ха́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Браць, прысвойваць што‑н. незаконна; красці.

хапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Рэзкім парывістым рухам рукі (рук) браць, захопліваць каго‑, што‑н. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Пяціпудовыя мяхі.. [мужчына] хапаў так лёгка, нібы гэта былі не мяхі, а падушкі. Чарнышэвіч. Антон Пракопавіч хапае шапку, ускідвае на плечы ватоўку і ..бяжыць у кантору. Карамазаў. // Захопліваць, лавіць ротам, зубамі. Страказа палюе: на ляту хапае дробную машкару і глытае. Бяспалы. Цяпер, разглядаючы сваю здабычу, я пачынаю разумець у чым справа: ляшча хапала больш буйная рыбіна, але праглынуць не здолела. Лупсякоў. // Прагна або з цяжкасцю глытаць, удыхаць (паветра). [Васіль] хапаў паветра на поўныя грудзі, і тады было трохі лягчэй... Гаўрылкін. // Затрымліваць каго‑н., парывістым рухам схапіўшы за што‑н. Гандляры запрашаюць пакупнікоў, хапаюць прахожых за рукі, за адзенне. В. Вольскі. — А вось паедзем у сельсавет, там пагаворым, — кажу я і хапаю за ланцуг Сенькаву лодку. Краўчанка. // перан. (звычайна са словамі «за сэрца», «за душу»). Выклікаць пачуццё смутку, болю. радасці і пад.; глыбока хваляваць. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-думка за сэрца хапала. Купала. [Кот] люта екатаў і жаласна, ажно хапала за душу, мяўкаў... Чыгрынаў. // перан. Шчыпаць, выклікаць адчуванне холаду. Хутчэй бы ўжо зіма, марозік! Такі, не вельмі сярдзіты, проста, каб крышачку хапаў за вушы, нос, шчокі, калі раніцою ідзеш на працу. Каршукоў. / у вобразным ужыв. Мне ветла мігаюць агнямі будынкі, А вецер асенні хапае ў абдымкі. Панчанка.

2. Разм. Лавіць, браць сілай, пазбаўляць волі каго‑н. [Маладых людзей] хапалі і пасылалі на работу ў Германію або проста на фронт — капаць акопы. Якімовіч.

3. перан. Разм. Прагна, хутка ўспрымаць, засвойваць, лавіць (органамі пачуццяў, розумам і пад.). І не прыкмеціў Адам, як захапіўся ён прамовамі, як разам з усімі схіліўся ў бок рупара і прагна хапаў кожнае слова. Шынклер. Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў.

4. З прагнасцю купляць усё без разбору. [Мужчыны] хапалі ўсё, што траплялася пад рукі: духі, сумачкі, туфлі, сурвэткі, хустачкі, чамаданчыкі, парасоны. Шыцік.

5. Незак. да хапіць (у 9, 10 знач.).

•••

Гэтага яшчэ не хапала! — вокліч, якім выказваецца абурэнне, незадаволенасць з якой‑н. прычыны.

Зорак з неба не хапае — пра чалавека з пасрэднымі здольнасцямі.

Зоркі з неба хапаць — вылучацца розумам, здольнасцямі.

Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) — пра дурнаватага, з дзівацтвамі чалавека.

Наколькі вока хапае — наколькі можна бачыць.

Не хапае пораху — мала, недастаткова сіл, энергіі для ажыццяўлення чаго‑н.

Ног не хапае — ад стомы няма магчымасці рухацца, ісці.

Слоў не хапае (не стае) — пра цяжкасць у падборы слоў для перадачы якога‑н. моцнага пачуцця.

(Толькі) птушынага малака не хапае — пра поўны дастатак.

Хапаць за горла (за глотку, жабры) — тое, што і браць за горла (за глотку, жабры) (гл. браць).

Хапаць на ляту — тое, што і лавіць на ляту (гл. лавіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена; не падзелены, не раздробнены. Узяць цэлым кавалкам. □ Зарачанскай бабе за тое, што паказала брод праз раку, далі ў аддзяку цэлы сувой ангельскага сукна. Каваленка. Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму. — Ну, увесь дзень не буду нічога есці, — гаварыў Уладзік. — Тады цэлы пірог з’ем... С. Александровіч. // Напоўнены да краёў, запоўнены поўнасцю; поўны. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў [Міколка з бацькам] дасталі. Лынькоў. Летась на ёй ужо больш яблык было, цэлы кошык. Кулакоўскі. // Увесь ад пачатку да канца (пра адрэзак часу). Кожныя шэсць дзён [Зося] чакала сёмага, нядзелі, а тады з самага рання старалася пайсці на цэлы дзень дадому. Чорны. Пра гэта мне сказалі не толькі Арцюк, Павел Адамавіч, камбрыг, але і маёр, які прылятаў з Вялікай зямлі і цэлы тыдзень вучыў нас, партызанскіх разведчыкаў і сувязных. Шамякін. Цэлы дзень у гушчары Чутны крыкі дзетвары. Гілевіч. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. Стары Нічыпар, бывае, цэлы вечар .. прасядзіць над рэчкаю. Баранавых. // На ўсёй адлегласці; на ўсю адлегласць (пра месца, прастору). [Зелянюк:] — Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. Зарэцкі. На цэлыя вёрсты і мілі Разносіла пах сенажаць. Колас. Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Навуменка.

2. Ужываецца пры абазначэнні вялікай колькасці чаго‑н., вялікіх памераў, аб’ёму чаго‑н. Накапаць цэлую гару зямлі. □ У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў. Якімовіч. — Людзі ёсць. Цэлы полк, — прыцішана і неяк сухавата адказаў Пішчыкаў. Алешка. Да сянец дабудавалі яшчэ цэлую хату. Гаўрылкін. // Які па значнасці, складанасці нагадвае сабой што‑н.; сапраўдны. Цэлая гісторыя. □ Пра падпольшчыка, якога называлі Жан, хадзілі па горадзе і яго ваколіцах цэлыя легенды. «Звязда».

3. Не пашкоджаны, не сапсаваны, не разбураны. Мы агледзелі аленя. Гэта быў малады самец. Частка яго тулава, галоўным чынам пярэдняя, была з’едзена рыссю, але ўся задняя палова і ногі былі зусім цэлыя. В. Вольскі. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэлымі шыбамі. Маўр. // Не зношаны, не парваны (пра адзенне, абутак). Куплю яшчэ кажух белы Дый армяк суконны цэлы. Цётка. // Які не прапаў, збярогся. — Усё [начынне] цэлае. Ніхто не лазіў, — заключыў Воўка. Няхай.

4. Не паранены, здаровы. Цяпер-то ён [Грэчка] хоць ведае, што будзе цэлы... Аднаму, як ні кажы, лягчэй уратавацца, на сябе можна паспадзявацца. Мележ. Андрэй падумаў быў, што трэба вярнуцца дамоў, пакуль цэлы. Збягуцца ваўкі з усяго лесу — у лазню не схаваешся. Пташнікаў. [Вісарыён:] — Ты не стагні, ты цэлы, толькі гузоў пэўна багата набраў! Самуйлёнак. І козы цэлыя і воўк сыты. Прымаўка.

5. Якому ўласціва адзінства, цэльнасць. Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў.. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы... Колас. // у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Сукупнасць чаго‑н., што ўспрымаецца як нешта адзінае. Насельніцтва гарадоў не з’яўлялася аднародным цэлым. Алексютовіч. Пры ўсёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасці цыкл [Я. Купалы «На заходнебеларускія матывы»] ўспрымаецца як адзінае мастацкае цэлае. Гіст. бел. сав. літ.

6. Які не мае дробу (пра лік, велічыню). Цэлыя лікі.

7. у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Не сшытае, без швоў месца ў адзежы. Разарваць па цэламу. □ Гаворыць па беламу, а ломіць па цэламу. З нар. // Не падраны. Хто цэлага не бачыў, той і латанаму рад. Прыказка.

•••

Век цэлы гл. век.

У цэлым — а) ва ўсёй сукупнасці, цалкам. Рэдактар адказвае за ўвесь нумар газеты ў цэлым; б) увогуле, без падрабязнасцей. У цэлым гэта бясспрэчна так. Ліс.

Цэлая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

САЮ́З САВЕ́ЦКІХ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫХ РЭСПУ́БЛІК (СССР),

Савецкі Саюз, шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч. тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл. СССР складала 22,4 млн. км², нас. 286,7 млн. чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г. Масква. Утварэнне СССР было заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл. Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.​В.​Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якім інш. сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.​І.​Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБ КП(б)Б было супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас. з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав. сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж. паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.​А.​Калінін, Р.​А.​Пятроўскі, А.​Р.​Чарвякоў, Н.​Н.​Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на П з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВК БССР Прэзідыум ЦВК СССР са згоды Усерас. Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац. дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г. СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн. чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з крас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв. сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.​А.​Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г. СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац. сав. дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.

Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. Савет БССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.​С.​Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж. к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».

Кр.: Образование СССР: Сб. док. М., 1972; Несостоявшийся юбилей: Почему СССР не отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.

Літ.:

Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;

Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);

История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;

Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;

Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;

Куличенко М И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;

Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;

Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн 1—3. М., 1992—93;

Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;

Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;

Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;

Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;

Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;

Национальная политика России: история и современность. М., 1997;

Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.

У.​Я.​Казлякоў, І.​А.​Літвіноўскі.

Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВК СССР М.​І.​Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦК КПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.​П.​Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.​А.​Гагарын. 1960-я г.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

т. 14, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хвост, хваста, М ‑сце, м.

1. У жывёл: прыдатак (звычайна рухомы) на заднім канцы цела. Валерык ускудлаціў валасы, стаў на карачкі, грозна засоп і пасунуўся пад паветку, дзе, адганяючы хвастом аваднёў, мірна хрумстаў канюшыну рослы рабы бычок. Шашкоў. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка. // Значна звужаная канцавая частка цела (у рыб, паўзуноў і пад.). Хвост яшчаркі. □ Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора. Якімовіч. [Вугор] мае доўгае, выцягнутае, крыху сплюснутае з бакоў тулава, якое спераду заканчваецца вузкай галоўкай са скошаным пад вострым вуглом ілбом і маленькімі вочкамі, а ззаду паступова пераходзіць у доўгі і дужы хвост-вясло. Матрунёнак. // перан. Разм. У значэнні адзінкі падліку жывёлы. Ад кожнага хваста — пуд жыта, пуд бульбы або замест бульбы дзесяць рублёў грашыма. Брыль. // Футра пушнога звера (з прыдатка на задняй частцы цела), якое выкарыстоўваецца як гаржэтка, абшыўка і пад. Шапка з хвастоў пясца. // Пучок пер’я на заднім канцы цела птушак. У берагавой ластаўкі хвост кароткі, раздвоены і мае форму невялікіх тупых вілачак. В. Вольскі. А вось танканосы бакас, куртатая балотная птушачка, яшчэ хітрэй прыдумаў — хвастом спявае! Ігнаценка.

2. Задняя, канцавая частка лятальнага апарата (самалёта, ракеты і пад.). Уздоўж фюзеляжа да сценак прыладжаны лаўкі, а ў хвасце складзена маёмасць, якую ў абкоме падрыхтаваў падпольшчыкам. Новікаў. Разгарачаны Сцяпанаў упрытык наблізіўся да хваста «юнкерса». Алешка.

3. Крайняя, ніжняя, задняя канцавая частка чаго‑н. Хвост папяровага змея. Хвост бурака. // Росчырк (у літары, цыфры, арнаменце і пад.). Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка. // Вісячы канец (вяроўкі, пугі і пад.). Толькі ж у рукзаку Стаў завязваць хвасты, Бачу ў шафе ў кутку Сіні сшытак таўсты. Нядзведскі.

4. Доўгая, звівістая паласа (дыму, пылу і пад.). Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. На двор МТС узышла машына і прыцягнула за сабой доўгі хвост пылу. Дуброўскі. // Светлая паласа, якую пакідае за сабой рухомае цела (камета, ракета і пад.). [Віця] неаднойчы наглядаў, як зрывалася раптам нейкая зорка, чыркала аб другія, якіх на небе было безліч, і з зыркім хвастом ляцела ўніз, пакуль не рассыпалася бясследна. Паўлаў.

5. Разм. Задняя частка падола адзежы, якая цягнецца па зямлі. Хвост сукенкі.

6. Разм. Рад людзей, што рухаюцца за кім‑, чым‑н. За .. [Сымонам] заўсёды цягнуўся шумлівы і стракаты хвост дзяцей. Хомчанка. За .. [афіцэрам], на конях, высыпаў цэлы хвост удалых меншых чыноў. Чорны. // Група людзей, якія стаяць адзін за адным, чакаючы чаго‑н.; чарга. Маладыя людзі перад Новым годам прыйшлі ў магазін купіць віна і цукерак. Хвост даволі доўгі, пасоўваецца марудна. Лужанін. // Той, хто неадступна ходзіць за кім‑н. Лічаць нас [хлопцаў] яе [дзяўчыны] хвастом, Хай! — не навіна. Мы ж і ў голаў не бяром — Восем і адна. Куляшоў. // Той, хто высочвае каго‑н., шпіёніць за кім‑н. Частыя выезды друкара Максіма да сваякоў маглі прыцягнуць за ім хвост. Якімовіч. Вечарам Жан ішоў са сваім сябрам па вуліцы. Недалёка ад вакзала яны адчулі «хвост». Новікаў. // Пра наяўнасць сям’і, дзяцей. [Ігнат:] — Я чалавек халасты, прастуды не баюся, і калі заб’юць, хоць гэта не пажадана, — ніякіх хвастоў ззаду. Гурскі.

7. Задняя, канцавая частка атрада, каравана і пад., якія рухаюцца. Галава калоны замаруджана, стомлена паднімалася ўгару, а хвост яе імкліва каціўся да моста, напіраючы на пярэдніх. М. Ткачоў. // Заднія, апошнія вагоны поезда. [Начальнік:] — Я прайшоў увесь цягнік ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Дубоўка. З акна [будкі] было відаць.. сярэдзіну і хвост [эшалона]. Мележ.

8. перан. Разм. Частка работы, не выканання, не закончаная ў тэрмін. Так лягчэй будзе для ўчотчыка, чымся мераць недакончаныя хвасты. Беразняк. // Не здадзены ў тэрмін залік, экзамен, кантрольная работа і пад. (у студэнтаў, вучняў). [Зіне] горка было засмяяцца, але яна, прытворна смеючыся, дадала: — І яшчэ адзін хвост ёсць. [Косця:] — Па чым? — Па хіміі. Грамовіч. [Юрка:] — Я быў заняты, Тамара. Ты ведаеш, як у нас у школе выкладалі чарчэнне? А ў нашым інстытуце без чарчэння хоць вучыцца кідай. У мяне чуць хвост не быў. Ермаловіч.

9. Спец. Пустая парода, адходы, якія атрымліваюцца пры абагачэнні карысных выкапняў. Кварцавыя хвасты.

10. Абл. Самы крайні, далёкі ўчастак поля, самыя канцы ўчасткаў. [Цярэшка:] — Хутарок жа, як-ніяк. Ды і зямелька ніштаватая дасталася, дармо, што самыя хвасты, што ніхто сюды зроду гною не давозіў. Лобан.

•••

Адкінуць хвост гл. адкінуць.

Апусціць (падтуліць) хвост гл. апусціць.

Віляць хвастом гл. віляць.

Вісець на хвасце гл. вісець.

Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.

І ў хвост і ў грыву — надта моцна (біць, лупіць і пад. каго‑н. або пападаць каму‑н. за што‑н.).

Круціць хвастом гл. круціць.

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) гл. лейцы.

Накруціць хвост гл. накруціць.

Наступіць на хвост каму — пакрыўдзіць каго‑н., пашкодзіць каму‑н.

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падтуліць хвост гл. падтуліць.

Падціснуць (падцяць) хвост гл. падціснуць.

Паказаць хвост гл. паказаць.

Прышчаміць (прыціснуць) хвост каму гл. прышчаміць.

Прышый кабыле хвост гл. прышыць.

Сабаку (кату) пад хвост (груб.) — дарэмна, за нішто (аддаць, патраціць).

Сарока на хвасце прынесла гл. сарока.

Сарока хвастом замяце гл. сарока.

У хвасце — ззаду ўсіх (ісці, плесціся і пад.).

Ушчаміць хвост каму гл. ушчаміць.

Хвастом вільнуць гл. вільнуць.

Хвастом накрыцца гл. накрыцца.

Хвост абаранкам; хвост дудой; хвост трубой — не сумаваць, не падаць духам, трымаць сябе малайцавата, самаўпэўнена.

Хвост у зубы — хутка сабрацца і пайсці (калі многа розных спраў, працы).

Цягнуць ката за хвост гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Како́ра 1 ’старая каржакаватая бяроза’ (полац., Суднік, вусн. паведамл.), ’сухая крываватая палка’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.), закакорына ’закавыка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Параўн. какора 2 (гл.).

Како́ра 2 ’частка каркаса лодкі’ (жытк., Жыв. сл.; Маслен.; стол., Нар. сл.; ТСБМ), ’частка пабудовы’ (Сержп. Грам.), кокора ’будан з загнутых і звязаных парамі галін вербалозу’, ’нізкі разгалісты дуб на балоце, на які клалі стажок сена’ (стол., Нар. сл.). Да палес. лексікі польск. kokóra; як тлумачыць Слаўскі, 2, 336, такога польскага слова няма, прыведзеная форма адзначана толькі ў Слоўніку Казлоўскага і датычыцца Палесся. Як здаецца, наяўная інфармацыя не вельмі адэкватна адлюстроўвае бел. матэрыял за межамі палескай тэрыторыі, на гэта ўказвае, магчыма, сведчанне Сержпутоўскага і паўн.-бел. лексіка. Вельмі шырока прадстаўлены адпаведнікі да разглядаемага слова ў рускай мове. Найбольш дакладныя: кокора ’дзерава (звычайна хваёвае) з выгнутым коранем; ідзе на астовы, шпангоўты і да т. п. лодак, барак’, «Какоры идут на поделку предметов, которые должны иметь па конце крючок или загиб, например прялки, кичиги, курицы (при постройке дома)» (СРНГ, 14, 93), ’бервяно з крывым загнутым канцом, якое ўжываецца пры пабудове хаты’ і інш. Падобныя значэнні добра вядомы на моўнай тэрыторыі (СРНГ, там жа форма кочёра, кочера ў блізкіх значэннях і інш.). Этымалогія слова не вельмі пэўная, не выключаецца і іншамоўны ўплыў (гл. Фасмер, 2, 283) і працэс кантамінацыі, які вельмі зацямніў першапачатковую форму. Звычайна лічыцца праславянскім (Слаўскі, 2, 337). (БЕР, 2, 537). БЕР (там жа) мяркуе, што да рус. кокора адносіцца і балг. дыял. кокор ’грабавы куст’, ’ссохлы грабавы куст, які выкарыстоўваецца для асвятлення’, ’куст, які расце на камяністых месцах і з якога вяжуць венікі’, ’камяністае месца, зарослае кустамі і цярноўнікам’, кокоряевам (аб дрэве) ’пашкаджацца ў росце’. Параўн. серб.-харв. кокара ’галіна’. Скок (2, 120) параўноўвае гэту лексему з балг. чекор ’галіна’, лат. ceceris, cecers ’пень’, ’пень з каранямі’ і лічыць, што калі гэтыя супастаўленні правільныя, серб.-харв. слова суадносіцца з рус. кокора. Паўтараецца, па сутнасці, даўняя этымалогія для гэтай групы лексікі, якую даў ужо Бернекер (1, 540). Розніца ў семантыцы слова на поўдні і поўначы і, апрача таго, вельмі няясная этымалогія назваў раслін, якія звычайна лічацца роднаснымі вышэй прыведзеным лексемам (гл. спец. какарнак). Па сутнасці, паўдн.-слав. семантыка ’кучаравы’, ’натапыраны’ і да т. п., якая паслядоўна характарызуе валасы чалавека, пер’е птушак і г. д., паўтараецца на поўначы толькі ў лат. мове, дзе значэнні ’брыдкі, падступны і да т. п. чалавек’, ’кучаравая галава’ успрымаюцца як пераносныя, з ’пень з выдранымі з зямлі каранямі’, гл. Мюленбах-Эндзелін, 1, 367. На думку Эндзеліна, як і cencers ’стары пень’ (семантыка, засведчаная для рус. кокора), лат. ceceris з’яўляецца рэдуплікацыяй cers ’шышкаваты, слойны корань дзерава’. Семантыка лат. слова вельмі разнастайная: cers ’куст, кустарник’, ’расліна, якая кусціцца з аднаго кораня’ (напрыклад, жыта), ’шышкаваты, сукаваты корань дрэва’, ’група кустарнікаў’, ’букет кветак’, ’месца, якое зарасло чаротам і трыснягом’, ’зарослае месца на балоце’, ’атожылак, парастак’, ’нарасць’. Далей сюды ж адносіцца літ. kēras ’куст’, ’пень’, ’выкарчаваны пень’ і інш., якія суадносяцца з слав. korenь. Пры гэтым лат. cera ’ускудлачаныя, натапыраныя валасы’ неабходна лічыць другасным. Асноўныя значэнні, якія даволі лёгка выводзяцца з літ. і лат., магчыма, і ў прус. мовах (параўн. kerberse ’кустарнікавая, куставая бяроза’, гл. падрабязна аб рэканструкцыі і этымалогіі Тапароў J–K, 313–315) ’кусцісты, нізкарослы’ засведчаны і ў слав. мовах: рус. корь ’корань’ (толькі разан., фіксацыі пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя), польск. kierz ’куст’, kierzek, н.-луж. keŕ, в.-луж. keŕ, чэш. keř, славац. ker ’тс’. Паводле Слаўскага, 2, 157, можна рэканструяваць паўн.-слав. *kъrjь, які апафанічна суадносіцца ’з прасл. korenь (у Тапарова, там жа, рэканструкцыя *kъrь). Вытворныя ад кораня з нулявой ступенню аблаўта пруск. kirno ’куст’, літ. kìrna ’карчага’, ’кусцістае, балоцістае месца’, ’буралом’, ’ражны, якія застаюцца пасля ссячэння кустоў’ і інш. Адзначым значэнне літ. слова ’скнара’ (LKŽ, 5, 848). З усх.-слав. фактаў звяртаюць на сябе ўвагу такія лексемы, як тульск. карёк ’кустоўе’, якое Даль (2, 227) тлумачыў: «Вероятно, коряжник криворослый», рус. разан., тульск., валаг. ’кустоўе’, (тульск.) ’дробне кустоўе’ (СРНГ), валаг., разан., тульск., пенз. ’куст, які расце ад пня дрэва’, н.-сіб. ’балоцістае месца, якое зарасло кустоўем’, калуж., маск. (Даль), разан. ’група дрэў пасярэдзіне поля на нізкім месцы’, маск. ’лес на востраве’ і інш. Адзначым, што апошняе можна разглядаць як вытворнае ад корь, якое, відаць, да кора. Важна, што, апрача супадзення семантыкі, дакладных фармальных адпаведнікаў у балт. мовах няма. Буга (Rinkt, 2, 216) меркаваў аб сувязі рус. кокора, кочера, кочерга з лат. kakalis, kakaža, літ. kakar̃lis. Што датычыцца літ. kakar̃lis, то, паводле LKŽ, 5, 88, яно сустракаецца толькі на паўн. усходзе (р‑ны: Купішк., Уцен., Ракішк.), асноўнае значэнне ’мяшалка’ (з доўгай ручкай і крывым канцом, зробленая з дрэўца з загнутым коранем або з галінай, мяшаць страву, месіць хлеб: качарга). Шустэр–Шэўц (8, 588) прапанаваў версію, паводле якой прасл. *kokor‑ суадносіцца з коранем *kok‑. Пры гэтым суфіксацыя ‑or тлумачыцца як адпаведная чэш., славац. sochor, в.-луж. capor, capr, sochor, больш падрабязна ў таго ж аўтара ZfSI, XIX, 6, 586–587.

Како́ра 3 (паўн., КЭС), какор ’бохан хлеба’ (КЭС), какоры ’хлеб з мукі без дабавак’, ’булачкі’ (Анім.), кокора (Нік. Очерки, 95): «название пирога, позже ставшего «пытлюваным, солиным» хлебом», какоркі, какоры ’перапечкі з бульбы, мукі, з прэснага або кіслага цеста’ (зах., Сл. паўн.-зах.), какорына ’тоўсты блін з цёртай бульбы’ (Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.), ’блін з мукі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. пск., наўг. кокора ’аладка’, пск. ’тоўсты блін’, ’ватрушка (з тварагом, бульбай, морквай і да т. п.)’ (пск., тое ж і ў Сл. паўн.-зах. у шэрагу ілюстрацый), ’ватрушка з бульбай, абавязкова з кіслага цеста’ (валд., наўг.), ’круглы хлеб, вагой у 2–3 фунты, прыгатаваны з лепшай мукі хатняга памолу’. Дэрываты кокорина наўг., пск. у розных значэннях: ’тоўсты блін (адзін)’, ’ватрушка з аржаной мукі з тварагом’, ’пірог’ (пушк., пск.). Аналагічныя лексемы адзначаны і ў рус. гаворках на тэрыторыі прыбалтыйскіх рэспублік. На больш шырокай рус. тэрыторыі наўг., вялікал., калін. і інш. сустракаецца кокорка, кокорока, звычайна ў тых жа значэннях. Звяртае на сябе ўвагу валаг., ярасл., перм., урал. і інш. кокорки ’тварог’, ’дробныя камячкі, камякі ў малацэ (с.-урал.), (перм., с.-урал. і інш.), ’камякі бруду і інш.’, тут, магчыма, пазнейшая ад’ідэацыя да іншага слова. Далей па рус. моўнай тэрыторыі сустракаецца вельмі часта кокура, кокурка ’аладка’, калач, абаранак, пірог і інш.’ Не вельмі яснае слова. З аднаго боку, рус. кокора запазычана з фін. kakkara ’клёцка; від хлеба’, аднак гэтаму пярэчыць другі арэал (форма кокура) у глыбіні рус. гаворак. Вельмі спакусліва разглядаць рус. словы (кокора і какура) асобна, аднак шэраг супадзенняў у пабочных значэннях сведчыць аб іх цеснай суаднесенасці і пярэчыць такой магчымасці. Фасмер (там жа) лічыў, што ўтворана слова какора хутчэй за ўсё ад кока ’курынае яйка ў дзіцячай мове’, ’пшанічны хлеб, пірог’ (арханг.) і быў супраць Калімы, што тут уплыў фін. kukko ’нейкі пірог; певень’. Пацвярджае думку Фасмера, магчыма, толькі рус. раз., сарат. і інш. кокура ’страва з цеста ў выглядзе круглай буханачкі з запечаным у сярэдзіне цэлым яйкам (маск., уладз., кастрам., казан., перм. і інш.), кокурка ’тс’, аднак гэта значэнне толькі пабочнае. Прыняць думку Фасмера нельга па шэрагу прычын (семантыка, форма, лінгвагеаграфічны крытэрый). Цікава, што для паўн.-рус. кокач ’пірог з кіслага жытняга цеста з начынкай з талакна, проса, гароху, рыжыкаў’. Фасмер прыняў прапанаванне Калімы алан. kokoi ’хлеб з ячменя або аўса’ ў якасці крыніцы запазычання, у той час як для іншых, верагодна, суаднесеных з фін. лексікай рус. слоў шукаў этымалогію на рус. глебе. Цікава пры гэтым звярнуць увагу на літ. kakarokas ’пірог, ляпёшка’, зафіксаванае ў Ракішскім і Кунішскім раёнах. Лексема не вельмі ясная, аднак фармальна яна як быццам пацвярджае магчымы архаічны характар слав. лексікі.

Како́ра 4 ’гультай’ (Мат. Гом.). Рус. паўн. ’пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’, кокора сицкая, у Даля і ў акадэмічным слоўніку 1911 г.: «(В местностях около реки Сити) есть привычка говорить о том, кто не ловок в обращении, не развязен, не умеет щегольно одеться.., кокора сицкая!» (ярасл., СРНГ, 14, 94), перм. ’пра лянівага чалавека, гультая’, магчыма, і больш падыходзячыя па геаграфіі пск., цвяр., асташ. ’пра скупога, прагнага чалавека’, пск. какора ’пра непадступнага, цвёрдага, як крэмень, чалавека’, ярасл. ’пра неразумнага чалавека, дурня’. Звернем увагу на тое, што звычайная паралель да рус. кокора ’корань, пень і інш.’ у этымалагічных слоўніках (Фасмер, 2, 282) кокористый з’яўляецца толькі рэгіянальным вытворным ад рус. кокора ’непадступны, цвёрды’. Параўн. рус. пск., асташ., цвяр. кокористый ’натурысты, упарты’, ’незгаворлівы’, ’скупы’ і вышэй прыведзеныя дэфініцыі і геаграфію для кокора. Фармальнае супадзенне дазваляе суаднесці гэта слова з какора 2 і какора 3. Сувязь з другім словам уяўляецца малаверагоднай, хоць семема ’тоўсты’ ў какора 3 магла перайсці ў ’непаваротлівы’, і такое развіццё семантыкі можна было б прыняць. Аднак гэтай версіі пярэчыць лінгвагеаграфія бел. слова (какора 4 — паўд., а какора 3 — паўн.) і адсутнасць прыкладаў ужывання слова какора 3 для адмоўнай характарыстыкі чалавека. Між тым сувязь разглядаемых слоў з какора 3 даводзіцца значна лягчэй, а магчымасць ужывання семем ’калода’, ’пень’, ’дубіна’ пераносна для характарыстыкі чалавека каментарыяў не патрабуе. Цяжэй вытлумачыць значэнне ’непадступны, цвёрды’ (’скупы’ і ’хцівы’ — на базе менавіта гэтай семемы). Магчыма, неабходна суадносіць яго з такімі значэннямі рус. слова кокора, як ’галінасты, сукаваты; абрубак дрэва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; пр. сышо́ў, ‑шла́, ‑шло́; заг. сыдзі́; зак.

1. Ідучы, спусціцца ўніз. Па сходах [Рыгор і Пятрусь] сышлі моўчкі. Гартны. Комлік злосна махнуў рукою і сышоў з ганка. Карпаў. // Пакінуўшы сваё месца дзе‑н. наверсе, на ўзвышэнні, спусціцца на зямлю; злезці. Даям’ян сышоў на першы паверх, у капцёрку, пераапрануўся ва ўсё вайсковае, зірнуў у люстэрка і не пазнаў сябе. Лупсякоў. Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна рады, Прывітаў з дажынкамі дзяўчат. Смагаровіч.

2. перан. Наступіць, распаўсюдзіцца, нібы спусціўшыся зверху (пра ноч, імглу і пад.). Дым наніз сышоў і лёг. Калачынскі. Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Мележ. // Кніжн. Авалодаць кім‑н., апанаваць, ахапіць каго‑н. (пра пачуцці і пад.). На яго сышоў спакой. □ Колькі ўспамінаў раптам сышло на .. [Алеся]. Броўка.

3. Выйсці, высадзіцца (пра пасажыраў). Сысці з трамвая. Сысці з поезда. □ [Лук’янскі] ўбіўся ў напханы салдатамі вагон і, стоячы, праехаў шмат станцый, сам не ведаючы, на якой з іх сысці. Чорны. Дзядзька развітаўся і сышоў на Завальнай вуліцы. На наступным прыпынку пакінуў аўтобус і я. В. Вольскі. Вялікая небяспека падпільноўвала Білі таксама і ў порце Стакгольма, дзе ён павінен быў сысці на бераг. Гамолка. [Бабейка] папрасіў Зараніка сысці разам з ім на ўскраіне вёскі, а брычку адправіў з Вольнай. Хадкевіч.

4. Пакінуць сваё месца, пераходзячы на іншае; звярнуць убок, адхіляючыся ад ранейшага шляху. Прыглядзеўся [Юзік] — нікога нідзе наўкол. Тады сышоў з месца і каля вішняку асцярожнымі крокамі пачаў ісці. Баранавых. Першы заўважыў атрад Дрозд. Ён скамандаваў усім сысці з дарогі ў лес. Хомчанка. У Андрэя аж замлелі ногі — доўга стаяў на адным месцы, выцягнуўшы ўгару рукі, — і ён сышоў з бруку. Пташнікаў. // Саскочыць, ссунуцца пры руху, не ўтрымаўшыся на чым‑н. Вагон сышоў з рэек.

5. Быць вырабленым, выйсці з вытворчасці. Тут людзі пракладваюць тракты Праз далі палёў і лясоў, А недзе мільённы ўжо трактар З канвеера ў поле сышоў. Прыходзька. Маторы працавалі без перабояў, нібы толькі што сышлі з канвеера. Шахавец.

6. Пайсці куды‑н. (звычайна на некаторы час). [Крамер:] — Як на ліха, няма дома жонкі, сышла да знаёмай. Навуменка. [Оля] адразу павяла Георгія за паварот, непакоячыся толькі пра адно, каб як мага шпарчэй сысці з калідора, дзе іх можа ўбачыць стары. Мележ. Ложкі ля сцяны былі пустыя. Значыцца, гэта ўжо не рана, калі Пляшкевіч і Мятліцкі сышлі некуды. Савіцкі. // Пакінуць месца жыхарства, работы. Так і не бачылі з таго часу дзеда. Сышоў у ноч і знік. Лынькоў. Восенню Даўгавус сышоў на заработкі і працаваў шэсць год. Лупсякоў. // Падацца куды‑н. у другое месца (пра жывёл і пад.). [Міхась:] — [Акуні], брат, сышлі цяпер на глыбейшыя месцы. Якімовіч.

7. перан. Разм. Памерці. [Маці:] Каторую ночку ты [Гэля] курчышся вось так на гэтай канапцы. Так жа і сысці можна. Губарэвіч.

8. Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно. У свой час па .. паэме [А. Александровіча «Напор»] калектыў тэатра імя Якуба Коласа ставіў спектакль, але ён вельмі хутка сышоў са сцэны, бо не атрымаў у гледача прызнання. «Полымя»,

9. Перастаць пакрываць якую‑н. паверхню, растаўшы, адпаўшы і пад. З сукенкі сышлі плямы. □ На дварэ яшчэ было холадна, хоць ужо снег сышоў і набліжаўся час палявых работ. Дуброўскі. Мора сышло, адступіла з тэрыторыі Беларусі далёка на ўсход і толькі ў раёне Прыпяцкага прагібу яно не здавала сваіх пазіцый. Чаркасаў. У лесе зноў трохі пасвятлела — хмары сышлі. Навуменка. // Знікнуць з паверхні, з твару і пад. Здзіўлена гляджу на рукі, з якіх сышлі мазалі. Караткевіч. / Пра загар, румянец і пад. За два дні [Севіна] шчака перастала балець, аблегла, але сінявата-жоўты колер не сышоў. Карпаў. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі. Хадкевіч. / Пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад. Але ў хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурнасць. Сабаленка. // перан. Быць сказаным, вымаўленым (пра словы). Адам зноў пачаў кідацца, і з .. языка яго некалькі разоў сышло імя Марыны. Чорны. // перан. Знікнуць, перастаць непакоіць (пра які‑н. фізічны стан, перажыванні і пад.). Тая горыч, што асталася на сэрцы пасля размовы з Хведаравай маці, амаль зусім ужо сышла і больш не трывожыла, не вярэдзіла сэрца. Савіцкі.

10. Разм. Прайсці, закончыцца, завяршыцца. Няма граніц, няма паноў — Сышло іх панаванне. Колас. І калі сышла вайна, у школу вярнуўся [Трахім] неахвотна. Мележ.

11. Разм. Ажыццявіцца, закончыцца паспяхова, шчасліва (пра справу, здарэнне і пад.). Экзамен сышоў добра. □ Апошні [сват] .. ўгаварыў спачатку Фёкліну маці, а затым і дачку прыручыў да маладога — мусіць, гладка сказаў, калі сышло ладам. Мыслівец. // Прайсці для каго‑н. бяскарна (пра ўчынкі, правіннасці і пад.). Першым чынам Пугача Запрашу, вядома. І Сыча і Крумкача Папампую дома. Бо калі б не ласка іх, Подпіс і пячатка — І паловы спраў маіх [Вераб’іных] Не сышло б так гладка! Гілевіч.

12. Разм. Аказацца прыгодным, дапушчальным і пад. Вядома, летам і пракарміцца лягчэй, і адзежына любая сыдзе. Калачынскі.

13. Разм. Быць прынятым за каго‑, што‑н. або прызнаным раўнацэнным каму‑, чаму‑н. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Ваданосаў. [Амелька] проста мог сысці за меншага Валінага брата. Якімовіч.

14. Выцечы, зліцца (пра вадкасць); выйсці (пра газ, пару і пад.). [Іван Іванавіч] адкручваў кран — чакаў, пакуль сыдзе з труб цеплаватая вада. Даніленка. Пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся. Лынькоў. // Знемагчы ад страты чаго‑н.; заліцца чым‑н. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх... Тут памерла, крывёю сышла. Куляшоў. Дзяўчыне Лена паклала лубок .. Здавалася, трэба раўней і тужэй. Покуль зрабіла, аж потам сышла. Броўка.

15. Скончыцца, прайсці (пра тэрмін, час). Тэрміны ранняй сяўбы сышлі. □ Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Колас.

•••

Каб мне з гэтага месца не сысці — бажба. [Васіль:] — Няўжо вы [хлопцы] думаеце, што я хацеў, каб .. [Павел] .. [Даніка] ударыў? І не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! Брыль.

Сысці з вачэй — пайсці, знікнуць з поля зроку.

Сысці з дыстанцыі — у спорце — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах па бегу, гонках і пад.

Сысці з памяці — забыцца.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці на нішто — а) прапасці, знікнуць зусім, да канца. Гордая пастава .. [Лямэнта] сышла на нішто. Чорны; б) перан. страціць сваё значэнне.

Сысці са сцэны — перастаць існаваць, дзейнічаць.

Сысці ў магілу — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаць, стану, станеш, стане; зак.

1. Ступіўшы на якое‑н. месца або куды‑н., спыніцца; размясціцца ў вертыкальным становішчы. Стаць на прыступку. □ Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах. Брыль. / З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці гэтага дзеяння. Стаць прама. □ Не паспеў камандзір абвесці вачыма строй, як усе матросы сталі да яго бліжэй на два крокі — плячо ў плячо, дужыя, абветраныя, суровыя. Б. Стральцоў.

2. Падняцца на ногі, устаць. Дапамагчы хвораму стаць на ногі. □ Расце дзіцятка неўзаметку. На ногі пробуе сам стаць. Колас. / Са словамі, якія называюць частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Стаць на рукі. Стаць на пальчыкі. □ З гэтага дня мы пачалі з нецярплівасцю чакаць, калі шчаня расплюшчыць вочы і цвёрда стане на ножкі. Бяганская. О, мядзведзь сваю ролю ведае, ролю смешную ў камедыі — стаць пацешна на заднія лапы, па-старэчаму станцаваць. Рудкоўскі. // Падняцца, задрацца ўверх (пра валасы, шэрсць). Валасы сталі тырчка на галаве ў Куляша. Шамякін.

3. Узяцца за якую‑н. работу, распачаць якую‑н. дзейнасць, звязаную са знаходжаннем на нагах. Стаць за станок. □ Мароз выйшаў павольна, стаў за трыбуну, узяўся абедзвюма рукамі за яе краі і зірнуў на заднія рады. Лобан. // Наогул пачаць працаваць. «Дык ты ўжо ста-аў на работу ці не?» — спагадліва пыталася гаспадыня. Кулакоўскі.

4. Запыніцца, спыніць рух (пра чалавека, жывёлу, калёсы і пад.). Міхал Тварыцкі стаў на адным месцы. Чорны. Ды раптам стаў на месцы конь. Смагаровіч. Калі дарога пачала падымацца ўгору, гняды стаў. Чарнышэвіч. Падводы сталі — уперадзе была рэчка. Капыловіч.

5. Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра механізмы, заводы, фабрыкі і пад.). Сівец цяпер за сталом ля сцяны даставаў галавой аж да ходзікаў. Андрэй убачыў, што ходзікі сталі. Пташнікаў. [Здэховіч:] Я вам [сялянам] выпасу не дам — ваша скаціна падохне, вы не дасце бульбы — мой бровар стане. Вітка. // перан. Перастаць развівацца, рухацца наперад; спыніцца. Увесь базар сабраўся, і гандаль усякі стаў. Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі. На дзень станеш — на два адстанеш. Прыказка. / у паэт. ужыв. Наша сэрца — не стане — шматмільённа яно. Кляшторны.

6. Замерзнуць (пра раку). Назаўтра мароз хоць і памацнеў крыху, але яго моцы яшчэ не хапала на тое, каб надзейна стала рака. Кулакоўскі. Сож стаў летась позна, а снег лёг яшчэ пазней: нешта ажно на Новы год. Карамазаў.

7. З’явіцца, падняцца над зямлёй, гарызонтам. Туман стаў над рэчкай. □ У поўдзень, як стане сонца над самай галавой, рэйкі награюцца так, што па іх боязна ступіць босай нагой. Навуменка. / Пра хмары. Ой вы, хмары, што вы сталі? Што вы неба нам заслалі? Колас. // Пастаць, наступіць (звычайна пра пагоду, поры года). — Адліга стала на дварэ, цёпла, — сказаў Астап, падаючы старому руку. Чорны.

8. Часова размясціцца дзе‑н. (на адпачынак, пастой, стаянку). Наехалі уланы-палякі Да сталі на пастой... Чарот. [Афіцэр:] — Што ж, ёсць вада і паша, Дык станем на папас. Лужанін. // Зняць кватэру, пакой у каго‑н. Валя зразумела гэтую недарэчнасць адразу і хацела стаць на кватэру там, у Сябровічах, але дырэктар МТС і старшыня калгаса запратэставалі. Шамякін. Стаў на кватэры ў старэнькім ашаляваным доміку, у пажылых гаспадароў-пенсіянераў... Далідовіч.

9. перан. Падняцца для барацьбы з кім‑н., на абарону чаго‑н. Я не знаю большай чэсці, Як святы доўг чэсна несці — Стаць на абарону. Колас.

10. перан. Заняць якую‑н. пазіцыю ў адносінах да каго‑, чаго‑н., прытрымлівацца якіх‑н. поглядаў, ацэнак. Перад панам тым з Канева Смела дзеўка стала. Купала. Сцёпка стаў на грунт крытыкі, каб хоць гэтым насаліць «комплексам». Колас. У канцы месяца лютага Зосю выклікалі ў суд стаць за сведку. Чорны.

11. Памясціцца, размясціцца на якім‑н. месцы (пра прадметы). Шафа тут не стане.

12. Узнікнуць, з’явіцца. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. // Напаткацца, паявіцца перад вачыма і пад. Але вось вялікі шэры будынак пошты стаў на рагу і засланіў сонца. У яго цяні адразу адчуўся непрыемны зімовы халадок. Каршукоў.

13. Адбыцца, здарыцца, зрабіцца. Матуля выпраўляла Нас да бацькоў сваіх: — Каб тут чаго не стала, Пабудзьце ля старых. Гілевіч. Як гэта стала з табою, мой дружа, як гэта стала, Як адбылося, што сёння не ўспомніў ты, дружа, Дзе цябе маці з хаты ў свет выпраўляла. Кірэенка. // перан. Ператварыцца, набыць новыя якасці. Ён і яна не агледзеліся, Як дарога сцежкаю стала. Куляшоў. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, мы проста душой падабрэлі. Панчанка. Двор, ціхенькі даволі, Бязлюдны ў час такі, Люднеў, люднеў паволі І стаў як вір ракі. Калачынскі. / у безас. ужыв. Яна [Марына] ўсе выплакала слёзы, Але не стала ёй лягчэй. Колас. Нідзе стала добра на душы, яна хадзіла з дзяўчатамі і многа-многа балбатала. Лобан. Шуру стала сумна, нечым цяжкім сцяло грудзі. Ставер.

14. Заступіцца за каго‑н. [Спорык:] — Я за таварыша стану заўсёды! Брыль.

15. Замяніць каго‑н. у чым‑н. Ну а за бацьку стаў дзядзька Чужы мне І свой, бо да цёткі прыйшоў прымаком. Прыходзька.

16. безас., каго-чаго (толькі з адмоўем). Перастаць існаваць, памерці. Пяць год мінула, Як цябе [Я. Купалы] не стала. Астрэйка. Жыў чалавек па свеце, пайшоў не па той дарозе, заблытаўся, і не стала яго. Ваданосаў. // Знікнуць. Калі вады не стала, паспрабаваў дастаць са студні, як гэта рабіла маці, але не змог. Няхай. Калі бомба забіла цёцю Веру, тады не стала і школы. Лынькоў. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч.

17. безас. Хапіць. Я чытаў новы рукапіс маладога аўтара. Цікавы. І вельмі баяўся: стане яму матэрыялу на чарговую рэч? Лужанін. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў .. [Лабановіча] шчасцем, і яму здавалася, што гэтага шчасця стане надоўга. Колас.

18. Ужываецца ў саставе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑, чым‑н. Стаць матэматыкам. □ І чаму не стаў я лесніком, Лес мой, брат мой... Быў бы я тваім замком І тваёю брамай. Пысін. Я гляджу, і здаецца; расплачуся я: Вось якой прыгажуняй ты [настаўніца] стала! Гілевіч.

19. Выкарыстоўваецца ў саставе дзеяслоўнага выказніка ў значэнні дзеяслова «пачаць». Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Мележ. Міколка стаў наразаць хлеб на стол. Лынькоў.

•••

Валасы сталі дыбарам (дыбам) гл. волас.

Ні стаць ні сесці — так цесна, што няма дзе павярнуцца.

Стаць валам — выступіць дружна, усёй грамадой.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) — атрымаць уладу, пачаць кіраваць дзяржавай, узначаліць.

Стаць (перайсці) на бок каго — далучыцца да чыёй‑н. думкі, заступіцца за каго‑н.

Стаць на вахту — пачаць самааддана працаваць у гонар чаго‑н.

Стаць (стаяць) на дарозе чыёй, у каго (на шляху чыім, у каго); стаць (стаяць) папярок дарогі каму — перашкодзіць (перашкаджаць) каму‑н. у чым‑н. (звычайна ў дасягненні якой‑н. мэты).

Стаць на дыбкі — рэзка запярэчыць. [Андрэй:] — Старшыня калгаса стаў на дыбкі, як дачуўся. «Вазьміце, кажа, двух другіх за яго аднаго». Цэніць, бачыш, цябе. Пальчэўскі.

Стаць на калені — пакарыцца, падпарадкавацца каму‑н.

Стаць на лыжы — пачаць хадзіць на лыжах.

Стаць на (сваё) месца — прыйсці ў парадак.

Стаць на ногі — а) зрабіцца самастойным; узмужнець; заняць нейкае месца ў грамадстве і пад. — Нам палягчэе жыць, старым: Кандрат наш стаў на ногі. Смагаровіч; б) паправіць свае справы. — Дадзім каня, сусед! Дадзім! А Абмяркуем. На ногі станеш спакваля... Бялевіч. [Кірыла:] — Гэта нялёгка дасца, але мы ў сілах хутка стаць на ногі. Гурскі; в) паправіцца пасля хваробы. Неўзабаве .. [партызанка] стала на ногі і пачала рыхтавацца да звароту ў партызанскі атрад, у родную Беларусь. Дудо.

Стаць на свой хлеб — пачаць самастойнае жыццё.

Стаць на ўлік — зарэгістравацца ў спісах якой‑н. арганізацыі.

Стаць на чаргу — уключыць сябе ў спіс асоб, якія атрымліваюць што‑н. у парадку чарговасці.

Стаць на шлях чаго, які — пачаць дзейнічаць або развівацца ў пэўным кірунку.

Стаць на якар — тое, што і кінуць якар (гл. кінуць).

Стаць слупам — здранцвець ад нечаканасці; спыніцца ў нерухомасці.

Стаць сцяною — выступіць дружна, усе як адзін.

Стаць у позу — знарок заняць неапраўданую пазіцыю (у спрэчцы, вырашэнні якога‑н. пытання і пад.).

Стаць у строй — зрабіцца працаздольным.

Стаць у тупік — трапіць у безвыходнае становішча; збянтэжыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)