ЕНДРЫХО́ЎСКІ ((Jędrychowski) Стэфан) (н. 19.5.1910, Варшава),
польскі дзярж. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Віленскі ун-т. Д-р права. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Студэнцкай лявіцы «Фронт» у Віленскім ун-це, якая знаходзілася пад уплывам КПЗБ і КПП, рэдактар (разам з Г.Дэмбінскім) і супрацоўнік яе двухтыднёвіка «Poprostu» («Папросту»), газ. «Karta» («Карта») у 1935—36. Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 асуджаны на 4 гады. З 1939 y СССР. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў Саюза польскіх патрыётаў у СССР і 1-й дывізіі імя Т.Касцюшкі. З 1944 працаваў у Польскім к-це нац. вызвалення. З 1945 у складзе ўрада ПНР, у 1968—74 міністр замежных спраў, фінансаў.
т. 6, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІІ́ СВЯТЫ́Х»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 17 ст. Перакладзены з польскай мовы. Першакрыніца — «Жыціі святых» П.Скаргі. Вядомы тры скарочаныя бел. пераклады. Найб. поўны (141 жыціе) створаны ў 2-й пал. 17 ст., відаць, у Магілёве, захаваў многія літ. асаблівасці арыгінала. Бел. перакладчыкі выбіралі творы пра найб. вядомых «святых», часам уносілі змены ў тэксты (апускалі выпады супраць праваслаўных і пратэстантаў, пахвалы рымска-каталіцкаму касцёлу і інш.). Творы ў зборніку маюць сярэдневяковы рэліг.-аскетычны, дыдактычны характар, схематычныя вобразы, але дзякуючы багаццю зместу, даходлівасці выкладу былі папулярныя сярод бел., польскіх і ўкр. чытачоў.
Літ.:
Гудзий Н.К. Переводы «Żywotów śwętych» Петра Скарги в Юго-Западной Руси. Киев, 1917;
Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.
В.А.Чамярыцкі.
т. 6, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМПАВЕ́ЦКІ ((Krępowiecki) Тадэвуш Шыман) (1798, Варшава — 5.1.1847),
польскі рэв. дзеяч. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (1819—20) удзельнічаў у патрыят. гуртках. У час паўстання 1830—31 лідэр левага крыла Патрыятычнага таварыства; выступаў супраць дыктатуры Ю.Хлапіцкага; патрабаваў вызвалення сялян ад прыгону і далучэння іх да рэв. руху. У эміграцыі адзін з заснавальнікаў (1832) Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ). У 1833—35 кіраваў т-вам польскіх карбанарыяў; абвінавачваў шляхту ў паражэнні паўстання і эксплуатацыі сялян, выступаў за спалучэнне нац. вызвалення з агр. рэвалюцыяй. У 1833 выключаны з ПДТ у выніку канфлікту з яго кіраўніцтвам. Адзін з арганізатараў (1835) і гал. ідэолаг рэв.-дэмакр. арг-цыі «Люд польскі», чл. Аб’яднання польскай эміграцыі. З 1846 зноў у ПДТ.
Н.К.Мазоўка.
т. 8, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУЛЬТУРКА́МПФ»
(ням. Kulturkampf барацьба за культуру),
пашыраная ў гіст. л-ры назва мерапрыемстваў урада О.Бісмарка супраць каталіцкай царквы і яе паліт. партыі Цэнтра, якая выражала сепаратысцкія антыпрускія тэндэнцыі (пераважна на З і ПдЗ Германіі) у 1870-я г. З ініцыятывы Бісмарка былі прыняты і дзейнічалі законы аб забароне святарам весці паліт. агітацыю (1871), пазбаўленні духавенства права нагляду за пач. школамі (1872), дзярж. кантролі за царк. справамі (1873), увядзенні грамадз. шлюбу (1875) і інш. У 1875 у Германіі распушчаны амаль усе каталіцкія ордэны. На польскіх землях імперыі ў ходзе «К.» была ўзмоцнена палітыка германізацыі. Пасля прымірэння Бісмарка з каталіцкім духавенствам у канцы 1870 — пач. 1880-х г. большасць законаў часоў «К.» адменена, акрамя законаў аб грамадз. шлюбе і выгнанні езуітаў.
т. 9, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБО́ЙКА (Іван Мікалаевіч) (2.7.1786, г.п. Золачаў Харкаўскай вобл., Украіна — 27.6.1861),
гісторык, літаратуразнавец, лінгвіст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1810). У 1815 чыноўнік па асобых даручэннях у прэзідэнта Дзярж. савета Царства Польскага Вялінскага, потым на дзярж. службе ў Пецярбургу. У 1822—40 праф. Віленскага ун-та, Мед.-хірургічнай і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэмій у Вільні. У 1820—30-я г. садзейнічаў пашырэнню рус.-бел.польскіх культ. сувязей, прапанаваў ідэю комплекснага вывучэння Беларусі і Літвы. Цікавіўся бел. фальклорам. Як «вучоны карэспандэнт» графа М.П.Румянцава быў ініцыятарам шэрагу гіст.-археал. экспедыцый па зах. Беларусі, у выніку якіх з’явіліся працы «Апісанне польскіх і літоўскіх гарадоў» і «Даследаванне аб Літве». Аўтар публікацый «Аб важнейшых выданнях Герберштэйна запісак аб Расіі» (СПб., 1818), «Збор расійскіх вершаў» (Вільня, 1827) і інш.
Д.У.Караў.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ ((Lenski) Юльян) (сапр. Ляшчынскі; 8.1.1889, г. Плоцк, Польшча — 20.8.1939),
дзеяч польскага і міжнар. рабочага руху. Вучыўся ў Ягелонскім (Кракаўскім) ун-це (1909—12). З 1905 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар ВРК, пазней камісар па польскіх справах у Наркамнацы. Са снеж. 1918 у Мінску, адзін з арганізатараў і рэдактар газ. «Młot» («Молат»). У 1919 нар. камісар асветы Літ.-Бел. ССР, чл. ЦК КП(б) Літвы і Беларусі. У 1920 чл. Польскага бюро пры ЦК РКП(б). З 1925 чл. ЦК і Палітбюро ЦК Кампартыі Польшчы (КПП). Удзельнік I (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ. У 1929—37 ген. сакратар КПП, чл. Прэзідыума Выканкома Камінтэрна. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
бел. грамадска-паліт. арг-цыя ў 1917—19. Створана ў маі 1917 пры Мінскім настаўніцкім інстытуце, пераведзеным у г. Яраслаўль, на базе вучнёўскай арг-цыі эсэраўскага кірунку «Наш край». У пачатку дзейнасці арыентавалася на праграму Беларускай сацыялістычнай грамады, з чэрв. 1919 кіраўнік «М.Б.» У.М.Ігнатоўскі завочна выбраны ў склад яе ЦК. У 1917—18 падтрымлівала сувязь з Яраслаўскай беларускай радай, праводзіла культ.-асв. работу сярод бел. бежанцаў. Пасля вяртання ін-та ў Мінск у ліст. 1918 увайшла ў склад партыі бел. эсэраў (БПС-Р). Восенню 1919 выступала за ўзбр. барацьбу супраць польскіх акупантаў у саюзе з бальшавікамі. У снеж. 1919 большасць радыкальна настроеных членаў «М.Б.» выйшла з БПС-Р і ў студз. 1920 стварыла Беларускую камуністычную арганізацыю.
т. 9, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКАЯ (Гэлена Людвікаўна) (13.12.1908, Мінск — 17.5.1980),
бел. пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Мінскі польскі пед. тэхнікум (1929), Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). Працавала настаўніцай у польскіх і бел. школах (Дзяржынск, Мінск), у 1932—37 — на Бел. радыё, у польскамоўнай газ. «Orka» («Ворыва»), у 1944—63 настаўнічала ў Мінску. Друкавалася з 1929. Пісала на польскай мове. Асобнымі кнігамі выйшлі аповесці «З вясной наўздагон» (1933), «Пахне зямля» (1934), драм. інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934). Для яе твораў характэрна рамант. ўзнёсласць, тэма барацьбы старога і новага на вёсцы. На польскую мову перакладала творы бел. пісьменнікаў, у т. л. аповесць П.Галавача «Спалох на загонах» (1933). На бел. мову асобныя яе творы перакладалі С.Шушкевіч, В.Эрнест.
М.М.Хмяльніцкі.
т. 13, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Трайдо́ліць ’гаварыць пустое’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. польск. дыял. trajdolić się ’круціцца; трэсціся, едучы на возе’, drajdolić się ’тс’, trajda ’кабета без такту; растропа’. Звязана з трайда́ ’балбатуха, лапатуха’ (астрав., Сл. ПЗБ), якое выводзяць з літ. traidà ’тс’ (Грынавяцкене, там жа), што ў святле польскіх форм сумніўна. Хутчэй гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання з экспрэсіўным суф. ‑олі‑, параўн. тра‑ра‑ра, тра-ля-ля, польск. traj ’тс’ і пад. Параўн. трандоліць, трындоліць, трандзіць, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПО́ЛЬСКІ ЎРАД У ЭМІГРА́ЦЫІ,
створаны 1.10.1939 у Францыі прэзідэнтам Польшчы ў эміграцыі У.Рачкевічам пасля інтэрніравання ў Румыніі польскага ўрада, які пакінуў Польшчу ў выніку разгрому і акупацыі краіны Германіяй у вер. 1939. Знаходзіўся спачатку ў Францыі, з чэрв. 1940 — у Лондане. Прэм’ер-міністрам урада 30.9.1939 прызначаны ген. У.Сікорскі. Уключаў як дзеячаў даваеннага польскага рэжыму, так і прадстаўнікоў б. апазіцыі. 9.12.1939 пры ўрадзе створаны Нац. савет (парламент у выгнанні) на чале з І.Падарэўскім. У дэкларацыі 18.12.1939 сваёй гал. мэтай ставіў вызваленне ўсіх даваенных польскіх зямель, у т. л. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, таму лічыў сябе ў стане вайны не толькі з Германіяй, але і з СССР. Стварыў Польскія ўзбр. сілы на 3, якія ваявалі супраць Германіі на Зах. фронце, а на акупіраванай тэр. Польшчы шэраг узбр. фарміраванняў, якія з 1942 аб’ядналіся ў Армію Краёву. У лют. 1940 створана падпольная Дэлегатура (старшыня К.Ратайскі) для ажыццяўлення палітыкі ўрада непасрэдна ў Польшчы. Пасля нападзення Германіі на СССР у чэрв. 1941 Сікорскі падпісаў у Маскве Савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога былі ўсталяваны дыпламат. адносіны паміж урадам СССР, а на тэр. СССР створана Андэрса армія. Пасля выяўлення немцамі вясной 1943 у Катыні месца катавання польскіх афіцэраў СССР разарваў дыпламат. адносіны з эмігранцкім урадам. Пасля гібелі Сікорскага ў ліп. 1943 урад узначаліў С.Мікалайчык. У ліп.—жн. 1944 паводле плана «Бура» ўрад арганізаваў шэраг паўстанняў у гарадах з мэтай усталявання сваёй улады да прыходу сав. войскаў (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Пасля безвыніковых перагавораў у Маскве з прадстаўнікамі Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення, які адмовіўся прызнаваць уладу эмігранцкага ўрада ў Польшчы, яго кіраўніком у канцы 1944 стаў Т.Арцішэўскі. Пасля стварэння ў чэрв. 1945 у Польшчы ўрада нац. адзінства вядучыя зах. краіны перасталі прызнаваць урад як прадстаўніка Польшчы, але апошні намінальна працягваў існаваць у Лондане да свайго афіц. роспуску ў снеж. 1990.
т. 12, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)