Тума́к1 ‘удар па патыліцы’ (Нас., Шат., Байк. і Некр.; брагін., Нар. словатв.), ‘моцны ўдар’ (в.-дзв., хойн., Шатал.), ‘удар кулаком’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3, Растарг.), ‘кухталь’ (Некр. і Байк., Яўс., Юрч. Фраз. 2, Мат. Гом.), тума́ка ‘тс’: даў яму тумаку (Бел. літ. XIX ст.), тумакі́ ‘штуршкі, кухталі ў спіну ці ў бокі’ (Мядзв.). Укр. тума́к ‘штуршок, кухталь’, рус. тума́к ‘удар, штуршок кулаком’. Слова няяснага паходжання, асабліва з улікам тумак2 і тумак3. Фасмер (4, 119) не прымае прапанаваную Патабнём (РФВ, 4, 213) і Гараевым (380) версію пра сувязь з літ. stùmti (з s‑mobile) ‘штурхаць, біць, рухаць, замыкаць на засаўку’, а таксама з марыйск. tumak ‘дубіна’ (Маркаў, РФВ, 73, 102). Сувязь з укр. товкмачити ‘біць, калаціць, трэсці’ (ЕСУМ, 5, 674), а таксама з рус. токма́чить ‘біць, таўчы’ выглядае больш прывабнай (гл. такмачы). На базе фразеалагізма рус. дать по шапке ‘пабіць’ Арол (4, 116) збліжае з тат. tumag ‘шапка’.

Тума́к2 ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом.), ‘дурань, цёмны неадукаваны чалавек’ (Яўс., ТС), ‘тупы, неразвіты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘дурань, тупіца’ (Рэг. сл. Віц.), ‘недарэка’ (Руб.), ‘тупы, абмежаваны чалавек’ (Юрч. Вытв.), тумачо́к, тумачо́чак ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. СНЛ). Параўноўваюць з рус. разан. тумата́ ‘слепата, цемната’ і далей праз апошняе значэнне да ‘неразвітасць, неадукаванасць, дурасць’, што не выключае сувязі з марыйск. тума́к ‘дубіна’ (Жураўлёў, Язык и миф, 120). Грунтуючыся на рэканструкцыі рус. дыял. тума́ ‘лухта, глупства, дзіва’ (Даль), укр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, як *top‑ma ‘тупы розум, тупы чалавек’ < *topiti ‘рабіць тупым’, Ліўканен (Отглаг. сущ., 169) мяркуе пра зыходнае значэнне ‘тупы розум’. Сюды ж таксама славен. túmpast ‘тупы, недалёкі’ (Сной₂, 791), якое выводзіцца са славен. tȍp < прасл. *tǫ̑pъ ‘тупы, неразумны, абмежаваны’.

Тума́к3 ‘помесь зайца-беляка з зайцам-русаком’ (ТСБМ), ‘фарбаванае футра зайца’ (там жа), ‘звярок, пушыстую шкуру якога вырабляюць на каўняры’ (Нас.). Укр., рус. тума́ ‘метыс, напаўрускі-напаўтатарын, паўукраінец-паўтурак’, укр. тума́ ‘жывёла змешанай пароды’, тум ‘свойская жывёла палепшанай пароды’, тума́к ‘помесь беляка і русака’, ‘фарбаванае футра зайца’, ‘куніца лясная, Martes martes L.’, рус. тумак ‘метыс’, ‘падфарбаванае футра зайца’, ‘сібірскі тхор’, польск. tumak ‘куніца’, tumaki ‘футра з куніцы’ (запазычаны праз рус. мову). Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат. тӯма ‘прыплод’, ‘нашчадак’, канцавое ‑к мяркуецца з цюрк. tuma‑g у якасці памяншальнага суфікса, гл. Анікім 565; іншыя меркаванні ў Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674; Шыпава, Сл. тюрк., 333–334; Дабрадомаў, Этимология–1970, 103–115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тупы́, ‑ая, ‑ое.

1. Такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад., недастаткова навостраны; проціл. востры. Тупы нож. Тупая сякера. □ Рыдлёўкі былі тупыя, а зямля цвёрдая, як камень. Асіпенка. // Які размешчаны насупраць завостранага канца, вострага краю. Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Мележ. Ад невясёлых думак .. [Данік] абмакнуў у чарніла тупы канец алоўка і напісаў на парце: Д. Малец. Брыль.

2. Які не звужаецца ці мала звужаецца, закруглены на канцы. Мае бацькі як бы ў аддзяку за поспехі ў навуках купілі мне шарсцяны касцюм, шаўковую сарочку і бліскучыя туфлі з тупымі насамі. Навуменка. Мокры пясок заскрыпеў пад тупым носам баркаса. Самуйлёнак. // Шырокі, круглы (пра галаву, морду і пад. жывёл). Нерпы высоўваюць над халоднай паверхняй вады свае тупыя морды. Бяганская. Галава ў сазана маленькая, тупая, з тоўстымі мясістымі губамі і маленькім ротам. Матрунёнак.

3. перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы (пра чалавека). Спачатку .. [Янка] стаў дарэктарам і два месяцы вучыў дзяцей на хутары ў нейкага шляхціца. Дзеці былі пераросткі і вельмі тупыя. С. Александровіч. [Андрэй:] — Што знайшла ў .. [Халусце] Алена? Дурны, тупы, як даўбешка. Чарнышэвіч. Няхай Баракаў бяздарны механік, тупы і абмежаваны чалавек, але ў яго сівыя скроні і дзеці ў інстытутах вучацца. Шамякін. // Які сведчыць пра разумовую абмежаванасць. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. // Неразвіты, слабы. Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы. Скрыган. // Пазбаўлены разумнага зместу, значэння. Стаяў між ёю [Марынай] і Данілам Тупы закон, як плот глухі. Колас. [Якаў:] — Работа бясконцая, жыццё тупое, толькі што іншы раз вечарам да шляхецкіх дзяўчат сходзіш. Чарнышэвіч. У .. [Курце] прабудзілася нешта жывое, чалавечае. Можа ўбачыў, што, акрамя аднастайнай і тупой лагернай службы, ёсць яшчэ на зямлі сапраўднае жыццё. Ракітны.

4. перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы (пра чалавека). І стаялі над трупам героя тупыя ад злосці Немцы. Страх ледзяніў іх звярыную кроў. Панчанка. // Які сведчыць пра атупенне, пазбаўлены разумнасці; бяссэнсавы. Тупы страх. Тупы смутак. □ З Андрэем Лясніцкі стараўся не бачыцца, бо чуў да яго нейкую незразумелую тупую варожасць. Зарэцкі. // Які нічога не выказвае, бяссэнсавы (пра погляд, твар і пад.). Тупы позірк. □ [Марына Паўлаўна] праводзіла .. [Карызну] тупым адзеравянелым поглядам і ціха, пахіліўшы галаву, выйшла на вуліцу. Зарэцкі.

5. Не востры, глухі; ныючы (пра боль). [Ліда] цяжка апусцілася на лаўку, і толькі цяпер, адчуўшы тупы боль у сэрцы, моцна прыціснула рукой тое месца на грудзях, дзе білася сэрца. Васілевіч. Тупы боль у плячах не даваў магчымасці прытуліцца да сцяны, і хлопец доўга сядзеў сагнуўшыся, потым лёг па жывот. Федасеенка.

6. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі). Вецер свістаў ля акна, і чуцен быў трэск галін бярозы, што з тупым гукам біліся адна аб адну ў цемры. Пестрак. І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. Караткевіч.

•••

Тупы як абух — някемлівы, неразумны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)