ВЫШЭ́ЙШЫ АТЭСТАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, ВАК Беларусі,
цэнтральны орган кіравання, які забяспечвае функцыянаванне нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў у галіне прысуджэння ім вучоных ступеней і прысваення вучоных званняў. Створаны паводле Пастановы Савета Міністраў ад 18.9.1922 18.9.1992 як Вышэйшая атэстацыйная камісія, з ліст. 1995 — камітэт. Прысуджае на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый вучоную ступень доктара навук; зацвярджае рашэнні саветаў па абароне дысертацый аб прысуджэнні вучонай ступені кандыдата навук; прысвойвае вучоныя званні прафесара і дацэнта; стварае сістэму органаў па атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў і каардынуе іх дзейнасць; прымае ўдзел у распрацоўцы парадку падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру, дактарантуру і суіскальніцтва; распрацоўвае і зацвярджае пералік спецыяльнасцей, па якіх прысуджаюцца вучоныя ступені, і пералік спецыяльнасцей, па якіх прысвойваюцца вучоныя званні; стварае нац. банк даных навук. і навукова-пед. работнікаў рэспублікі з вучонымі ступенямі, званнямі і інш. У 1996 на Беларусі працавала 136 саветаў па абароне дысертацый, 25 экспертных саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны і паліт. акт аб аднаўленні Беларускай ССР (2-м абвяшчэнні) на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919. Прынята 31.7.1920 на сумесным пасяджэнні Мінскага губ.ВРК з шэрагам паліт. партый і прафс. арг-цый Мінскай губ. Дэкларацыю падпісалі В.Г.Кнорын, А.Р.Чарвякоў і І.Т.Смілга [ад КП(б)Літбел], А.М.Крыніцкі (Бампі; праф. арг-цыі Мінскай губ.), У.М.Ігнатоўскі (Бел.камуніст.арг-цыя), А.І.Вайнштэйн (Бунд). Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычным скасаваннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі з міжнар. становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12.7.1920; наступленне Чырв. Арміі на Варшаву і інш.) дэкларацыя не акрэслівала граніц Беларусі, а толькі сфармулявала прынцыпы, на аснове якіх павінна быць вызначана яе тэрыторыя. Да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупац. улады.
адзіны заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы крымінальна-працэсуальнага права, што рэгулююць дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры і суда па расследаванні і суд. разглядзе крымін. спраў. Першы КПК Беларусі прыняты паводле пастановыЦВКБССР ад 30.3.1923, уведзены ў дзеянне з 15.4.1923. У 1927 і 1929 у КПК былі ўнесены змены і дадаткі. Дзеючы КПК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960 4-й сесіяй Вярх. Савета рэспублікі, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961. З часу прыняцця ў яго ўнесены шэраг змен і дадаткаў. КПК складаецца з 9 раздзелаў і 411 артыкулаў. У іх змешчаны агульныя палажэнні крымінальнага судаводства, вызначаны парадак узбуджэння крымін. спраў і дзейнасць па іх органаў дазнання і папярэдняга следства, парадак судаводства ў судах першай, касацыйных і нагляднай інстанцый, выканання прыгавораў і інш. Зыходзячы з таго, што многія нормы КПК патрабуюць удакладненняў і змен, адпаведнымі службамі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавана новая рэдакцыя КПК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́НЧЫК (Павел Сцяпанавіч) (17.9.1898, в. Едначы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.9.1975),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1918. Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін (1921). З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акр. управы, з мая 1929 чл.Гал. управы Таварыства беларускай школы. З 1928 дэп. польскага сейма. Уваходзіў у зах.-бел.к-т па падрыхтоўцы Еўрап. сялянскага кангрэса ў Берліне. Адзін з арганізатараў і чл.Гал. сакратарыята «Змагання». За рэв. дзейнасць у жн. 1930 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з вер. 1932 у СССР; на гасп. рабоце. 26.11.1935 арыштаваны органамі НКУСБССР. 1.4.1937 паводле пастановы Асобай нарады НКУССССР прыгавораны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны Ваен. трыбуналам Бел.ваен. акругі 30.3.1956. Пасля адбыцця тэрміну пакарання жыў у Слоніме. Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,
з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ШКО́ЛА КПЗБ, Падпольная школа КПЗБ у Мінску,
навучальная ўстанова, у якой у 1925—37 праходзілі падрыхтоўку падпольшчыкі Зах. Беларусі. Створана паводле пастановыЦККПЗБ ад 17.7.1924. Пачала дзейнічаць у пач. 1925 у в. Лошыца (цяпер у межах Мінска); пазней размяшчалася ў б. памешчыцкай сядзібе на вул. Грушаўскай. Штогод у школе навучалася 25—30 падпольшчыкаў парт. і камсам. профілю. Вучоба працягвалася 9—10 месяцаў па спец. праграме. Заняткі праводзілі выкладчыкі з БДУ, інш.ВНУ Мінска, дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху Зах. Беларусі; з дакладамі выступалі кіруючыя работнікі КПП і КПЗБ, сакратары ЦККП(б)Б і старшыні СНКБССР. Усе слухачы і выкладчыкі, звязаныя з падполлем, карысталіся псеўданімамі. Сярод выпускнікоў школы дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.Р.Анісаў, А.Р.Бергман, С.В.Прытыцкі і інш. Перастала існаваць у 1937 у сувязі з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў рэв.-вызв. руху Зах. Беларусі.
Літ.:
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁН (франц. rayon ад лац. radius прамень),
1) тэрыторыя, вылучаная па якіх-н. прыкметах, асаблівасцях; у шэрагу выпадкаў адна з таксанамічных адзінак (гл.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Часам ужываецца як сінонім рэгіёна.
2) У СССР была адной з адзінак адм.-тэр. падзелу ў сельскай мясцовасці, якая складала частку тэр. саюзнай (аўтаномнай) рэспублікі, краю, вобласці, аўт. вобласці, нац. акругі. Уключала тэр. сельскіх Саветаў, рабочых, курортных, дачных пасёлкаў і гарадоў раённага падпарадкавання. У гарадах Р. — адм.-тэр. адзінка з насельніцтвам больш за 100 тыс.чал. Падзел на Р. захаваўся ў краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР (напр., Беларусь, Расія, Украіна). У БССР уведзены ў ліп. 1924 паводле пастановы 2-й сесіі ЦВКБССР 6-га склікання. У наш час на Р. падзяляюцца вобласці, а таксама гарады, дзе насельніцтва не менш як 100 тыс.чал. На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 118 раёнаў (пра кожны былы і сучасны сельскі раён гл. асобны арт.). У некат. замежных краінах Р. — адм.-тэр. адзінка рознага парадку (напр., Парыжскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЕСТЬЯ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
перыядычнае выданне; орган выканкома Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. Выдавалася ў чэрв.—ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 2—3 разы ў тыдзень. З 20 нумара наз. «Крестьянская газета «Земля и воля». У склад рэдакцыі да канца ліп. ўваходзілі; адказны рэдактар М.Фрунзе, І.Макрэеў, Д.Фейнберг (сакратар). Публікавала справаздачы і рэзалюцыі губ. і пав. з’ездаў сял. дэпутатаў, пастановы сялянскіх сходаў, пісьмы чытачоў і інш. Асвятляла паліт. становішча ў краіне, мясц. падзеі. Імкнулася растлумачыць сутнасць агр. палітыкі ў вёсцы, заклікала ствараць зямельныя камітэты. У перыяд знаходжання ў рэдакцыі Фрунзе змяшчала матэрыялы бальшавіцкага кірунку. У жніўні яе рэдактарам стаў адзін з мясц. лідэраў партыі эсэраў І.Несцераў. Пасля падзей, звязаных з бальшавіцкім выступленнем 3—5.7.1917, асуджэнне якога прагучала на старонках газеты, значнае месца пачалі займаць ідэалаг. матэрыялы, скіраваныя супраць бальшавікоў (арт. К.Брэшка-Брашкоўскай, В.Чарнова і інш.). Выйшла 39 нумароў.
Літ.:
Калмыков А.Г. М.В. Фрунзе на посту редактора «Крестьянской газеты» // Рабочий класс России. его союзники и политические противники з 1917 г.: Сб. науч. тр Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТОВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕДОМОСТИ»,
штотыднёвы часопіс, орган Літоўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1863—1917 у Вільні на рус. мове (да 1873 двухтыднёвы). Прызначаліся для Літ.правасл. епархіі. Часопіс меў афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле змяшчаў пастановы, распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні Літ. духоўнай кансісторыі; у неафіц — матэрыялы па гісторыі правасл. царквы на Беларусі, гісторыі асобных храмаў і манастыроў (у т. л. пра Жыровіцкі манастыр і цудатворцы абраз Маці Божай, 1863), нарысы пра царк. дзеячаў, пра ўдзел правасл. духавенства Літ. епархіі ў паўстанні 1863—64 (1863), арг. М.Каяловіча «Смута ва уніяцкім асяроддзі ў Беларусі ў 1802—1803 гг.» (1874), Р.Кіпрыяновіча «Духоўны суд у Заходняй Русі ў XVI ст.», «Лёсы рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі і Літве» (1878) і інш. Часопіс змяшчаў рэцэнзіі на творы пра гісторыю канфесій на Беларусі, у т. л. на працы М.Ізвекава, І.Чыстовіча, Кіпрыяновіча. З 1907 неафіц. частку замяніў «Вестник Виленского православного Св.-Духовского братства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТА, мыт, цло,
грашовы збор, які бралі ў ВКЛ з мясц. купцоў за ўвоз з-за мяжы або вываз тавараў за мяжу і з іншаземцаў за продаж тавараў на мясц. рынках ці правоз іх па тэр. дзяржавы. М. аддавалі і некат. таварамі; кошт тавараў і суму М. з 15 ст. запісвалі ў мытныя кнігі. М. збіралі мытнікі ў спец. памяшканнях — каморах і прыкаморках, дзе тавары аглядалі і ацэньвалі. Да 15 ст. купцы плацілі М. і буйным феадалам, па землях якіх ішлі гандл. шляхі (гасцінцы). Пратэсты і скаргі гарадоў прымусілі вярх. ўладу ў 16 ст. пакінуць скарбу манапольнае права збіраць М. (часам яно перадавалася ў арэнду). У 1570 устаноўлены 2 стаўкі М.: мясц. купцы плацілі 1 грош з кожнай капы (г.зн. 60) грошаў у кошце тавару (1,7% агульнага кошту); замежныя — 2 грошы з капы (3,4% кошту). Да сярэдзіны 17 ст. сеймавыя пастановы павялічылі мытны збор у 3—4 разы. З сярэдзіны 16 ст. да 1764 ад платы М. за вываз прадуктаў са сваіх маёнткаў вызвалялася шляхта.