неўгамо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, утаймавацца; вельмі рухавы. Неўгамонныя дзеці. □ Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню. Колас. Дагасалі ліхтарыкі светлякоў, неўгамонныя матылі кідаліся над вогнішчам і трапяткімі пялёсткамі падалі на росную траву. Самуйлёнак. // Які не спыняецца, не змаўкае. Цішыня, толькі неўгамонны шум мора і соснаў парушаюць яе. Хадкевіч.

2. Неспакойны, турботны. Пасёлак спіць, і ціха ўсюды, Хіба што ў хаце дзе якой Дзіця заплача з перапуду Ці птушка свісне за ракой. І толькі ў дзедавай каморы У тон знямелае цішы Дзве неўгамонныя душы Вядуць сакрэтна разгаворы. Колас. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Адноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлу́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыводзіць да адурэння, пазбаўляе здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Тлумная работа. □ Кастусь стаміўся ад гаворак, ад тлумнай духаты, а таму з асалодай дыхаў свежым начным паветрам. Гаўрылкін. // Пазбаўлены здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Юра пакруціў цяжкай, тлумнай ад катаванняў галавой і працадзіў скрозь зубы: — Ні слова... Ні слова... Бураўкін. // Незразумелы, небяспечны. Чаго яму [Хрысцюку] лезці ў гэтыя тлумныя справы! Зачэпіш яшчэ каго — бяды на сябе паклічаш. Дуброўскі.

2. Шумны, гаманлівы, неспакойны. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі наводзілі парадак у .. тлумным і стракатым натоўпе. Колас. У вагоне я доўга не мог заснуць — ці не таму, што нарэшце вырваўся з тлумнага горада, еду далей ад рэдакцыйнага клопату і дробных жыццёвых турбот, што буду, хоць і не надта доўга, вольны. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кру́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены, прыгатаваны шляхам скручвання. Кручаная пража. Кручаныя дубцы.

2. Разм. Хворы на шаленства (пра жывёл). Кручаны сабака. // Нясталых, несур’ёзных паводзін (пра чалавека). — І скажыце, ці не дурны, ці не кручаны хлопец. Як да вайны трэба было ў школу хадзіць ды вучыцца, дык яго за кніжку не загнаць было. А цяпер дзень і ноч чытае. Арабей. Хлопцы пакеплівалі з Макара, расказвалі такое, ад чаго Макар чырванеў, згараў ад сораму і крыўды ды кляўся, што ніколі не гляне на кручаную няверную Ядвісю. Асіпенка.

3. перан. Няроўны, неспакойны, заблытаны. — Жыццё тваё, чалавеча... Якое яно.. нейкае кручанае. Дуброўскі.

4. Разм. З няроўнымі сцёбламі, касымі слаямі (пра дрэва, драўніну). Хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза. Маўр. // Кучаравы, пакручасты (пра валасы).

•••

Кручаны мяч гл. мяч.

Кручаны ўдар гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

anxious

[ˈæŋkʃəs]

adj.

1) неспако́йны, трыво́жны

anxious times — неспако́йныя часы́

to be/feel anxious about someone — непако́іцца за каго́, трэ́сьціся над кім

2) нецярплі́вы

He is anxious for her news — Яму́ ве́льмі хо́чацца атрыма́ць ад яе ве́стку́

3) стара́нны, по́ўны жада́ньня

She was anxious to please her mother — Яна́ стара́лася дагадзі́ць сваёй ма́ці

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

мітуслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка і бесперапынна рухаецца ў розных напрамках. [Хлопцы] доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, клікалі Грышу. Якімовіч. Спалохана ўзляталі з прыдарожных соснаў мітуслівыя сарокі. Лынькоў. // Паспешлівы, неўраўнаважаны; бязладны. Ішлі хлопцы; беглі, каб не спазніцца, мітуслівыя дзяўчаты. Лынькоў. Рухі Пятра вуглаватыя, мітуслівыя і лёгка выдавалі яго як непрактычнага ў гаспадарчых справах інтэлігента. Ракітны.

2. Які мільгае, мітусіцца перад вачыма. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разгледзеў чалавек восем вайсковых. Грахоўскі. Да фермы набліжаліся мітуслівыя кроплі ліхтароў — беглі людзі. Місько. Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.

3. Неспакойны, поўны мітусні (у 1, 2 знач.). Мітуслівы горад. □ Усе былі стомлены, але тое, што такі гарачы і мітуслівы дзень прайшоў удала, бадзёрыла і радавала. Хадкевіч. // Якому ўласціва мітусня. Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трывогі (у 1 знач.), поўны трывогі, неспакою, хвалявання. Трывожныя думкі. Трывожны сон. Трывожная ноч. □ Слаўце ж заўсёды Імкненні трывожныя, Што падрыхтоўваюць смелы палёт. Кірэенка. // Які выклікае трывогу, неспакой. Трывожныя чуткі. □ За хвіліну ўвесь лагер абляцела трывожная вестка: з рэчкі не вярнуліся Ціма і Валодзя, піянеры другога атрада. Пальчэўскі. У хату ўваліўся .. друг [Дзям’яна] Тодар Касцецкі — загадчык свінафермы. Ён прынёс трывожную навіну. Дуброўскі. // Які выражае трывогу. Трывожны погляд. □ Глядзім на ўсё трывожнымі вачыма, Аж шалясціць ад позірку лісцё. Камейша.

2. Схільны да трывогі, неспакойны (пра чалавека). Мікола апошні час стаў трывожным: з дня на дзень чакаў перагляду сваёй справы. Машара. [Феня] ішла па бальнічным калідоры, уся сцішаная, трывожная, са страхам адчыніла дзверы ў палату. Арабей.

3. Небяспечны. Час быў трывожны, і музыка гучала неяк дзіка і недарэчна. Няхай. Неспакойная, трывожная служба ў Міхаськавага бацькі. Хомчанка. // Які паведамляе пра небяспеку. Трывожны сігнал. Трывожны гудок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які турбуецца аб кім‑, чым‑н., клапоціцца пра каго‑, што‑н. Турботы чалавек. / у паэт. ужыв. Турботны родны дом Шчаслівых не пабудзіць. Голуб. // Які адлюстроўвае неспакой, хваляванне. Цімох углядаецца, пазірае пільней .. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца .. паплыў борзда ўгору белаваты дым. Колас. Белы колер халата і шапачкі .. вельмі ж неяк ідзе да .. вялікіх, чорных, .. турботных вачэй [Ганны Пятроўны]. Брыль.

2. Напоўнены рознымі турботамі, неспакойны. Сёння ў Машы вельмі турботны дзень: трэба спакаваць хатнія рэчы, бо заўтра досвіткам выязджаюць! Гроднеў. Прыемна і самому заадно з .. [Януком] яшчэ разок перакінуцца ў думках туды, дзе прайшло яго [Васіля] хоць і цяжкае, турботнае, але навек незабыўнае маленства. Кулакоўскі. Так уваходзіць юнак Аляксандр Віташкевіч у жыццё. Цяжкае, але прываблівае. Турботнае, але сваё, кроўнае, роднае — рабочае жыццё. Кавалёў. // Які выражае, выяўляе турботу. — А жыццё? Жыццё доўгае наша? — пераходзіць [Эльга] на трапяткі і турботны шэпт. — Бачу, назаўсёды ідзеш, нядобры твар у цябе. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суята́ (суета́) ’непакой’, ’мітуслівы, неспакойны чалавек, які ўсюды лезе’ (Нас.), суjета́ ’клопат, турбота’ (Вруб.), суетня́ ’клопат, суматоха’ (Нас.), ст.-бел. суета ’марнасць, пустка, непатрэбшчына’ (Альтбаўэр), суетныи ’марны; мітуслівы’ (там жа). Параўн. укр. суєта́, суята́ ’клопат, неспакой, прыгнечанасць’, суятня́ ’неспакой’, рус. суета́ ’тс’, балг. суета́ ’марнасць; мітусня’, суетня́ ’клопат, турботы’, макед. суета ’марнасць; фанабэрыя’, ст.-слав. соуѥта ’марнасць, пустка’. Хутчэй за ўсё, запазычана са стараславянскай праз біблейскія тэксты, параўн. біблеізм соуѥта соуѥтъ ’марнасць’, што адпавядае грэч. ματαιότης ματαιοτήων, лац. vanitas vanitatum ’тс’ — выраз, што лічыцца гебраізмам, параўн. ст.-бел. ажно все суета, суета суетная (Альтбаўэр). Выводзіцца са ст.-слав. соуѥ ’несапраўднае, ілжывае’, соуи ’пусты’, з суф. ‑ѥта (< *‑ota пасля ‑j‑, гл. Глухак, 593), параўн. стараж.-рус. суи ’пусты, нязначны, несапраўдны’, чэш. sujný ’дарэмны’, што да прасл. *sujь ’пусты, марны’, якое параўноўваюць з літ. sáuja ’жменя’, ст.-інд. çūnyás ’пусты’, лац. cavus ’пусты, з поласцю ўсярэдзіне’ (гл. Фасмер, 3, 797); паводле Варбат (Этимология–1983, 38) — беспадстаўна, паколькі значэнне ’парожні’ адсутнічае ў славянскага слова, больш верагоднай падаецца сувязь з *sovati (гл. соваць, суваць). Параўн., аднак, пярэчанні Кожынавай (Супр. чыт., II, 58) на падставе перакладу з грэчаскай біблейскага фрагмента пꙋстошь пꙋстошемъ всє пꙋстошь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трухлі́вы ‘баязлівы’ (Нас., Гарэц.), сюды ж труха́ць, тру́хнуць ‘баяцца, палохацца’ (Рэг. сл. Віц.), трухну́ць ‘спужацца, спалохацца’ (Некр. і Байк., Юрч. Сін.), ст.-бел. трухливость ‘баязлівасць’ (ГСБМ). Параўн. укр. трухлі́ти ‘дранцвець ад жаху’, рус. (с)трухну́ть ‘спалохацца’, польск. truchleć ‘слабець, дранцвець, камянець’, truchliwy ‘спалоханы’, truchły ‘тс’, potruchleć ‘спужацца, збаяцца, заняпасці духам’, каш. trëxlec ‘губляць надзею, сумнявацца’, н.-луж. tšuchły ‘баязлівы’, tšuchlak ‘тс’, tśuchleć ‘станавіцца змрочным, панурым’, в.-луж. truchty ‘заклапочаны, неспакойны’, ‘баязлівы’, ‘сумны, змрочны’, truchlíc ‘трывожыць’, чэш. truchliti, truchleti, славац. trúchliť ‘смуткаваць, тужыць’, truchlivý ‘сумны, журботны’. Звычайна рэканструююць прасл. *trux‑, *trusl‑ і супастаўляюць з лат. traušâties ‘баяцца’ < і.-е. *ter‑ ‘церці, рэзаць, вярцець’ > ‘крышыць’ > ‘трухлявець’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 227; Каруліс, 2, 423). Махэк₂ (654) мяркуе, што праславянскае слова магло б мець форму *truxlъ, роднасным яму будзе с.-ірл. trúag ‘смутны’. Паводле Куркінай (Этимология–1994–1996, 49), на базе зыходнай формы (гл. трухлы) у заходнеславянскіх мовах замацавалася значэнне ‘баязлівы’, ‘сумны’, гл. таксама Борысь, 643. Адносна рус. трухну́ть яшчэ Даль (1882, 4, 438) ставіць яго ў адзін рад з роднаснымі дзеясловамі тру́сить, тру́шивать ‘баяцца, палохацца’. Фасмер (4, 112) мяркуе, што рус. (с)трухну́ть з’яўляецца новаўтварэннем ад трус ‘баязлівец’, а ўкр. трухлі́ти можа быць запазычаннем з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 662). У такім выпадку зах.-слав. *trux‑lъ, *trux‑livъ будзе праславянскім рэгіяналізмам. Для трухну́ць ‘спужацца’ не выключана самастойнае развіццё на аснове трухну́ць ‘страсянуць, скалануць’ (Нар. Гом.), гл. трусіць, трэсці. Параўн. і ст.-бел. почал троухленъ быти дрыжачий (Карскі 2–3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хво́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які хварэе на якую‑н. хваробу. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі. / у знач. наз. хво́ры, ‑ага, м.; хво́рая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Агледзеўшы хворага, Наташа пераканалася, што яе дапамога сапраўды была тэрмінова неабходная. Краўчанка. Дактары па два разы на суткі прыходзілі да хворай. Пальчэўскі.

2. Пашкоджаны хваробай (пра цела і яго часткі). Цягнучы хворыя ногі ў валёнках, ідзе да Юркі бабуля. Брыль. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Панчанка. // перан. Растрывожаны, неспакойны. Далёкае неба, сіняе неба!.. Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Колас. // Які сведчыць аб хваробе, хваравітым стане. Сымоніха.. ціха, слабым, хворым голасам кажа: — Сымонка! што ты робіш? Бядуля. // Пашкоджаны хваробай (пра расліны і іх плады). [Андрэй] бачыў перад сабою.. Калхіду — гнуткае трапяткое трысцё, хворыя лясы, ўзвышшы курганоў. Самуйлёнак. // (звычайна з адмоўем «не») у знач. вык. Разм. Магчы, быць здольным (зрабіць што‑н.). [Гарлахвацкі:] Ты б рамізніка ўзяла. [Анна Паўлаўна:] Не хворы і сам занесці. Крапіва.

3. Ненатуральны, ненармальны, празмерны. Хворае.. ўяўленне [Вялічкі] ўзнімала аслабелыя сілы да раптоўных парываў, якія тут жа ападалі. Чорны.

•••

Венерычны хворы — той, хто хварэе венерычнай хваробай.

Валіць (зваліць) з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)