ско́рость ху́ткасць, -ці ж., ско́расць, -ці ж.;

больша́я ско́рость вяліка́я ху́ткасць (ско́расць);

ма́лая ско́рость мала́я ху́ткасць (ско́расць);

возраста́ющая ско́рость узраста́ючая ху́ткасць (ско́расць);

равноме́рная ско́рость раўнаме́рная ху́ткасць (ско́расць);

сре́дняя ско́рость сярэ́дняя ху́ткасць (ско́расць);

коро́бка скоросте́й техн. каро́бка ско́расцей.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ко́раб, ‑а; мн. карабы, ‑оў; м.

1. Пасудзіна, сплеценая з дубу, саломы і пад., для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго‑н. Залез з перапуду [мужык] на гару і схаваўся там у кораб з пер’ем. Якімовіч. [Рыбакі] паставілі на фурманку вялізны кораб са шчупакамі, потым такі ж кораб з акунямі, і яшчэ адзін — з сялявай. В. Вольскі.

2. Разм. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Мележ.

•••

Поўны кораб — вельмі многа (звестак, навін і пад.).

Сем карабоў — вельмі многа (нагаварыць, наабяцаць і пад.).

Як з кораба — у вялікай колькасці (валіцца, сыпацца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лу́нка 1, лу́нька ’ямка, невялікае паглыбленне’ (ТСБМ; лёзн., Яшк.), ’вада пасля дажджу на дарозе, лужына’ (там жа), ’палонка’ (Гарэц., Нас., Дразд., Др.-Падб., Нік., Оч.; брасл., докш., Сл. ПЗБ; віц., Маш.; лёзн., Касп.). У выніку распадабнення л…м > л…н з лумка > луміна (гл.). Сюды ж і слаўг. лу́нка ’града’ (Мат. Гом.), параўн. рус. ярасл. луне́ние ’прыставанне ямак для пасадкі гароху і інш.’, урал. луна́ть ’рабіць лункі (ямкі) для пасадкі агародніны’. Крукоўскі (Уплыў, 38) мяркуе аб запазычанні бел. лексемы з рус. мовы. Няма падстаў.

Лу́нка 2 ’драўляная каробка для вымярэння збожжа ≈ 1 пуда’ (гродз., Нар. сл.). Відавочна, з лукно (гл.) у выніку перастаноўкі ‑кн‑ > ‑нк‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́павачка, ліпо́вачка ’бочачка, выдзеўбаная са ствала ліпы’ (круп., Нар. сл.; бялын., Янк. Мат.; віл., смарг., Сл. паўн.-зах.), лі́паўка ’пасудзіна з ліпы для мёду’ (Сержп. Борт., Грыг., Жд. 1, Сл. паўн.-зах.), ’каробка з ліпавай кары’ (Шат.; в.-дзвін., Шатал.; віл., З нар. сл.), ’пасудзіна з тоўстага дуплістага дрэва для збожжа’ (КЭС, лаг., Мат. Гом.)., маз., б.-каш. ліпоўка ’выдзеўбаная з ліпы пасудзіна для мёду, ператопленага нутранога тлушчу’ (З нар. сл., Мат. Гом.), ’бочка з ліпы для збожжа, мукі’ (віл., круп., астрав., Сл. паўн.-зах.). Укр. липівка, рус. варонеж. ли́повка ’бочачка з ліпы’. Утварылася з ліпавы і суф. ‑ка (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 115).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Kásten m -s, - і Kästen

1) скры́нка; ку́фар;

álles in éinen ~ schméißen* валі́ць усё ў адну́ ку́чу

2) палігр. набо́рная ка́са

3) вайск. магазі́нная каро́бка

4) разм. (ра́дыё)прыёмнік

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ско́расць, ‑і, ж.

1. Ступень хуткасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Скорасць палёту. Скорасць бегу. Скорасць святла. □ Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей, набіраючы скорасць і пакідаючы за сабою густыя клубкі дыму. Колас.

2. Ступень хуткасці, з якой адбываецца які‑н. працэс, дзеянне і пад. Скорасць рэзання. Скорасць вярчэння дыскаў.

3. Спец. Ступень хуткасці ластаўкі грузаў. Пасажырская скорасць. Адпраўка грузаў малой скорасцю.

4. Ступень хуткасці руху або вярчэння некаторых машын (аўтамабіля, матацыкла, станка і пад.), якая залежыць ад спосабу счаплення шасцярон. Уключыць скорасць. Весці машыну на трэцяй скорасці. □ У счапленні, значыць, нічога не можа быць — скорасці пераключаюцца нармальна. Мыслівец.

5. У фізіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Адзінка скорасці. Сярэдняя скорасць. Вылічэнне скорасцей.

•••

Вялікая скорасць (спец.) — павышаная скорасць перамяшчэння грузаў (проціл. малая скорасць).

Каробка скорасцей гл. каробка.

Касмічныя скорасці — мінімальныя пачатковыя скорасці, пры якіх касмічны апарат, што запускаецца з Зямлі, можа стаць штучным спадарожнікам яе (першая касмічная скорасць), або пераадолець зямное прыцяжэнне і выйсці к іншым планетам Сонечнай сістэмы (другая касмічная скорасць), або пакінуць Сонечную сістэму, пераадолеўшы прыцяжэнне Зямлі і Сонца і пайсці ў міжзорную прастору (трэцяя касмічная скорасць).

Крэйсерская скорасць — нармальная скорасць карабля або самалёта ў адрозненне ад максімальнай.

Лінейная скорасць (спец.) — скорасць руху пункта, якая вызначаецца па даўжыні шляху, пройдзенага за адзінку часу.

Малая скорасць (спец.) — звычайная скорасць руху таварных паяздоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суляя́ ’бутля’ (Гарэц.), сулі́я ’вялікая бутэлька’ (Бяльк.), суле́я, суле́йка ’лейка’ (Ласт.), суле́йка ’бутэлька, паўштоф, плоская бутля’ (віц., Шн.; Нік., Оч.). Параўн. укр. сулія́, рус. сулея́ ’тс’. Этымалагізавалася на аснове прасл. *liti (гл. ліць) як *sǫlěja (Фасмер, 3, 800; Трубачоў, Ремесл. терм., 258), чым, відаць, тлумачыцца і форма суле́я (аўтарскі наватвор Ластоўскага?). Параўноўваюць таксама са ст.-польск. sulnica ’бутэлька, пляшка’, польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnik ’прымітыўная пасудзіна (звычайна з дрэва)’, славен. дыял. sȗlj ’ражка’, ’драўляная пасудзіна (для салёнага мяса, тварагу)’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 341) разам з чэш. дыял. šulek ’скрынка, каробка’ параўноўвае з літ. šùlė ’пасудзіна’, першапачаткова, відаць, зробленая з дрэва, што дае падставы звязаць гэтыя словы з шула (гл.). Няпэўна, параўн. суляк, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́шка 1 ’пятка яйца’ (Нас.; ЛА, 1; смарг., ігн., лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; б.-каш., Мат. Гом.). Памянш. ад пуха (гл.); магчыма, звязана з харв. pûš ’тс’, якое Путанец (гл. Скок, 3, 85) лічыць запазычаннем з італьянскай мовы.

Пу́шка 2 ’кончык пальца, мякіш’ (ТС; петрык., Шатал.; пухав., З нар. сл.; мазыр., карм., ельск., Мат. Гом., ПСл), ’сустаў пальца, костачка, знешняя паверхня суставаў пальца’ (хойн., Шатал.; слуц., Нар. словатв.; слуц., Жыв. сл.; ст.-дар., асіп., Сл. ПЗБ; Некр.; Сержп. Грам., светлаг., Мат. Гом.), сюды ж і пу́шка ’лытка’ (ЛА, 3), ’таўстуха’ (івац., Жыв. НС), ’шчопаць’ (ТС). Першапачаткова пу́чка ’тс’ ад пук ’выпукласць’, змененага пад уплывам пу́хлы, параўн. пу́шка ’порхаўка’ (рэч., Нар. сл.; лельч., Жыв. сл.), балг. пу́шка ’мачавы пузыр’ і пад.

Пу́шка 3 ’каробка, скрыначка’ (ТСБМ; Мядзв.; Шат.; Некр.; Бяльк.; Ян.; брагін., Нар. словатв.; Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; Янк. 1.; Мат. Гом.), ’вытачаны з дрэва невялікі кубел з накрыўкай для захавання дробных рэчаў’ (Нас.), ’збанок, гаршчок з вузкім горлам’ (кобр., Сіг.; малар., Сл. Брэс.), ’шклянка’: пушка гарэлкі (брагін., Мат. Гом.), ст.-бел. пу́шка ’скрынка’. Лічыцца запазычаннем праз польск. puszka ’тс’, чэш. puška ’тс’ са ст.-в.-ням. buhsa < народнае лац. buxis, грэч. πυξίς ’каробка з самшыту’ (< πυχος ’самшыт’), гл. Фасмер, 3, 415; Булыка, Лекс. запазыч., 190. На прышлы характар рэаліі і слова ўказвае Растаргуеў: пу́шка (выключна ў гарадах) “небольшая деревянная круглая с крышкой коробка от халвы; употреблялась главным образом для хранения мелкой монеты” (ст.-дубск., Растарг.). Пра магчымасць народнаэтымалагічнага асэнсавання слова гл. у Насовіча: “от Пустой, но лит. Puszka” (Нас.).

Пу́шка 4 ’гармата’ (ТСБМ, Янк. 1): зробіў скрыпочку і сталяную пушку (гродз., Шн. 2), ст.-бел. пушка ’тс’. Запазычана праз польск. puszka (паводле Банькоўскага, 2, 967: “pożyczka wędrowna”) са ст.-чэш. puška, першапачаткова абазначала як ручную агнястрэльную зброю, так і гармату, што адлюстравалася і ў сучасных славянскіх мовах, параўн. балг. пу́шка ’стрэльба, ружжо’, серб.-харв. пу̏шка, першапачаткова пу̏кша ’тс’; крыніцай славянскіх слоў лічаць сярэднебаварскую форму *pukse ’агнястрэльная зброя’, сучаснае ням. Büchse ’гармата’ < ст.-в.-ням. buhsa ’трубка; ступка, цыліндр’, адкуль і значэнне ’каробка’, гл. пушка 3. Параўн. Брукнер, 449; Фасмер, 3, 415; Скок, 3, 71–72; Сной, 516–517; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Патры–Тамушанскі, JBS, 4, 3–4, 120; Адзінцоў, Этимология–1978, 113–133; Этимология–1984, 172. Нельга выключыць народнаэтымалагічнае збліжэнне з пу́хаць, пу́каць, пуска́ць (пушча́ць) і пад., параўн. Чарных, 2, 86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,

творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял. т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым. тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.​Анісімаў, дырыжоры М.​Калядка, Л.​Лях, Г.​Праватораў, В.​Чарнуха, А.​Галанаў, М.​Сінькевіч), міманс, Нац. тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел. нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва да нац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.​Кірыенка.

Працуе ў будынку б. Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.​Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн. каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял. Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.

Т.​У.​Аляксандрава, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».

т. 11, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.​М.​Сацута.

Старадаўні кавальскі горан.
Схема прамысловага кавальскага горна: 1 — трубаправод ад вентылятара; 2 — фурма; 3 — выцяжная труба з каўпаком; 4 — каробка горна.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)