струна́, ы́; мн. стру́ны (з ліч. 2, 3, 4 струны́), струн; ж.

1. Пруткая ніць (металічная, жыльная і пад.) у музычных інструментах, якая пры вібрацыі звініць. Тая скрыпка так іграе, так выразна вымаўляе, што аж чуецца вясковым, як са струн злятаюць словы. Дубоўка. Часам Вася браў у рукі гітару, удараў па яе звонкіх струнах, і ў лагеры з рознымі варыяцыямі гучала «сто адна» прыпеўка. Шчарбатаў.

2. перан.; чаго або якая. Асаблівасць характару, душэўная якасць. Адчувалася, што многа ведае гэты чалавек, уся калгасная азбука ў яго на далоні, але як выклікаць яго на шчырасць, як закрануць жывую струну ягонай душы. Пташнікаў. Чалавека заўсёды радуе вясна, яна будзіць глыбокія струны яго душы, кліча быць маладым і дужым. Марціновіч. Джулія, пэўна, зразумеўшы, што зачапіла балючую струну ў ягонай [Іванавай] душы, таксама зважліва змоўкла. Быкаў.

3. Спец. Ніць, вяроўка і пад., туга нацягнутыя на што‑н. і выкарыстаныя ў розных прыстасаваннях. Струны тэніснай ракеткі. □ Хораша выглядае .. [плотка] на кручку, калі, трапечучы на валасяной струне, набліжаецца да прагных пальцаў жывым, мокрым срэбрам лускі. Брыль.

•••

Акорд струн гл. акорд.

Спінная струна — хорда (у 2 знач.).

Слабая струна — тое, што і слабая струнка (гл. струнка).

Трымаць у струне гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)