ГАГАУ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў. Пашырана ў паўд. раёнах Малдовы і Украіны (б. Бесарабія), на Паўн. Каўказе, нязначнымі арэаламі ў Казахстане, а таксама ў паўн.-ўсх. Балгарыі і Румыніі. На тэр. Малдовы і Украіны вылучаюць 2 асн. дыялекты: чадырлунгска-камрацкі (цэнтр.) і вулканешцкі (паўд.), існуюць і змешаныя гаворкі. Да перасялення ў пач. 19 ст. большасці гагаузаў з паўд.-ўсх. Балгарыі ў Бесарабію на гагаузскую мову ўплывалі навакольныя балканскія мовы і тур. гаворкі, пасля перасялення — рум., малд. і рус. мовы. У выніку гагаузская мова набыла рысы, не ўласцівыя фанет. і граматычнаму ладу цюркскіх моў: наяўнасць другасных доўгіх галосных, дыфтангізацыя і ётацыя галосных верхняга і сярэдняга пад’ёму у пач. слова; моцная палаталізацыя большасці зычных у суседстве з галоснымі пярэдняга рада; свабодны парадак слоў у сказе, развітая злучнікавая сувязь і інш. Пісьменства на аснове рус. графікі з 1957.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКАЯ МО́ВА,

мова карэйцаў, верагодна, адна з алтайскіх моў. Пашырана ў Карэі (КНДР, Рэспубліка Карэя), Кітаі (Яньбянь — Кар. аўт. акр.), Японіі, ЗША, таксама ва Узбекістане, Казахстане, Рас. Федэрацыі і інш. Мае 6 дыялектаў; паўн.-ўсх, паўн.-зах., цэнтр., паўд.-ўсх., паўд.-зах., дыялект в-ва Чэджудо.

К.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі).

У фанетыцы перавага галосных і дыфтонгаў, наяўнасць 3 радоў шумных зычных, націск сілавы або музычны; у марфалогіі адсутнасць асабовых форм дзеяслова, адносных займеннікаў, катэгорыі грамат. роду, наяўнасць развітога разраду прэдыкатываў; у сінтаксісе шырокае ўжыванне дзеепрыметнікаў, дзеепрыслоўяў, інфінітываў, прэпазіцыя залежных слоў, адсутнасць дапасавання. Шмат запазычанняў з санскрыту, кіт., яп., манг., а таксама з рус., англ. і інш. еўрап. моў. Першыя кар. эпіграфічныя помнікі на ханмуне датуюцца пач. 5 ст. (гл. Кітайскае пісьмо). З сярэдзіны 15 ст. развіваецца літ. К.м. (гл. Карэйскае пісьмо).

Літ.:

Мазур Ю.Н. Корейский язык. М., 1960.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паляру́ш ’паралюш’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Грыг., Арх. Бяльк., слонім.; Сл. ПЗБ, З нар. сл.), ’маланка’ (Яруш.). З паралю́ш у выніку перастаноўкі зычных р і л, але, магчыма, і з польск. palarusz ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляндэрак ’бітон, вялікая каструля’ (Сцяшк.; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; гродз., Нар. сл.), ’невялікая каструля’ (шчуч., Сл. ПЗБ). У выніку перастаноўкі зычных лр з польск. rondelek ’каструлька’ (Сцяцко, Словаўтв., 74; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 2, 717).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Жэ́расць, жэ́росць, жо́рость ’нятоўстае бервяно без сукоў, перакладзіна’ (КСТ). Рус. дыял. же́ресть ’тоўстая жэрдка’, же́редзь, жэрдзь ’жэрдка’. Другасны паўнагалосы варыянт жэрдзь (гл.) з метатезай канцавых зычных дʼзʼ > зʼдʼ і аглушэннем іх (зʼдʼ > сʼтʼ > сʼцʼ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРЭ́ЧАСКАЯ МО́ВА,

адна з індаеўрапейскіх моў (грэч. група), афіц. мова Грэцыі і Кіпра (разам з турэцкай). Пашырана таксама ў Турцыі, Паўд. Албаніі, Паўд. Італіі, Егіпце, ЗША і інш. краінах. У гісторыі грэчаскай мовы вылучаюць 3 асн. перыяды: старажытнагрэчаскі (14 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), сярэднегрэчаскі (5—15 ст.), новагрэчаскі (з 15 ст.). Стараж.-грэч. мова прайшла наст. этапы развіцця: архаічны (з 14 — 12 да 8 ст. да н.э.), класічны (з 8—7 да 4 ст. да н.э.), эліністычны — перыяд фарміравання агульна-грэч. мовы — кайнэ (4—1 ст. да н.э.), познагрэч. (1—4 ст.) і існавала ў выглядзе дыялектаў, паступова набываючы пісьмовую форму (гл. ў арт. Грэчаскае пісьмо). Захавалася багатая л-ра класічнага перыяду на эалійскім (творы Сапфо, Алкея), дарыйскім (творы Алкмана, Эпіхарма, Сафрона, Філалая, матэматыка Архімеда), іанійскім (творы Гамера, Герадота, Гіпакрата), атычных дыялектах (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш.). Стараж. грэчаская мова мела ў фанетыцы 5 (кароткіх і доўгіх) галосных фанем, асобны рад прыдыхальных зычных, муз. націск; у марфалогіі — развітую сістэму дзеяслоўных формаў, спрошчанае імянное скланенне, развітое словаўтварэнне.

З цягам часу стараж.-грэч. мова мянялася, і да сярэдзіны 15 ст. завяршыўся працэс станаўлення на нар. аснове важнейшых асаблівасцей новагрэч. мовы, што працякаў у кірунку звужэння галосных, манафтангізацыі дыфтонгаў, ператварэння прыдыхальных зычных у спіранты, замены муз. націску сілавым, спрашчэння сістэмы скланення, замены многіх сінтакс. формаў аналітычнымі канструкцыямі.

Грэчаская мова здаўна была вядома на Беларусі. У 16—17 ст. яе вывучалі ў брацкіх школах. Павялічвалася колькасць перакладаў з грэч. на бел. мову («Евангелле вучыцельнае», «Бяседы Макарыя», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш.). У лексічным складзе бел. мовы замацавалася шмат грэцызмаў. З канца 17 ст. папулярнасць грэчаскай мовы на Беларусі ў сувязі з паланізацыяй грамадскага жыцця пачала змяншацца. У 20 ст., калі бел. мова пачала абслугоўваць сферы навукі, асветы, культуры і інш. і ўзнікла патрэба ў разнастайнай навук. тэрміналогіі, грэчаская мова зноў стала адыгрываць прыкметную ролю, і гэты працэс працягваецца.

Літ.:

Соболевский С.И. Древнегреческий язык. М., 1948.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,

зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Марха́ткі ’завязь (напр., у агурках)’ (паст., Сл. ПЗБ). У выніку перастаноўкі зычных хр > рх з махротка < махры́ (гл.). Параўн. таксама рус. морх, морхи ’бахрама, акраўкі тканіны, зношанае адзенне, лахманы’ і бел. мархотка ’махры’ (Яруш., Нас., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Лазбы́р, лазбырь ’самы верх узгорка, узвышэння’ (мсцісл., З нар. сл.) — у выніку перастаноўкі суседніх зычных з ⁺лабзыр (па аналогіі, як, напр., экспрэсіўнае смал. лабзень > лаз‑бень ’лоб’), якое ўтворана, як і лабыр ’лабок, высокае месца’ (Бяльк.).⇉.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сушке́ (suszkiè) мн. л. ’хмызняк, кусты’ (Тур.). Няясна; магчыма, гукапераймальнага паходжання, параўн. шу́шкаць ’шалясцець, шамацець’, макед. шушек ’апалае лісце’ і пад., з распадабненнем зычных або вытворнае ад сухі (гл.), параўн. су́шка ’засохлае на корані дрэва’ (ЛА, 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)