ТРЫ́ПЛІН (Tripplin) Тэадор (1813, г. Каліш, Польшча — 25.1.1881),
польскі пісьменнік, падарожнік, лекар; удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—40 вывучаў медыцыну ва універсітэтах у Кёнігсбергу і Манпелье. Д-р медыцыны (1840). Падарожнічаў па Еўропе і Паўн. Афрыцы. У 1849—56 жыў у Варшаве. Атрымаў вядомасць як аўтар аповесці «Пан Зыгмунт у Іспаніі» (т. 1—4, 1852) і «Успамінаў аб падарожжы ў Данію, Нарвегію, Англію, Партугалію і ў дзяржаву мараканскую» (1844) і інш. У 1856 наведаў Беларусь. Па дарозе з Беластока ў Вільню спыняўся ў Гродне; жыў у доме кн. Чацвяртынскага, наведваў прыватны музей у горадзе, у якім захоўваліся карціны, малюнкі, стараж. зброя. У 1858 у Вільні выйшаў яго дзённік падарожжа па Беларусі і Жамойці.
Літ.:
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фрэ́ска, ‑і, ДМ фрэсцы; Рмн. ‑сак; ж.
Роспіс сцен вадзянымі фарбамі, нанесенымі на свежаатынкаваную сцяну. Падарожнік зможа доўга любавацца роспісамі і фрэскамі сабора Спаса-Ефрасіньеўскага манастыра ў Полацку.Сачанка.Фрэскі на сценах грамадзянскія будынкаў дагэтуль не сустракаліся ні ў адным горадзе Старажытнай Русі.«Помнікі».// Жанр жывапісу, заснаваны на прымяненні вадзяных фарбаў. На блакітных мармуровых каланадах красаваліся фрэскі ў строгім ваенным стылі.Алешка.
[Іт. fresco — свежы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ЛАНУА́ (Lannoy) Жыльбер дэ (1386—22.4.1462),
бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял.кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т. л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ Мікалай Сцяпанавіч (30.5.1862, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. —4.7.1910),
вайсковец, падарожнік, дыпламат. Граф Абісінскай імперыі (1896). Вучыўся ў Мікалаеўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу, служыў у Гродзенскім гусарскім палку (да 1892). У 1894—95 арганізаваў на свае сродкі (дзеля чаго прадаў свае маёнткі) разам з падарожнікам А.В.Елісеевымрас.геагр. экспедыцыю ў Эфіопію (Абісінію). Наладзіў сяброўскія адносіны з імператарам Менелікам ІІ, садзейнічаў пасылцы ў ліп. 1895 эфіопскай місіі ў Пецярбург і ўсталяванню дыпламат. адносін паміж Расіяй і Эфіопіяй. Быў ініцыятарам адпраўкі ў Эфіопію летам 1895 вял. партыі рас. зброі. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96ваен. саветнік Менеліка II. У 1897—99 ген.-губернатар Экватарыяльнай вобл. Эфіопіі, пасля чаго вярнуўся ў Расію. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Апошнія гады жыў у Парыжы.
Літ.:
Бобрович В. Граф Абиссинской империи // Полит. собеседник. 1991. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛА (Polo) Марка (каля 1254, г. Венецыя, Італія — 8.1.1324),
італьянскі падарожнік. У 1271 разам з бацькам і дзядзькам (венецыянскія гандляры) адправіўся ў Кітай праз М.Азію, Іранскае нагор’е, Памір, пустыні Такла-Макан і Гобі. У Кітаі пражыў каля 17 гадоў, быў на службе ў манг. хана Хубілая. Па яго даручэннях пабываў амаль ва ўсіх абласцях краіны. У 1292 пакінуў Кітай морам цераз Малаку, Яву, Суматру, Цэйлон, Персію і вярнуўся ў Венецыю ў 1295. Прымаў удзел у вайне Венецыі з Генуяй. Каля 1297 трапіў у палон да генуэзцаў. Яго расказы аб падарожжах запісаны пізанцам Рустычана і змешчаны ў «Кнізе» Марка Пола (1298) — адной з першых еўрап. крыніц па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі краін Усходу.
Тв.:
Рус.пер. — «Книга» Марко Поло. М., 1956.
Літ.:
Харт Г. Венецианец Марко Поло: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ХТГОФЕН (Richthofen) Фердынанд Паўль Вільгельм фон (5.5.1833, г. Покуй, Польшча —6.10.1905),
нямецкі географ, геолаг, падарожнік. Чл. Прускай АН (з 1899). Вучыўся ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах, у 1869 у Фрайбергскай горнай акадэміі. З 1873 прэзідэнт Берлінскага геагр.т-ва. У 1875—79 праф. Бонскага, з 1883 Лейпцыгскага і з 1886 Берлінскага ун-таў. У 1856—60 праводзіў геал. даследаванні ў Альпах і Карпатах; у 1860 ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі; у 1862—68 у Каліфорніі і на горным хр. Сьера-Невада; у 1868—72 здзейсніў 7 падарожжаў па Кітаі. Вылучыў эолавую гіпотэзу паходжання лёсу ў Кітаі (1877). Вынікі даследаванняў выклаў у працы «Кітай» (т. 1—4, 1877—1912), склаў «Атлас Кітая» (1885). Стварыў генет. класіфікацыю форм рэльефу і характарыстыку найб. Прыродных абласцей Азіі (1886). Яго імем названы горны хрыбет у Цэнтр. Азіі ў сістэме Наньшань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНКЕ́ВІЧ Юрый Аляксандравіч (н. 4 3.1937, г. Чайбалсан, Манголія),
расійскі падарожнік, урач і тэлежурналіст. Палкоўнік мед. службы (1979), канд.мед.н. (1974). Нашчадак беларусаў — ураджэнцаў б. Віленскай губ. Скончыў Ленінградскую ваен.-мед. акадэмію (1960). Узначальваў Цэнтр мед.-біял. падрыхтоўкі касманаўтаў; значны яго ўклад у тэорыю авіякасм. медыцыны. З 1973 вядучы праграмы «Клуб падарожнікаў» на рас. тэлебачанні. Удзельнік экспедыцый у Антарктыку і Арктыку, плаванняў Т.Хеердала на папірусных лодках «Ра-1» (1969) і «Ра-2» (1970; гл.«Ра») праз Атлантычны ак., трысняговай лодцы «Тыгрыс» па маршруце Эль-Курна (Ірак) — Джыбуці (1977—78). Вывучае паводзіны чалавека ў экстрэмальных умовах. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Тв.:
На «Ра» через Атлантику. 2 изд. М., 1981;
В океане «Тигрис». М., 1982;
Их позвал горизонт. М., 1987 (разам з А.В.Шумілавым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сасма́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Зняможаны, змучаны ад смагі, гарачыні. [Хлопцы] прышкандыбалі дадому змучаныя і сасмаглыя.Ваданосаў.Пап’е сасмаглы падарожнік, Асушыць конь сваё карыта, А восень агалосіць пожні Птушыным развітальным крыкам.Вітка.
2. Перасохлы (пра губы, горла, рот). [Яўхім] выцер пачарнелыя, сасмаглыя губы, зморана супакоіў: — Духата.Мележ.// Вялы ад недахопу вільгаці (пра траву і пад.). Сасмаглыя пасевы з неба Адразу ўбачыла яна [навальніца] І прагрымела: — Дождж ім трэба, Жаўцее лён і збажына!Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.