чыгу́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Сплаў жалеза з вугляродам, больш крохкі і менш коўкі, чым сталь, які прымяняецца для перапрацоўкі ў сталь і для вытворчасці літых вырабаў. Выплаўка чыгуну. Коўкі чыгун. □ Другі [сын] кажа [бацьку:] — На заводзе Быць хачу даўно я, Дзе чыгун ракою льецца, Дзе звініць сталь звонам. Купала.

2. ‑а. Гаршчок з такога металу. Таіса пачала ставіць міскі і талеркі на стол, дастала з печы чыгун. Паслядовіч. // Колькасць, аб’ём чаго‑н., што ўваходзіць у такі гаршчок ці пасудзіну, змесціва такога гаршка ці пасудзіны. З’есці чыгун баршчу. Сагрэць чыгун вады. □ Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БОР (лац. Borum),

B, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы Мендзялеева. Ат. н. 5, ат. м. 10,81. Прыродны бор складаецца з двух стабільных ізатопаў ​10B (19,57%) і ​11B (80,43%), існуе як мінерал буракс, керніт, ашарыт і інш.; у зямной кары ёсць 5∙10​−3%, у вадзе акіянаў 4,6 мг/л. Атрыманы ў 1808 Л.​Ж.​Гей-Люсакам і Л.​Ж.​Тэнарам.

Вядома больш за 10 алатропных мадыфікацый бора. Бывае бясколерным, шэрым ці чырвоным крышталічным або цёмным аморфным рэчывам і мае розныя фіз.-хім. характарыстыкі. Па цвёрдасці (па Маосу 9,3, па Вікерсу 274,4 ГПа) займае другое (пасля алмазу) месца сярод рэчываў. Вельмі крохкі; у пластычны стан пераходзіць пры т-ры вышэй за 2000 °C. Хімічна дастаткова інертны, не рэагуе з вадародам (боравадароды атрымліваюцца ўскосным шляхам); з іншымі рэчывамі рэагуе толькі пры высокіх т-рах: акісляецца на паветры пры 700 °C, з азотам пры 1200—2000 °C утварае нітрыд бору, з вугляродам пры 1300 °C і вышэй — карбіды, з большасцю металаў — барыды, пры сплаўленні са шчолачамі — бараты; царская гарэлка і азотная кіслата акісляюць бор да борнай кіслаты (гл. таксама Бору злучэнні). Атрымліваюць з буры і керніту, аднаўленнем аксіду ці галагенідаў бору, раскладаннем галагенідаў і гідрыдаў. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійнаўстойлівых гарачатрывалых сплаваў, кампазіцыйных матэрыялаў, сплаваў для рэгулявальных прыстасаванняў адз. рэактараў і лічыльнікаў нейтронаў, як паўправадніковы матэрыял і для барыравання.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУТЭ́НІЙ (лац. Ruthenium),

Ru, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 44, ат. м. 101,07; адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 96, 98—102, 104. У зямной кары 5•10​−7% па масе. Уласныя мінералы, напр., лаўрыт (дысульфід RuS2), рутэнарсенід (RuAs) трапляюцца вельмі рэдка; ізаморфная прымесь у плаціне самароднай і медна-нікелевых рудах. Значная колькасць Р. ўтвараецца пры рабоце ядз. рэактараў АЭС. Адкрыты ў 1844 рус. хімікам К.​К.​Клаўсам; назва ад сярэдневяковага лац. Ruthenia — Расія.

Бліскучы серабрысты метал, tпл 2334 °C, tкіп 4077 °C, шчыльн. 12 450 кг/м³. Вельмі крохкі (лёгка расціраецца ў парашок). Кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння мінер. кіслот, у т. л. царскай гарэлкі, і раствораў шчолачаў, у паветры не акісляецца да 930 °C, дробнадысперсны (чэрнь) — самаадвольна ўзрываецца. Парашкападобны пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам. Сплаўляецца з многімі металамі; з пераходнымі металамі ўтварае цвёрдыя растворы. Сплавы Р. вызначаюцца высокай цвёрдасцю, тэрмічна- і зносаўстойлівыя. Выкарыстоўваюць Р. для нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты; сплавы Р. з плацінай і родыем для вырабу фільер у вытв-сці шкловалакна і віскозы, з ірыдыем для высокатэмпературных тэрмапар (да 2000 °C), з плацінай і паладыем для вырабу зносаўстойлівых дэталей вымяральных прыбораў, электракантактаў, ювелірных вырабаў, з паладыем як каталізатары ў арган. сінтэзе; радыеактыўныя ​103Ru і ​106Ru (перыяды паўраспаду 39,8 сут і 1 гадз адпаведна) як ізатопныя індыкатары.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тру́ха 1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл. *‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).

Тру́ха 2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.

Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр. труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус. труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш. troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац. trúch ‘тс’, серб. тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв. truha ‘адкіды’, славен. trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл. *truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е. *trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат. tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ. traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл. *trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chlorophyta),

аддзел ніжэйшых раслін. 5 класаў: вальвоксавыя, кан’югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulotrichophyceae). Каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з інш. арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў. Найб. пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш. У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некат. (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады. аб’екты даследаванняў як крыніцы харч. біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).

Адна-, шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфал. структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў 1 ці некалькі, восевыя ці пасценныя, рознай формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (іза-, гетэра-, гола-, аагамія і кан’югацыя). У рухомых З.в. ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.

С.​С.​Мельнікаў.

Зялёныя водарасці: 1 — хларэла звычайная; 2 — сцэнедэсмус чатыроххвосты; 3 — ульва салатная; 4 — хара звычайная; 5 — ацэтабулярыя мяцёлчатая; 6 — кодыум крохкі.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РГАНЕЦ (лац. Manganum),

манган, Mn, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 25, ат. м. 54,938. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп ​55Mn. У зямной кары 0,1% па масе. У свабодным выглядзе не сустракаецца (гл. Марганцавыя руды). М. неабходны для жыццядзейнасці раслінных (гл. Марганцавыя ўгнаенні) і жывёльных арганізмаў (сутачная доза для чалавека каля 4 мг). Адкрыты швед. хімікам К.​Шэеле, у чыстым выглядзе вылучаны яго суайчыннікам Ю.​Ганам у 1774 з піралюзіту, назва ад ням. Manganerz — марганцавая руда.

Серабрыста-белы метал, tпл 1244 °C. Вядомы 4 крышт. мадыфікацыі М. Пры t < 710 °C устойлівы цвёрды, але крохкі α-Μn з кубічнай аб’ёмнацэнтраванай рашоткай і шчыльн. 7440 кг/м³. Пры пакаёвай т-ры на паветры не змяняецца, узаемадзейнічае з вадой (вельмі марудна). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі двухвалентнага М., большасць з якіх добра раствараецца ў вадзе (растворы ружовага колеру, што абумоўлена прысутнасцю ў іх гідратаваных іонаў Mn​2+). Не ўзаемадзейнічае з растворамі шчолачаў. Пры награванні ўзаемадзейнічае з кіслародам (гл. Марганцу аксіды), галагенамі (утварае дыгалагеніды), азотам, серай, фосфарам і інш. неметаламі. Атрымліваюць карба-, сіліка- ці алюмінатэрмічным аднаўленнем рудных канцэнтратаў; найб. чысты (сумарная канцэнтрацыя прымесей < 0,1%) — электролізам водных раствораў сульфату MnSO4. Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі ў выглядзе ферамарганцу (гл. Ферасплавы) для раскіслення, дэсульфурацыі і легіравання сталей, а таксама як кампанент сплаваў алюмінію і магнію, для стварэння ахоўных антыкаразійных пакрыццяў на металах. Злучэнні М. таксічныя, пашкоджваюць ц. н. с., ГДК у паветры 0,2 мг/м³ (у пераліку на М.). Гл. таксама Манганаты.

А.​П.​Чарнякова.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

трус ​1, ‑а, м.

Невялікі хатні грызун сямейства заечых. Сапраўды, Томі ўбачыў тут цэлую стайку трусоў, якія выбраліся, відаць, з-пад дому і разбрыліся, разбегліся па ўсяму саду. Лынькоў. // Футра гэтага грызуна.

•••

Ангорскі трус — асобая парода хатніх грызуноў — трусоў з доўгай мяккай поўсцю.

трус ​2, ‑у, м.

Разм. Ваганне зямлі, землетрасенне.

трус ​3, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які лёгка паддаецца начуццю страху; баязлівец. На ўсё сяло найбольшым трусам быў Мікола Гляк. Такога палахлівага і баязлівага чалавека, як ён, цяжка знайсці. Колас. Трус заўсёды радуецца смерці героя, магчыма, лічыць гэта за перамогу сваёй трусасці над адвагай і мужнасцю. Шамякін. Вось гэтага і баяцца тыя, хто крохкі вераю, ломкі духам; замест таго, каб ісці і весці за сабой другіх — яны, трусы, малаверы, драбнадушцы — чакаюць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІПС (ад грэч. gypsos мел, вапна),

1) мінерал класа сульфатаў, CaSO4∙2H2O. У чыстым выглядзе мае 32,6% аксіду кальцыю CaO, 46,5% сернага ангідрыду SO3 і 20,9% вады H2O. Механічныя прымесі пераважна ў выглядзе гліністых і арган. рэчываў, сульфідаў і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей слупкаватыя або прызматычныя, часта ўтвараюць двайнікі («ластаўчын хвост»). Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, парашкападобныя, канкрэцыі, валокны, іголкі, друзы. Афарбоўка ў залежнасці ад прымесей — ад бясколернай і белай да шэрай, жоўтай, чырвонай, ружовай, бурай і чорнай. Бляск шкляны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 2,3 г/см³. У вадзе прыкметна растваральны (20,5 г/л пры 20 °C). Па паходжанні хемагенны, радзей гідратэрмальны. Разнавіднасці: селеніт (валакністы гіпс), гіпсавы шпат (пласцінкавы гіпс) і інш. Выкарыстоўваецца ў цэментнай прам-сці, буд-ве, медыцыне, папяровай вытв-сці.

2) Асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з мінералу гіпсу і прымесей даламіту, ангідрыту, цэлесціну, гідраксідаў жалеза, серы, кальцыту і інш. Паводле ўмоў утварэння адрозніваюць радовішчы гіпсу пярвічныя, што ўтварыліся ў лагунах ці азёрах, і другасныя, што ўзніклі пры выветрыванні (гідратацыі ангідрытаў), радовішчы вышчалочвання («гіпсавы капялюш»), метасаматычныя і інш. Прамысл. значэнне маюць пярвічныя лагунныя радовішчы гіпсу. На Беларусі да такіх належыць Брынёўскае радовішча гіпсу.

Гіпс будаўнічы, алебастр, вяжучы матэрыял паветранага цвярдзення, 2CaSO4∙H2O. Выкарыстоўваюць пераважна для ўнутр. апрацоўчых работ.

Гіпс у скульптуры і архітэктуры, адзін з гал. матэрыялаў скульптуры. Выкарыстоўваецца для стварэння рабочых мадэлей, якія потым павялічваюць да памераў скульптуры, а таксама для вырабу пустых формаў пры адліўцы копій, тоесных арыгіналаў, пераходных мадэлей скульптур для пераводу іх у іншыя матэрыялы, пры рэпрадуктаванні ўзораў сусв. скульптуры для музеяў, інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вядомы з часоў Стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма.

На Беларусі як матэрыял станковай скульптуры пашырыўся ў 19 ст. У гіпсе выкананы барэльеф Т.​Зана (Р.​Слізень, 1-я пал. 19 ст.), «Алегорыя скульптуры» К.​Ельскага (1858), бюст Т.​Касцюшкі (Я.​Астроўскі, 1860), партрэты М.​Багдановіча (А.​Грубэ, 1927) і інш.

Літ.:

Одноралов Н.В. Скульптура и скульптурные материалы. 2 изд. М., 1982.

У.​Я.​Бардон, І.​М.​Каранеўская (у скульптуры і архітэктуры).

Гіпс.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мароз 1, моро́з, муроз ’моцны холад, сцюжа’, ’іней’, ’наледзь на шыбах, раслінах, на зямлі’, маразы́ ’халоднае надвор’е з вельмі нізкай тэмпературай’, марозіць, марозіць ’моцна ахалоджваць, замарожваць’ (ТСБМ, Бес., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Яруш., Др.-Падб.), марошчык ’марозік’ (рэч., Нар. сл.), марозны, маразлі́вы, маразя́ны, маразя́нны, марозены, марозіву ’вельмі халодны, з марозам’ (ТСБМ, Кліх, ТС, Сл. ПЗБ), ’яркі, бліскучы (пра зоркі)’ (мін., шальч., валож., Яруш., Сл. ПЗБ), кір. марозавы, ’мёрзлы’ (Нар. сл.), маразя́ка, маразя́га, мыразюга́н, маразю́ка, маразя́нка ’моцны мароз’ (Мат. Гом., Нар. Гом., ТС, Сцяшк. Сл.; глыб., Сл. ПЗБ), марозовіна ’наледзь, ледзяны’ (ТС), морозна ’холадна’ (Касп.). Укр., рус. мороз, польск. mróz ’мароз’, н.-луж. mroź ’іней’, в.-луж. mróz, чэш., славац. mróz ’мароз’, славен. mràz ’сцюжа, іней’, серб.-харв. мра̏з ’мароз, холад, іней, лёд’, макед. мраз ’лёд’, ’мароз’, балг. ’мароз’, ст.-слав. мразъ ’лёд’, ’сцюжа’. Прасл. morzъ. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: алб. marth ’мароз’, mardhem ’мёрзну’, mardhë ’гусіная скура’ (Бернекер, 2, 80; Фасмер, 2, 656), ст.-в.-ням. murc ’трухлявы, гнілы’, murgfari ’крохкі, ломкі’, ст.-ірл. meirc ’іржа’, кімр. merydd ’вільготны’, якія да і.-е. *mergʼh‑ ’трухнець, гніць, мокнуць’ (Покарны, 739; Бязлай, 2, 199).

Мароз 2 ’кветкі «бабіна лета»’ (нараўл., Мат. Гом.). Да мароз 1 (гл.). Матывацыя: кветкі цвітуць у верасні, калі ўжо пачынаюцца замаразкі. Гэтаксама рус. зах.-каўк. мороз ’Mesembrianthemum cristallinum L.’, цвяр. морозка ’марошка прысадзістая, Rubus chamaemorus L.’, дан. мороз‑трава ’цмен, Helichrysum Mill. arenarium (L.) D. C.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сок, ‑у, м.

1. Вадкасць, якая знаходзіцца ў клетках, тканках і поласцях раслінных і жывёльных арганізмаў. Кляновы сок. Страўнікавы сок. □ А дзядзька ўперадзе тралюе І галаву ўгару ўскідае, Бярозу добрую шукае З салодкім сокам, баравую. Колас. А ён [яблык] крохкі такі, ажно свеціцца ў ім Сок ды шастаюць ціха зярняты. Бялевіч. Зацвітуць сады ў калгасе, Паляцяць зноў пчолы з пасек Па салодкі сок... Кірэенка. // Напітак з вадкасці, якая выціскаецца з ягад, фруктаў, гародніны. Журавінавы сок. Яблычны сок. Фруктова-ягадныя солі.

2. Вільгаць і пажыўныя рэчывы, якія знаходзяцца ў глебе і ўсмоктваюцца раслінамі. Ярына высмоктвае каштоўныя сокі перагною і добра расце. Кулакоўскі. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі. Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі, Рокат рэк гаваркіх, Буйства сокаў зямных, Вечна юнага часу Ўрачыстая песня. Звонак.

3. перан. Разм. Пра лепшых прадстаўнікоў грамадства. Бо вы — кроў з майго цела, Бо вы — узор чалавека... Людзі справы наспелай, Сок дваццатага веку. Таўбін. // Асноўнае, лепшае, галоўнае ў чым‑н. К. Чорны стараўся, каб літаратурная, кніжная мова не губляла сокаў жывой, бытавой мовы. Адамовіч.

•••

Млечны сок — вадкасць у сцёблах, лісці і каранях некаторых раслін (служыць сыравінай для атрымання каўчуку, гутаперчы, опіуму).

Варыцца ў сваім (уласным) саку гл. варыцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сокі гл. высмактаць.

Выціснуць усе сокі гл. выціснуць.

У (самым) саку — у росквіце фізічных сіл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)