўстае сала. Якімовіч.
2. Прадукт, што атрымліваецца з тлушчавага рэчыва, які ўжываецца для харчавання. Таня пакорпалася ў сваім кошыку і выцягнула кавалак сала, тоўстага, белага з тонкай жоўтай скуркай. Новікаў. // Растоплены тлушч; тук. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца... Бядуля.
3. Змазачнае рэчыва мінеральнага або расліннага паходжання. Машыннае сала. Свечачнае сала.
4. Ледзяная кашка, якая ідзе па паверхні вады перад замярзаннем вадаёма. Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца салам. Бяганская. Сала па рацэ плыло. Густа-густа. А каля берагоў, гэтак на метр, лёд завязаўся. Шашкоў.
•••
Скурнае сала — тлушчавае рэчыва, якое выдзяляецца залозамі скуры.
Заліць за скуру сала гл. заліць 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́ма, часціца.
1. Ужываецца ў спалучэнні з якаснымі прыслоўямі для абазначэння найвышэйшай ступені. Як ні разважала [Хадоська], усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца. Мележ. [Засуліч:] — Я зараз кончу сваю ролю. Ну, можа, якіх сама больш дзесяць хвілін. Зарэцкі. [Сусед] заўсёды, чытаў нешта такое старое-старое: кніга, што ляжала перад ім, сама меней мела гадоў сто. Дамашэвіч.
2. У спалучэнні з дзеясловамі выражае самы пачатак чаго‑н., якога‑н. дзеяння. Прыцемак сама што пачынаў ахінаць горад. Васілёнак. Цяпер.. [зайцы] маладыя, сама пачынаюць гарцаваць надвячоркамі. Кулакоўскі. // У канструкцыях, якія паказваюць, што толькі пачатае дзеянне сутыкнулася з сустрэчным. Сама што я заснуў, а мяне пабудзілі. □ Але сама што.. [Магдалена] намерылася стаць пры печы за гаспадыню, як адчыніліся з сянец дзверы. Чорны.
3. У канструкцыях са значэннем: у самую пару, у самы раз, у гэты час, якраз цяпер. Над полем узлятае чародка шпакоў. Яны цяпер сама жыруюць. Навуменка. Цёплая майская ноч п’яніла галовы духмяным пахам квецені — сама што цвілі сады. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
dwa
два;
dwa koty — два каты;
dwie kobiety — дзве жанчыны;
dwoje ludzi — два чалавекі;
dwoje dzieci — двое дзяцей;
dwa razy — два разы, двойчы;
co dwa dni — кожны другі дзень, праз дзень;
(gra w) dwa ognie — (гульня) ў выбівалы;
w dwóch słowach — у двух словах;
dwa kroki stąd — у двух кроках [адсюль]; крок ступіць;
bez dwóch zdań — бясспрэчна, несумненна, пэўна
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
заблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. У беспарадку пераплесціся, перавіцца, зблытацца (пра ніткі, валасы і пад.). Ніткі заблыталіся.
2. у чым. Аказацца аплеценым чым‑н., пазбаўленым магчымасці рухацца. Муха заблыталася ў павуцінні. □ Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Чорны. Яська паправіў валасы на таткавай галаве, у іх заблытаўся дзядоўнік. Лынькоў.
3. перан.; у чым і без дап. Аказацца ў цяжкім становішчы з-за сваёй нявопытнасці, няўмеласці, памылкі і пад. — Нешта заблытаўся наш рахункавод, а я — няхай мне сорамна будзе прызнацца — таксама ў бухгалтэрыі не надта моцны. Брыль.
4. перан. Збіцца, страціць сувязь у думках, выказваннях і пад. Заблытацца ў разважаннях. □ Старшыня, які не чакаў такога павароту справы, заблытаўся і гаварыў, замест адказаў на пытанні Андрэя.., зусім іншае. Галавач.
5. перан. Стаць цяжкім для разумення, ускладніцца. Пытанне заблыталася.
6. Разм. Збіцца з дарогі, заблудзіць. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Карагу] крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. Горад вялікі, заблытацца ў ім не штука. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
персо́на, ‑ы, ж.
1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.
2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.
•••
Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.
Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.
Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.
[Лац. persona.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Вызначыць, пазнаць па якіх‑н. прыкметах. [На дарозе] быццам нешта чарнела. Праз мінуту няцяжка было распазнаць, што рухаецца калона аўтамашын. Беразняк. Гук не сціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колас. — А то гляджу — сама Мілка ідзе ў цэх. У вачах ні смутку, ні адчаю, ні роспачы. Глядзіць мне ў вочы, смяецца. Не распазнаць: натуральна ці прытвараецца. Мыслівец. // Разгадаць, зразумець значэнне, характар, асаблівасці каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Кастравіцкі] ведаў, бадай, пэўна, што жонка расчаравана ў ім.. і як бы нанава стараецца яго распазнаць, шукаючы ў ім перш за ўсё благое. Навуменка. [Язэпу] хацелася хутчэй распазнаць нораў свайго буланчыка. Якімовіч.
2. Адрозніць, вылучыць сярод падобных. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай. [Нічыпаравы] словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.
3. Пазнаць у падрабязнасцях, дэталях. Як толькі вынырнулі з лесу, шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае — дарогу. Пестрак. [Аксіння Мелехава] баялася мужчын, праклінала сябе за маладую бяздумнасць, за жаданне як хутчэй да канца распазнаць свет. Мыслівец. Усё ахвота зразумець, распазнаць. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старо́нні, ‑яя, ‑яе.
1. Які не належыць, не мае адносін да гэтага калектыву, сям’і і пад.; чужы. Старонні чалавек. □ Вера Сямёнаўна даручыла .. [Зосі] перадаць прывітанне, падзякаваць за насенне, высветліць сёе-тое па догляду за буракамі. Але дзе ж ты гэта зробіш пры старонніх людзях. Дуброўскі. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонні і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. / у знач. наз. старо́нні, ‑яга, м. Чалавек пэўна заўважыў старонняга ці не адразу ў той нават момант, як Залуцкі паказаўся на голым месцы. Чыгрынаў.
2. Чый‑н. іншы, не ўласны, не свой. Без будзільніка, без старонняй дапамогі .. [Гукан] мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. Шамякін. Словам, трэба было жыць самастойна, без старонняй падтрымкі. Хведаровіч.
3. Які не мае прамых, непасрэдных адносін да чаго‑н.; пабочны. І раптам у выпраменьванні пульсара ўпляліся на хвалі вадароду староннія сігналы. Шыцік. Зноў .. [следчы] трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам, і ці то думаў, як злавіць .. [Сотнікава], ці можа разважаў аб чымсь, зусім староннім. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кардо́н 1, ‑у, м.
1. Тоўстая цвёрдая папера асобага вырабу і рознага прызначэння. Паліграфічны кардон. Абутковы кардон. Ізаляцыйны кардон. □ Савел Іванавіч.. дастаў шырокі ліст кардону, на якім былі прыколаты дзесяткі два засушаных лістоў барбарысу. Хомчанка.
2. У жывапісе — першапачатковы накід карціны або яе часткі на такой паперы.
[Іт. cartone.]
кардо́н 2, ‑а, м.
1. Дзяржаўная граніца, мяжа. Прабрацца за кардон. □ Ідзе Май у паходы, дазоры, Пад штандарам чырвоным ідзе Цераз пушчы, пустэлі і моры, Нестрыманы нікім і нідзе. Пераходзіць граніцы, кардоны, Бо хто ж можа яго затрымаць, Калі з ім баявыя калоны, Пралетарыяў грозная раць? Колас.
2. Пагранічны або загараджальны атрад. Начальнік кардона. Пагранічны кардон. □ — Не трэба лезці воўку ў пашчу, — сказаў Сцяпан, калі Кандратовіч прапанаваў прабіцца праз кардон казакаў. Арабей. // Ланцуг невялікіх атрадаў, размешчаных па фронту ў адну лінію. На прадвесні прыйшоў да Андрэя загад перадаць неадкладна другому атрад, а самому прайсці цераз фронт, за кардон. Дубоўка. // Пра лясную варту, ахову запаведнікаў. Леснікам дальніх кардонаў мы дазваляем прадаваць дровы на месцы, даём бланкі квітанцый. Навуменка.
3. Месца, дзе знаходзіцца такі атрад, варта. Немцы кінулі пяхоту, Пэўна, — больш за батальён, І бамбілі самалёты Невялікі той кардон. Лужанін.
[Фр. cardon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струна́, ‑ы́; мн. стру́ны (з ліч. 2, 3, 4 струны́), струн; ж.
1. Пруткая ніць (металічная, жыльная і пад.) у музычных інструментах, якая пры вібрацыі звініць. Тая скрыпка так іграе, так выразна вымаўляе, што аж чуецца вясковым, як са струн злятаюць словы. Дубоўка. Часам Вася браў у рукі гітару, удараў па яе звонкіх струнах, і ў лагеры з рознымі варыяцыямі гучала «сто адна» прыпеўка. Шчарбатаў.
2. перан.; чаго або якая. Асаблівасць характару, душэўная якасць. Адчувалася, што многа ведае гэты чалавек, уся калгасная азбука ў яго на далоні, але як выклікаць яго на шчырасць, як закрануць жывую струну ягонай душы. Пташнікаў. Чалавека заўсёды радуе вясна, яна будзіць глыбокія струны яго душы, кліча быць маладым і дужым. Марціновіч. Джулія, пэўна, зразумеўшы, што зачапіла балючую струну ў ягонай [Іванавай] душы, таксама зважліва змоўкла. Быкаў.
3. Спец. Ніць, вяроўка і пад., туга нацягнутыя на што‑н. і выкарыстаныя ў розных прыстасаваннях. Струны тэніснай ракеткі. □ Хораша выглядае .. [плотка] на кручку, калі, трапечучы на валасяной струне, набліжаецца да прагных пальцаў жывым, мокрым срэбрам лускі. Брыль.
•••
Акорд струн гл. акорд.
Спінная струна — хорда (у 2 знач.).
Слабая струна — тое, што і слабая струнка (гл. струнка).
Трымаць у струне гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)