Па́садка, па́сыдка, па́сытка ’пастка’, ’зяпа, рот’ (Бяльк.), паса́дка ’пастка’ (Гарэц., Яруш.). Відаць, да пастка (гл.). Параўн. чэш. posada ’кошык, скрынка для свойскіх птушак’, рус. садок ’плецены кош для злоўленай рыбы’, бел. се́жа ’загародка на рацэ з сеткі’ (Бяльк.).

Паса́дка1, пыса́дка, паса́дкі ’пасаджаныя расліны’, ’прызямленне самалёта’, ’упусканне пасажыраў у вагон, самалёт, карабель’, ’палажэнне цела ў час сядзення’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., Мат. Гом.). З рус. поса́дка ’тс’.

Паса́дка2 ’глінабітная падлога’ (Сцяшк. Сл.), ’чарэнь у печы’ (свісл., Шатал.), ст.-бел. посадзка, посажка, посацка ’падлога з плітак; чарэнь’ (1572 г.). Запазычаны са ст.-польск. posadzka (Булыка, Лекс. запазыч., 98).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

до́гмат

(гр. dogma, -atos = думка, вучэнне)

1) асноўнае палажэнне ў рэлігійным веравучэнні, у пануючай ідэалогіі, якое прымаецца на веру і не падлягае крытыцы;

2) тое, што і догма.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

кано́н

(гр. kanon = норма, правіла)

1) асноўнае правіла, палажэнне якога-н. напрамку, вучэння (напр. царкоўныя каноны, каноны класіцызму);

2) тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай (напр. тэхнічныя каноны).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

фармуля́р

(ням. Formular, ад лац. formula = форма, правіла, палажэнне)

1) асобная кніга або бланк, куды заносяцца асноўныя звесткі аб стане, эксплуатацыі якога-н. механізма, збудавання;

2) бібліятэчная ўліковая картка.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

МАХІ́ЗМ, эмпірыякрытыцызм,

суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пач. 20 ст. Асн. прадстаўнікі Э.Мах і Р.Авенарыус. У філасофска-тэарэтычным плане да М. прымыкалі А.​Пуанкарэ, В.​Оствальд і інш. М. звязаны з крызісам «першага» пазітывізму, які не здолеў адэкватна адрэагаваць на адкрыцці ў галіне навукі і на дынамічны сац. працэс на рубяжы вякоў. Мах і Авенарыус зрабілі спробу «ачысціць» прыродазнаўства ад метафіз. (філас.) пытанняў, распрацаваць уласную строгую прыродазнаўчанавук. метадалогію і псіхалогію пазнання. У гэтым плане М. прапанаваў праграму «ачышчэння вопыту», канцэпцыі «нейтральных элементаў вопыту», «эканоміі мыслення» («найменшай траты сіл») і чыста апісальнай навукі. У выніку змест чалавечай свядомасці адрываўся ад аб’ектыўнай рэчаіснасці і ператварыўся ў «чысты вопыт», нейтральныя элементы якога здольны выступаць як аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя з’явы. Прынцып «эканоміі мыслення» выцякае з натуральнай біял. патрэбы арганізма ў самазахаванні. У навуцы з гэтым прынцыпам арганічна звязана палажэнне аб «апісанні», якое як і мысленне, павінна быць эканомным; неабходна максімальна скараціць тлумачальную частку навукі. Пры гэтым, аднак, М. не ўлічыў істотнага — адэкватнасці адлюстравання вучоным у сваёй свядомасці зместу даследуемага аб’екта. У пач. 1920-х г. М. распаўся, на змену яму прыйшоў неапазітывізм.

Т.​І.​Адула.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фо́рмула

(лац. formula = форма, правіла, палажэнне)

1) дакладнае вызначэнне якога-н. правіла, закона, палажэння;

2) мат. рад велічынь, выражаных лічбамі і літарамі і злучаных матэматычнымі знакамі;

3) скарочанае абазначэнне саставу якога-н. хімічнага злучэння пры дапамозе літар і лічбаў (напр. ф. вады, ф. сульфату натрыю).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Пра́вілапалажэнне, якое выражае тую або іншую заканамернасць’, ’норма паводзін, прывычка’ (ТСБМ), праві́ло ’ачэп’ (ганц., Сл. ПЗБ), правы́ло ’тс’ (бяроз., Шатал.), праві́ла ’тоўстая доўгая жардзіна, пры дапамозе якой злучаюць зад і перад калёс, калі возяць бярвенне’ (в.-дзв., Шатал.). Рус. пра́вило ’правіла’, прави́ло ’руль, лінейка’, укр. прави́ло ’руль; частка шавецкай калодкі’, польск. prawidło ’правіла; частка шавецкай калодкі і да т. п.’, чэш., славац. pravidlo ’правіла’, в.-луж. prawidło, н.-луж. pšawidło, серб.-харв. пра̏вило, славен. pravilo, балг. правило ’правіла’. Прасл. *pravidlo. Як сведчаць значэнні слова ў рус. і інш. славянскіх мовах, першапачаткова гэта было nomina instrumenti з суф. ‑dlo ад praviti (гл. правіць). Адцягненае значэнне з’явілася ў выніку пераносу ’тое, што вызначала прыладай’, параўн. лац. rēgula ’лінейка’ і ’правіла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спасы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спасылацца — спаслацца. Калі ж Вабейка напісаў, што дом пабудаваны .. і што, каб не спасылка на яго, Ціхана, будавацца не дазволілі б, Ціхан адказаў надзвычай рэзка. Хадкевіч. Кавалёва слухала жанчын і была рада, што не пачула, каб хоць адна не паверыла ў свае сілы. Была толькі адна спасылка — на сям’ю. Дуброўскі.

2. Цытата, вытрымка адкуль‑н. або ўказанне крыніцы, на якую спасылаюцца ў асноўным тэксце. Бывае, што ў спасылках на крыніцы сустрэнеш набранае петытам імя першаадкрывальніка, першапраходц[а]. Юрэвіч. Прасіў [Кухарчык] толькі адно, каб спасылкі на крыніцы, з якіх бралася тое ці іншае палажэнне, Мая пісала на мове арыгінала. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́зіс, ‑а, м.

1. Палажэнне, правільнасць якога павінна быць раскрыта і абгрунтавана. Буржуазныя пісьменнікі, буржуазныя літаратуразнаўцы спрабуюць сцвердзіць тэзіс аб надкласавасці і надпартыйнасці, якія нібыта ўласцівы літаратуры. «Беларусь». [Юхневіч] рыхтаваўся да абароны, загадзя думаючы над тым, што ўзяць у якасці галоўнага тэзіса. Савіцкі.

2. У філасофіі Гегеля — зыходная ступень усякага працэсу развіцця, першая ступень трыяды.

3. звычайна мн. (тэ́зісы, ‑аў). Сфармуляваныя палажэнні, якія коратка перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула і пад. Прамова даўно была гатова, тэзісы яе ляжалі на стале. Алешка. У гэты час .. [Хадановіч] думаў пра тэзісы, думаў аб тым, як выказаць калгаснікам на блізкіх прыкладах тыя думкі, што сабраў ён да лекцыі. Грамовіч.

[Грэч. thesis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́нцып

(лац. principium = аснова, пачатак)

1) асноўнае, зыходнае палажэнне якой-н. навукі, тэорыі (напр. дэмакратычны п. кіраўніцтва);

2) перакананне, пункт гледжання (напр. трымацца цвёрдых прынцыпаў);

3) асноўная асаблівасць будовы якога-н. механізма (напр. п. дзеяння машыны).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)