ВЯХІ́Р (Columba palumbus),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўропе (за выключэннем Пн), у Паўн.-Зах. Афрыцы, Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Гімалаях і Зах.Сібіры. Жыве пераважна ў старых яловых і ялова-лісцевых лясах, у Сярэдняй Азіі — у арчоўніках, зрэдку ў парках, у вял. гарадах. На Беларусі падвід вяхір еўрапейскі (Columba palumbus palumbus); нешматлікі, пераважна на Пн гнездавальная і пралётная птушка. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. каля 45 см, маса да 620 г (найб. з галубоў Беларусі). Колер шызы, грудзі ружова-шэрыя, па баках шыі і на крылах белыя плямы, на хвасце цёмная паласа. Дзюба жоўтая з чырванаватай асновай, пальцы малінава-чырвоныя. Корміцца насеннем злакавых і бабовых, ягадамі, жалудамі і інш. Гнёзды на высокіх дрэвах. Нясе па 2 яйцы двойчы на год. Аб’ект спарт. палявання.

Вяхір.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБА́НАВЫЯ (Labridae),

сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 50 родаў, да 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў трапічных і субтрапічных водах. Асобныя віды даходзяць на Пн аж да берагоў Нарвегіі. Жывуць у прыбярэжнай зоне. Найб. вядомыя гамфоз (Gomphosus varius), губан чырваназубы (Callyodon ovifrons), зелянушка (Symphodus tinca), марскі юнкер (Coris angulata) і інш.

Даўж. ад 6 см да 3 м, маса да 100 кг. Афарбоўка, асабліва ў самцоў, яркая: на жаўтаватым або зеленаватым фоне ярка-чырвоныя, блакітныя, фіялетавыя або аранжавыя палоскі і плямкі, якія мяняюцца. Губы звычайна тоўстыя (адсюль назва). Зубы на сківіцах моцныя, іклападобныя. Некат. губанавыя адкладваюць ікру ў гнёзды з водарасцей і ахоўваюць яе. Большасць корміцца бентасам (малюскамі).

Губанавыя: 1 — гамфоз; 2 — губан чырваназубы; 3 — зелянушка; 4 — марскі юнкер; 5 — губан даўгапёры; 6 — губан еўрапейскі.

т. 5, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́РКІ (Branta),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Амерыкі, К. гавайская (B. sandvicensis) — на Гавайскіх а-вах. На Беларусі 2 віды: К. чорная (B. bemicla) трапляецца на веснавых і асенніх пралётах; К. чырвонаваллёвая (B. ruficollis) — рэдкі залётны від.

Даўж. да 90 см, маса да 2,3 кг, К. канадскай (B. canadensis) да 8 кг. Колер апярэння розны. Галава маленькая, дзюба кароткая, чорная, ногі чорныя. Добра ходзяць, плаваюць. Гняздуюцца разрэджанымі калоніямі. Гнёзды на зямлі, нясуць 3—5 яец. Кормяцца раслінамі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 1 від і 1 падвід. К. чырвонаваллёвая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. К. называюць таксама 2 віды гусей з роду Anser гусь белалобую (A albifrons) і піскульку (A. erythropus).

Казаркі: 1 — чорная; 2 — чырвонаваллёвая.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

асіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сіратою. Да.. [хлапчука] падышла адна з жанчын і, пагладзіўшы па галаве, сказала: — Асірацеў ты, хлопча, сіратою праз што зрабіўся, .. божачка мой. Галавач. // перан. Адчуць сябе адзінокім, страціўшы блізкага, любага чалавека. Сям’я арлоў асірацела — Арла магутнага не стала. Колас. // перан. Апусцець, стаць бязлюдным, пустэльным. Палёгкі апусцелі, асірацелі птушыныя гнёзды, ды густыя, чорныя хмары суцэльнай заслонай навіслі над зямлёю. Кавалёў. [Марына:] — Адны, сыночак, мы, адны! Забралі татку ў нас паны, Асірацела наша хата. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недаро́стак, ‑тка, м.

1. Чалавек, які не дасягнуў паўналецця; падлетак. Сталыя мужчыны прыносілі з дому сала, курыныя яйкі і гарэлку, падшывальцы і недаросткі, якіх не бралі старэйшыя ў свой гурт, рабавалі качыныя і гусіныя гнёзды. Асіпенка.

2. Чалавек, жывёла або расліна нізкага росту. Як паехаў [унук] худым ды бледным недаросткам, такім і [назад] з’явіўся. Ракітны. Дзе-нідзе сустракаюцца бярозкі і асіны, нізенькія, прыгнечаныя сасонкі-недаросткі. В. Вольскі.

3. перан. Той, хто не дасягнуў грамадскай, інтэлектуальнай сталасці. Літаратурныя недаросткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гняздо́ (мн. гнёзды) ср., в разн. знач. гнездо́;

г. курапа́ткі — гнездо́ куропа́тки;

во́ўчае г. — во́лчье гнездо́;

г. грыбо́ў — гнездо́ грибо́в;

кулямётнае г. — пулемётное гнездо́;

сло́вы аднаго́ гнязда́ — слова́ одного́ гнезда́;

звіць (сабе́) г. — свить (себе́) гнездо́;

асі́нае г. — оси́ное гнездо́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст. прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.​Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.​Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.​Бядулі (1977), «Выбранае» Я.​Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.​Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.​Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.

Ю.Зайцаў. Спакуса 1995.

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯТУ́ХІ, палятухавыя (Pteromyidae),

сямейства млекакормячых атр. грызуноў. Вядомы з міяцэну (каля 20 млн. г. назад). 13 родаў, 36 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на дрэвах, гнёзды ў дуплах. Актыўныя на змярканні і ноччу. На Беларусі 1 від — П. звычайная (Pteromys volans), трапляецца ў Віцебскай вобл. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 60 см, хваста да 63 см, маса да 1,4 кг (у П. звычайнай адпаведна да 21 см, 14 см і 170 г). Поўсць густая, тонкая, шаравата-бураватая. Хвост пушысты. Вочы вялікія. Здольныя да планіравання (адсюль назва) з дрэва на дрэва (на адлегласць да 60 м) з дапамогай пакрытых шэрсцю скурных складак па баках цела паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі. Могуць мяняць напрамак палёту з дапамогай хваста. Кормяцца насеннем, парасткамі, пупышкамі, ягадамі, грыбамі, часам насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Палятуха звычайная.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́РНІКІ, паморнікавыя (Stercorariidae),

сямейства птушак атр. сеўцападобных. Вядомы з ранняга міяцэну (каля 25 млн. г. назад). 2 роды: П. вялікія — Catharacta (1 або 2 віды, пашыраныя біпалярна, у Арктыцы і Антарктыцы) і ўласна П. — Stercorarius (3 віды, пашыраныя кругапалярна ў Арктыцы і Субарктыцы). Жывуць на марскіх узбярэжжах, у тундры. Утвараюць рассеяныя калоніі. Добра плаваюць. На Беларусі адзначаюцца як залётныя віды.

Даўж. да 60 см, размах крылаў да 150 см, маса да 2 кг. Афарбоўка бурая, у некат. светлыя шыя і брушка. Дзюба ўкарочаная, моцная, з кручком на канцы, укрыта 4 рагавымі шчыткамі (рамфатэкай). Хвост завостраны, сярэднія рулявыя пёры бываюць падоўжаныя. Кормяцца рыбай, адбіраюць здабычу ў інш. птушак (клептапаразітызм), а таксама ягадамі, беспазваночнымі, грызунамі, птушанятамі, разбураюць гнёзды інш. птушак. Нясуць 2 яйцы.

Паморнікі 1 — караткахвосты; 2 — даўгахвосты; 3 — вялікі; 4 — сярэдні.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГАРАПАДО́БНЫЯ (Gaviiformes),

атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 1 род, 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пераважна марскія птушкі, на прэсных вадаёмах трапляюцца ў перыяд размнажэння і на пралётах. На Беларусі 3 віды: гагара палярная (Gavia immer) — вельмі рэдкі залётны від; гагара чырвонаваллёвая (Gavia stellata) — рэдкі пралётны від; гагара чорнаваллёвая (Gavia arctica) — рэдкі гнездавальны від, занесены ў Чырв. кнігу.

Цела прадаўгаватае, даўж. 66—95 см, маса 1—6,4 кг. Спіна чорная з белымі стракацінамі, бруха белае. Крылы вузкія, завостраныя, хвост кароткі, дзюба прамая, вострая і моцная. Тры пальцы злучаны плавальнымі перапонкамі. Добра плаваюць і ныраюць, па сушы перамяшчаюцца паўзком; узлятаюць толькі з вады. Кормяцца рыбай і воднымі беспазваночнымі. Гнёзды будуюць каля вады, нясуць 1—3 (звычайна 2) яйцы. Шкуркі гагарападобных выкарыстоўваюцца як «птушынае футра».

Да арт. Гагарападобныя. Гагары: 1 — чырвонаваллёвая; 2 — чорнаваллёвая; 3 — палярная (а — у шлюбным, б — у зімовым убранні).

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)