ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) Малодшы, старажытнагрэчаскі архітэктар 4 ст. да н.э. Працаваў у Эпідаўры, дзе стварыў грабніцу-толас (з дарычнай каланадай звонку і карынфскай — унутры) і т-р на 14 тыс.месцаў (350—330 да н.э.). Т-р адметны велічнай гармоніяй кампазіцыі, арганічна ўпісанай у ландшафт, які служыць фонам для дзеяў, а таксама асобных арх. элементаў (урачыстыя парталы праходаў, якія аддзяляюць скене ад тэатрона). Выдатная акустыка т-ра забяспечваецца спец. профілем тэатрона і рэзанатарамі пад лавамі. Грабніца і т-р П. ўваходзяць у археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Паліклет Малодшы. Тэатр у Эпідаўры. 350—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУМІЁ,
прыродны смалападобны прадукт біял. паходжання. Трапляецца ў гарах Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на Каўказе. Уяўляе сабой бясформенныя кускі з нераўнамерна-ячэістай ці гладкай паверхняй, цвёрдай або пругкай кансістэнцыі, з характэрным бальзамічным пахам. Састаў М. з розных месцаў паходжання мае падобныя фіз. і хім. ўласцівасці і адрозніваецца суадносінамі асобных кампанентаў. Мае вял. колькасць арган. і неарган. рэчываў, гіпуравую і бензойную к-ты, амінакіслоты, смолы і воскі, камедзі, раслінныя рэшткі. Адрозніваюць М. т.зв. залатое (чырв. колеру), сярэбранае (белага), меднае (блакітнага ці сіняга) і жалезнае (чарнавата-карычневага; найб. пашыранае). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне больш як 2 тыс. гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́ЛЬНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сукупнасць прадпрыемстваў і службаў, спецыялізаваных на абслугоўванні насельніцтва. Уключае: сан.-тэхн. прадпрыемствы (водаправод, каналізацыю, прадпрыемствы па ўпарадкаванні тэр. населеных месцаў, пральні, лазні); гарадскі транспарт; энергетычныя прадпрыемствы (электрычныя, газавыя, цеплафікацыйныя размеркавальныя сеткі, кацельні і інш.); службы па эксплуатацыі жыллёвага фонду; збудаванні знешняга добраўпарадкавання (дарогі, тратуары, масты, пуцеправоды, падземныя і наземныя пешаходныя пераходы, трансп. эстакады, зялёныя насаджэнні агульнага карыстання, вулічнае асвятленне і інш.), гасцініцы, рамонтна-буд. арг-цыі і інш. Да 1920-х г. на Беларусі не было адзінай сістэмы прадпрыемстваў К.г. Водаправод дзейнічаў у Мінску з 1874, Гродне з 1876, Магілёве з 1878, Слоніме з 1890, Віцебску з 1895, Мазыры з 1902, Гомелі з 1908. У гарадах толькі цэнтр. вуліцы былі брукаваныя, асвятляліся газавымі ліхтарамі. Электрычнае асвятленне ў Мінску з 1895. Асн. відам гар. транспарту быў гужавы. У Мінску (з 1892) і Магілёве (з 1910) працавала конная чыгунка (конка). Да 1932 у БССР электрыфікаваны ўсе гарады і 30 мястэчак. У 1940 у рэспубліцы былі 92 камунальныя гасцініцы на 3574 месцы. На канец 1996 цэнтралізаванае водазабеспячэнне на Беларусі мелі 102 гарады, 106 гар. пасёлкаў і 4904 сельскія нас. пункты, каналізацыю — 101 горад, 101 гар. пасёлак, 2065 сельскіх населеных пунктаў; тралейбусны парк налічваў 1778 машын, аўтобусны — 3821 аўтобус на ўнутрыгар. перавозках; у Мінску — метрапалітэн (132 вагоны). Дзейнічалі 258 гасцініц, матэляў і інтэрнатаў для прыезджых на 28 297 месцаў і інш.
Л.А.Бірукоев.
Да арт.Камунальная гаспадарка. Дом быту ў в. Чурылавічы Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПРАВО́Д,
комплекс збудаванняў для перапампоўкі сырой нафты з раёнаў нафтаздабычы да месцаў перапрацоўкі. Складаюцца з трубаправодаў, нафтаперапамповачных станцый, сродкаў сувязі, дапаможных збудаванняў. Адрозніваюць Н. мясцовыя (на промыслах падаюць нафту на невял. адлегласці — ад месца здабычы да пунктаў збору і падрыхтоўкі), магістральныя (транспартуюць нафту на далёкія адлегласці — да месцаў перапрацоўкі), унутраныя (на нафтаперапр. з-дах).
Дыяметр труб Н. 60—1220 мм, рабочы ціск 0,7—8 МПа, скорасць руху нафты 0,9—2,6 м/с. Магістральныя Н бываюць даўжынёй некалькі тысяч кіламетраў (напр., Н. «Дружба» больш за 5 тыс.км, 1-я нітка яго ўведзена ў 1964, 2-я — у 1974). Трубаправоды магістральных Н. укладваюцца ў грунт, для засцярогі ад карозіі ўкрываюцца бітумнай масцікай, маюць таксама эл. сродкі засцярогі. Трубаправоды і інш. збудаванні для перамяшчэння прадуктаў перапрацоўкі нафты (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.) наз.нафтапрадуктаправодамі.
На тэр. Беларусі агульная працягласць магістральных Н. рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс.км. Па мясцовых Н. нафта ад усіх радовішчаў (іх больш за 40) перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе яна праходзіць абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў Н. «Дружба». Праз сістэму магістральных Н. «Дружба» расійская нафта транспартуецца ў краіны СНД (Украіна, Беларусь), Прыбалтыкі (Літва, Латвія — порт Вентспілс), Усх. і Зах. Еўропы (Польшча, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Югаславія).
В.А.Вядзернікаў.
Схема магістральнага нафтаправода: 1 — нафтавы промысел; 2 — пункт збору і падрыхтоўкі нафты; 3 — помпавая станцыя; 4 — калодзеж з рэгулявальнымі прыстасаваннямі; 5 — размеркавальны пункт; 6 — нафтаперапрацоўчы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́НТЫК-СІ́ЦІ (Atlantic City),
горад і курорт на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Джэрсі, на беразе Атлантычнага ак. 38 тыс.ж. (1990). Сілікатна-керамічная, швейная, харч.прам-сць. Вытв-сць хім.-фармацэўтычных прэпаратаў. Шматлікія казіно.
Як прыморскі кліматычны курорт развіваецца з 19 ст. Субтрапічны клімат з мяккай зімой і цёплым летам, пясчаны пляж даўж. каля 13 км — спрыяльныя ўмовы для адпачынку і лячэння неспецыфічных захворванняў органаў дыхання, нерв. сістэмы, парушэнняў абмену рэчываў. Цэнтр міжнар. турызму, паруснага спорту, фестываляў, конкурсаў, спаборніцтваў. У Атлантык-Сіці адзін з найб. у свеце крытых залаў (41 тыс.месцаў) з арганам, 5 молаў, на адным з іх назіральная вышка (100 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎКІ ЖЫВЁЛ,
адносна недалёкія і кароткатэрміновыя перамяшчэнні жывёл у пошуках корму, месцаў адпачынку, зімовак, сховішчаў і інш. Пры вандроўках, у адрозненне ад міграцыі жывёл, вобласць, у якую перамяшчаюцца жывёлы, мяжуе або часткова супадае з вобласцю, дзе яны знаходзіліся да пачатку перамяшчэння (звычайна месцы размнажэння). Вандроўкі жывёл пераважна прымеркаваны да сезона года, часу сутак. Пашыраны сярод горных млекакормячых і птушак; у многіх птушак (гракі, шпакі) адбываюцца перад сезонным пералётам, у інш. (снягір, сініцы) — усю восень і зіму. Некаторыя беспазваночныя штодзень перамяшчаюцца з аднаго яруса расліннасці ў іншы, водныя беспазваночныя — з адной глыбіні на другую (у залежнасці ад т-ры, вільготнасці, асветленасці і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЁК,
пашкоджанне тканак арганізма, якое выклікаецца высокай т-рай (тэрмічны апёк), хім. сродкамі (хімічны апёк), электрычным токам (электрычны апёк), сонечнымі і рэнтгенаўскімі прамянямі (сонечны і радыяцыйны апёк). У чалавека і жывёл адрозніваюць 4 ступені апёку: 1-я — пачырваненне скуры, ацёк; 2-я — узнікненне пухіроў; 3-я — амярцвенне скуры на ўсю таўшчыню; 4-я — амярцвенне падскурнай тлушчавай клятчаткі, мышцаў і касцей (абвугліванне). Лячэнне залежыць ад памераў апечанай паверхні, агульнага стану арганізма і г.д., уключае барацьбу з шокам, хірург. апрацоўку апечаных месцаў, тэрапеўтычныя метады. У раслін бываюць апёкі кары (напр., сонечны апёк пладовых дрэў), лісця і пладоў пры няправільным карыстанні ядахімікатамі, пашкоджанні грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, у Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1978. Пл. 32,8 тыс.га (1995). Уключае тэр. Бярозаўскага, Ляснянскага і Мілавідскага лясніцтваў. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту дзікарослых лек. раслін (ядлоўцу, ландышу майскага, талакнянкі, чабару, святаянніку прадзіраўленага, брусніц, чарніц і інш.), таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін, якія ўключаны ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь (купальніку горнага, сону лугавога, неатыянты клабучковай, лінеі паўночнай, астры стэпавай, чыны горнай, касачу сібірскага, жаўтазелю германскага, канюшыны лубінавай). Займае буйны лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі. На ПнЗ трапляюцца бярэзнікі, на Пд — бярэзнікі і чорнаалешнікі, на У — ельнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́Р, Данакіль,
тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім.т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 м за год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗУБРАНЯ́»,
рэспубліканскі дзіцячы лагер. Засн. ў жн. 1969 на беразе воз. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл). Размешчаны на пл. 64 га. Працуе круглы год. У лагеры створаны ўмовы для адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей. У комплексе пабудоў жылыя, лячэбныя і гасп. дамы, школа, б-ка, басейн. Дзеці 5 дружын («Азёрная», «Блакітная», «Зорная», «Лясная», «Сонечная») размяшчаюцца ў 5 аднайм. карпусах (на 160 месцаў). На тэр. лагера стадыён, пляцоўкі спарт. і для атракцыёнаў, фруктовы сад; на беразе пляжы, лодачная станцыя. У лагеры праводзяцца спартакіяды, фестывалі, канферэнцыі, рэсп. і міжнар. імпрэзы. «З.» супрацоўнічае з Бел. фондам сац. падтрымкі дзяцей і моладзі «Мы — дзецям».